Гісторыя Светлагорска

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Сцяг Светлагорска.

Ад узнікнення да 1793 г.[правіць | правіць зыходнік]

У VIIIX ст. землі ў сярэднім і ніжнім цячэнні р. Бярэзіна, дзе цяпер размешчаны г. Светлагорск, належалі плямёнам дрыгавічоў. У гэтых плямён склалася Тураўскае княства (вядомае з 980 г.). У XII ст. Тураўская зямля была падзелена на ўдзелы. Частка зямель ля р. Бярэзіна адыйшла да Менскага княства. З яго на Ніжняй Бярэзіне вылучылася ўдзельнае Свіслацкае княства (узгадваецца ў дакументах з XIV ст., але аформілася, відаць, у XIIXIII ст.). Прыкладна ў 1348 г. Свіслацкае княства ўвайшло ў Вялікае Княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае (ВКЛ)[1].

Сопла печкі-домніцы, XIII ст. Светлагорскі гісторыка-краязнаўчы музей.

Паводле вынікаў археалагічных раскопак, яшчэ ў VIVII ст. у межах сучаснага горада было пасяленне. З XIII ст. паселішча, з якога пачаўся горад, існавала непарыўна. Першапачаткова селішча размяшчалася на невялікім участку правага берага Бярэзіны, каля вусця сучаснага каналу. У дакуменце XVI ст. яно вядома пад назвай Шацілінскі Востраў[2].

Прывілей Жыгімонта II Аўгуста, 1560 г., на Шацілінскі Востраў. Копія 1798 г. Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі.

У пісьмовай крыніцы населены пункт упершыню згадваецца 15 ліпеня 1560 г. як маёнтак Шацілінскі Востраў, у ВКЛ[3]. Слова Востраў у гэтым выпадку азначае не зямлю пасярод ракі, а месца, якое чымсці вылучалася сярод астатняй мясцовасці. Як сведчыць дакумент — прывілей вялікага князя літоўскага і караля польскага Жыгімонта II Аўгуста, які выдадзены ў Варшаве, маёнтак пасля папярэдняга ўладальніка Рамана Шацілы перадаваўся зямяніну Ждану Манкевічу за выкананне вайсковай службы[4]. У 1566 г. паселішча ўвайшло ў створаны Рэчыцкі павет Менскага ваяводства ВКЛ.

З 1 ліпеня 1569 г. ў выніку аб'яднання ВКЛ і Польскага каралеўства — у Рэчы Паспалітай. 25 лютага 1576 года шляхціч Ждан Манкевіч згадваецца ў лісце караля польскага і вялікага князя літоўскага Стэфана Баторыя чачэрскаму старасце Крыштафу Зяновічу — аб тым, што шляхта Рэчыцкага павета павінна несці службу ў замку г. Чачэрска, і не прыцягвацца да іншых павіннасцяў.

Паводле дадзеных археалагічных абследаванняў, у канцы XVI — XVII ст. пасяленне пашырылася за межы Шацілінскага Вострава, і размяшчалася ўздоўж Горвальскага тракту (зараз вул. Савецкая ад набярэжнай да ЦЭЦ). У 1634 г. шляхціц Пётр Суляціцкі падараваў тут дзялянку зямлі каталіцкаму манаскаму ордэну езуітаў, якія збудавалі каля 1650 г. драўляны касцёл і ўтрымлівалі місіянерскі пункт[5]. (Раней заснаванне касцёла адносілі да 1638 г.[6], але гэта не паццвердзілася[7].) Касцёл да 1930-х гг. знаходзіўся насупраць старых могілак, якія і цяпер існуюць на Горвальскім тракце (зараз вул. Савецкая). У 1639 г. сяло Шацілавічы[8] пададзена у вопісу Парыцкага двара (зямельнае ўладанне) Бабруйскага староства Рэчыцкага павета, мае 17 сялянскіх двароў, шляхецкія двары ў вопіс не ўносіліся[9]. У вопісу 1684 г. ў Шацілавічах — шляхецкі двор Манкевічаў і 3 сялянскія двары[10].

У 1744 г. у спісе каталіцкіх парафій маюцца Шацілкі, у Карпілавіцкай парафіі Бабруйскага дэканата Віленскай дыяцэзіі[11]. У 1766 г. у Шацілках згадваецца мытны страж, які адносіўся да Глускай галоўнай мытнай каморы[12].

