Батлейка

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Батлейка ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь
Лялькі для батлейкі ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь
Батлейка на каляднай паштовай марцы Беларусі
Беларускі тэатр Батлейка (1959). Мастак Міхаіл Блішч

Батле́йка, бетлейка (ад польск.: Betleem — назва г. Віфлеема[1]), таксама жлоб, віфлеем, яселка, вяртэп, батляемка, остлейка, шопка[1] — беларускі народны тэатр лялек, спачатку і ў асноўным на рэлігійную, у прыватнасці біблейскую тэматыку, які атрымаў распаўсюджванне ў Беларусі, пачынаючы ад XVI стагоддзя і перажывае адраджэнне ў форме нацыянальнага дзіцячага і каляднага тэатра ў наш час. Блізкія да беларускай батлейкі ўкраінскі вяртэп (найбольш пашыраны ў XVIII—XIX стагоддзях) і польская шопка (вядомая з XV стагоддзя)[1].

З гісторыі батлейкі[правіць | правіць зыходнік]

Зараджэнне батлейкавага тэатра ў Беларусі адносіцца да канца XVI — першай паловы XVII ст. Узнікненне батлейкі звязанае з каляднымі святамі (адгэтуль назва, Віфлеем — месца нараджэння Хрыста). На тэрыторыю Беларусі батлейка трапіла з Польшчы і Украіны і атрымала распаўсюд з XVI стагоддзя.[2] Па сваім рэпертуары і прынцыпах увасаблення батлейкавы тэатр роднасны ўкраінскаму вяртэпу і польскай шопцы, а ўсе яны разам генетычна ўзыходзяць да заходнееўрапейскіх містэрый. Арганізатарамі відовішчаў звычайна былі законнікі каталіцкіх ордэнаў, вучні калегій. Распаўсюду батлейкі спрыялі вандроўныя семінарысты, якія ўносілі ў рэпертуар сюжэты школьнага тэатру. Хутка батлейку ад царкоўнікаў пераймаюць мяшчане, сяляне — тэатр робіцца народным.

Да XIX ст. у рэпертуары батлейкі пераважала рэлігійная тэматыка[3]. У часы Асветніцтва батлейкавыя прадстаўленні ладзіліся ў драўлянай (спачатку — аднапавярховай, потым — двухпавярховай) скрыні (батлейцы) статычнымі або рухомымі лялькамі. Іх дзеянні суправаджаліся вершаваным дыялогам, песнямі. У прадстаўленнях, прымеркаваных да калядных свят, паказваліся біблейскія сцэны нараджэння Хрыста, пакланення яму пастухоў і каралёў-вешчуноў, праследу жорсткім царом Ірадам нявінных немаўлятак. У рэпертуар батлейкі, побач з рэлігійнай п’есай «Цар Ірад», народнай драмай «Цар Максіміліян», уваходзілі таксама жанравыя сцэны «Мацей і доктар», «Антон з казой і Антоніха», «Вольскі — купец польскі», «Бэрка-карчмар», «Цыган і цыганка», «Ванька малы», «Паніч» і інш. насычаныя сацыяльнай сатырай.

Паступова батлейка станавілася здабыткам народа ў шырокім сэнсе слова (мяшчане і сялянства), у прыватнасці ў XVII—XVIII стагоддзях, актыўна звярталася да народна-камедыйных, свецкіх па характары пастановак.[4]

Лічыцца, што з развіццём і станаўленнем прафесійнага тэатра ў Беларусі батлейка саступіла папулярнасцю апошняму. Прадстаўленні батлейкі даваліся да пачатку XX ст.

Апісанне і рэпертуар батлейкі[правіць | правіць зыходнік]

Сцэнай для прадстаўлення батлейкі звычайна служыла двухпавярховая драўляная скрыня, якая нагадвала царкву ці дамок, дзеі пастановак адбываліся ў верхнім і ніжнім ярусах. Батлейнікі вадзілі драўляныя лялькі на стрыжнях па прарэзах у падлозе ярусаў[1].

Сцэну, што нагадвала балкон, на якім адбывалася дзеянне, аздаблялі тканінай, паперай, геаметрычнымі фігурамі з тоненькіх палачак. На задніку сцэны малявалі абразы, зоркі, крыжы, вокны, лялечныя кампазіцыі на біблейскі сюжэт і інш[1]. Скрынка закрывалася дзверцамі[1].

