Гісторыя скаўтынгу ў Беларусі

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search

Першапачатковае развіццё скаўцкага руху ў Беларусі адбывалася ў рамках Расійскага скаўцкага руху(англ.) бел., як часткі Расійскай імперыі. Скаўцкая арганізацыя была заснаваная ў Клецку, пазней скаўты з’яўляліся ў Нясвіжы і іншых сумежных вёсках. У 1929 годзе амерыканскія метадысты дапамаглі заснаваць гёрл-скаўцкую арганізацыю ў Вільні. Яе дзейнасць працягвалася да 1929 года, але напрыканцы 1920-х скаўтынг быў забаронены ў Савецкім Саюзе, і яго дзейнасць скончылася арыштамі і турэмнымі зняволеннямі шматлікіх лідараў і сяброў арганізацыі.

Пасля Другой сусветнай вайны этнічныя беларусы збіраліся ў скаўцкія групы ў выгнанні(англ.) бел. і ў скаўцкія атрады ў лагерах для перамешчаных асоб(англ.) бел. па ўсёй Еўропе, як рабілі іх калегі з Расіі, Украіны і Балтыі. Беларускія скаўты сфармавалі Згуртаванне Беларускіх Скаўтаў на Чужыне(бел. (тар.)) бел. (ЗБСЧ), якое дзейнічала з 1945 па 1951 у Германіі[1]. У адрозненні ад іншых арганізацый ЗБСЧ не здолела выжыць, каб засведчыць распад СССР. У той час як Расія, Польшча і Украіна, у прыватнасці, мелі нарыхтаваны скаўцкі досвед, пазней арганізацыйна ўтвораны ў 1990—1991 гадах, Беларусь, па сутнасці, была вымушаная пачынаць усё спачатку.

Першыя скаўцкія атрады (расійскія падраздзяленні)[правіць | правіць зыходнік]

Першыя скаўцкія атрады на тэрыторыі сучаснай Беларусі былі падраздзяленнямі расійскага скаўцкага руху, які ўзначальваўся генералам Алегам Панцюховым(руск.) бел.. Яны не былі незалежнымі беларускімі адзінкамі, а цалкам падпарадкоўваліся расійскаму скаўцкаму кіраўніцтву. Такія першыя атрады з’явіліся ў Гомелі. У 1912 годзе ў Гомелі існавалі некалькі атрадаў бой- і гёрлскаўтаў: расійскіх, польскіх ды габрэйскіх[2]. У 1915 годзе ўжо было 170 ваўчанятаў (ваўчанятамі называлі малодшых скаўтаў ва ўзросце 7—11 гадоў). Расійскія скаўцкія атрады, якія адносіліся да АРЮВ(руск.) бел., дзейнічалі і ў іншых гарадах Беларусі.

З прыходам савецкай ўлады, пасля Грамадзянскай вайны, у 1922 годзе, скаўтынг забараняецца на тэрыторыі ўсяго Савецкага Саюзу, у склад якого ўвайшла і Беларусь. У красавіку 1926 АДПУ(руск.) бел. праводзіць масавыя арышты скаўтаў (якіх адпраўляе галоўным чынам ў Салавецкі лагер асобага прызначэння. Частка скаўтаў і скаўт-лідэраў трапляе падчас эміграцыі за мяжу, працягваючы сваю дзейнасць у НАРС (Нацыянальная Арганізацыя Расійскіх Скаўтаў-выведнікаў(руск.) бел.). Расійскія эмігранты ў Францыі рабілі з кадэта скаўтаў, але ўжо болей на каталіцкі (мясцовы францускі) манер. Былі сярод іх і афіцэры з беларускіх сямей, якія эмігравалі ў Францыю пасля Першай сусветнай вайны.

Польскі скаўтынг (харцэжы). Пачатак беларускага нацыянальнага скаўтынгу[правіць | правіць зыходнік]

У выніку савецка-польскай вайны 1919—1921 гадоў Заходняя Беларусь апынулася паводле Рыскай дамовы ў складзе Польскай Рэспублікі. Разам з новымі, польскімі ўладамі на тэрыторыю Беларусі трапляе й польскі скаўтынг — Харцэрства(польск.) бел..

У вёсках і гарадах Заходняй Беларусі з’яўляюцца зухі (малодшыя скаўты 8—11 гадоў). Старэйшыя скаўты называліся «рыцарамі». Старэйшых скаўтаў рыхтавалі ўжо да вайсковай службы. Нашыўкі называліся «гя́рбы». Дарослыя звязы называліся імёнамі герояў, а малыя (зухі, прыкладна 2 клас) — рознымі жывёлкамі.

Атрад скаўтаў з Клецку на зборах. 13 чэрвеня 1934

Першы скаўцкі (харцэрскі) атрад арганізаваўся ў 1921 г. ў Клецку, у Клецкай гімназіі. Амаль адначасова з’яўляюцца скаўты у Нясвіжы і ў Нясвіжскай гімназіі. Харцэжы ў Клецкім раёне былі каталікамі (беларускія дзеці вучыліся ў польскіх школах). Праваслаўных скаўтаў не было. У Нясвіжы праваслаўны бацюшка нават не дазваляў быць скаўтам. Патронкай скаўтаў была Маці Божая. Выходзіў часопіс па-польску «Рыцар Непарочнай Дзевы Марыі». У Клецкай школе кіраўніком харцэжаў быў настаўнік геаграфіі Маджэеўскі. Адной са скаўтак у Клецку была спадарыня Мендзялеева[3]. У Нясвіжскай гімназіі адным са скаўтаў быў беларускі паэт Сяргей Новік-Пяюн. Скаўты Нясвіжу ладзілі тэатральныя відовішчы.

