Вінцэнт Гасеўскі

З пляцоўкі Вікіпедыя
(Пасля перасылкі з Вінцэнт Аляксандр Гасеўскі)
Jump to navigation Jump to search
Вінцэнт Гасеўскі
Vincent Korvin-Gasieŭski. Вінцэнт Корвін-Гасеўскі (1650-1651).jpg
Slepowron.svg
Герб «Слепаўрон»

гетман польны літоўскі
1654 — 1662
Папярэднік Януш Радзівіл
Пераемнік Міхал Казімір Пац

Нараджэнне 1620
Смерць 29 лістапада 1662(1662-11-29)[1]
Месца пахавання
Род Род Гасеўскіх
Бацька Аляксандр Гасеўскі
Маці Эва з Пацаў[d]
Жонка Магдалена з Канапацкіх[d]
Дзеці Тэрэза, Соф'я, Багуслаў
Адукацыя
Дзейнасць дыпламат
Званне генерал
Commons-logo.svg Вінцэнт Гасеўскі на Вікісховішчы

Вінцэнт Аляксандр Корвін-Гасеўскі (каля 1620, Воўчын Берасцейскага павета — 29 лістапада 1662, Астрына Лідскага павета[2]) — дзяржаўны і ваенны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага. Стольнік (1646—1652) і падскарбі вялікі літоўскі (1652—1654), гетман польны літоўскі (з 1654). Генерал артылерыі літоўскай (1651).

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Прадстаўнік шляхецкага роду Корвін-Гасеўскіх герба «Слепаўрон», сын Аляксандра, ваяводы смаленскага і Эвы з Пацаў. Пераемнік бацькі на пасадах старосты маркаўскага і пуньскага, брата Крыштафа на пасадзе старосты веліжскага; староста ашмянскі, лаздзейскі, пашырвінцкі, адміністратар Алыцкай і Магілёўскай эканоміяў[3].

Навучаўся ў Віленскай езуіцкай акадэміі, потым у Рыме, Падуі і Вене[2].

Па вяртанні на Бацькаўшчыну атрымаў ад караля і вялікага князя Уладзіслава Вазы пасаду стольніка вялікага літоўскага (1646). У 1648 падпісваў элекцыю Яну Казіміру, якога падтрымліваў яшчэ да абрання на прастол.

У час антыфеадальнай вайны 1648—1651 гадоў служыў у войску пад камандай Януша Радзівіла, які вёў барацьбу з казакамі. Удзельнічаў ва ўзяцці Пінска, аблозе Бабруйска, бітве пад Лоевам (1649). З 1651 — генерал артылерыі, таго ж года ў бітве пад Чарнобылем разбіў казацкае войска палкоўнікаў Антонава і Адамовіча.

У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—1667 вёў ваенныя дзеянні супраць рускіх войск у няўдалых кампаніях 1654 і 1655 гг., падчас якіх канфліктаваў з вялікім гетманам Янушам Радзівілам[4]. У 1654 атрымаў булаву гетмана польнага літоўскага ад Януша Радзівіла, якога папярэдне прызначылі гетманам вялікім літоўскім. Гэтым прызначэннем кароль польскі і вялікі князь літоўскі Ян Казімір хацеў абмежаваць уплыў Януша Радзівіла ў войску, прызначыўшы на пасаду яго даўняга непрыяцеля[5]. Калі Януш Радзівіл перайшоў на бок шведаў, захаваў вернасць каралю Рэчы Паспалітай Яну Казіміру[4].

У вайну Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай падпісаў у Кейданах шведска-літоўскую унію. Аднак неўзабаве зрабіўся прыхільнікам прымірэння Рэчы Паспалітай і Маскоўскай дзяржавы для супольнай барацьбы супраць Швецыі. Выступіў за захаванне уніі Вялікага Княства Літоўскага з Каралеўствам Польскім.

