Дамініканцы ў Беларусі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Герб
Поўная назва Ордэн Прапаведнікаў
Лацінская назва Ordo fratrum praedicatorum
Скарачэнне «O.P.»
Царква Каталіцкая Царква
Дэвіз Laudare, Benedicere, Praedicare (Усхваляць, бласлаўляць, прапаведаваць)
Заснавальнік Святы Дамінік
Дата заснавання 1214
Год зацвярджэння 1216
Афіцыйны сайт

Дамініканцы ў Беларусі ― манахі жабрацкага каталіцкага ордэна братоў-прапаведнікаў, якія дзейнічалі на тэрыторыі Беларусі з XIII стагоддзя.

Першыя дамініканцы на беларускіх землях[правіць | правіць зыходнік]

Айцец-дамініканец

У польскіх землях дамініканцы з’явіліся з Балонні ў 1222 годзе па запрашэнні кракаўскага біскупа Іва Адрованжа[ru]. Сярод іх быў і сваяк біскупа Яцак Адрованж, абвешчаны ў 1594 годзе святым каталіцкай царквы. Біскуп перадаў дамініканцам касцёл Св. Троіцы[pl], з якога потым вырас кляштар[1]. У 1524 годзе Мікалай Гусоўскі напісаў паэму «Жыццё і подзвігі Святога Гіяцынта» (1525), — да дня ўшанавання Яцака Адрованжа[2].

Пранікнавенне ордэна на ўсход пачалося з Кіева. Пры князі Уладзіміры[ru] ў Кіеве адкрыўся касцёл Найсвяцейшай Дзевы Марыі[pl] і дзейнічала створаная ў 1233 годзе Яцакам Адрованжам дамініканская місія для заходніх купцоў-католікаў, якія пражывалі ў Кіеве ці прыезджалі туды для гандлю[3][4]. Першым, вядомым дакументальна дамініканцам, які з’явіўся на беларускіх землях, быў манах Віт (Vitus), вучань Яцака Адрованжа (св. Гіяцынта), тагачаснага кіраўніка ордэна дамініканцаў у Польшчы. Гісторык віленскай дыяцэзыі святар Ян Курчэўскі піша пра дзейнасць Віта: «Па слядах святога Яцэка прыходзіць у Літву ягоны вучань, блаславёны Віт, паляк, каралеўскі прэлат, і як сапраўдны дамініканец стварае касцёл і літоўска-рускае біскупства ў Любчы, ― мястэчку, якое належала баярыну Міндоўга Андрэю Кіяну»[5]. Дамініканскі кляштар у Любчы заснаваны ў 1250 годзе.

У 1251 годзе дамініканскі правінцыял[заўв. 1][6] на прускіх землях, які пазней стаў біскупам хэлмінскім, Гайдэнрык[pl] (Heidenreich von Culm / Chełmno) атрымаў наказ ад папы Інакенція IV каранаваць Міндоўга і знайсці кандыдатуру ў біскупы для літоўскага княства. Выбар паў на Віта, і ў 1253 годзе ён быў рукапаложаны ў «episcopus Lubozanus» (біскупа Любчанскага) і «episcopus Lithoviensis» (біскупа Літовіі)[7]. Але Віт не стаў першым літоўскім біскупам, паколькі Тэўтонскі ордэн вылучыў свайго кандыдата, і Міндоўг пагадзіўся з гэтай кандыдатурай. Замест Віта першым легітымным біскупам княства стаў у 1252 годзе прэсвітар ордэна мечаносцаў немец Крысціян (Christian von Preußen)[8]. Менавіта з дамініканцамі звязваецца афіцыйнае прыняцце Літвой хрысціянства.

Каранацыя Міндоўга з жонкай адбылася летам 1253 года. Мяркуецца, што гэта адбылося ў Наваградку, Вільні або Анікштах[9][10]. Кароны ўсклаў біскуп Гайдэнрык у прысутнасці магістра Лівонскага ордэна Андрэаса фон Вельвена[ru], лівонскага архібіскупа Альберта Зуербера[en], прадстаўнікоў каталіцкіх ордэнаў і літоўскага баярства[11][12][13].

Каранацыя Міндоўга. Гравюра з кнігі Леанарда Ходзькі «Палёнія», 1824

У далейшым місіянерская дзейнасць дамініканцаў працягвалася, з канца XIII стагоддзя яны нават служылі пры велікакняжацкім двары і ў Канцылярыі Вялікага Княства Літоўскага, удзельнічалі ў стварэнні Віленскага каталіцкага біскупства. Цэнтрам дамініканцаў у Вялікім Княстве Літоўскім стаў касцёл Святога Духа у Вільні (1501)[14].

Дамініканскія кляштары[правіць | правіць зыходнік]

Рэшткі касцёла дамініканскага кляштара ў Смальянах

Пасля Берасцейскай уніі колькасць кляштараў павялічваецца, яны ўваходзяць у Польскую правінцыю, затым у 1647 годзе створана Літоўская правінцыя, якая займала тэрыторыі сучаснай Літвы, паўночнай і заходняй Беларусі[15]. У першай палове XVII стагоддзя заснавана 10 дамініканскіх кляштараў, у другой палове ― 25, у XVIII стагоддзі ― 6, у XIX ― 1. Кляштары паўднёвай, усходняй і цэнтральнай Беларусі уваходзілі ў склад Рускай правінцыі[16]. У кожнай правінцыі ў 1766 годзе налічвалася каля 600 манахаў, у Наваградку знаходзіўся кляштар сясцёр-дамініканак. Правінцыі ўзначальвалі правінцыялы, кляштары ― прыёры[17][18]. У кляштарах збіраліся бібліятэкі, напрыклад, у Гародні налічвалася больш за 15 тысяч тамоў, у мінскім кляштары Св. Тамаша Аквінскага — крыху менш[19][20]. Пры наваградскім і гарадзенскім кляштарах працавалі друкарні, якія выдавалі кнігі і паштоўкі[21].