Было тры прынцыпы: «Бог, Бацькаўшчына і гонар». Галоўнае, чаму вучылі скаўтаў: любі сваю Бацькаўшчыну і будзь гатоў за яе жыццё аддаць.

Кіраўнікі віленскай беларускай дружыны скаўтаў на злёце: К. Паўл (з гітарай), Кетурка і Жыткоўскі, 1937

Пасля Першай сусветнай вайны кіраваў скаўтамі айцец Ян Станкевіч. У вёсках скаўты былі ў кожнай парафіі. Ён жа разам з Аляксандрам Астрамовічам арганізаваў скаўцкі рух на Віленшчыне. Айцец Станкевіч не прызнаваў аніякіх моваў, апроч беларускай. Менавіта яго варта лічыць арганізатарам беларускага скаўтынгу. Пад яго ўзначальваньнем пачынаецца гісторыя беларускага скаўтынгу, менавіта як беларускага нацыянальнага скаўтынгу. Таксама арганізатарамі скаўцкага руху ў Віленскай беларускай гімназіі былі Сымон Рак-Міхайлоўскі, Антон Луцкевіч, Аркадзь Смоліч, Максім Гарэцкі, Францішак Аляхновіч і іншыя дзеячы заходнебеларускага грамадства. У Віленскай гімназіі, якая знаходзілася побач з Вострай брамай, скаўтынг з’явіўся ў 1922 годзе. Скаўты Віленскай гімназіі, якая на той час налічвала 2000 вучняў, насілі шэрыя фуражкі з бел-чырвона-белы трохкутнікам на месцы знакаў распазнавання, над казырком. Тыя з іх, што жылі ў горадзе, мелі нават мундзіры. У гімназіі былі створаныя чатыры дружыны. Нават пасля забароны іх польскімі ўладамі старшакласнікі прапагандавалі ідэі скаўцкага руху падчас летніх вакацый у вёсках. Ганенні польскіх уладаў прымусілі праводзіць работу пад выглядам спартовага аб’яднаньня «Гайсак», аднак быў забаронены і ён[4]. У апошнія гады старшынёй беларускіх скаўтаў пры Віленскай беларускай гімназіі быў ксёндз Станіслаў Глякоўскі, які выкладаў у гімназіі Закон Божы[5]. Так сама ў Віленскай беларускай гімназіі быў створаны ў 1926 г. атрад дзяўчын-скаўтак, які насіў назву «Сёстры вогнішча», але і ён спыніў сваю дзейнасьць у 1929 г. [6].

Скаўты ўдзельнічалі ва ўсіх набажэнствах, яны стаялі ва ўніформе побач з ксяндзом і лічыліся слугамі Маці Божай і памочнікамі святара. Дзяўчыны маглі прыйсці ў сукенках, а хлопцы абавязкова былі ў мундзірах, як вартаўнікі парадку, і абавязкова надавалася ўвага выпраўленай паставе.

У кастрычніку 1922 г. у 1-й Беларускай Дзяржаўнай Дзвінскай гімназіі быў арганізаваны 45-ы атрад скаўтаў пад кіраўніцтвам І. Краскоўскага (але ў складзе ЛЦСА (Латвійскай скаўцкай Цантральнай арганізацыі))[7]. 23 красавіка 1923 года (у дзень Св. Юрыя, апекуна скаўтаў) прадстаўнікі беларускага атраду ўдзельнічалі ў агульналатвійскім скаўцкім парадзе ў Рызе. Прэзідэнт Латвійскай Рэспублікі перадаў Беларускаму Дзвінскаму атраду герб скаўтаў і белы штандар, на якім залатым шыццём быў пазначаны нумар атраду. У верхнім куце штандара змяшчаўся маленькі латвійскі сцяг, а над ім — бел-чырвона-белы сцяг, на якім была вышыта блакітная валошка. 24 красавіка ў Дзвінскай гімназіі адбыўся скаўцкі парад. На ім выступілі з прамовай кіраўнік беларускага аддзелу С. П. Сахараў, дырэктар І. І. Краскоўскі, а таксама дырэктар Мінскай гімназіі К. Б. Езавітаў.

Таксама скаўты былі ў Крэве, Баранавічах, Барунах і ў іншых гарадах і мястэчках. У Барунах існавалі атрады «аленяў» і «ваўкоў». У даваенныя гады (да 1939 года) ў лідскай дзяржаўнай гімназіі імя Караля Яна Хадкевіча узначальвала маладзёжную арганізацыю скаўтаў Ядзвіга Мастовіч[8] (будучая жонка былога прэм’ера Польшчы (да 1939 году) генерала Феліцыяна Славой-Складкоўскага) і сястра пісьменніка Тадэвуша Даленга-Мастовіча, якая выкладала ў гімназіі лацінскую мову.

Скаўты наведвалі дамы састарэлых і адзінокіх. Нават дачка графіні была нароўні з усімі. Шмат увагі надзялялі арыентаванню на мясцовасці. Для дзяцей у горадзе рабілі простае арыентаванне — па стрэлках. Таксама праводзілі гульні, арыентаваныя на захаванне-знаходжанне рэчаў, што таксама павышала здольнасці скаўтаў у спартыўным арыентаванні. Рабілі гонкі на байдарках, гулялі ў валейбол, выбіяны, каталіся на каньках, лыжах. Дзе былі конскія базы — вучыліся коннай яздзе. Вучыліся гатаваць (кухарства).

Да скаўцкіх злётаў мела дачынне войска. Тэрыторыя злёту займала вялікую тэрыторыю — прыкладна са стадыён. Войска стаяла побач. Кармілі з катла, ежу раздавалі па кацялочках і філіжанках. Злёты рабіліся на два дні. Вялося спартанскае выхаванне. Давалі ўзнагароды. Увечары было вогнішча, маленькія канцэрты. На другі дзень, на закрыццё, прыяжджаў ваенны аркестар. Скаўты ладзілі жартоўныя канцэрты на грэбнях, таксама рабілі «звярыны аркестар». Хто больш за ўсіх не здаваўся і не збіваўся — таму ўзнагарода.

