Балійцы

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Балійцы
(Suntikan Bali)
Kunigan2.JPG
Агульная колькасць 3640 тыс.
Рэгіёны пражывання Інданезія
Мова балійская
Рэлігія індуізм
Блізкія этнічныя групы яванцы, мадурцы, сасакі, мбоджа, самава

Балі́йцы (саманазва Suntikan Bali) — народ, карэнныя насельнікі астравоў Балі і Пеніда ў Інданезіі. Жывуць таксама на іншых астравах гэтай краіны, у Малайзіі і ЗША. Прыкладная агульная колькасць (2013 г.) - 3 640 тыс. чал.[1]

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Балійскі раджа, мал. 1597 г.

Востраў Балі быў населены чалавекам сучаснага тыпу ў перыяд мезаліту. Каля 2 тысячагоддзя да н.э. яго занялі плямёны аўстранезійцаў, якія стварылі ў VI ст. да н. э. - VIII ст. н. э. дастаткова развітую культуру, апрацоўвалі бронзу, рабілі кераміку, рытуальныя барабаны і пірамідальныя магільні, падобныя на марае палінезійцаў.

У канцы 1 тысячагоддзя н. э. Балі быў заваяваны выхадцамі з суседняга вострава Ява, якія распаўсюдзілі тут будызм і індуізм. У 1073 г. адбылася рэлігійная рэформа, якая садзейнічала далейшаму ўкараненню індуізму сярод простага насельніцтва і падзелу яго на касты. З прыходам індуізму звязана распаўсюджанне пісьмовасці. Найстаражытнейшыя вядомыя надпісы адносяцца да XI ст. У 1284 г. Балі зноў быў заваяваны яванцамі і ўвайшоў у склад яванскай дзяржавы Маджапахіт. Сюды перасяляліся выхадцы з вышэйшых колаў маджапахіцкага грамадства. У выніку, яны сфарміравалі асноўную частку вышэйшых каст Балі. Частка мясцовага насельніцтва, якая не прыняла яванскую культуру, склала асобны пласт так званых балі ага.

Ужо ў XIV ст. на Балі вылучылася асобная галіна маджапахіцкай дынастыі. Распад дзяржавы на Яве, а таксама кантакты з еўрапейскімі ганлярамі з канца XVI ст., прывёў да актыўнасці мясцовых манархаў-раджаў. Іх арміі ўрываліся на Усходнюю Яву і востраў Ламбок. З Балі вывозілі спецыі, тканіны, рабоў і опіюм. Але ў XVII ст. адзіная балійская дзяржава канчаткова распалася на некалькі малых манархій.

У 1908 г. востраў Балі быў акупаваны Нідэрландамі. У 1949 г. ён увайшоў у склад Інданезіі. Экспансія саміх балійцаў, а потым разбуральны землятрус 1917 г. і палітыка перасялення, якую праводзілі інданезійскія ўлады ў другой палове XX ст. у межах вырашэння аграрнанага пытання, прывялі да з'яўлення асобных невялікіх раёнаў, кампактна населеных балійцамі, на іншых астравах Інданезіі (Ява, Ламбок, Сулавесі і інш.).

Традыцыйная культура[правіць | правіць зыходнік]

Заняткі[правіць | правіць зыходнік]

Асноўным заняткам балійцаў здаўна з'яўлялася земляробства. На штучных тэрасах гор і пагоркаў яны вырошчваюць пераважна рыс, для атрымання высокіх ураджаяў якога ўжо ў сярэднявеччы была збудавана надзвычай складаная сістэма ірыгацыі. Рысавую расаду загадзя прарошчваюць у спецыяльна адведзеных месцах, а потым пераносяць на ўзаранае драўляным плугам поле. Саспелыя каласы зразаюць нажом. Акрамя таго, вырошчваюць садавіну і гародніну, бабовыя, кукурузу, чай, какава, кветкі і г. д. Большасць земляў знаходзіцца ў карыстанні абшчыны. Плантацыйных гаспадарак на Балі амаль няма.