Сярод заснавальнікаў былі прадстаўнікі багатай шляхты і духавенства. Гэта Сапегі, Радзівілы, Пацы, Сангушкі, Слушкі. Напрыклад, Крыштаф Слушка заснаваў у 1605 годзе касцёл св. Тамаша Аквінскага і кляштар у Мінску, луцкі біскуп М. Шышкоўскі — у Брэсце (1605), кашталян мсціслаўскі К. Палубінскі — у Дзярэчыне (1618), Аляксандр Слушка ― кляштары ў Рэчыцы і Слупках, Станіслаў Радзівіл ― кляштар у Клецку (1683), віленскі ваявода Крыштаф Хадкевіч ― у Наваградку (1624), стараста ашмянскі Адам Саковіч ― у Зембіне, графіня Марыя Строццы ― у Пінску (1667), падстолі смаленскі Базыль Баканоўскі ― кляштар у Нясвіжы (1672), віленскі канонік Ф. Гарскі ― касцёл Маці Божай у Полацку (1672), Жыгімонт Адам Слушка ― касцёл у Чашніках (каля 1674), ― каля 1816 года Вінсэнтам Лейндорфам там выкананы алтарныя карціны; харунжы надворны Канстанцін Пац ― у Княжыцах (1681), князь Павел Караль Сангушка ― у Кублічах (1748) і г. д. 1621 годам датуецца фундуш Аляксандра Хадкевіча, у якім ён «з мэтай распаўсюджвання каталіцкай веры ў горадзе яго графства Шклове» даў згоду дамініканцам на будаўніцтва касцёла і кляштара і на надзяленне манахаў гэтага ордэна рознымі ўгоддзямі. У 1623 годзе на месцы даўняга кальвінісцкага храма дамініканцамі былі закладзены касцёл і кляштар. На тэрыторыі кляштара знаходзіліся драўляная кляштарная пабудова з гаспадарчымі пабудовамі (клець, ледавік, дзве стайні, вазоўня, каменная браварня, старая драўляная лазня, калодзеж з драўляным колам) і вялікі сад. Пры кляштары была створана бібліятэка, дзе манахам чыталі курсы філасофіі і тэалогіі. У першай палове XVII стагоддзя фарнаму касцёлу належалі тры вёскі, а кляштару, які знаходзіўся пры касцёле, — тры фальваркі і восем вёсак. У пачатку XVIII стагоддзя манахі-дамініканцы штогод атрымлівалі ад уладальнікаў маёнтка 50 злотых, пуд воску, тры вёдры рыбы (з кожнага спуску) і палову злоўленай рыбы ў замкавым возеры[22].

Больш за ўсё дамініканскіх кляштараў будавалася ў 1660―1680 гг[23][24][25][26]. Касцёл дамініканцаў у Гародні быў закладзены на падставе прывілея Жыгімонта III ў 1632 годзе, а ў 1633 годзе ўжо пабудаваны на фундацыю Фрыдэрыка і Хрысціны Сапегаў. Пасля маёмасць гарадзенскіх дамініканцаў займала цэлы гарадскі квартал[27]. У Наваградку захаваўся Міхайлаўскі касцёл, пабудаваны ў 1624 годзе як дамініканскі[28][29]. З’явіліся фундатарамі кляштара ў Коўне[pl] (1631 і 1641 гг.) Д. Наркевіч, Ю. Белазор і Ю. Варлоўскі.

Сойм 1658 года зацвердзіў фундацыю дамініканцаў у Васілішках, дзе неўзабаве, дзякуючы намаганням земскага суддзі Марціна Дамініка Лімонта, з’явіліся драўляныя касцёл і кляштар. Перабудаваны ў 1832 годзе ў мураваны, кляштар захаваўся. Канстытуцыя ВКЛ 1659 года пацвярджае фундацыю дамініканцаў у Расонах, сойм 1662 года дазваляе будаўніцтва ў Харашках Гарадзенскага павета[30]. Пінскі кляштар дамініканаў заснаваны ў 1667 годзе маркграфіняй Марыяй Строцы, сваячкай польскай каралевы Цэцыліі Рэнаты. Фундатарка была замужам за ваяводам полацкім Янам Копацем. Да канца XVIII стагоддзя касцёл кляштара заставаўся драўляным. Пры кляштары ў 1726 годзе адкрылася Вышэйшая школа (Генеральная студыя) Рускай дамініканскай правінцыі, якая мела права прысваення вучоных ступеняў сваім гадаванцам. Вышэйшая школа змяшчала двух прафесараў багаслоўя і прафесара філасофіі. Пры гэтай навучальнай установе існавала бібліятэка ў 889 тамоў[31]. У 1667 годзе па хадайніцтве ашмянскага пісара земскага Андрэя Пачобута і яго жонкі Дароты ў Новыя Ашмяны былі запрошаны манахі ордэна дамініканцаў (падзея згадваецца ў інвентары горада 1668 года), якія пабудавалі ў мястэчку драўляны храм Святой Тройцы і жылыя памяшканні кляштара. Гэтаму кляштару належалі землі ў саміх Ашмянах, а таксама тры фальваркі ў павеце. Пры касцёле дамініканцаў была сабрана няблагая бібліятэка. У 1785 годзе пачалося будаўніцтва мураваных касцёла і кляштара ў Астраўцы[32].

У Полацку манахі-дамініканцы з’явіліся ў 1670 годзе па запрашэнню віленскага каноніка Казіміра Гурскага[33].

