Перайсці да зместу

Проня

Гэты артыкул уваходзіць у лік добрых
З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Рака Проня)
Проня
Характарыстыка
Даўжыня
  • 172 км ()
Басейн 4 910 км²
Расход вады 29,5 м³/с
Вадацёк
Выток  
 • Месцазнаходжанне в. Ланенка Дубровенскага раёна
 • Каардынаты 54°26′17″ пн. ш. 30°45′17″ у. д.HGЯO
Вусце Сож
 • Каардынаты 53°26′37″ пн. ш. 31°00′43″ у. д.HGЯO
Размяшчэнне
Водная сістэма Сож → Дняпро → Чорнае мора

Краіна
Рэгіёны Віцебская вобласць, Магілёўская вобласць
physical
Проня
Проня
physical
выток
выток
вусце
вусце
— выток, — вусце
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Про́ня — рака ў Віцебскай і Магілёўскай абласцях Беларусі, правы прыток Сажа. Даўжыня 172 км.

Рака пачынаецца ў вёсцы Ланенка Дубровенскага раёна Віцебскай вобласці і мае кірунак з поўначы на поўдзень да ўпадзення ў Сож[1] на ўсходняй ускраіне горада Слаўгарада. Цячэ пераважна па Аршанска-Магілёўскай раўніне.

Даследчыкі Уладзімір Тапароў і Алег Трубачоў лічаць гідронім Проня словам балцкага паходжання. Назва зведала эвалюцыю: Проня < *Прёна < *Пърена.

Адпачатнай формай кораня мяркуецца *Pir-, які можа прысутнічаць у назвах сожскіх рэк тыпу Пяранка / Пірянка, Перанка / Перынка (тройчы ў басейне Верхняга Сажа вышэй за Мсціслаў), якія адразу на ўсходзе ад цячэння Проні[2].

Такога ж паходжання найімаверней і назва ракі Проня на Павоччы, тым больш яна мае прыток з назвай Піроча[3], у якім можа быць той жа балцкі корань *Pir-.

Вялікая адлегласць, на якой мусіў адбывацца адзін і той жа працэс фанетычнай трансфармацыі (Проня на Пасожжы і Проня на Павоччы), больш-менш такая ж (з паўтысячы кіламетраў), што аддзяляе, напрыклад, і сожскую раку Стрячи ад вілейскай ракі Страча (< Стряча), назвы якіх мусілі аднолькава прайсці трансфармацыю ад адпачатнага *Sir-int-[4]. На такія «гідранімічныя ізаглосы» са «звышдалёкімі сувязямі» звяртаў увагу Уладзімір Тапароў[5].

Ёсць версія, што старажытная назва ракі Проня — Прапой, той, які мае хуткае цячэнне, магчыма, гэта слова дало назву гораду Прапошаску (сучасны Слаўгарад)[6].

Народная версія аб утварэнні назвы ракі больш маляўнічая. Паводле падання, калісьці жылі дзяўчына Бася і юнак Проня. Яны моцна любілі адзін аднаго, але бацькі Басі не дазвалялі ёй выйсці замуж за беднага Проню. Тады маладыя людзі вырашылі бегчы і папрасілі багоў, каб тыя дазволілі ім быць разам. Багі выканалі іх просьбу. І калі не помнячы сябе ад шаленства бацька кінуўся ў пагоню за ўцекачамі, то выехаўшы на адну з палян, убачыў зліццё дзвюх рэк — гэта і былі Бася і Проня[7].

Магчыма, што з дзяўчынай Проней здарылася іншая неспадзёўка — яна быццам была з цыганскай сям’і і выпадкова ўтапілася, а яе кавалеры назвалі ў памяць аб ёй раку[8].

Лес часта падступае да самых берагоў ракі

Даўжыня ракі 172 км. Вадазбор складае 4910 км². Сярэднегадавы расход вады ў вусці 29,5 м³/с. Сярэдні нахіл воднай паверхні 0,5 ‰[9][10].