Жывёлагадоўля мае падсобны характар. Быкоў і канёў трымаюць толькі для транспартыроўкі людзей і грузаў. З дапамогай быкоў таксама апрацоўваюць палеткі. Разводзяць свінняў, качак, курэй. Мора лічыцца месцам, населеным злымі духамі, таму самі балійцы не займаюцца марскім рыбалоўствам. Гэтая праца аддадзена ў рукі нешматлікіх перасяленцаў з іншых астравоў. Аднак рыбу ловяць з дапамогай плеценых кашоў на затопленых рысавых палях і на азёрах.

Да канца XX ст. рамёствы не былі адасоблены ад занятка сельскай гаспадаркай. Але ў сувязі з распаўсюджваннем турызму і попытам на сувенірную прадукцыю вылучыліся прафесійныя рамеснікі. Балійцы знакаміты сваім ткацтвам (ім займаюцца выключна жанчыны), ганчарствам, высокамастацкай апрацоўкай металаў і дрэва.

Жытло[правіць | правіць зыходнік]

Найбольш распаўсюджаны тып паселішча — вёска. Балійскія вёскі маюць строгую планіроўку, выцягнуты ўздоўж дарог з поўначы на поўдзень. Асноўную дарогу пад прамым вуглом перасякаюць вузкія вуліцы. Сялянскія сядзібы пекаранган акружаныя гліняным мурам, знутры якога размешчаны гаспадарчыя і жылыя пабудовы бале. Іх узводзяць на фундаменце з цэглы або гліны. Бале уяўляюць сабою асобныя будынкі-пакоі на па́лях, якія накрываюць саламяным дахам.

У вёсках абавязкова маюцца грамадскія пабудовы — храмы (пура), школа і абшчынны будынак для паседжанняў вясковай рады.

Вопратка[правіць | правіць зыходнік]

Асноўнай вопраткай на Балі з'яўляецца саронг. Жаночы саронг каін доўгі, шчыльна абгортваецца вакол сцёгнаў. Мужчынскі саронг камбен кароткі. У апошнія дзесяцігоддзі на змену яму прыйшлі кароткія штаны са скураным поясам. Па-над саронгам апранаюць кашулі і кофты. Мужчыны звычайна павязваюць галаву хусткай. Сустракаюцца розныя тканіны для вопраткі, пераважна баваўняныя, упрыгожаныя гафтам, пазалотай, рознымі аплікацыямі.

Святочнае ўпрыгожванне жанчын надзвычай складанае. Яны робяць разнастайныя прычоскі, апранаюць на галаву вянкі з кветак, носяць розныя ювелірныя вырабы з бронзы і каштоўных металаў. Распаўсюджаны завушніцы з лісця. Мужчыны нават у звычайныя дні маюць скураную перавязь з крысам.

Харчаванне[правіць | правіць зыходнік]

Паўседзённай стравай балійскай кухні з'яўляецца вараны рыс. Яго ядуць халодным, з соллю, перцам і іншымі спецыямі. У паўседзённым рацыёне таксама шмат садавіны і гародніны, часам рыбы і казурак. Дастаткова распаўсюджаная страва лавар з сечанай гародніны і какоса. Мясныя стравы (асабліва са свініны) ужываюць пераважна ў святочныя дні. Ялавічына не вельмі папулярна, а для прадстаўнікоў вышэйшых каст — забаронена. Прысмакамі лічацца маладыя парсючкі, якіх смажаць цалкам, кажаны, некаторыя казуркі, марскія чарапахі, лічынкі мурашак і пчол.

Звычайныя і алкагольныя напоі робяць з пальмавага соку і рысу.


Сацыяльная арганізацыя[правіць | правіць зыходнік]

У сельскай мясцовасці галоўным грамадскім інстытутам да нашых дзён з'яўляецца вясковая абшчына дэса. Яна кіруецца радай з гаспадароў сядзіб на чале выбранага імі старасты. У каланіяльныя часы галандцы спрабавалі прызначаць афіцыйных стараст, але іх роля абмежавалася зборам падаткаў. Акрамя старасты, існуюць іншыя грамадскія пасады (пісары, пасланцы, вартаўнік і г. д.). Абшчына аказвае абавязковую дапамогу сваім членам, у тым ліку кампенсуе страчанае ў выніку землятрусаў, пажараў і крадзяжу. Стараста і рада выступаюць ў якасці суддзяў. Звычаёвае права, як і ў мусульманскіх грамадствах, мае назву адат. У дзяржаўны суд балійцы звяртаюцца толькі ў выпадку цяжкіх крымінальных злачынстваў.