У выніку канфлікту з Янушам Радзівілам В. Корвін-Гасеўскага арыштавалі ў Кейданах і як палоннага перавезлі да Караляўца. У няволі здолеў атрымаць ад Карла Х Густава пісьмовае пацверджанне намеру нападу на Маскоўскую дзяржаву, якое па вызваленні перадаў маскоўскаму цару Аляксею Міхайлавічу.

Увесну 1656 уцёк з няволі на Літву, дзе ўласным коштам сабраў некалькі харугваў. У змаганні са шведамі дайшоў да Варшавы. Удзельнік аблогі Тыкоціна і няўдалай бітвы пад Варшавай (1656), пасля якой шведы ізноў занялі сталіцу Каралеўства Польскага.

На загад Яна Казіміра са сваімі харугвамі накіраваўся ва Усходнюю Прусію і Вялікае Княства Літоўскае. Меў канфлікт з гетманам вялікім літоўскім Паўлам Янам Сапегам. 8 кастрычніка 1656 пад Просткамі дашчэнту разбіў брадэнбургскае і шведскае войска. Узяў у палон князя Багуслава Радзівіла. Тую бітву ў рамане «Патоп» апісаў Генрык Сянкевіч.

Наступная бітва пад Філіпавам (22 кастрычніка 1656) скончылася перамогай войскаў фельдмаршала Густава Атона Стэнбака. У час хаосу бітвы Багуславу Радзівілу пашчасціла ўцячы. У 1658 змагаўся са шведамі на Інфлянтах і Жамойці.

Увосень 1658 у бітве з маскоўскім войскам пад Вільняй трапіў у палон — у суперніцтве з Паўлам Янам Сапегам, не чакаючы дапамогі, напаў на маскоўскае войска і быў разбіты. Спробы П. Я. Сапегі вызваліць В. Корвін-Гасеўскага былі безвыніковымі. Больш за тры гады правёў у няволі ў Маскве, аднак умовы яго ўтрымання не былі цяжкімі: у зняволенні працаваў з літаратурай, рабіў пераклады з французскай мовы, пісаў. У красавіку 1662 яго выменялі на пяць маскоўскіх ваяводаў. Атрымаў за службу Кейданы.

У лістападзе 1662 В. Корвін-Гасеўскага накіравалі да Вільні на размову з узбунтаваным літоўскім войскам. Тамака яго арыштаваў віцэ-маршалак Канстанцін Катоўскі. 29 лістапада 1662 салдаты сканфедэраванага войска злачынна забілі В. Корвін-Гасеўскага пад Астрыном у Лідскім павеце[4].

Пахавалі гетмана ў віленскім касцёле Святога Казіміра, выканаўцаў забойства пакаралі смерцю. У другой палове 1860-х гадоў пры перабудове касцёла пад праваслаўную царкву паводле (арх. М. М. Чагін) быў знішчаны надмагільны помнік Вінцэнта Гасеўскага з белага мармуру ў выглядзе фігуры рыцара, які ляжыць.

Галерэя[правіць | правіць зыходнік]

Нашчадкі[правіць | правіць зыходнік]

Тэрэза Корвін-Гасеўская

У шлюбе з Магдаленай Канапацкай меў сына і 2 дачок:

Па смерці В. Корвін-Гасеўскага ўдава выйшла замуж за князя Януша Караля Чартарыйскага, падкаморыя кракаўскага.

Зноскі

  1. Wincenty Aleksander Korwin Gosiewski (Gąsiewski) h. Ślepowron // Internetowy Polski Słownik Biograficzny
  2. 2,0 2,1 Гасеўскі Вінцэнт Корвін // Г. Сагановіч. Невядомая вайна: 1654—1667 / Генадзь Сагановіч. — Мн.: Навука і тэхніка, 1995.
  3. ЭнцВКЛ, 2005
  4. 4,0 4,1 4,2 Генадзь Сагановіч. Невядомая вайна: 1654—1667. Менск, Навука і тэхніка, 1995.
  5. Прыбытка, Барацьба магнацкіх груповак у другой палове XVII — пачатку XVIII ст. // Спадчына. — Мн.: Полымя, 1995. — № 5. — С. 38—39.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]