У Навагрудку ў 1654—1864 гадах існаваў адзіны жаночы кляштар ордэна ў Беларусі. Па адных звестках кляштар быў заснаваны ў 1654 годзе Міхаілам Дамброўскім, кавалерам мальтыйскім, па іншых звестках — у 1678 годзе Аленай Пратасевічавай з Бухавецкіх, жонкай земскага наваградскага натарыуса.

Адкрываліся дамініканскія кляштары і на Валыні, якая ўваходзіла ў Вялікае Княства Літоўскае. Так, у трэцяй чвэрці XIV стагоддзя заснаваны Луцкі кляштар[ru], да сярэдзіны XVIII стагоддзя ён налічваў больш за 50 манахаў. Гэта быў самы багаты кляштар у ВКЛ. Падчас з’езда еўрапейскіх манархаў у Луцку[ru] дамініканцы былі сярод гаспадароў, што сустракалі высокіх гасцей[заўв. 2][34][35]. У 1497 годзе кароль Аляксандр Ягелончык даў сродкі на будаўніцтва дамініканскага кляштара Св. Тройцы ў горадзе Уладзіміры-Валынскім, які таксама ўваходзіў у Вялікае Княства Літоўскае. Кляштар меў права трымаць карчму, варыць і прадаваць мёд, піва і віно. З дакументаў вядома, што кляштар меў званіцу з пяццю званамі, 22 вокнамі, 12 люстрамі[36][заўв. 3]

Храмавая архітэктура[правіць | правіць зыходнік]

Будаўніцтва касцёла ва Ушачах. 1913 год.

Першыя дамініканскія кляштары ў Беларусі звычайна адносяць да гатычнай храмавай архітэктуры[37]. Зыходзячы з дойлідства цысцэрцыянцаў, спачатку ствараліся будынкі спрошчанай планіроўкі без вежаў, з выходзіўшай алтарнай часткай без апсіды. Выкарыстовалася цэгла. Вышыня храма не перавышала 11,4 метра. Характэрным для дамініканскіх кляштараў быў фрыз у верхняй частцы сцяны з перакрыжаванымі арачкамі і керамічным дэкорам. Перакрывалася скляпеннямі толькі алтарная частка, асноўная частка царквы была пакрыта драўлянымі кроквамі. Ва ўсходняй сцяне алтарнай часткі было тры вокны з хрысціянскай сімволікай. З сярэдзіны XVIII стагоддзя ўзнікае так званае «віленскае барока», у стылі якога быў пабудаваны кляштар дамініканцаў у Вільні (1700―1767), які адрозніваецца вытанчанасцю прапорцый, пластычнасцю фасадаў, шмат’ярусныя вежамі на фасадзе і фігурнымі франтонамі. Касцёл і сам кляштар будаваліся асобна, але злучаліся калідорам, ― характэрная пабудова гэтага часу ― дамініканскія кляштары ў Брэсце і Оршы (1694). Некаторыя кляштарныя келлі мелі ацяпленне. Кляштар у Стоўбцах меў вялікі агарод і сад[38][39]. У мастацтвазнаўчай літаратуры вядомы архітэктар-дамініканец Людвік Грынцэвіч, які пабудаваў касцёлы дамініканцаў у Друі, Нясвіжы, Вярбілаве. Генуэзец Антоній Параца спраектаваў дамініканскія касцёлы ў Друі і Забелах[40]. У 1716 годзе падваявода полацкі Геранім Жаба разам з жонкай заснавалі Касцёл Святога Лаўрэна ва Ушачах. Потым яго разбурылі, і зноў пабудавалі ў 1913 годзе.

Да нашых часоў захаваліся будынкі дамініканскіх касцёлаў у Ружанах, Васілішках, Ушачах, Клецку, Дунілавічах, Заслаўі, Смальянах, Валеўцы, Княжыцах, Навагрудку, руіны ў Зембіне. Некаторыя перабудаваны пад праваслаўныя храмы.

Пасля падзелу Рэчы Паспалітай[правіць | правіць зыходнік]

У 1772 годзе, пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай, да Расійскай імперыі адышлі землі з сям’ю кляштарамі Літоўскай і дзевяццю кляштарамі Рускай дамініканскай правінцыі. На мяжы 1782 і 1783 гэтыя кляштары былі вылучаныя ў асобную беларускую правінцыю, якая праіснавала каля трынаццаці гадоў[41]. Пасля другога (1793) і трэцяга (1795) падзелаў Рэчы Паспалітай лічба дамініканцаў у Расійскай імперыі павялічылася. Пасля выгнання езуітаў (1815) дамініканцам адышлі іх касцёлы.

Кожны каталіцкі ордэн меў папскія прывілеі на арганізацыю і дзейнасць брацтваў. Пры кляштарах дамініканскага ордэна дзейнічалі брацтвы святога Разарыя. Першапачаткова брацтвы ўзнікалі па прафесіях. Кожны гарадскі цэх выступаў своеасаблівым братэрствам і меў у касцёле сваю харугву і свайго святога-абаронцу. Да XIX стагоддзя прадстаўнікі кожнай прафесіі збіраліся ў спецыяльна абазначанае для іх свята і ўдзельнічалі ў працэсіях кожны пад сваёй харугвай. У Мазыры да сярэдзіны XIX стагоддзя «братэрскіх» харугваў налічвалася 15. У красавіку 1868 года выйшла распараджэнне аб закрыцці ўсіх брацтваў пры касцёлах[42].

Пры брэсцкім кляштары быў свой навіцыят — месца, дзе выхоўваліся толькі браты, якія ўступілі ў ордэн. Кляштарны храм аказаўся апошнім з закрытых (1857) пры будаўніцтве Брэсцкай крэпасці. Да гэтага ён заставаўся парафіяльным. Менавіта ў дамініканскім касцёле захоўваўся абраз Маці Божай Брэсцкай, — копія абраза з рымскай базілікі Санта-Марыя-Маджорэ. Абраз цяпер знаходзіцца ў парафіяльным касцёлы на плошчы Леніна[43].