У 1793 — 1918 гг.[правіць | правіць зыходнік]

Чыгуначная станцыя, пабудавана ў 1915 г.

З 1793 г., пасля II-га падзелу Рэчы Паспалітай — у Расійскай Імперыі. Уваходзілі ў Парыцкую воласць Бабруйскага павета Мінскай губерні17951796 гг. называлася Мінскім наместніцтвам). У 1795 г. згадваюцца вёска і ваколіца Шацілкі, у якіх разам было 30 двароў[13]. У 1800 г. у Шацілках 20 шляхецкіх і 3 сялянскія двары, дарослае насельніцтва складала 88 мужчын і 102 жанчыны. Праваслаўны прыход адносіўся да Свята-Петра-Паўлаўскага храма ў в. Чыркавічы (1879 г.)[14]. У 1890 г. — 49 двароў, прыстань[15].

У пачатку XX ст. Шацілкі вядомы як ваколіца (680 жыхароў, 70 двароў) і маёнтак (33 жыхары, 1 двор). 2 лістапада[16] (па інш. дадзеных 9 лістапада[17]) 1915 г. побач адкрыта чыгунка ЖлобінКалінкавічы (частка Падольскай чыгункі) і ўтворана станцыя Шацілкі[18]. У 1916 г. у Шацілках згадваецца аднакласнае народнае вучылішча[19]. Паводле перапісу 1917 г., у ваколіцы Шацілкі 685 жыхароў, у маёнтку — 6, на чыгуначнай станцыі — 66 жыхароў, 13 двароў[13].

З 1918 г. да нашага часу[правіць | правіць зыходнік]

З 25 сакавіка 1918 года Шацілкі — у абвешчанай Беларускай Народнай Рэспубліцы; з 1 студзеня 1919 — у Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспубліцы, з 27 лютага 1919 — у Літоўска-Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспубліцы. Падчас савецка-польскай вайны занятыя польскімі войскамі з 6 сакавіка па 9 ліпеня 1920 года[20]. З 31 ліпеня 1920 — зноў у адноўленай БССР, якая ўваходзіла з 30 снежня 1922 да 26 снежня 1991 ў СССР, з 19 верасня 1991 — Рэспубліка Беларусь.

У 1921 г. Мінская губерня была скасавана, а яе паветы (у тым ліку Бабруйскі) сталі ўваходзіць непасрэдна ў БССР. 20 жніўня 1924 года воласці (у тым ліку Парыцкая) і паветы скасаваны. З гэтага дня мястэчка Шацілкі — цэнтр сельскага Савета (да 1960 г.) ва ўтвораным Парыцкім раёне[21], які ўваходзіць у Бабруйскую акругу (існавала да 26 ліпеня 1930 года), а затым: з 20 лютага 1938 года — у Палескую, з 20 красавіка 1944 — у Бабруйскую, з 8 студзеня 1954 — у Гомельскую вобласць. Чыгуначная станцыя Шацілкі была ўключана ў Чыркавіцкі сельсавет Парыцкага раёна.

У цэнтры горада, 2014.

У м. Шацілкі ў 1924 г. адчынена пачатковая школа (65 вучняў, цяпер школа № 2). У 1926 г. дзейнічалі 2 воўначоскі, паравы млын, крупарушка. У 19291932 гг. на базе кузні створана суднабудаўнічая арцель, якая затым пераўтворана ў верф (зараз — завод зборнага жалезабетону). 27 верасня 1938 г. мястэчкі як тып населеных пунктаў былі скасаваныя, і м. Шацілкі аднесена да вёсак. Падчас Вялікай Айчыннай вайны Шацілкі пакінуты савецкімі войскамі 7 жніўня 1941 г., акупаваны нямецка-фашысцкімі войскамі да 27 лістапада 1943 г., на суднаверфі і чыгуначнай станцыі дзейнічалі антыфашысцкія падпольныя групы.

