Ельск

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Каралін (Каралінскі раён))
Горад
Ельск
Герб Сцяг
Герб Сцяг
Краіна
Вобласць
Раён
Каардынаты
Першая згадка
Ранейшыя назвы
Каралін
Горад з
Плошча
  • 11,07 км²
Вышыня цэнтра
142 м
Насельніцтва
  • 8 724 чал. (1 студзеня 2024)[1]
Часавы пояс
Тэлефонны код
+375 2354
Паштовыя індэксы
247873
Аўтамабільны код
3
СААТА
3214501000
Ельск на карце Беларусі ±
Ельск (Беларусь)
Ельск
Ельск (Гомельская вобласць)
Ельск

Ельск[2] (трансліт.: Jeĺsk, да 1931 года Каралі́н) — горад раённага падпарадкавання ў Гомельскай вобласці Беларусі, адміністрацыйны цэнтр Ельскага раёна. За 177 км на паўднёвы захад ад Гомеля. Чыгуначная станцыя знаходзіцца на лініі Калінкавічы — Оўруч (Украіна). Аўтамабільнымі дарогамі горад звязаны з Мазыром, Оўручам, Нароўляй. Насельніцтва 9 084 чал. (2017)[3].

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Упершыню згадваецца ў XVI ст. у Мазырскім павеце ВКЛ, уладанне натуралізаваных выхадцаў з Францыі шляхціцаў Спадаў. У канцы XVII ст. маёнтак перайшоў ва ўласнасць сярэднезаможнага шляхецкага роду Аскеркаў.

У канцы XVIII ст. назва мястэчка Ельск была зменена Аскеркамі на Каралін. У 1775 на сродкі Казіміра-Мацея Антоніевіча Аскеркі, мазырскага маршалка (1768—1769) і мазырскага кашталяна (1793), у Караліне пабудавалі драўляную ўніяцкую (грэка-каталіцкую) царкву Прасвятой Тройцы, будынак якой складаўся з сістэмы зрубаў (пастаўленых на крыжы) і шатровай званіцы над уваходам; акрамя таго, у мястэчку дзейнічалі касцёл, яўрэйскі малітоўны дом. Каля 1784 гэтае мястэчка згадваецца ў сувязі з увядзеннем грашовага збору на праезд праз яго.

Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Каралін апынуўся ў складзе Расійскай імперыі, у Міхалкаўскай воласці Мазырскага павета. У 1795 тут было 24 двары, праз мястэчка праходзіў тракт з Рагачова ў Валынь, паштовая станцыя (8 экіпажаў). Пасля шлюбу ў 1773 Антаніны Аскеркі і паручніка пяцігорскай харугвы Алаіза Каралевіча Сулістроўскага апошні стаў за жонкай спадкаемцам Караліна. Сваяцкія сувязі з уплывовым родам рэгіянальнай эліты Мазырскага павета Аскеркамі прывялі да таго, што Сулістроўскі, які паходзіў з Ашмянскага павета, быў выбраны ў 1780 паслом на сойм ад Мазырскага павета. Хоць пазней Алаіз Сулістроўскі ўжо прызначаўся не на рэгіянальныя, а на агульнадзяржаўныя пасады — з 31 кастрычніка 1787 быў падстолім ВКЛ, з 25 снежня 1787 — вялікім пісарам ВКЛ, а з 30 красавіка 1791 яшчэ дадаткова і ашмянскім войскім.

Пасля смерці Алаіза Сулістроўскага ў 1796 маёнткам Каралін пачаў валодаць яго сын ад Антаніны Аскеркі пан Казімір Алаізавіч Сулістроўскі (1778—1818), які стаў літоўска-віленскім губернскім маршалкам (1809—1812) і мінскім губернатарам (1816—1818), асноўны родавы маёнтак якога (Шэметава) знаходзіўся ў Ашмянскім павеце Мінскай губерні. Казімір Сулістроўскі непасрэдна ў Караліне не жыў, а кіраваў маёнткам праз аканомаў. Пасля яго смерці спадчыннікамі маёнтка сталі яго дзеці — Аляксандр Казіміравіч Сулістроўскі (1807—1872), Антаніна Казіміраўна з Сулістроўскіх Снядэцкая (1805—1853) і Канстанцыя Казіміраўна з Сулістроўскіх Скірмунт (1808—1845), жонка Аляксандра-Ізідора Шыманавіча Скірмунта (1798—1870), вядомага прадпрымальніка і пінскага павятовага маршалка (1829—1835). Колькасць зямлі маёнтка Каралін паводле вымярэння землямерам Ігнатам Шамбурскім 21 мая 1829 складала 22 697 дзесяцін і 1 956 сажэняў (ці паводле «літоўскай меры» 1 144 валокі і 5 моргаў), а паводле 8-й рэвізіі ў 1834 налічвалася 567 душ мужскога пола і 596 жаночага. У прыватнасці маёнтак Каралін скаладаўся з мястэчка Каралін (111 мужскіх душ), вёсак Багуцічы (94 душы), Шаржын (92), Вішэнкі (56), Дабрынь (99), Каралінская Буда (30), Ільіна (37) і Усохі (7). А агульны прыбытак з маёнтка ў 1834 складаў 12 550 рублёў срэбрам: з продажу азімага і яравога хлеба, у прыватнасці вінакурэння — 7 600 рублёў, з вырабу смалы і іншых лясных прадуктаў — 3 000, з вышынку «гарачага віна» — 900, з млына — 90, з продажу жывёлы, кармлёнай на бардзе (г.зн. адходаў працэса вінакурэння) — 900. Гэта была тыповая спецыялізацыя гаспадаркі маёнткаў Мазырскага і Рэчыцкага паветаў у першай палове ХІХ ст. Пад складзеным апісаннем маёнтка ў 1834 падчас 8-й рэвізіі паставілі свае подпісы значныя сумежныя маянткоўцы — браты Даніэль Ігнатавіч Горват (1810—1868), Станіслаў Ігнатавіч Горват і Аляксандр Ігнатавіч Горват, а таксама Людвік Рафалавіч Яленскі і Станіслаў Лянкевіч.