Становішча дамініканаў змянілася пасля паўстання 1830―1831 гадоў ― былі аб’яднаны Літоўская і Руская правінцыі, з 1842 года пачалася канфіскацыя кляштараў і пераўтварэнне іх у праваслаўныя[44]. Рускі пісьменнік Мікалай Ляскоў, які праязджаў праз Пінск, пісаў: «Касцёл дамініканаў, таксама скасаваны цяпер, аздабляецца для праваслаўнай царквы. З яго збіваюць каланаду і праломваюць плафон для пабудовы званіцы. І тут, кажуць, быў добры сценапіс, але цяпер і слядоў яго непрыкметна, праз тое, што пасля ліквідацыі дамініканскага касцёла каля сямі гадоў таму, ён быў здадзены габрэю Арэнборгу пад склад воўны. У келлях дамініканаў жывуць цяпер двое праваслаўных святароў, і змяшчаецца гарадская аптэка»[45].

У 1840 годзе разглядалася справа «пра супрацьзаконныя ўчынкі забельскіх ксяндзоў дамінікан». Складалася яна ў тым, што частка свальнянскіх вернікаў, былых уніятаў, не жадала пераходзіць у праваслаўе, а перайшла ў каталіцтва. На ўсе звароты праваслаўнага духавенства прыхаджане заяўлялі, што «вера наша ёсць толькі адна… і мы яе ніколі не пакінем…», «бо вера ваша руская ўсё роўна як жыдоўская». У гэтай сітуацыі былі абвінавачаны дамінікане Забельскага кляштара, а таксама мясцовыя ксёндзы і шляхта[46].

З сярэдзіны XIX стагоддзя колькасць дамініканцаў у Расійскай імперыі змяншалася, і ў 1881 годзе засталося 48 манахаў[47]. Паколькі польская мова пасля паўстання набыла семантыку «сувязі са старой эпохаю», у Беларусі ксяндзоў, што вялі імшу польскай мовай, у асноўным адпраўлялі ў Нясвіжскі дамініканскі кляштар; з 32, якія засталіся да 1871 года, 2 былі зняволеныя ў 1867 годзе, 8 — у 1870 годзе, астатнія — у 1871. Некаторыя ксяндзы былі сасланыя ў будынак ліквідаванага віленскага кляштара кармелітаў, астатнія — у Сібір[ru][48][49]. У 1864 годзе дамініканцаў у Беларусі не засталася.

Асвета[правіць | правіць зыходнік]

Напалеон Орда. Касцёл і кляштар дамініканцаў у Валынцах

Яшчэ падчас IV Латэранскага сабора ў 1215 годзе была прынята канстытуцыя «De magistris scholasticis» («Пра школьных настаўнікаў»), у якой загадвалася пры кожным кафедральным касцёле мець настаўнікаў і вучыць бясплатна, «адкрываючы дарогу да ведаў». Таксама кафедральны касцёл павінен быў мець тэолага, які б вучыў ксяндзоў[50]. У тым жа годзе папа Інакенцій III зацвердзіў ордэн св. Дамініка. Гэты ордэн стварыў магутную тэалагічна-філасофскую школу на чале са знакамітым Тамашам Аквінскім. Дамініканцы спрабавалі прыстасаваць перыпатэтычную філасофію для выкарыстання яе ў школах. Гэта было пачаткам доўгага працэсу стварэння асноў новай сістэмы адукацыі і адначасова працэс умацавання сувязей усходняй часткі Еўропы з Захадам, працэс уключэння яе ў заходнееўрапейскую цывілізацыю[51].

Першая навучальная дамініканская ўстанова ― Забельскі дамініканскі калегіум ― для шляхецкай і мяшчанскай моладзі адкрылася на сродкі мясцовага памешчыка Георгія Шчыта ў 1716 годзе пры кляштар Св. Георгія у фальварку Забелы каля вёскі Валынцы (цяпер Верхнядзвінскі раён). У канцы XVIII стагоддзя ў калегіуме выкладалі драматургі Міхал Цяцерскі і Каятан Марашэўскі. Гэтая школа пасля 1772 года з’яўлялася адзінай неезуіцкай сярэдняй навучальнай установай на ўсходзе Беларусі. У 1787 годзе калегіум меў 5 фальваркаў з 550 дварамі і прыбыткам у дзве з паловай тысячы рублёў штогод. У 1796 годзе па завяшчанні мінскага ваяводы Яна Гільзена калегіум стаў атрымліваць штогод 6 тысяч рублёў. У 1803 годзе калегіум пераўтвораны ў павятовае вучылішча Віленскай навучальнай акругі, а ў 1811 годзе — у гімназію, дзе вучыліся паэт і драматург Арцём Вярыга-Дарэўскі і этнограф і археолаг Канстанцін Тышкевіч. Аўтар камедый прафесар рыторыкі і паэтыцы Міхал Цяцерскі разам з Каятанам Марашэўскім і Ігнацы Юрэвічам стварылі у Забельскім калегіуме школьны тэатр. Вядомыя пастаноўкі «Святы Ксаверый» і «Антоній Падзеўскі». Першая камічная опера на Беларусі Рафала Вардоцкага на лібрэта Цяцерскага «Апалон-заканадаўца, або Рэфармаваны Парнас» (1789) увайшла ў курс гісторыі беларускай музыкі[52]. Росквіт забельскай капэлы прыпадае на канец XVIII — пачатак XIX стагоддзяў. У аддзеле рукапісаў бібліятэкі Віленскага ўніверсітэта ёсць шэраг вакальных і інструментальных партый літургічных кампазіцый, якія гучалі ў забельскім кляштары[53].