У Польшчы пры паступленні ў ліцэй, калі кандыдат быў скаўтам, яму дадаваўся бал, бо ўжо ведалі, што ён будзе добрым вучнем і выхаванцам.

У выніку ваеннага паходу Чырвонай Арміі СССР на Польшчу Заходняя Беларусь апынулася пад савецкай адміністрацыяй. Віленскі край з Вільняй быў перададзены Літве, а рэшта земляў 2 лістапада 1939 года была ўключана ў склад БССР. Скаўцкі рух ізноў апынуўся пад забаронай. У 1939 г. бальшавікі растрэльвалі скаўтаў за набажнасць. Скаўтынг быў ў большасці месцаў спынены альбо зышоў ў падполле, працягваючыся нелегальна.

Скаўтынг на чужыне ў пасляваенныя гады[правіць | правіць зыходнік]

У ваенныя гады скаўцкія арганізацыі на акупаванай тэрыторыі былі забароненыя нямецкімі ўладамі.

Першы Звяз Беларускіх Скаўтаў. Згуртаванне Беларускіх Скаўтаў на Чужыне.[правіць | правіць зыходнік]

У пасляваенныя гады ў Заходняй Германіі з’яўляюцца мільёны эмігрантаў — адных немцы прывезлі на працу ў Германію, іншыя беглі ад камуністычнага рэжыму, шмат было былых вайскоўцаў-палонных. Беларускім асяродкам стаў горад Рэгенсбург[9] — невялікі нямецкі горад у Баварыі. Новыя эмігранты атрымоўвалі статус перамешчаных асобаў, або «Displaced Persons». Лагеры DP часцей арганізоўваліся паводле нацыянальнай прыкметы, са сваёй унутранай адміністрацыяй. Насельнікі такіх лагероў жылі ў былых казармах, бараках пры фабрыках ці заводах альбо ў адмыслова адведзеных будынках (часам у дамах пустых вёсак). Гэтыя лагеры мелі сваю ўласную адміністрацыю, паліцыю, тут дзейнічалі школы, садкі, шпіталі, прафэсійныя курсы, дазвалялася грамадская дзейнасць[10].

Беларускі DP-лагер у Рэгенсбургу арганізаваўся ўвосені 1945 году ў прыгарадзе Гангофер. Да лістапада 1945 года камендантам быў Ян Станкевіч, той самы, што кіраваў беларускім скаўтынгам у Заходняй Беларусі (пасля Ян Станкевіч выкладаў у Першай Беларускай Гімназіі гісторыю Беларусі).

Скаўт ЗБСЧ

15 кастрычніка 1945 года ў Рэгенсбурскім лагеры беларуская моладзь заснавала «Першы Звяз Беларускіх Скаўтаў імя Кастуся Каліноўскага». 15 лістапада 1945 года арганізоўваецца новая выключна беларуская скаўцкая арганізацыя «Згуртаванне Беларускіх Скаўтаў на Чужыне».

10 снежня 1945 года ў DP-лягеры ў Рэгенсбургу Беларускім Нацыянальным Камітэтам была адчыненая Беларуская гімназія імя Янкі Купалы на чужыне[11]. Усе вучні гімназіі належалі да «Згуртавання Беларускіх Скаўтаў на Чужыне».

Скаўты атрымалі пакой, які ўпарадкавалі агульнымі сіламі і зрабілі святліцу. Упрыгожылі яе партрэтамі беларускіх пісьменнікаў і дзеячоў: Янкі Купалы, Якуба Коласа, Францішка Багушэвіча і нацыянальнага героя — Кастуся Каліноўскага, здабылі і неабходную літаратуру.

Да скаўцкай працы далучылася і моладзь Беларускай Гімназіі (калі адкрылася гімназія, у скаўтынг уліліся ўсе яе вучні). Усе дружна працавалі, каб здабыць права насіць тое імя, якое прысвоіў сабе Звяз — імя каліноўцаў. Штодзень у святліцы адбываліся зборкі скаўтаў паводле дружынаў. На зборках чыталіся лекцыі-гутаркі на тэму выхавання, мэтаў і заданняў скаўтаў і на актуальныя тэмы нацыянальнага характару. Напачатку дзейнасць скаўтаў пачыналася з азнаямлення з мэтадамі і мэтамі руху. Усё давалася цяжка, бо справа гэтая была амаль новая — мала хто памятаў пачаткі беларускага скаўтынгу ў Віленскай Беларускай гімназіі. Настаўнікі таксама спрыялі гэтай форме актыўнасці моладзі, якая дапаўняла праграму нацыянальнага патрыятычнага выхавання ў гімназіі. Шмат вечарынаў і святкаванняў праходзілі з удзелам скаўтаў.

У дзень вялікага нацыянальнага свята 25 сакавіка 1946 году беларускія скаўты ў Рэгенсбургу складалі абавязанне служыць свайму народу. Урачыстая прысяга была дадзеная пад бел-чырвона-белым сцягам. Гэты сцяг падараваў япіскап Апанас, сцяг быў перад прысягаю асвячоны ў царкве. Словы прысягі:

На мой гонар прысягаю, што паводле маёй найлепшай волі і старанняў буду верны Богу і Бацькаўшчыне, буду дапамагаць кожнаму чалавеку ў ва ўсякім часе, буду паслухмяны Скаўцкаму праву і свайму Кіраўніцтву[12].