Даліна добра распрацаваная, глыбокаўрэзаная, скрынкападобная, у вярхоўі невыразная; шырыня яе ад 0,4—0,6 км у верхнім цячэнні да 1—2 км у ніжнім. Берагі пераважна стромкія, абрывістыя, у верхнім цячэнні нізкія і забалочаныя, адкрытыя (вышыня 1—1,5 м, на асобных участках да 7 м), ніжэй вусця ракі Бася трапляюцца невялікія тэрасы. Пойма роўная, двухбаковая, сухая, лугавая; шырыня яе 0,25—0,5 км, у вусці 0,8—1,2 км (на асобных участках звужаецца да 80 м), ніжэй вусця ракі Быстрая пашыраецца да 3,8 км.

Сілкаванне Проні змяшанае, пераважна снегавое[11].

Рэчышча каналізаванае на працягу 19 км: ад вытоку да вусця ракі Пнёўка (15 км) і ад паўднёвай ускраіны горада Горкі ўніз па цячэнню (4 км): на астатнім працягу звілістае, каля горада Горкі разгаліноўваецца на некалькі рукавоў[12]. Шырыня ракі ў межань 15—20 м, у ніжнім цячэнні месцамі да 50 м.

Рака Проня на ўчастку ад Горак да ўпадзення рэчкі Быстрая цячэ ў бязлесай зоне, а ад вёскі Равячына ў вузкім каньёне парослым кустамі. Кусты і вярбы схіляюцца над вадой і часта заступаюць шлях, у тым ліку і заваламі. Гэты ўчастак складае 30 кіламетраў[12].

Рака Проня на сваім шляху прымае некалькі дзясяткаў розных прытокаў і ручаёў. Найбуйнейшыя з іх (ад вытока да вусця):

Назва прытоку Даўжыня,
(км)
Плошча вадазбору,
(км²)
Адлегласць ад вусця Проні,
(км)
Расход вады,
(м³/с) [13]
правыя прытокі
Гольша37225.1,4
Бася104995.6,3
Раста1001290.6,8
левыя прытокі
Парасіца26112..
Быстрая46688.4,3
Вербаўка27159..
Кашанка39146.0,8

Сярод іншых прытокаў рэкі Зярня́, Каменка, Крупка, Шыпоўка, Тросліўка (Гіжэнка).

Найбольшы ўзровень разводдзя звычайна ў пачатку красавіка, сярэдняя вышыня над межанным узроўнем ад 2,8 м у верхнім да 3,8 м у ніжнім цячэнні. Замярзае ў вярхоўі ў канцы лістапада[9], ніжэй — у 1-й дэкадзе снежня[9]; крыгалом у канцы сакавіка — пачатку красавіка[9]. Прымае сцёк з сеткі меліярацыйных каналаў. Улетку магчымы дажджавыя паводкі[9][10]. У разводдзе затапляецца вадой на 10—40 сутак на глыбіню 0,4 м у верхнім цячэнні і 1,5— 2,5 метраў у ніжнім.

Ля вёскі Ляцягі Слаўгарадскага раёна на рацэ знаходзіцца гідралагічны пост рачны 1 разраду р. Проня—в. Ляцягі[14].

Бог Прона

20 % водазбору пакрыты лесам[10].

З рыб водзяцца шчупак (Esox lucius), верхаводка (Alburnus alburnus), акунь звычайны (Perca fluviatilis), галавень (Leuciscus cephalus), лешч (Abramis brama).

Карысныя выкапні

[правіць | правіць зыходнік]

Ля ракі вядомы залежы мелу. Каля вёскі Скварск знаходзяцца радовішчы тугаплаўкіх глін і будаўнічых пяскоў[15].

Старажытныя часы

[правіць | правіць зыходнік]
Археалагічная карта паселішчаў у Чавускім раёне

Пойма ракі Проня была абжытая людзьмі як мінімум з каменнага веку, аб чым сведчаць шматлікія гарадзішчы, размешчаныя па яе берагах.