Выкладаліся латынь, матэматыка, фізіка, маляванне і архітэктура. Маляванне выкладалі Банавентура Хруцкі, Бернард Лютуковіч і інш[54].

Пазней дамініканскі ордэн не атрымаў дазволу адкрываць новыя школы на беларускіх землях. Тым не менш, у 1770-х гадах былі створаны вучылішчы, у іх навучалася да 20 % моладзі. Напрыклад, дамініканская школа ў Чашніках, якая адкрылася ў 1777 годзе, нягледзячы на пратэсты Адукацыйнай камісіі, дзейнічала да пачатку 1790-х гадоў. Наўзамен яе ўлады дазволілі адкрыць 3-класную школу ва Ушачах. У некаторых школах давалася павышаная адукацыя ― «7 свабодных мастацтваў»: граматыка, дыялектыка, рыторыка, музыка, арыфметыка, геаметрыя, астраномія[55]. Праводзіліся тэатралізаваныя дыспуты, дэкламацыі, ставіліся спектаклі школьнага тэатра[56].

У 1797 годзе дамініканцам перадалі свецкія 6-класныя вучылішчы ў Наваградку і Гародні. На базе пераведзенага ў Нясвіж слуцкага павятовага вучылішча адкрыўся калегіум. У 1817 годзе ў шасці дамініканскіх школах ўжо вучылася 705 выхаванцаў[57].

Часам філасофскія прадметы вар’іраваліся, ― у адных кляштарах выкладалі толькі філасофію, у іншых — тэалогію. Былі студыі, дзе маральная тэалогія[ru] спалучалася з філасофіяй або выкладалася толькі дагматычная тэалогія альбо маральная. Там вывучаліся лацінская мова, фізіка, арыфметыка, геаграфія, гісторыя, логіка, астраномія, літургічныя спевы, рыторыка. У перыяд з 1772 да 1830 года ў Беларусі існавала не менш за 31 студыі дамініканцаў: Гародня — генеральная студыя ў 1752―1830 гадах; Дзярэчын — студыя філасофіі ў 1816—1829 гадах; Дунілавічы — студыя маральнай тэалогіі ў першай трэці XIX стагоддзя; Забелы — фармальная студыя ў 1758―1827 гадах; Шклоў — студыя філасофіі і тэалогіі да 1819 года, студыя філасофіі з 1819 г[58].

У 1794—1831 гадах пры кляштары дамініканцаў працавала павятовая навагрудская школа, якая мела шэсць класаў і дзве ступені. Ніжнюю ступень утваралі два першыя класы, у якіх вывучалі польскую i лацінскую мовы, арыфметыку i геаграфію. У наступных чатырох класах выкладаліся гісторыя, фізіка, матэматыка, літаратура, права, этыка, французская, нямецкая i руская мовы. У кожным класе з найбольш здольных вучняў выбіралі «аўдытараў», якія дапамагалі выкладчыкам у навучанні і падтрыманні дысцыпліны. Штоквартальна праводзіліся экзамены. Большасць вучняў жыла ў кляштарнай бурсе (інтэрнаце). Выпускнікі школы мелі права паступаць у Віленскі ўніверсітэт. У 1807—1815 гадах у школе вучыліся паэты Адам Міцкевіч і Ян Чачот. Закрыта пасля пажару 1831 года[59].

Пасля выгнання езуітаў паўстала пытанне пра лёс дамініканскіх навучальных устаноў, якія займаліся паводле езуіцкіх праграм. Кіраўнік Літоўскай правінцыі ордэна Фаўстын Цяцерскі звярнуўся да міністра народнай асветы кн. А. М. Галіцына з прапановай пераўтварэння забельскай гімназіі ў акадэмію, але не знайшоў падтрымкі. Дамініканцам у 1822 годзе аддалі былы езуіцкі калегіум у Оршы, дзе яны адкрылі 4-класнае вучылішча. У 1825 годзе яго закрылі. Пасля паўстання 1830―1831 гадоў дамініканскія навучальныя установы былі пераведзены ў свецкія[60].

Пінскі кляштар. Малюнак 1915 года.

Паэт Уладзіслаў Сыракомля пісаў: «Нашых дзядоў сцябалі езуіты, нашых бацькоў хвасталі айцы піяры, і мы паспыталі базыльянскай розгі або дамініканскай дысцыпліны. Але няхай за гэтыя розгі ўшануюць іх нябёсы! Так, здорава яны лупцавалі, калі было за што, але і любілі яны дзяцей сардэчна і шчыра, старанна настаўлялі іх ў навуцы і веры і строга сачылі за маральнасцю ― шмат каго дала нашаму краю іх уважлівая апека»[61].

Пасля 1917 года[правіць | правіць зыходнік]

Пасля 1917 года ў Петраградзе заставаўся дамініканец Жан-Батыст Амудру, які да таго часу ўжо 10 гадоў быў пробашчам касцёла Найсвяцейшай Панны Марыі Лурдскай на Ковенскім завулку. З 1934 года Амудру фактычна замяшчаў высланага з СССР апостальскага адміністратара Антонія Малецкага. У 1935 годзе Амудру быў таемна пасвечаны ў біскупы апостальскім адміністратарам Масквы Піем Невё[ru], але яго тады ж выслалі з краіны[62][63].

У незалежнай Беларусі[правіць | правіць зыходнік]

У 1992 годзе на тэрыторыі былога СССР каталіцкай царквой створаны правінцыйны дамініканскі вікарыят, які падпарадкаваўся польскай ордэнскай правінцыі, і ў яго сістэме ў 1993 годзе створаны Генеральны вікарыят Балтыі і Беларусі святых Анёлаў-Ахоўнікаў. 11 лістапада 1992 года ўсталяваны дыпламатычныя адносіны паміж Рэспублікай Беларусь і Святым Прастолам і створана Нунцыятура Святога Прастола ў Рэспубліцы Беларусь[64]. З мая 2020 года апостальскім нунцыем у Беларусі з’яўляецца Антэ Ёзіч[65]. 11 лютага 1999 года заснавана Канферэнцыя каталіцкіх біскупаў Беларусі[66].