Другі тып суседскай абшчыны — банджар. Звычайна ён уваходзіць у склад дэса, але таксама мае свайго старасту, храм і агульныя святы. У буйных вёсках і гарадах банджар разглядаецца нават як больш важнае аб'яднанне, чым дэса. Гэта залежыць ад таго, хто распараджаецца зямлёй абшчыны, агульнавясковая або суседская рада. Важнае месца ў жыцці вёскі таксама займаюць аб'яднанні субак, створаныя для агульнага карыстання вадой і падтрымання ірыгацыйных збудаванняў, кааператывы і прафесійныя згуртаванні і г. д.

Большая частка ворыўных земляў на Балі заўсёды кантралявалася самімі абшчынамі, якія размяркоўвалі іх паміж сем'ямі, а таксама выплочвалі адзіны падатак дзяржаве. Але ў перыяд сярэднявечча ўзніклі асобныя землеўласніцтвы феадальнага тыпу. Яны былі не вельмі вялікімі і апрацоўваліся найманымі сялянскімі групамі сека меджукут.

Акрамя таго, балійскае грамадства з XI ст. з'яўляецца каставым. Большая частка насельніцтва належыць да ніжэйшай касты шудраў (судра, джаба). Меней за 10% насельніцтва складаюць вайш'і (гусці), кшатрыі (дзева або 'анак і агунг), брахманы (іда, іда багус). Пераход з адной касты ў іншую прынцыпова не магчымы, але пры прасоўванні па сацыяльнай лесвіцы члены ніжэйшых каст могуць мяняць сябе тытул, які ў іншых абставінах захоўваецца ўсё жыццё і перадаецца па спадчыне. Шлюбы паміж прадстаўнікамі розных каст не забаронены. Лічыцца, што муж павінен належыць да больш высокай касты, чым жонка. У мінулым шлюбы прадстаўніц высакародных каст на прадстаўніках ніжэйшых строга караліся. Брахманы і кшатрыі звычайна займаюць месцы (пры размове, жыцці ў шматпакаёвым доме, сядзенні ў крэслах і інш.) вышэй, чым вайш'і і шудры, з імі прынята размаўляць на асаблівым стылі мовы. Брахманы абавязаны прытрымлівацца некаторых забарон у харчаванні і вопратцы.

Каставая сістэма з'яўляецца ў сваёй аснове рэлігійнай і можа не супадаць з палітычнай або маёмаснай. У мінулым на вышэйшай прыступцы сацыяльнай лесвіцы стаялі манархі-раджы з касты агунг. У сучаснасці, большасць членаў вышэйшых каст займаецца земляробствам, падобна шудрам. Асобныя пачэсныя касты-джаці складаюць кавалі пандэ весі і горцы балі ага.

Сем'і звычайна нуклеарныя, радзей пашыраныя. Сістэма сваяцтва патрылінейная. Шлюб адбываецца са згоды маладых, але жаніх плоціць выкуп бацькам нявесты. Выкуп пры жаніцьбе на дзяўчыне са сваёй вёсцы неабавязковы. Дапушчаецца палігінія. Мужчыны і жанчыны могуць разводзіцца і браць шлюб некалькі разоў у жыцці.

Святы[правіць | правіць зыходнік]

Свята на Балі

Большасць святаў на Балі мае рэлігійны характар. Але практыкуюцца і індывідуальныя цырымоніі, звязаныя з ўяўленнем аб цыклічным жыцці кожнага чалавека. Найбольш важныя з іх — падпілоўванне зубоў, вяселле, пахаванне. Разам з індуізмам на Балі прыйшоў звычай крэмацыі памерлых. Да пачатку XX ст. прадстаўніцы вышэйшых варн маглі практыкаваць звычай самазабойства праз спаленне. Вядомы святы багоў-заступнікаў пэўнай сям'і адалан сангух.