Шацілкі вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў 26 лістапада 1943 г. у выніку наступлення 65-й арміі Беларускага фронту. Нямецка-фашысцкае камандаванне вырашыла зрэзаць так званы «парыцкі выступ», створаны ў ходзе наступлення савецкіх войск, і выйсці на рубеж чыгункі і шашы Жлобін — Калінкавічы. 20 снежня 1943 г. вораг, сканцэнтраваўшы 3 пяхотныя і 2 танкавыя дывізіі, нанёс контрудар па правым флангу 65-й арміі. Фашысты кінулі ў бой каля 300 танкаў. Асноўны ўдар прыйшоўся па пазіцыях 95-га корпуса. Напружаныя баі ішлі ў раёне Шацілак. На дапамогу часцям 65-й арміі была накіравана 194-я дывізія 48-й арміі. Пасля 30-кіламетровага маршу байцы дывізіі пераправіліся цераз р. Бярэзіна і ў ноч на 24 снежня занялі абарону каля Шацілак. 25 снежня фашысты зноў пайшлі ў паступленне. Воіны 616-га стралковага палка адбівалі атакі ворага на чыгуначнай станцыі. Гітлераўцы ўварваліся на станцыю, але далейшае іх наступленне было спынена. У наступныя 33 дні вораг неаднаразова пераходзіў у атаку, і ўсё беспаспяхова. У баях за «парыцкі выступ» было знішчана больш за 7 тыс. варожых салдат і афіцэраў, спалена і падбіта 156 танкаў. Баі па тэрыторыі раёна працягваліся да пачатку Беларускай аперацыі ў сярэдзіне 1944 года[22].

У 19541958 гг. у Шацілках пабудавана Васілевіцкая ДРЭС[23] (цяпер Светлагорская цеплаэлектрацэнтраль). 30 снежня 1956 г. вёска Шацілкі пераўтворана ў гарадскі пасёлак [24], з 9 чэрвеня 1960 — цэнтр Парыцкага раёна. 29 ліпеня 1961 года гар. п. Шацілкі пераўтвораны ў горад Светлагорск[25], а Парыцкі раён перайменаваны ў Светлагорскі[26]. З 7 сакавіка 1963 па 4 студзеня 2002 г. горад меў абласное падпарадкаванне. 14 лістапада 2018 Светлагорскі раённы савет дэпутатаў прыняў рашэнне аб далучэнні вёскі Расава да горада Светлагорск[27].

Паселішчы, ўключаныя ў в. Шацілкі (г. Светлагорск)
Год Назва З якога сельсавета Спосаб уключэння
1939 пасёлак Арэхаўка Чыркавіцкі Ссяленне
1939 хутар Зайванеў Чыркавіцкі Ссяленне
1930-я гг. пас. Краснае Знамя няма звестак Далучэнне
няма звестак пас. Прабуджэнне Шацілкаўскі Далучэнне
1966 чыгуначная станцыя Шацілкі Чыркавіцкі Далучэнне[28]
1975 в. Светач (да 1964 Какаль, гіст. Какель) Чыркавіцкі Далучэнне[29]
2018 в. Расава Чыркавіцкі Далучэнне [27]