У прадстаўленнях дзейнічала да 40 персанажаў. Лялек рабілі з дрэва, каляровай тканіны; валасы, вусы — з лёну ці аўчыны; вопратку шылі з тканіны[1]. Трапляліся таксама батлейкі з лялькамі-марыянеткаммі на нітках ці з пальчатачнымі лялькамі[1]. Вядома 6 тыпаў батлейкі. Асобнае месца займалі батлейкі, зробленыя па прынцыпе ценявога тэатра (Віцебск, Веліж), і батлейка са зменнымі празрыстымі дэкарацыямі (Докшыцы)[5]. Пад час прадстаўлення батлеечнік знаходзіўся за скрыняй, ён не толькі рухаў лялек, але і гаварыў тэкст за іх, часам на фоне музыкі. Здаралася, што адзін чалавек быў і рэжысёрам, і драматургам, і мастаком, і музыкантам[1]. Звычайна, батлеечнікі былі таленавітымі акцёрамі-самародкамі[1].

Паказ складаўся з дзвюх частак: кананічнай, якая паказвалася на верхнім ярусе, і свецкай, якая гулялася на ніжнім ярусе батлейкі[1].

Сюжэты[правіць | правіць зыходнік]

Калядная драма[правіць | правіць зыходнік]

Цар Ірад даведаўшыся ад вешчуноў, што нарадзіўся Хрыстос, і лічачы яго прэтэндэнтам на пасад, вырашае забіць яго. Ірад загадвае воіну забіць ў Віфлееме ўсіх немаўлятаў «ад двух гадоў і ніжэй»; воін выконвае загад, але «адна старая баба Рахіль не дае свайго дзіця біці». Раз’юшаны Ірад загадвае забіць немаўля Рахілі. За злачынствы Ірад плаціцца жыццём: Смерць адсякае яму галаву, а чэрці цягнуць яго труп у пекла.

Сацыяльна-бытавая сатыра[правіць | правіць зыходнік]

Другая частка дзеяння звычайна была на надзённыя тэмы, дзе галоўная роля адводзілася Пятрушку, а на поўдні Расіі, у Беларусі і на Украіне сюжэт нагадваў Навагодні абрад «Ваджэнне казы». У Беларусі героямі былі: цыганы, воін на кані, пастушок Анціпка, пані і т. п. Другая частка змянялася ў залежнасці ад мясцовасці, дзе разыгрываецца спектакль і ад знаходлівасці і адоранасці батлейшчыка.

На Украіне пасля гібелі Ірада — са спевамі, танцам, віншавальнымі вершамі на сцэне звычайна з’яўляліся цыган, яўрэй, маскаль або лях (паляк), дзед, баба, поп і казак-запарожац. Былі і іншыя варыянты герояў. Апісанне аднаго са спектакляў прыводзіцца ў часопісе «Кіеўская даўніна» за 1882 (т. IV) са слоў Рыгора Галагана[6]. Галоўнай дзеючай асобай быў Запарожац. У прамовах яго «шмат глыбокага своеасаблівага гумару, а ў яго дзеяннях шмат свядомасці сілы і панавання, хоць і выяўляецца ў грубай форме: ён усіх і ўсё перамагае, аднолькава не разумеючы ні пачуцця павагі да каго б там ні было, ні пачуцця страху перад кім або чым-небудзь».

На сцэне ў выглядзе шынка (карчмы) з’яўляецца Запарожац. Паляк, які піруе, пачуўшы песню пра тое, што «не буде краще, як у нас на Україні! Що немае жида, що немае ляха: не буде ізміни!», адразу ж уцякае.

Казак адразу жа пачынае выхваляцца:

Случалось мені, і не раз,
В степу варить пиво:
Пив турчин, пив татарин,
Пив і лях на диво;
Багацько лежить
І тепер з похмілля
Мертвих голов і кісток
3 того весілля.

Але аказваецца, што ў «героя» няма грошай, і ён не можа расплаціцца з гаспадаром шынка, які, натуральна, яўрэй. Таму што ён — «козак Іван Виногура, у його добра натура. В Полыці ляхів оббирае, а в корчмі пропивае». Затое апаноўвае жаданне выпіць. «Запарожац п’е гарэлку з барыла, яўрэй падтрымлівае барыла і дрыжыць ад страху», — піша Галаган. Пасля сваркі пачынаецца бойка. Запарожац забівае гаспадара карчмы, а потым падыходзіць да звона і «вядзе пры гэтым даволі бессэнсоўныя гаворкі п’янага чалавека».

Затым галоўны герой падобным чынам распраўляецца з Чортам, потым хоча пакаяцца і кліча святара. З’яўляецца поп, які аказваецца уніятам. Запарожац спрабуе і яго пакалаціць са словамі, што «уніатських попів не бив, а з них живих кожу лупив». Аднак спрытны поп тут жа дае дзяру, выклікаўшы задаволенымі рэпліку свайго ката: «Добре зробив, що втік!» Гучыць музыка.