Супольнасць дамініканскіх тэрцыарыеў пад тытулам Святой Тройцы ў Беларусі была афіцыйна зацверджана ў снежні 2012 года. Тэрцыарыі — трэцяя (пасля братоў і сясцёр дамініканак) галіна дамініканскага ордэна. Да яе ставяцца свецкія людзі, якія імкнуцца ў жыцці кіравацца дамініканскай духоўнасцю. У 2017 годзе ў Беларусі працавалі шэсць айцоў-дамініканцаў у Віцебску і Магілёве. Да Ордэна належыць таксама дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі, апостальскі адміністратар Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Казімір Велікаселец. У Мінску дзейнічае абшчына сясцёр-дамініканак (вул. Няжданава, 48).

У беларускай літаратуры манах-дамініканец сустракаецца ў рамане Уладзіміра Караткевіча «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» (1966), ― там гэта сімвал цемрашальства і хітрыны.

Святыні дамініканскага ордэна ў Беларусі[правіць | правіць зыходнік]

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Заўвагі[правіць | правіць зыходнік]

  1. Кіраўніцтва ордэна ажыццяўляецца магістрам-генералам; структурна ордэн падзяляецца на правінцыі, якімі кіруюць правінцыялы.
  2. . У пачатку XIX стагоддзя кляштар стаў цэнтрам Рускай дамініканскай правінцыі
  3. У незалежнай Украіне дзейнасць дамініканцаў аднавілася. У Кіеве і Фаставе адкрыты буйныя кляштары, у краіне некалькі дамініканскіх прыходаў.