Рэгэнсбурскі Скаўцкі Сцяг меў свае аддзелы і ў іншых гарадах Германіі: Аўгсбургу, Фюсэне, Тырсгайме і Эльвангене. Ён стаў наймацнейшай скаўцкай адзінкай у Амерыканскай акупацыйнай зоне Германіі. На міжнародных злётах скаўтаў прысутнічалі і беларускія скаўты.

6 ліпеня8 ліпеня 1946 года кіраўнікі і старэйшыя скаўты і скаўткі Рэгенсбурскага Сцягу вялікай колькасцю прынялі ўдзел у Першым Злёце Беларускіх Скаўтаў усёй Заходняй Германіі ў Ватэнштэце. Яны актыўна ўдзельнічалі ў нарадах злёту, а пазней і сваімі скаўцкімі паказамі ля вогнішча.

Беларускі лягер DP з Рэгенсбургу 26 ліпеня 1946 г. быў вывезены ў Міхельздорф. Разам з усімі і ўсім пераехала і Беларуская Гімназія.

Міхельсдорф[правіць | правіць зыходнік]

Медаль II з’езду ЗБСЧ

Пасля пераезду ў Міхельсдорф скаўцкі рух набывае шырокі размах. Адсюль скаўтмайстры раз’язджаліся па іншых лагерах, дзе былі выдзеленыя беларускія групы і засноўваліся скаўцкія адзінкі: дружыны, звязы і сцягі. У 1947 годзе ўсе скаўцкія адзінкі ў амерыканскай зоне аб’ядналіся ў штандар (сцяг) «Баварыя». Кіраўніком штандару (штандаровым) быў Аляксандр Бута. Да кіраўніцтва штандару належалі скаўтмайстры Уладзімір Цвірка, Вітаўт Кіпель, Васіль Шчэцька, Янка Запруднік і Янка Жучка. Кіраўніком скаўтаў у Міхельсдорфе быў Вітаўт Кіпель.

8 — 10 жніўня 1947 года адбыўся II з’езд ЗБСЧ.

28 верасня 1947 года пяць дзявочых скаўцкіх дружын у Міхельсдорфе выдзяліліся ў самастойны 2-і сцяг. Кіраўніцамі дзявочага сцягу былі Зора Савёнак, Наталля (Туся) Куліковіч і Тамара Карповіч. Ва ўсёй Германіі гэта быў ужо дванаццаты беларускі скаўцкі сцяг.

Увосені 1948 года, на трэція ўгодкі заснавання першых беларускіх скаўцкіх адзінак у Гермнаіі (15 лістапада), «Згуртаванне Беларускіх Скаўтаў на Чужыне» налічвала 512 сябраў[13], арганізаваных у 5 штандараў у англійскай, амерыканскай і французскай зонах Германіі. Арганізацыйна беларускі скаўтынг утваралі 5 штандараў: «Баварыя», «Гарц», «Франконія», «Швабія» і «Гэсія». Апроч таго існавалі аддзелы ў Аўстрыі і Англіі.

У Міхельсдорфе скаўты арганізавалі выдавецкую суполку «Крыніца» — выдавалі неабходныя для школы падручнікі і дапаможнікі. Галоўным у выдавецтве быў Алесь Марговіч. Суполка «Крыніца» выдала знакамітыя скаўцкія выданні: «Скаўцкі спадарожнік» і «Рэгулямін Скаўцкіх спраўнасцяў» (1947 г.). З пачаткам 1947 г. міхельсдорфскія скаўты пачалі выдаваць свой часопіс «Напагатове!». За тры гады было выдана: 6 скаўцкіх часопісаў (10 тыс. асобнікаў), 15 кніжачак скаўцкае літаратуры, 25 кніжачак нацыянальнае літаратуры, каляндар на 1948 год, шмат паштовак, скаўцкіх і нацыянальных значкоў[14]. У Міхельсдорфе было праведзена некалькі курсаў па падрыхтоўцы скаўцкіх кіраўнікоў.

ЗБСЧ — ЗКСЧ[правіць | правіць зыходнік]

У Англійскай зоне акупацыі Германіі, за 10 км ад Браўншвайгу, Ніжняя Саксонія, каля вёскі Ватэнштэт у ліпені 1945 размясьціўся беларускі ДП лагер АБЦатэнштат. На пачатку 1948 г. ў ім было 716 беларусаў-эмігрантаў з БССР.

15 лістапада 1945 г. ў лагеры была адкрыта гімназія імя Максіма Багдановіча, якая працавала да ліквідацыі лагеру ў лютым 1950 г. Першым дырэктарам гэтай гімназіі стаў Вацлаў Пануцэвіч. У гімназіі ён жа кіраваў скаўтамі, а скаўткамі — Валянціна і Раіса Жукоўскія (пасля шлюбу — Пашкевіч і Жук-Грышкевіч).

Вацлаў Пануцэвіч імкнуўся змяніць у назове арганізацыі ЗБСЧ «беларускія» на «крывіцкія»[15] («Згуртаванне Крывіцкіх Скаўтаў на Чужыне»), хаця па сутнасці, гэта была адна арганізацыя — «Згуртаванне Беларускіх Скаўтаў на Чужыне». Хутчэй гэта была альтэрнатыўная назва ЗБСЧ, якая афіцыйна так і не была зацверджана, тым ня менш ужывалася пад час кіраўніцтва ЗБСЧ Пануцэвіча. Кропка ў гэтай блытаніне была пастаўлена толькі у сакавіку 1949 г. на III злёце беларускіх скаўтаў на чужыне, калі быў абраны новы кіраўнік, назва «Згуртаванне Беларускіх Скаўтаў на Чужыне» была пакінута нязменнай.