Ля вёскі Радамля Чавускага раёна на адгор’ях правага берага Проні, знаходзіцца гарадзішча з двух умацаваных пляцовак. Паўночна-ўсходняя пляцоўка авальная ў плане, памерамі 30×45 м. З паўночнага боку захаваліся рэшткі некалі высокага вала. Паўночна-заходняя пляцоўка аддзеленая ад першай вузкай глыбокай лагчынай, з боку плато прасочваюцца рэшткі двух валоў і равоў. Памеры пляцоўкі 30×40 м. За валамі, паўночней гарадзішча, на плато, размяшчаўся неўмацаваны пасад-паселішча. Горад Радамля ўпершыню згадваецца ў летапісах у 1535 годзе[16].

Ля вёскі Высокае Чавускага раёна, на мысе правага берага ракі Проні, авальнае гарадзішча, памерамі 42×26 м. Паселішча абаронена дугападобнымі валам вышынёй 4 метры і ровам. Культурны пласт змяшчае ляпную (I тыс. н.э.) і ганчарную старажытнарускую кераміку XI—XIII стагоддзяў[16].

На левым беразе Проні ля вёскі Сянькова знаходзіцца гарадзішча, на паўночны ўсход ад Слаўгарада — курганны магільнік, у 3,5 км — стаянка каменнага стагоддзя і паселішча эпохі Кіеўскай Русі, у 1 км на ўсход яшчэ шэраг стаянак каменнага стагоддзя, на правым беразе ў 2 км на поўнач ад вёскі Завад-Віравая курганны магільнік[17].

У гарадскім парку Слаўгарада, на стромкім мысе правага берага ракі Сож, каля вусця ракі Проня, старажытнае гарадзішча на Замкавай гары, памерамі 40×90 м. Захаваліся сляды ўмацаванняў: вала і рва. Тут знаходзіўся старажытнарускі Прупой (Прапошаск), упершыню згаданы ў грамаце Расціслава Мсціславіча ў 1136 годзе. Па даных раскопак вал на селішчы ўзведзены ў XII стагоддзі. На поўнач ад гарадзішча прасочваюцца рэшткі неўмацаванага пасаду[18].

Бітва пры Лясной. Ж. М. Нацье, 1717.

У 1708 годзе падчас Паўночнай вайны ў данясенні камандуючага корпусам Баўра  (руск.) Пятру I называецца рака Проня[19]:

" Сего сентября 27 дня в пути, не дошед вёски Берёзовки, получилъ ваш царского величества указ через Майора Чирикова, И пришёл в тое вёску Берёзовку, и стал промеж вёсак Берёзовка и Улуки. И сей ночи переберязь реку Проню, пойду до указанного места… "

28 верасня 1708 года ў раёне вёскі Лясной на ўчастку паміж Проняй і Сажом адбылася бітва пры Лясной, якую Пётр I называў «маці Палтаўскай бітвы»[20].

Проню французскія войскі фарсіравалі двойчы — па дарозе на Маскву і назад. Пры адступленні фарсіраванне ракі адбылося ў раёне вёскі Галавічы Дрыбінскага раёна[20].

Вялікая Айчынная вайна

[правіць | правіць зыходнік]

Да кастрычніка 1943 года

[правіць | правіць зыходнік]

Проня была акупіравана немцамі ўжо ў сярэдзіне ліпеня 1941 года. 18 ліпеня 1941 года стралковая рота 107-га палка 55-й стралковай дывізіі  (руск.) загінула пры абароне аўтадарожнага моста праз раку Проню ў Слаўгарадзе (Прапойску)[21].

У Горацкім раёне, у вярхоўях Проні і Мярэі, 12—13 кастрычніка 1943 года адбылася Бітва пад Леніна — першы бой польскай дывізіі імя Тадэвуша Касцюшкі  (руск.)[20]. На гэтым месцы пабудаваны мемарыял, а найблізкая вёска названа Касцюшкава[20].