Канстанцыя Казіміраўна з Сулістроўскіх Скірмунт (1808—1845) у 1841 г. прадала маёнтак Каралін пану Даніэлю Ігнатавічу Горвату (1810—1868), уласніку маёнтка Нароўля ў Рэчыцкім павеце. З таго часу Каралін належаў Горватам да 1917. Афіцыйна пакупная на маёнтак была складзена толькі 15 снежня 1849. Менавіта пры гаспадарлівых Горватах Каралін атрымаў нябачны датуль росквіт. У 1842 уладальнік маёнтка Даніэль Горват пабудаваў новы будынак царквы, у ёй захоўваўся абраз Божай Маці. Па стану на 1850 г. маёнтак Каралін налічваў 21 977 дзесяцін і 1 326 сажэняў зямлі і 567 душ мужскога пола. У мэтах далейшага развіцця сваёй гаспадаркі Даніэль Горват аддае ў 1850 свае прыбытковыя маёнткі Нароўля і Каралін пад залогу санкт-пецярбургскаму банку (санкт-пецярбургскай ашчаднай казне) для атрымання крэдыта — 35 630 рублёў за Нароўлю і 39 690 рублёў за Каралін. Пазней крэдыт быў паспяхова выплачаны, а гаспадарка атрымала планаваны штуршок.

Станам на 1886 у Караліне або Ельску (значыцца пад абедзвюма назвамі) было 44 двары, працавалі вінакурны завод (бровар), тры крамы, школа; дзейнічала царква. У 1873 адкрылася чыгуначная станцыя на лініі Жлобін — Оўруч. Паводле вынікаў перапісу (1897) у мястэчку было 45 двароў, царква, капліца, яўрэйскі малітоўны дом, народная вучэльня, паштовая станцыя, 9 крамаў, карчма. На 1908 — 167 двароў. У 1915 расійскія улады перайменавалі паселішча ў Мікалаеў, але назва не прыжылася. У Першую сусветную вайну ў лютым — снежні 1918 мястэчка займалі нямецкія войскі. У гэты час местачкоўцы звярнуліся з просьбай вярнуць паселішчу назву Ельск.

1 студзеня 1919 года згодна з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі Каралін увайшоў у склад Беларускай ССР. Станам на 1921 год тут было 400 двароў, станцыя, цагельня, кравецкая, шавецка-футравая і дрэваапрацоўчая майстэрні, лесапільня, паравы млын з крупарушкай.

З 1924 года цэнтр Каралінскага раёна, з 1931 года — Ельскага раёна. 5 лютага 1931 года назва мястэчка была зменена на Ельск. 27 верасня 1938 года паселішча атрымала афіцыйны статус пасёлку гарадскога тыпу.

Плошча Леніна

У Другую сусветную вайну з 23 жніўня 1941 да 11 студзеня 1944 Ельск знаходзіўся пад нямецкай акупацыяй.

У 1953 годзе каля мястэчка атрымалі першы паток нафты ў колькасці 16,5 тон і 945 м³ газу. У 1954 годзе Ельск увайшоў у склад Гомельскай вобласці. 5 ліпеня 1971 года Ельску нададзены статус горада[4].

26 кастрычніка 1989 года ў склад Ельска ўключана вёска Камуна[5].

Насельніцтва[правіць | правіць зыходнік]

  • XIX стагоддзе: 1897 год — 600 чал.[6][7]
  • XX стагоддзе: 1939 год — 3,9 тыс. чал.[6][7]; 1959 год — 4,8 тыс. чал.[7]; 1971 год — 6,7 тыс. чал.[6][7]; 1995 год — 11,3 тыс. чал.[6]; 1997 год — 11,2 тыс. чал.[7]
  • XXI стагоддзе: 2006 год — 9,8 тыс. чал.; 2008 год — 9,6 тыс. чал.; 2016 год — 9 262 чал.[8]; 2017 год — 9 084 чал.[3]; 2023 год — 8 864 чал.

Эканоміка[правіць | правіць зыходнік]

Прадпрыемствы лясной, дрэваапрацоўчай, харчовай прамысловасці. Гасцініца.

Культура[правіць | правіць зыходнік]

Ельскі краязнаўчы музей.

Славутасці[правіць | правіць зыходнік]

Помнік ахвярам XX стагоддзя

Вядомыя асобы[правіць | правіць зыходнік]

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі[правіць | правіць зыходнік]

  1. Численность населения на 1 января 2024 г. и среднегодовая численность населения за 2023 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов, поселков городского типаБелстат, 2024.
  2. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4 (DJVU).
  3. а б Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2017 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2016 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу (руск.). Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (29 сакавіка 2017). Праверана 3 красавіка 2017.
  4. Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР ад 5 ліпеня 1971 г. Аб пераўтварэнні гарадскога пасёлка Ельск Ельскага раёна Гомельскай вобласці ў горад раённага падпарадкавання // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1971, № 20 (1322).
  5. Рашэнне выканкома Гомельскага абласнога Савета народных дэпутатаў ад 26 кастрычніка 1989 г. // Збор законаў Беларускай ССР, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1990, № 23 (2009).
  6. а б в г Беларусь 1995.
  7. а б в г д БелЭн 1998.
  8. Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2016 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2015 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу (руск.). Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (30 сакавіка 2016). Праверана 3 красавіка 2017.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]