«Гэтаю апошняй перамогай над усімі сваімі ворагамі сканчаюцца сцэны з Запарожцам. Развітваючыся з гледачамі, казак як быццам адчувае, што ён не ўсім мог дагадзіць сваімі дзёрзкімі выхадкамі», і, сыходзячы са сцэны, прамаўляе:

Що ж, панове? По сій мові
Будьмо здорові
3 пісні слова не викинеш
А що було, то барзо прошу
про те не поминати,
Бо вже піду під курінь
віку доживати[6].

Помнік батлейцы[правіць | правіць зыходнік]

Каля Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатру можна ўбачыць скульптурную кампазіцыю «Батлейка» аўтарства Л. Б. Зільбера[7][8].

Прадстаўленне[правіць | правіць зыходнік]

У Дзяржаўным музеі гісторыі тэатральнай і музычнай культуры Рэспублікі Беларусь можна пабачыць прадстаўленне батлейкі на беларускай мове.

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Заўвагі[правіць | правіць зыходнік]

  1. а б в г д е ё ж з і к Этнаграфія Беларусі: Энцыклапедыя / Рэд.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1989.
  2. Батлейка Архівавана 8 снежня 2010. // Театральная Энциклопедия. — М. (руск.)
  3. Кізіма С. А., Лянцэвіч В. М., Самахвалаў Дз. С. Гісторыя Беларусі: Курс лекцый. — Мн.: Выд-ва МІК, 2003. — 91 с.
  4. Мінський обласний театр ляльок «Батлейка» на Театри Білорусі // www.belarus-theatre.net («Театральна Бєларусь») (руск.)
  5. Дзешавой А. Докшыцкі лялечнік, «Маладосць», 1958, вип 9. Г.
  6. а б Бузина Олесь Тайная история Украины-Руси(недаступная спасылка) // censor.net.ua
  7. Парковая скульптура Архівавана 16 кастрычніка 2011. (руск.)
  8. Театр музкомедии в Минске (руск.)

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Барышаў Г. І., Саннікаў А. К. Беларускі народны тэатр батлейка. Мн., 1962;
  • Барышев Г. И. Художественное оформление белорусского кукольного театра батлейки // Белорусское искусство. Сб. статей и материалов, Минск, 1957;
  • Бессонов П. Белорусские песни, M., 1871;
  • Бядуля З. Бэтлейка и Беларускі тэатр // Вестник Нар. Комиссариата просвещения ССРБ, Минск, 1922. С. 3-4, 11-12;
  • Вертеп в Могилеве // Могилевские Губернские Ведомости, 1866, № 4. стр. 26—29.
  • Давидова М. Г. Вертепный театр в русской традиционной культуре // Альманах Традиционная культура № 1’2002;
  • Дзешавой А. Докшыцкі лялечнік // «Маладосць», 1958, № 9.
  • Збрайце матэр’ялы аб бэтлейцы! // «Наша Ніва», Вільня, 1910, № 44-45, С. 83-84;
  • Карский Е. Ф. Рождественская вертепная драма // Белорусы, т. 3, [вып.] 3, П., 1922;
  • Кізіма С. А., Лянцэвіч В. М., Самахвалаў Дз. С. Гісторыя Беларусі: Курс лекцый. — Мн.: Выд-ва МІК, 2003. — 91 с.;
  • Красьнянскі В. Батлейка віцебскага аддзяленьня беларускага Дзяржаўнага музэю // Інстытут беларускае культуры. Запіскі аддзелу гуманітарных навук, кн. 6 — Працы камісіі гісторыі мастацтва, т. 1, сш. 1, Менск, 1928;
  • Лабовіч А. Першая экспазіцыя Дзяржаўнага музея гісторыі тэатральнай і музычнай культуры // Беларускі гістарычны часопіс. № 3’2003;
  • Лозка А. Беларуская батлейка: Каляндарныя і абрадавыя гульні. Мн., 1997;
  • Перетц В. Н. Кукольный театр на Руси (Исторический очерк) // Ежегодник императорских театров. — Приложения. — Кн. 1. — Спб., 1895. — С. 85-185.
  • Романов Е. Белорусские тексты вертепного действа. Могилев, 1898. С. 45-46, 49-52;
  • Саўчук Н. Беларуская батлейка // Беларускі гістарычны часопіс. № 3’2003;
  • Шейн П. В. Вертеп, или бетлейки (батлейки) // Материалы для изучения быта и языка русского населения Северо-Западного края, т. 3, СПб, 1902;
  • Эремич И. Очерки белорусского Полесья // Вестник Западной России, Вильно, 1867, кн. 10, т. 4, отд. 4;
  • Юшкевич С. Небо и земля: сценарии для батлейки / С. Юшкевич, И. Лой, А. Досина, Н. Куксачёв. Мн.: Зорны верасень, 2008;

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]