9 сакавіка 1949 г. у лгеры Шляйсгайм каля Мюнхену адбыўся III злёт Беларускіх Скаўтаў на Чужыне. Галоўны кіраўнік Беларускіх Скаўтаў на Чужыне Вацлаў Пануцэвіч імкнуўся ўжо афіцыйна змяніць у назове арганізацыі «беларускія» на «крывіцкія». Каб палагодзіць гэтую справу, ад штандару «Баварыя» (амерыканская зона) і ад штандару «Гарц» (англійская зона) былі высланыя лісты з запрашэннем да брытанскага палкоўніка П. Монэ, прадстаўніка Галоўнай сусветнай скаўцкай кватэры. Палкоўнік даў сваю згоду прысутнічаць на злёце. Злёт адкрыў Вацлаў Пануцэвіч; айцец Мікалай Лапіцкі (духоўны апякун беларускага скаўтынгу) прачытаў малітву. Была вынесена пастанова злёту: «Не рабіць жадных зменаў у назове арганізацыі». На галоўнага кіраўніка Беларускіх Скаўтаў на Чужыне быў выбраны скаўтмайстар Юрка Сянькоўскі. Айцец Лапіцкі прывітаў Сянькоўскага і пажадаў яму плённай працы на пасадзе галоўнага кіраўніка. Новавыбранага кіраўніка віталі таксама: прафэсар Яўхім Кіпель, генерал Францішак Кушаль, Уладзімір Сенька, ды іншыя шаноўныя госці злёту[16].

У 1949 г. В. Пануцэвіч пераехаў у ЗША, у Чыкага, дзе арганізаваў скаўцкую дружыну «Арлы».

Іншыя беларускія скаўцкія звязы ў Германіі[правіць | правіць зыходнік]

У мае 1947 г. у вёсцы Віндышбергердорф (знаходзіцца у 4 км на паўночны ўсход ад Каму) былі паселены беларусы (каля 500). Пачатковая школа была адкрыта 15 жніўня; у ёй было 4 класы з 56 вучнямі. Пры школе заснаваўся звяз беларускіх скаўтаў (45 сяброў). Кіраўніком скаўтаў быў у 1947 г. Янка Запруднік, потым Міхась Белямук, а апекуном — айцец Асіпчык. 25 сакавіка 1948 г. адбылося ўрачыстае злажэнне прысягі і уручэнне сцягу скаўтам 6-га Сцягу ў Віндышбергердорфе. 25 красавіка 1948 г. на міжнацыянальных спаборніцтвах у Рэгенсбурзе 6-ы Сцяг атрымаў дыплом за першае месца ў пабудове шатра.

23 сакавіка 1948 г. адбылося заснаванне скаўцкай дружыны ў лагеры Зэедорф каля Брэмену (Англійская зона).

Былі таксама скаўты пры гімназіі ў лагеры Розэнгайм. Кіраваў спартовым гуртком скаўцкай моладзі І. Муха, а скаўтамі — Я. Раковіч. Яны шмат вымагалі ад моладзі, але і розэнгаймскія беларускія скаўты часта перамагалі ў спаборніцтвах скаўтаў іншых нацыянальнасцяў.

Скаўцкі сцяг у Францускай зоне Аўстрыі[правіць | правіць зыходнік]

Колькасць беларусаў, якая знаходзілася ў ДП-лягеры Куфштайн у французскай зоне Аўстрыі, налічвала каля 300 асобаў. У верасні 1948 г. быў арганізаваны скаўцкі сцяг. На першай зборцы было 18 скаўтаў і скаўтак. Сцяг складалі: 1 дружына старэйшых скаўтаў, 1 дружына юначак і 1 грамада ваўчанятаў. Арганізатарам і апякуном Сцягу з’яўляўся сп. Гуз Міхась.

Скаўцкія звязы ў іншых краінах[правіць | правіць зыходнік]

У канцы 1940-х — пачатку 1950-х гг. у Францыі з’яўляецца звяз (атрад) беларускіх скаўтаў, старшыня якога — М. Наўмовіч[17].

26 сакавіка 1949 г. у Парыжы заснаваны Круг Старэйшых Скаўтаў Згуртавання Беларускіх Скаўтаў на Чужыне[18].

У 1950 г. у г. Мельбурн, Аўстралія, зарганізаваны беларускі скаўцкі звяз «Усяслаў Чарадзей». У 1954 г. у Сіднеі існавалі скаўты пад кіраўніцтвам Уладзімера Пацко.

Скаўцкі рух на Беларусі ў нашы дні[правіць | правіць зыходнік]

6 студзеня 1988 г. ў Мінскім парку Горкага некалькі дарослых на чале з Ігарам Касцевічам сабралі невялікую групу дзяцей, якія пажадалі даведацца пра скаўтынг пасля маленькай зацемкі ў газеце «7 дней». У выніку гэтай сустрэчы і бяседы 9 чалавек склалі першы патруль пасля вялікага перапынку, выкліканага забаронай скаўцкага руху на савецкай прасторы. Патруль атрымаў назву «Орлы». А ў канцы 1988 г. Ігар Касцевіч узначаліў Мінскую дружыну «Форт-Немига», у якой ужо было 160 скаўтаў. Гэтая дружына склала аснову зарэгістраванага Мінюстам БССР 14 чэрвеня 1991 г. «Союза скаутов Белоруссии»[2]. Але варта адзначыць, што арганізацыя, ачоленая Ігарам Касцевічам, прытрымлівалася традыцый расійскага скаўтынгу, закладзеных генералам Алегам Панцюховым(руск.) бел.. Гэта адзначалася ня толькі ўжываннем сябрамі арганізацыі рускай мовы (беларуская не забаронена, проста не ўжываецца), але і структурай арганізацыі, выкарыстаннем дэвізу расійскіх скаўтаў «Будь готов!» У 1-м параграфе Статуту арганізацыі (перарэгістраванай у 1999 г. як Беларуская рэспубліканская скаўцкая асацыяцыя(руск.) бел.) запісана: «ведёт своё начало от отрядов и патрулей, существующих на территории нынешней Беларуси с 1909 по 1922 год» (бел.: «вядзе свой пачатак ад атрадаў і патрулей, існуючых на тэрыторыі цяперашняй Беларусі з 1909 па 1922 год»). Але гэтая арганізацыя ў той жа час і ня ставіла сваёй мэтай адраджэнне нейкай канкрэтнай раней існуючай арганізацыі.