Найбольш папулярныя святы на Балі:

  • Усабавясковае свята, якое арганізуецца пасля збору рысу.
  • Адалан — свята ў гонар гадавіны заснавання пэўнага храма.
  • Меласцісакавіцкае або красавіцкае свята ачышчэння вадою.
  • Ньепі (літаральна "маўчанне") — балійскі Новы год. Святкуецца праз тры дні пасля меласці.
  • Галунгантыднёвы фестываль у гонар усіх багоў, калі сядзібы ўпрыгожваюць доўгімі дэкараванымі бамбукавымі тычкамі.
  • Агох-агох — вячэрняе і начное шэсце з маскамі і выявамі злых духаў.

У сакавіку ў паселішчы Убуд святкуецца чатырохдзённы духоўны фестываль, які сумяшчае найбольш яркія рысы ўсіх іншых балійскіх фестываляў. Аднак ён папулярны больш сярод турыстаў, чым сярод карэнных жыхароў. Для баўлення асабістага часу балійцы арганізуюць пеўневыя баі і гонкі быкоў па залітых вадою палетках.

Мастацтва[правіць | правіць зыходнік]

Балійскі фальклор знакаміты эпічным казаннем "Малат", якое па аб'ёму роўнае "Махабхараце". З часоў сярэднявечча распаўсюджаны лантар, кнігі на пальмавым лісці, а таксама летапісы-бабад.

Балійскія майстры вырабляюць батык, статуэткі з дрэва і металаў, розныя ўпрыгожванні. Далёка за межамі Балі вядомы мясцовы арнамент. Развіта танцавальнае мастацтва. Танец пендэт, відавочна, раней меў рытуальнае значэнне, бо адлюстроўвае працэс ахвярапрынашэння. Танец легонг — гэта пантаміма, якую выконваюць маладыя танцоркі. Ваенныя танцы — барыс і джаук. Народныя музычныя інструменты — драўляная флейта сулінг, скрыпка рэбаб. Пры храмах і вёсках арганізуюцца гамеланы. Яны суправаджаюць вяселлі, рэлігійныя цырымоніі, тэатральныя пастановы "Рамаяны", пастановы народнага тэтра ценяў.

Мова[правіць | правіць зыходнік]

Балійская мова адносіцца да аўстранезійскай сям'і моў, лексічна вельмі блізкая да яванскай. Балійская пісьмовасць каракан ўзнікла ў XI ст. на аснове старажытнаіндыйскага пісьма брахмі. Ёй шырока карыстаюцца і ў наш час, хаця ў адукацыйных установах і афіцыйных выданнях распаўсюджана пісьмовасць на аснове лацінкі.

Рэлігія[правіць | правіць зыходнік]

Большасць вернікаў-балійцаў — індуісты. Індуізм разам з будызмам трапіў на Балі з суседняй Явы ў канцы 1 тысячагоддзя н. э. і канчаткова замацаваўся ў XI ст., калі адбыўся падзел мясцовага насельніцтва на касты. У балійскім індуізме прасочваюцца некаторыя старажытныя паганскія аўстранезійскія вераванні (шанаванне гор, адсутнасць выяў багоў знутры храмаў, увядзенне ў пантэон некаторых мясцовых звышнатуральных істот, шаманская практыка і г. д.), а таксама ранняга будызму (Буда шануецца як асобнае бажаство) і тантрызму.

Самі балійцы называюць сваю рэлігію агама ціртха (літаральна, "святая вада"). У ёй адводзіцца значная роля рытуальнай частцы і ахвярапрынашэнням. На Балі існуе мноства храмаў. Яны будуюцца асобнымі сем'ямі, прафесійнымі і каставымі аб'яднаннямі, абшчынамі, дзяржаўнымі ўстановамі.