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. Насевіч, В.Л. Утварэнне Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага. Другая па­ло­ва ХІІІ — XIV ст. // Нацыянальны атлас Беларусі. — Мн., 2002. С. 264—265.
  2. Рассадин, С. Е. О некоторых находках 2008 г. на Шатилинском Острове // Исследования по истории Восточной Европы: научный сборник. Вып. 1. — Минск, 2008. — С. 234—236. (руск.) 
  3. Маслюкоў, Т. В. З гісторыі Шацілавічаў // Гомельшчына: старонкі мінулага. II выпуск. — Гомель, 1996. — С. 22—26.
  4. Маслюкоў, Т. В. Узнікненне Шацілак. Шацілы і Манкевічы — старажытныя шляхецкія роды Беларусі // Памяць: Светлагорск. Светлагорскі раён. У 2 кн. Кн. 1. — Мінск, 2000. — С. 47—49.
  5. Шацілавічы // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 2. — Мінск: БелЭН імя П. Броўкі, 2005. — С. 754. ISBN 985-11-0378-0.
  6. Блінова, Т. Б. Бабруйская езуіцкая рэзідэнцыя // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 1. — Мн., 1993. — С. 255. ISBN 5-85700-074-2.
  7. Маслюкоў, Т. В. Пытанні храналогіі касцёла на Ніжняй Бярэзіне // Шацілкаўскія чытанні: матэрыялы ІІ гіст.-краязн. канф. (да 450-годдзя Шацілак) у Светлагорску, 16 красавіка 2010 г. / Светлагорскі гіст.-краязн. музей; уклад.: Т. В. Маслюкоў, В. А. Раманцоў. — Светлагорск, 2011. — С. 38-49.
  8. бел.: шаць — добрае, прыгожае месца, у слоўніку рус. мовы Ул. Даля — «гара сярэдняй велічыні».
  9. Кернажыцкі, К. Аграрная рэформа ў Бабруйскім старостве і эканамічнае становішча яго насельніцтва з 17 да паловы 19 ст. — Мінск, 1931.
  10. Рассадзін, С. Я. Аб пісьмовых крыніцах пра гістарычныя пачаткі сучаснага Светлагорска // Шацілкаўскія чытанні: матэрыялы ІІ гіст.-краязн. канф. (да 450-годдзя Шацілак) у Светлагорску, 16 красавіка 2010 г. / Светлагорскі гіст.-краязн. музей; уклад.: Т. В. Маслюкоў, В. А. Раманцоў. — Светлагорск, 2011. — С. 23—37.
  11. Diecezja Wilenska, 1744 // Suwalskie Towarzystwo Genealogiczne im. prof. J. Wisniewskiego. (польск.) 
  12. Доўнар, А. Стан дарог і дарожных камунікацый Рэчыцкага павета (1765 — 1766 гг.) // Пятыя Міжнародныя Доўнараўскія чытанні. — Гомель, 2005. — С. 220—225.
  13. 13,0 13,1 Дулеба, Г. І.; Курыловіч, Г. М. Светлагорск // Памяць: Светлагорск. Светлагорскі раён. У 2-х кн. Кн. 2. — Мінск, 2003. — С. 741—742.
  14. З апісання цэркваў Светлагоршчыны // Памяць: Светлагорск. Светлагорскі раён. У 2 кн. Кн. 1. — Мінск, 2000. — С. 77—85.
  15. Jelski, A. Szaciłki // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. T. XI. — Warszawa, 1890. — S. 755. (польск.) 
  16. Жлобін // Гарады і вёскі Беларусі. — Мінск, 2004.
  17. Киштымов, А. Этапы железнодорожного строительства на Беларуси // Камунікат. (руск.) 
  18. У Светлагорску адзначаць 100-годдзе чыгункі Жлобін – Калінкавічы // Гомель гражданский. 2015.01.24
  19. Кароткая інфармацыя аб навучальных установах, якія існавалі на тэрыторыі Светлагорскага раёна // Памяць: Светлагорск. Светлагорскі раён. У 2 кн. Кн. 1. — Мінск, 2000. — С. 112—113.
  20. Краўцоў, І. Я.; Хоміч, А. М. У віхуры грамадзянскай вайны // Памяць: Светлагорск. Светлагорскі раён. У 2 кн. Кн. 1. — Мінск, 2000. — С. 121—133.
  21. Камінскі, М. І.; Пятросава, А. Ю. Светлагорск // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Гомельская вобласць. — Мінск, 1985. — С. 334.
  22. Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Гомельская вобласць / АН БССР, Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш.— Мн.: Беларус. Сав. Энцыклапедыя, 1985.—383 с., іл.
  23. Назва па радовішчу торфу каля г. Васілевічы Рэчыцкага раёна.
  24. Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР ад 30 снежня 1956 г. «Аб пераўтварэнні вёскі Шацілкі Парыцкага раёна Гомельскай вобласці ў гарадскі пасёлак».
  25. Цяперашняя назва — ад «святло» і «горад».
  26. Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР ад 29 ліпеня 1961 г. «Аб пераўтварэнні гарадскога пасёлка Шацілкі ў горад раённага падпарадкавання і перайменаванні Парыцкага раёна Гомельскай вобласці».
  27. 27,0 27,1 [1]
  28. Дулеба, Г. І.; Курыловіч, Г. М. Аб населеных пунктах, якія ўжо не існуюць ці перайменаваны // Памяць: Светлагорск. Светлагорскі раён. У 2-х кн. Кн. 2. — Мінск, 2003. — С. 742—748.
  29. ПРАЧ, С. Мінулае сяла Чырковічы // Агні камунізму. 1982. 15 чэрвеня. С. 3.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]

Галерэя[правіць | правіць зыходнік]