Адраджэнцам беларускага скаўцкага руху лічыцца Алега Грушэцкага. Да зацікаўлення скаўтынгам ён быў актыўным удзельнікам грамадзкага аб’яднання «Талака», якое займалася адраджэннем беларускай культуры (у «Талацэ» Грушэцкі нават быў кандыдатам у сябры Рады). Ад талакоўцаў ды іншых тагачасных «адраджэнцаў» ён не аднойчы чуў пра існаванне скаўтаў на Беларусі. У жніўні 1989 Грушэцкі сабраў першы невялікі звяз (атрад), у склад якога ўвайшлі ў асноўным вучні школы № 20 ды сябры БВС (Беларускі вучнёўскі саюз[19]), якім Грушэцкі на той час кіраваў. Створаны атрад (які складаўся пераважна з хлапцоў і некалькіх дзяўчын) узяў назву «Касінеры» ў гонар касінераў Кастуся Каліноўскага. Грушэцкі актыўна збіраў ня толькі ўсемажлівую інфармацыю пра скаўтынг (каб рухацца ў правільным напрамку) але і шукаў былых беларускіх скаўтаў, і запісваў іх каштоўныя ўспаміны.

Праз некаторы час утварыўся яшчэ адзін звяз — з вучняў мінскай школы № 64 пад кіраўніцтвам Уладзіміра Улаховіча. Атрады Грушэцкага і Улаховіча хутка наладзілі добрыя сувязі, і ўжо напачатку 1991 г., у студзені, зладзілі сваю першую дабрачынную справу — правялі віншаванне Каляд для хворых дзяцей мінскай 1-й гарадской клінічнай бальніцы.

Таксама ўтварыўся скаўцкі звяз у Беларускім гуманітарным ліцэі імя Якуба Коласа (пад кіраваннем Вадзіма Сугойдзя). Узніклі скаўцкія звязы ў Гродна (кіраўнік Аркадзь Жукоўскі), Маладзечне (кіраўнік Вянглоўскі).

Напачатку 1991 году Алегам Грушэцкім было надрукавана першае сучаснае беларускае скаўцкае выданне — газета «Скаўт Беларусі». Цікава адзначыць той факт, што газета была надрукавана як выданне Саюзу Скаўтаў Беларусі, бо менавіта пад такой назвай на той час неафіцыйна дзейнічалі беларускія скаўцкія звязы, якія потым былі зарэгістраваны як Рэспубліканская грамадская арганізацыя «Аб'яднанне беларускіх скаўтаў» (а у хуткім часе пад назвай Саюз Скаўтаў Беларусі афіцыйна зарэгістравана арганізацыя, узначальваная Ігарам Касцевічам).

У чэрвені 1991 Міністэрствам юстыцыі зарэгістравана Рэспубліканская дзіцячая арганізацыя «Союз скаутов Белоруссии» (ССБ). Прэзыдэнтам ССБ быў абраны Ігар Касцевіч.

Летам 1991 года адбылася значная падзея ў беларускім скаўтынгу. З 31 ліпеня, каля в. Падневічы (Мінская вобласць, Валожынскі раён, пад Ракавам), адбыўся франка-беларускі летнік (французы афіцыйна з’яўляліся куратарамі беларускіх скаўтаў). Шматлікая колькасць скаўтаў размясцілася на беразе звілістай ракі Іслач. Гэтая падзея стала першым агульнабеларускім скаўцкім злётам, бо ў ім прынялі ўдзел ня толькі скаўты, якія потым утварылі «Аб'яднанне беларускіх скаўтаў», але і скаўцкая арганізацыя «Союз Скаутов Белоруссии», узначальваемая Ігарам Касцевічам (сёння гэта «Белорусская республиканская скаутская ассоциация»). Такім чынам, на той злёт сабраліся ўсе скаўцкія арганізацыі, якія на той час дзейнічалі на Беларусі. Звяз Уладзімера Улаховіча толькі перад гэтым прыехаў з ЗША, дзе яны ладзілі летнік з амерыканскімі скаўтамі.

У той час адбылася яшчэ адна значная падзея — адразу з гэтага летніка Алег Грушэцкі накіраваўся на 17-ы Сусветны скаўцкі Джамбары(англ.) бел. (скаўцкі злёт), які праходзіў з 8 жніўня па 16 жніўня 1991 года ў Паўднёвай Карэі. Гэты быў першы (і на той час адзіны) беларускі скаўт, які прадстаўляў Беларусь на сусветным Джамбары (па запрашэнні Сусветнага скаўцага кіраўніцтва)[20]/

21 сакавіка 1992 году адбыўся Ўстаноўчы Сойм, на якім была ўтворана арганізацыя «Аб'яднанне беларускіх скаўтаў». На Сойме, апроч скаўтаў АБС, прысутнічалі шаноўна запрошаныя кіраўнікі ССБ Касцевіча, дырэктар Бюро САСР(бел. (тар.)) бел. для СНД Аляксандар Бондар, ксёндз Ян Матусевіч[21], а таксама былая скаўтка Клецкай гімназіі спадарыня Мендзялеева. 12 жніўня таго ж году Міністэрствам юстыцыі РБ арганізацыя была афіцыйна зарэгістравана як Рэспубліканская грамадзкая арганізацыя «Аб’яднанне беларускіх скаўтаў». Канцлерам (кіраўніком) быў абраны Аркадзь Жукоўскі (кіраўнік гродзенскай харугвы). У склад Рады ўвайшлі: Алег Грушэцкі, Вольга Клімановіч (скаўтка са звязу Уладзімера Улаховіча) і Кастусь Хадыка (скаўт з Беларускага гуманітарнага ліцэю).