Сярод святароў вылучаюцца брахманы-педанда, якія лічацца найвышэйшым колам тэолагаў і тлумачальнікаў свяшчэнных тэкстаў. Яны аб'ядноўваюцца ў гурткі секехе бебаасан, якія займаюцца чытаннем і тлумачэннем рэлігійнай літаратуры. Аднак правядзенне рытуалаў дазваляецца таксама святарам пемангку і баліян з ніжэйшых каст.

Найвышэйшым бажаством лічыцца Саанг Х'янг Від'і Васа, якога ўяўляюць старэйшым братам Шывы.

Балі ага[правіць | правіць зыходнік]

У вёсцы Тэнганан

Балі ага (літаральна, "старыя балійцы") або вонг ага ("старыя людзі") — невялікая група балійцаў (усяго некалькі тысяч чалавек), якая жыве ізалявана ад іншага насельніцтва ў гарах. Найбольш вядомы іх вёскі Тэнганан, Труньян, Пегрынгсінган і Педава на ўсходзе вострава. У мінулым, балі ага таксама жылі ў іншых горных раёнах і на суседнім востраве Пеніда. Яны значна адрозніваюцца па сваёй культуры і мове ад астатніх балійцаў.

Паводле легенд саміх балі ага, яны з'яўляюцца паслядоўнікамі рышы Маркандэю, аднаго з першых на іх востраве прапаведнікаў індуізму, які прыбыў з Явы ў VIII ст. Пасля заваявання Балі яванцамі балі ага мігрыравалі ў горную мясцовасць і фактычна не падпарадкоўваліся раджам. Старасты вёсак з'яўляліся аўтаномнымі кіраўнікамі абшчын. Іх аўтаномія падтрымлівалася галандскімі каланіяльнымі ўладамі, якія лічылі балі ага нашчадкамі дзікіх плямёнаў, што насялялі востраў да аўстранезійцаў. Звычайныя балійцы прымалі "старых людзей" за чараўнікоў, лічылі іх людаедамі і прыхільнікамі крывавых звычаяў, а таму імкнуліся трымацца ад іх як мага далей. Гэтаму спрыяў звычай горцаў фарбаваць зубы ў чорны колер і прыносіць частыя ахвяры багам і духам.

Балі ага жывуць у буйных горных вёсках, абнесеных мурам. У мінулым, уваход на іх тэрыторыю жорстка абмяжоўваўся, а шлюбы з іншымі балійцамі забараняліся. Зносіны паміж жыхарамі розных горных вёсак таксама не былі сталымі, таму ў кожным населеным пункце балі ага размаўляюць на характэрнай толькі для іх мясцовай гаворцы. Рэлігіяй горцаў з'яўляецца індуізм, аднак каставы падзел адсутнічае, захаваліся многія рысы старажытнага культу продкаў, шанавання гор і камянёў. Падобна іншым балійцам, яны карыстаюцца пісьмовасцю каракан і маюць свае свяшчэнныя кнігі лантар.

Галоўны занятак балі агаземляробства. На Балі яны вядомы як выдатныя ткачы, якія карыстаюцца даволі складанай тэхнікай пляцення нітак ікат, ганчары і рэзчыкі. Для рэчаў, зробленых горцамі, характэрны адрозны ад балійскага арнамент. Калісьці рамяство дазваляла балі ага весці абмежаваны гандаль са знешнім светам, каб забяспечыць абшчыну найбольш неабходнымі рэчамі. У наш час іх вырабы запатрабаваны сярод турыстаў.

Балі ага не маюць прыватнай маёмасці. Зямля, жытло, ураджай, хатняя жывёла і нават хатнія рэчы належаць усёй абшчыне. Захавалася сістэма родавых аб'яднанняў. Сем'і пашыраныя. Разводы і любыя формі палігаміі забаронены. Існуюць адрозненні ад іншых балійцаў ў правядзенні святаў і рэлігійных рытуалаў. У вёсцы Тэнганан вядомы трохдзённы фестываль удаба самбах, які арганізуецца ў летнія месяцы і суправаджаецца кровапралітнымі адзінаборствамі.

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]

Commons