Перайсці да зместу

Буда-Кашалёва

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Горад
Буда-Кашалёва
Цэнтральная плошча горада
Цэнтральная плошча горада
Герб Сцяг
Герб Сцяг
Краіна
Вобласць
Раён
Каардынаты
Заснаваны
1824
Першая згадка
Горад з
Плошча
  • 7,0449 км²[1]
Вышыня цэнтра
147 м
Насельніцтва
  • 8 581 чал. (1 студзеня 2024)[2]
Часавы пояс
Тэлефонны код
+375 2336
Паштовы індэкс
247350
Аўтамабільны код
3
СААТА
3205501000
Буда-Кашалёва на карце Беларусі ±
Буда-Кашалёва (Беларусь)
Буда-Кашалёва
Буда-Кашалёва (Гомельская вобласць)
Буда-Кашалёва

Бу́да-Кашалё́ва[3] (афіц. транс.: Buda-Kašaliova) — горад раённага падпарадкавання ў Гомельскай вобласці Беларусі, адміністрацыйны цэнтр Буда-Кашалёўскага раёна. За 48 км ад Гомеля, чыгуначная станцыя на лініі Мінск—Гомель. Насельніцтва 8 460 чал. (2017)[4].

Па пісьмовых крыніцах горад вядомы з 1824 г. як в. Буда, у складзе казённага маёнтка, у Кашалёўскай воласці Рагачоўскага павета Магілёўскай губерні. Дзейнічала карчма. У другой палове 19 ст. назва набыла сучаснае гучанне, але да нашага часу большасць жыхароў раёна карыстаюцца старой назвай — Буда. З пачаткам будаўніцтва Лібава-Роменскай чыгункі вёска хутка расла, па заканчэнні чыгункі ў лістападзе 1873 г. пачала дзейнічаць чыгуначная станцыя III класа, на якой штогод адгружалася каля 90 тысяч пудоў лясных грузаў. Мелася паштова-тэлеграфнае аддзяленне. З 1888 г. працавала невялікае прадпрыемства па вырабу драўляных дэталей для ткацкіх станкоў.

Па перапісу 1897 г. ў Буда-Кашалёва меліся 63 двары, 487 жыхароў, царкоўна-прыходская школа, хлебазапасны магазін, вятрак, лаўка, аддзяленне паштовай сувязі, лесапільны завод, карчма. У 1914 г. пабудавана новае памяшканне народнага вучылішча. На чыгуначнай станцыі ўзводзіліся складскія і іншыя гаспадарчыя збудаванні, насельніцтва пасёлка станцыі ў 1909 г. склала 74 чалавек. З 1911 г. пры школе працавала бібліятэка. У сакавіку-лістападзе 1918 г. Буда-Кашалёва акупіравана германскімі войскамі. Актыўную барацьбу супраць акупантаў вёў створаны мясцовымі актывістамі баявы атрад. Вызвалена 30.11.1918 г.

З 09.05.1923 г. да 17.07.1924 г. цэнтр Буда-Кашалёўскай воласці Гомельскай губерні. З 03.03.1924 г. ў складзе БССР. З 27.07.1924 г. цэнтр Буда-Кашалёўскага раёна Бабруйскай, з 27.10.1927 Гомельскай (да 26.07.1930 г.) акругі, з 20.02.1938 г. — Гомельскай вобласці. У 1925 г. было 194 двары. У 1930 г. арганізаваны калгас «Чырвоная Беларусь». З 1932 г. працавала МТС. У 1934 г. дзейнічалі шавецкая і кравецкая арцелі, маслазавод, МТС з рамонтнай майстэрняй, 4 ветракі і кузня.

З 27.09.1938 г. гарадскі пасёлак, 3400 жыхароў. У тым жа годзе ўзведзены двухпавярховы мураваны будынак сярэдняй школы. У пачатку Вялікай Айчыннай вайны быў створаны атрад народнага апалчэння (310 чалавек, камандзір Давалёў). У савецкі тыл была эвакуіравана тэхніка МТС. З жніўня 1941 г. да 27.11.1943 г. акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі. У снежні 1941 г. карнікі загубілі 485 чалавек (пахаваны ў магіле ахвяр фашызму за 1,5 км на поўнач ад горада). Вызвалена 4-й стралковай дывізіяй (палкоўнік Дз. Дз. Вараб’ёў) і 231-м танкавым палком (падпалкоўнік Ф. М. Кавалёў) 48-й арміі пры ўдзеле партызан. У баях за вызваленне Буда-Кашалёва загінуў 31 савецкі воін (пахаваны ў брацкіх магілах на паўночна-ўсходняй ускраіне і ў скверы па вул. Леніна). За час вайны загінулі 345 жыхароў.

З 31.12.1971 г. горад раённага падпарадкавання[5].

Чыгуначная станцыя

Дзейнічаюць ільнозавод, масласыразавод, хлебазавод, пладова-агароднінны завод, камбінаты будаўнічых матэрыялаў і бытавога абслугоўвання, птушкафабрыка, раённыя аб’яднанні «Сельгастэхнікі» і «Міжкалгасбуда», «Сельгасхіміі».

Дом культуры

Буда-Кашалёўская карцінная галерэя імя Яўсея Яўсеевіча Маісеенкі.

Аграрна-тэхнічны каледж (былы лясны тэхнікум), 2 сярэднія, музычная і дзіцячая спартыўная школы, дзіцячы сад, 3 дзіцячыя сады-яслі.

Архітэктурная планіроўка горада складаецца з сеткі злучаных паміж сабой прамалінейных вуліц. На поўдзень, поўнач і паўднёвы ўсход вуліцы маюць арыентацыю, блізкую да мерыдыянальнай. Чыгунка падзяляе горад на паўночна-заходнюю і паўднёва-ўсходнюю часткі. Грамадскі цэнтр складаюць цэнтральная плошча і вул. Леніна, дзе размешчаны адміністрацыйныя будынкі, гандлёвы цэнтр і 2-5-павярховыя жылыя і грамадскія будынкі. Астатняя забудова пераважна драўляная.

Вядомыя асобы

[правіць | правіць зыходнік]
  1. а б О некоторых вопросах административно-территориального устройства Гомельской области
  2. Численность населения на 1 января 2024 г. и среднегодовая численность населения за 2023 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов, поселков городского типаБелстат, 2024.
  3. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4 (DJVU).
  4. а б Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2017 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2016 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу (руск.). Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (29 сакавіка 2017). Праверана 3 красавіка 2017.
  5. Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР ад 31 снежня 1971 г. Аб пераўтварэнні гарадскога пасёлка Буда-Кашалёва Буда-Кашалёўскага раёна Гомельскай вобласці ў горад раённага падпарадкавання // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1972, № 1 (1339).
  6. Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2016 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2015 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу (руск.). Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (30 сакавіка 2016). Праверана 3 красавіка 2017.