Свечка, з якой джамбарыйскі агонь прыйшоў на Беларусь

9-15 ліпеня 1993 г. АБС праводзіць свой першы Джамбары. Знамянальна, што гэтае Джамбары праходзіла каля в. Падневічы, на мейсцы франка-беларускага летніка, стаўшагася ў свой час першым агульнабеларускім злётам. На гэтым Джамбары прысутнічалі таксама скаўты з Амерыкі, якіх запрасіла сябра Рады АБС Вольга Клімановіч[22]. Таксама прысутнічалі і скаўты з Прыднястроўя. На той час у склад АБС ужо ўваходзілі скаўцкія звязы і харугвы (некалькі звязаў у адной мясціне, горадзе) ў гарадах і мейсцах: Мінск, Маладзечна, Гродна, Баранавічы, Гомель, Рагачоў, в. Парэчча (Слонімскі раён). Падзея адкрыцця ды жыцця Джамбары асвятлялася рэпарцёркай Беларускага тэлебачаньня Юліяй Качанавай. На ўрачыстым адкрыцці пад скаўцкі салют было запалена вялікае джамбарыйскае вогнішча. Варта заўважыць тое, што гэтае вогнішча, якое ўрачыста запаліў Алег Грушэцкі, было запалена свячою, якую Грушэцкі запаліў ад джабарыйскага агню на 17-м Сусветным Джамбары, у якім ён ганарова браў удзел. Такім чынам Сусветны Джамбарыйскі агонь сімвалічна прыйшоў і на Беларусь.

У 1993 годзе ў Мінску на I Устаноўчай канфэрэнцыі была створана «Ассацыяцыя беларускіх гайдаў» [23], якая у 2002 г. стала паўнапраўным сябрам WAGGGS (Сусветная ассацыяцыя дзяўчын-гайдаў і дзяўчын-скаўтаў). 13 красавіка 1998 г. адбылася яшчэ адна значная падзея ў гісторыі скаўтынгу на Беларусі — Беларуская Нацыянальная Скаўцкая Асацыяцыя (БНСА) (перайменаваная на гэты час ССБ) была прынята 149-м сябрам Сусьветнай Арганізацыяй Скаўцкага Руху. У 1999 г. БНСА была перарэгістравана Мінюстам РБ як дзіцячая грамадзкая арганізацыя «Белорусская Республиканская Скаутская Ассоциация» (pэr. № 807).

25 сакавіка 2005 Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусь пад старшынствам А. Забары пастанавіў зліквідаваць «Аб’яднанне беларускіх скаўтаў». Прэтэнзіі Мінюсту да арганізацыі: праблемы з юрыдычным адрасам, нелегітымнасць Сойму, праведзенага ў 2002 годзе, прызнанага незаконным з-за недастатковай колькасці зарэгістраваных структурных адзінак[24], а таксама тое, што па новых правілах арганізацыі не могуць быць зарэгістраваны ў жыллёвым памяшканні. Цікава тое, што той жа Мінюст і зарэгістраваў аб’яднанне ў 2002 годзе. На момант закрыцця колькасць скаўтаў АБС налічвала каля 1500 чалавек. На той час канцлерам АБС быў Кастусь Хадыка, які выказаўся, што, нягледзячы на закрыццё, скаўты разыходзіцца не будуць. АБС працягнулі сваю дзейнасць ўжо неафіцыйна[25].

На сённяшні дзень са скаўцкіх арганізацыяў афіцыйна зарэгістраванай дзейнічае толькі Белорусская Республиканская Скаутская Ассоциация.