Зноскі

  1. Kozłowska Z. Rocznik Krakowski Założenie klasztoru OO. Dominikanow w Krakowie. — Krakow: 1926. — Т. XX. — С. 3―19.(недаступная спасылка)
  2. Жанна Некрашэвіч-Кароткая. «Хочацца святасці цуд ахапіць сваім розумам кволым...»: паэма «Пра жыццё і подзвігі Святога Гіяцынта» Мікалая Гусоўскага // Роднае Слова. — Мн.: 2008. — № 9.
  3. Ткаченко Н. И. Киевская миссия польских доминиканцев // Древнейшие государства на территории СССР. — М.: Наука, 1984. — С. 139―151. Архівавана з першакрыніцы 5 сакавіка 2017.
  4. Назаренко А. В. Русско-немецкие связи домонгольского времени (IX―середина XIII в.): Состояние проблемы и перспективы дальнейших исследований // Из истории русской культуры. — М.: 2002. — Т. 2. — С. 274―276.
  5. Jan Kurczewski. Biskupstwo wileńskie od jego założenia aż do dni obecnych, zawierające dzieje i pracę biskupów i duchowieństwa diecezji wileńskiej oraz wykaz kościołów, klasztorów, szkół i zakładów dobroczynnych i якія. — Vilno: Józef Zawadzki, 1912.
  6. Фроссар А. Соль земли. О главных монашеских орденах. — Москва, 1992.
  7. Szweda A. Problem biskupa litewskiego Wita // Komunikaty Mazursko-Warmińskie. — Toruń: Wydawnictwo Naukowe Uniwersytetu Mikołaja Kopernika, 2002. — Т. 3. — С. 327―343.
  8. Kurczewski J. Biskupstwo wileńskie od jego założenia aż do dni obecnych. — Wilno, 1912. — С. 21. — 614 с.
  9. Stryjkowski M. Kronika polska, litewska, żmódzka i wszystkiej Rusi. — Warszawa, 1846. — T. 1. — С. 289.
  10. Gudavičius E. Polityczny problem królestwa litewskiego w połowie XIII w. // Ekspansja nie mieckich zakonów rycerskich w strefe Bałtyku od XIII do połowy XVI wieku. Materiały z konferencji historyków radzieckich i polskich w Toruniu z r.1988. — Toruń: 1990. — С. 69.
  11. Gudavičius E. Mindaugas. — Vilnius: Lietuvos istorijos institutas. Žara, 1998. — С. 98―106. — 359 с.
  12. Жлукта А. Каранацыя Міндоўга і заснаванне першага біскупства ў дакументах XIII ст. // Наша вера. — Мн.: 2003. — № 2(24).
  13. Hellmann M. Der Deutsche Orden und die Königskrönung des Mindaugas // ZfO. Bd. 3 (1954). S. 389—394
  14. Antanas Rimvydas Čaplikas. Šv. Jono, Dominikonų, Trakų gatvės. Vilnius: Charibdė, 1998. ISBN 9986-745-13-6. P. 143. (літ.)
  15. Hanna Paulouskaya. Grodzieńskie kroniki klasztorne XVII i XVIII wieku. Formy gatunkowe i aspekty komunikacyjne. — Warszawa, 2013. — С. 73—75. — 237 с.
  16. Świętochowski R. Początki dominikańskiej prowincji ruskiej (1596–1602) // Prawo Kanoniczne: kwartalnik prawno-historyczny. — Kraków: 1980. — Т. 23. — С. 51—86.
  17. Giżycki J. M. Wiadomości o dominikanach prowincyi Litewskiej. Zebrał Wołyniak. Poprzedził przedmową O.Woroniecki O. P. Część I. — Kraków, 1917.
  18. Giżycki J. M. Wykaz klasztorów dominikańskich prowincyi ruskiej. Zebrał Wołyniak. Część II. — Kraków, 1923.
  19. Katalogi bibliotek zakonnych na Białorusi we współczesnych zbiorach rękopiśmiennych // Wspólnota pamięci. Studia z dziejów kultury ziem wschodnich dawnej Rzeczypospolitej. — Katowice: 2006. — С. 215—227.
  20. Лаўрык Ю. М. Кніжныя зборы менскага дамініканскага канвенту ў 1709 годзе // Наша вера. — Мн.: 2011. — № 4. — С. 68―71.
  21. Miławicki Marek. Dominikanie na kresach wschodnich Rzeczypospolitej Obojga Narodów (teren dzisiejszej Białorusi) // Folia Historica Cracoviensia. — Krakow: Dominikański Instytut Historyczny w Krakowie, 2014. — Т. 20. — С. 119―120.
  22. Topolska М. В. Szklow i jego rola w gospodarce Bialarusi Wschodniej w XVII i XVIII wieku // Roczniki dziejow sprtecznych i gospodarczich. — Poznan: 19691. — № XXX.
  23. Ярашэвіч А. А. Страчаныя помнікі архітэктуры і мастацтва эпохі барока на Полаччыне // Гісторыя і археалогія Полацка і Полацкай зямлі: матэріалы III Міжнароднай навуковай канферэнцыі. — Полацк: Полацкі гісторыка-культурны запаведнік, ПДУ, 1998.
  24. Филиппенко Я. Д. Доминиканский монастырь. Утраченное наследие Полоцкой земли // Вестник Полоцкого гос. университета. Серыя F. Архитектура и градостроительство. — Полоцк: Полоцкий гос. ун-т, 1991. — № 12.
  25. Кулагін А. М. Каталіцкія храмы на Беларусі. Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 2008. — 487 с. — ISBN 978-985-11-0395-5.
  26. Miławicki Marek. Dominikanie na kresach wschodnich Rzeczypospolitej Obojga Narodów (teren dzisiejszej Białorusi) // Folia Historica Cracoviensia. — Krakow: Dominikański Instytut Historyczny w Krakowie, 2014. — Т. 20. — С. 95―153.
  27. Маліноўская Т. O dominikanach grodzieńskich. З гісторыі пабудовы і дзейнасці // Гарадзенскія запісы. Старонкі гісторыі і культуры. — Гродна: 1993. — № 1. — С. 11―14.
  28. Адамовіч С.Ф., Кушнярэвіч А. М. Дамініканскі кляштар у Навагрудку // Весці Акадэміі Наук БССР. Серыя грамадскіх навук. — Мн.: 1991. — № 4.
  29. Габрусь Т. В. Дамініканскія святыні ў Навагрудку // Гістарычная і культурная спадчына Навагрудчыны: мінулае і сучаснасць: матэрыялы Рэсп. навук.-практ. канф., Навагрудак, 12 чэрвеня 2004 г.. — Мн.: Музей старажытнабеларускай культуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, 2004.
  30. Markiewicz A. Osiemnastowieczne inwentarze jako źródło do dziejów klasztorów prowincji ruskiej dominikanów // Kwartalnik Historii Kultury Materialnej. — 2013. — № 1. — С. 75—84.
  31. Ильин А. Л., Игнатюк Е. А. Очерки истории культуры Пинщины (IX – нач. XX вв.): монография. — Пинск, 2013. — С. 28,29. — 220 с. — ISBN 978-985-516-269-9.
  32. Брэгер Г. Астравец // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — С. 259. — 688 с. — ISBN 985-11-0314-4 (т. 1), ISBN 985-11-0315-2.
  33. Без-Корнилович М. О. Исторические сведения о примечательнейших местах Белоруссии с присовокуплением и других сведений к ней относящихся. Репринт. изд.. — Мн.: Алфавит, 1995. — 355 с. — ISBN 5-87264-028-5.