Зноскі

  1. Kroonenberg, Piet J. (1998). The Undaunted — The Survival and Revival of Scouting in Central and Eastern Europe. Geneva: Oriole International Publications. p. 43. ISBN 2880520037.
  2. 2,0 2,1 Игорь Костевич У нас все еще впереди... (руск.)  // Вестник детского движения : часопіс. — 2006.
  3. Прозвішча ў шлюбе, дзявочае не вядома. Бабуля беларускай рок-князёўны’97 Хрысціны Мендзялеевай; першым шлюбам была за праўнукам Д. І. Мендзялеева; яе шляхецкая сям’я ведала князёў Радзівілаў, у Нясвіжскім палацы якіх не аднойчы былі і пасля аднаго з наведванняў на Вялікдзень, пасля чаго яна захапілася Велікоднымі пісанкамі; яе калекцыі малюнкаў пісанак не аднойчы экспанаваліся на розных выставах
  4. Аляксандр Вабішчэвіч Беларускія гімназіі ў культурна-асветніцкім і грамадска-палітычным жыцці Заходняй Беларусі (1920—1930-я гг.) // Беларускі Гістарычны Зборнік : часопіс. — 2002. — № 18. Архівавана з першакрыніцы 12 кастрычніка 2014.
  5. Электронная энцыкляпэдыя / Станіслаў Глякоўскі
  6. История АБГ (руск.) . Ассоциация белорусских гайдов. Архівавана з першакрыніцы 12 кастрычніка 2014. Праверана 12 кастрычніка 2014.
  7. ’’Екабсонс Э.’’ Белорусы в Латвии в 1918—1940 гг.
  8. Кацярына Адамаўна Серафіновіч Лідскія сцежкі аўтара «Знахара». Лідскі раёны выканаўчы камітэт. Архівавана з першакрыніцы 12 кастрычніка 2014. Праверана 12 кастрычніка 2014.
  9. Вітаўт Кіпель Полацак у фармаваньні беларускага нацыянальнага сьветагляду // ARCHE : часопіс. — 2004. — № 3 (32). Архівавана з першакрыніцы 12 кастрычніка 2014.
  10. Алег Гардзіенка Беларуская дыяспара: Нямеччына і ЗША/2. Эміграцыя 1944 г.. Беларускі Калегіюм. Архівавана з першакрыніцы 12 кастрычніка 2014. Праверана 12 кастрычніка 2014.
  11. Мікола Панькоў. 1945 год/Сьнежань/10 // Хроніка беларускага жыцьця на чужыне (1945—1984). — Мн.: Беларускі Гістарычны Агляд, 2001.
  12. Алесь Вініцкі. Беларускія ДП-лягеры і культурна-асьветныя ўстановы ў іх у 1945—1950 гг./Нямеччына, Рэгэнсбург/Беларускі скаўтынг // Матэрыялы да гісторыі беларускай эміграцыі ў Нямеччыне ў 1939-1951 гадох. — Лос Анджэлес, 1968.
  13. «Скаўцкая Інфармацыйная Служба». № 14, 01.11.1948 г.
  14. Янка Запруднік. Скаўцкая хроніка з часопісу «Наперад!» / Трэція ўгодкі ЗБСЧ // Дванаццатка. — Нью-Ёрк: Беларускі Інстытут Навукі й Мастацтва, 2002. — 490 с. — 1 500 экз.
  15. Ідэя такой змены наогул народжана сярод прыхільнікаў Рады БНР. Галоўныя ініцыятары — Янка Станкевіч і Антон Адамовіч, якія лічылі, што назва «Крывія» й «крывіцкі» спыніць атаясамленне беларусаў з расійцамі, апроч іншага, пэўным чынам засцеражэ ад прымусовай рэпатрыяцыі ў СССР. Дарэчы, Першая Беларуская Гімназія ў Рэгенсбургу паседжаннем педагагічнай Рады 26 снежня 1945 г. была перайменавана ў Крывіцкую (Беларускую) Гімназію ў Рэгенсбургу, чым, між іншым, засталіся незадаволеныя бацькі вучняў начале з бацькоўскім камітэтам. Але праз нейкі час лінгвістычная праблема перарасла ў палітычную. «Крывічамі» сталі называць прыхільнікаў адноўленай пад кіраўніцтвам Міколы Абрамчыка Рады БНР, «беларусамі» (або таксама «зарубежнікамі») — прыхільнікаў БЦР
  16. Аляксандар Адзінец. ЗША. Міхась Сенька. Быў і застаюся прыхільнікам БЦР // Паваенная эміграцыя: скрыжаваньні лёсаў: зборнік успамінаў. — Мн.: Медисонт, 2007. — С. 362—363. — 704 с. — ISBN 978-985-6530-47-3.
  17. Ігар Лялькоў. Спроба аб’яднання беларускай эміграцыі ў Францыі ў канцы 1940-х — пачатку 1950-х гг . // Беларуская дыяспара як пасрэдніца ў дыялогу цывілізацый:. — Мн.: Беларускі кнігазбор, 2001. — С. 270—274. — 309 с. — 300 экз. — ISBN 985-6638-15-1.
  18. Хроніка беларускага жыцця // Выбраныя старонкі часопіса моладзь "Моладзь" (1948-1954).. — Мн.: Бібліятэка МГА "ЗБС "Бацькаўшчына":, 2004. — С. 360.
  19. Незалежная вучнёўская арганізацыя, дзейнічала у 1989-90 гг.; выступала за дэмакратычнае аднаўленне беларускай школы і аб’ядноўвала аднадумцаў сярод вучняў старэйшых класаў і навучэнцаў ПТВ; БВС выступаў за выхаванне нацыянальнай свядомасці вучнёўства, дамагаўся надання вучням старэйшых класаў рэальнай магчымасці ўдзелу ў кіраванні школай; створаны пры Гарадскім бацькоўскім камітэце Мінскіх беларускамоўных класаў і школаў, створанага ў сваю чаргу пры ТБМ.
  20. Белорусская республиканская скаутская ассоциация (26 красавіка 2011). Архівавана з першакрыніцы 11 кастрычніка 2014. Праверана 11 кастрычніка 2014.
  21. Ксёндз Ян Матусевіч шмат дапамог беларускім скаўтам — са сваіх святарскіх паездак па Еўропе прывозіў шмат скаўцкай літаратуры і падручнікаў. Ён быў неафіцыйным душпастарам беларускіх скаўтаў.
  22. У свой час звяз Ул. Улаховіча, у які ўваходзіла Вольга Клімановіч, наладзіў з імі добрыя адносіны, яны нават ездзілі да іх у амерыканскі скаўцкі лягер.
  23. История АБГ (руск.)  (13 кастрычніка 2014). Архівавана з першакрыніцы 13 кастрычніка 2014. Праверана 12 кастрычніка 2014.
  24. Вярхоўны Суд Беларусi пастанавiў злiквiдаваць Аб’яднанне беларускiх скаўтаў. Праваабарончы цэнтр «Вясна» (29 сакавіка 2005). Архівавана з першакрыніцы 13 кастрычніка 2014. Праверана 13 кастрычніка 2014.
  25. Скаутов в Беларуси больше нет. Камсамольская Праўда (31 сакавіка 2005). Архівавана з першакрыніцы 11 кастрычніка 2014. Праверана 11 кастрычніка 2014.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]