  34. Садовнік Т., Бірюліна О., Баран В. Європейський з’їзд 1429 року в Луцьку. — Луцьк: МП «Зоря», 2005. — С. 13. — 32 с.
  35. Урсул Н.А. Мистецька спадщина домініканського ордэну XVII-XIX вв. на території України. — Каменец-Подольский: Кам'янець-Подільський національний університет імені Івана Огієнка, 2007. — 376 с.(недаступная спасылка)
  36. Петрович В. Перші католицькі храми у місті Володимирі // Минуле і сучасне Волині і Полісся. — Луцьк: 2008. — № 27. — С. 92―94.
  37. Міцкевіч В. С. Каталіцкія кляштары XIV–XVIII стст. у межах сучаснай Беларусі. — Мн.: Рымска-каталіцкая парафія Св. Сымона і Алены, 2014. — 244 с. — ISBN 978-985-6652-44-1.
  38. Колосовская А. Н. Архитектура католических монастырей Беларуси // Архитектура и строительные науки. — Мн.: 2013. — № 3.
  39. Baranowski A. J. Nurty, fazy i centre barokowej architektury sakralnej w Wielkim Ksigstwie Litewskim // Biuletyn Historii Sztuki. — Warszawa: 1984. — Т. XLVI. — С. 371―392.
  40. Слюнькова И. Н. Монастыри восточной и западной традиции. Наследие архитектуры Беларуси. — М.: Прогресс-Традиция, 2002. — С. 169. — 600 с. — ISBN 5-89826-093-5.
  41. Sławomir Brzozecki OP. Prowincja białoruska Zakonu Kaznodziejskiego. Dominikanie na ziemiach zabranych przez Rosję po I rozbiorze (1772–1801) // Przegląd Tomistyczny. — 2007. — Т. XIII/1.
  42. Зянюк Р.У. Барацьба з рымска-каталіцкімі брацтвамі як форма абмежавання ўплыву касцёла ў другой палове XIX стт. // Паўстанне 1863 – 1864 гг. у Польшчы, Беларусі, Літве і Украіне: гісторыя і памяць: зб.навук.арт. / уклад.: В. В. Яноўская, А. У. Унучак, А. Э. Фірыновіч. — Мн.: Беларуская навука, 2014. — С. 279—291.
  43. Санктуарый Маці Божай у Брэсце
  44. Слюнькова И. Н. Храмы и монастыри Беларуси XIX века в составе Российской империи. — М.: Прогресс-Традиция, 2010. — С. 309―321. — 616 с. — ISBN 978-5-89826-326-8.
  45. Лесков Н. С. Из одного дорожного дневника // Кругозор. — Пинск: 2000. — № 1. — С. 37.
  46. Грыгор’ева В. В., Завальнюк У. М., Навіцкі У. І., Філатава А. М. Канфесіі на Беларусі (XVIII—XX ст).. — Мн.: Экаперспектыва, 1998. — С. 27. — 340 с. — ISBN 985-6102-17-0.
  47. Юсим М. А.. Доминиканцы в странах Восточной Европы, в Древней Руси и Российской империи. Православная энциклопедия.
  48. Ганчар А. И. Римско-католическая церковь в Беларуси: общественное сознание и религиозная практика. — Гродно: Гродненский аграрный университет, 2010. — С. 321―322. — 582 с. — ISBN 978-985-678.
  49. Skarbek J. Kościół rzymskokatolicki na Białorusi i Litwie w XIX i początkach XX stulecia // Sympozjum. — 1999. — № 3. — С. 7—28.
  50. Dokumenty Soborów Powszechnych. Tekst grecki, łaciński, polski. T. II (869–1312) Konstantynopol IV. Lateran I, Lateran II, Lateran III, Lateran IV, Lyon I, Lyon II, Vienne. — Kraków: Wydawnictwo WAM, 2003. — С. 247. — 680 с.
  51. Лаппо-Данилевский А. С. История русской общественной мысли и культуры XVII – XVIII вв.. — М.: Наука, 1990. — С. 27. — 293 с.
  52. Брыль А. Ф. Звесткі пра Каятана Марашэўскага, Міхала Цяцерскага і Ігнацыя Юрэвіча ў дакументах Дамініканскага ордэна // Роднае слова. — Мн.: 2018. — № 4. — С. 3, 4.
  53. Ліхач Т. Ордэн дамініканцаў і развіццё музычнай культуры Беларусі // Наша вера. — 2000. — № 2.
  54. Самусік А. Ф. Забельскі дамініканскі калегіум // Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Верхнядзвінскага раёна. — Мн.: Паліграфафармленне, 1999. — Т. 2. — С. 49. — ISBN 985-6351-06-5.
  55. Nowozytna mysl naukowa w szkolach Komisji Edukacji Narodowej. — Wroclaw: Wydawectwo PAN, 1973. — С. 268. — 280 с.
  56. Барышев Г. И. Школьный театр Белоруссии XVIII века. — Мн.: Минский ин-т культуры, 1990. — 90 с.
  57. Погодин А. Л. Виленский учебный округ. 1803―1831. — СПб.: Тип. П. Сойкина, 1901. — 28 с.
  58. Ганчарук І. Каталіцкія манаскія ордэны на Беларусі ў 1770―1820-я гады // Наша вера. — Мн.: 2004. — № 4(30_.
  59. Навагрудская школа дамініканцаў // Рэлігія і царква на Беларусі. Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 2001. — С. 221.
  60. Самусік А. Ф. Асветніцкая дзейнасць дамініканскага ордэну на Беларускіх землях у XVIII―першай трэці XIX ст. // Хрысціанства ў гістарычным лёсе беларускага народа. — Гродна: ГрДУ, 2009. — С. 195―199.
  61. Kosmanowa B. Nieśwież w twórczości Władysława Syrokomli i Józefa Kraszewskiego // Беларусіка-Albaruthenica. На шляхах да ўзаемаразумення: Навуковы зборнік. — Мн.: 2000. — № 15. — С. 236―240.
  62. Парфентьев П. А. Мать Екатерина (Анна Ивановна Абрикосова): Жизнь и служение. — СПб.: Керигма, 2004. — 340 с. — ISBN 5-85574-017-X.
  63. Wenger A. Rome et Moscou, 1900-1950. — Paris: DDB, 1987. — С. 287―338. — 364 с.
  64. Апостальская Нунцыятура ў Рэспубліцы Беларусь Архівавана 6 красавіка 2018.
  65. Папа Францішак прызначыў новага Апостальскага нунцыя ў Беларусі. Catholic.by (21 мая 2020).
  66. Склад Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Православная энциклопедия. ― М. т. 15. 2007. с.619―627
  • Dubas-Urwanowicz E. Fundacje kościołów i klasztorów grodzieńskich do XVIII wieku // Fundacje i fundatorzy w średniowieczu i epoce nowożytnej. Pod red. nauk. E. Opalińskiego, T. Wiślicza. ― Warszawa, 2000, s. 130—141.
  • Gwiazda H. Fundacje i fundatorzy klasztorów dominikańskich w Wielkim Księstwie Litewskim w latach 1648—1696 // Summarium, Nr 1, 1972, s. 50-85.
  • Markiewicz A. Inwentarz kościoła i klasztoru OO. Dominikanów w Rakowie z lat 1708—1709. // Rocznik Biblioteki Naukowej PAU i PAN w Krakowie. T. 51. ― Krakow, 2006, s. 117—130.
  • Pektus V. Dominikonai Lietuvos kultūroje. — Vilnius, Petro ofsetas. 2004. ISBN 9955-534-84-2
  • Сінкевич Н. О. Laudare, benedicere, praedicare. Доміниканський орден на Волині в кінці XVI-на початку XIX ст. — Киів, Кайрос, 2009. С. 408.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]