Пасля кастрычніка 1943 года

[правіць | правіць зыходнік]
Пазіцыйныя баі ў раёне Проні ў кастрычніку 1943 года

У 1943—44 гадах фронт стаяў на рацэ 9 месяцаў. Страты аднаго савецкага боку толькі на тэрыторыі Чавускага раёна склалі больш за 16 тысяч чалавек[22].

За час снежаньскіх баёў 1943 года на ўчастку Скварск—Прылёпаўка—Пуцькі 290-я і 385-я стралковыя дывізіі страцілі да 1500 салдат. Прыкладна столькі ж стратаў было з боку немцаў. У гісторыю Вялікай Айчыннай вайны гэты эпізод увайшоў пад назвай «Прылёпаўскі плацдарм»[22].

У фарсіраванні Проні ўдзельнічалі 10-я армія, 49-я армія  (руск.), 50-я армія  (руск.), 15 стралковых злучэнняў і далучаныя да іх артылерыйскія, танкавыя, авіяцыйныя і сапёрныя часткі[22].

У раёне горада Горкі ў раку часам зліваюцца неачышчаныя сцёкавыя воды з агульнагарадскіх ачышчальных збудаванняў, якія забруджваюць раку, што пацверджана задаволеным іскам Дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь да камунальных службаў Горак па прычыне шкоды, нанесенай рыбным запасам ракі Проні ў 2005 годзе[23]. Вада ў раёне Горак брудная[24].

У 2011 годзе саўгас-камбінат «Горкі» забрудзіў раку Проню на працягу амаль 15 кіламетраў[25].

Населеныя пункты на рацэ

[правіць | правіць зыходнік]

У месцы ўпадзення ў Проню ракі Парасіца знаходзіцца горад Горкі, у месцы зліяння Проні з рэкамі Быстрая і Гольша стаіць гарадскі пасёлак Дрыбін, ля вусця — горад Слаўгарад.

Іншыя населеныя пункты

[правіць | правіць зыходнік]

У Дубровенскім раёне: вёскі Ланенка, Лосеўка; у Горацкім раёне: вёскі Радзівонаўка, Сава, Сенькава, Азаравічы, Малая Каралёўка, Вялікая Каралёўка, Кузавіна, Старажоўка; у Дрыбінскім раёне: вёска Галавічы; у Чавускім раёне: вёскі Будзіна, Скварск, Прылёпаўка, Пуцькі, Старасёлы, Ключ, Загоранка, Высокае, Петухоўка, Дужаўка; у Слаўгарадскім раёне: вёска Новая Слабада.

Рака прыдатная для сплаву на байдарках. У наваколлях Проні знаходзіцца шэраг славутасцяў.

У вёсцы Ланенцы Дубровенскага раёна захавалася Пакроўская царква, пабудаваная ў канцы XIX — пачатку XX стагоддзя[26][27].

Ля вёсак Сянькова, Радамля і Высокае знаходзяцца стадаўнія гарадзішчы[16][17].

У вёсцы Будзіна пастаўлены помнік у гонар прарыву абароны часткамі 49 арміі  (руск.)[28].

У вёсках Кузьмінічы[29] і Петухоўка[30] ёсць брацкія магілы савецкіх воінаў, а ў вёсцы Прылёпаўка[31] — мемарыял часоў Вялікай Айчыннай вайны.

У вёсцы Петухоўка знаходзіцца помнік прыроды мясцовага значэння «Байкоўскія крыніцы»[32][33].

У Горках дзейнічае Батанічны сад Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі, які быў закладзены ў 1848 годзе па праекце А. Кампіёні. На сённяшні дзень гэты выбітны ландшафтны аб’ект налічвае больш за 1000 відаў і разнавіднасцей раслін[17][34], яго дэндрарый у 1963 годзе быў абвешчаны Батанічным помнікам прыроды рэспубліканскага значэння[35]. Цяпер на тэрыторыі Батанічнага саду расце каля 400 відаў і разнавіднасцей дрэў, кустоў, каля паўтысячы лекавых і іншых раслін. У аранжарэі растуць трапічныя і субтрапічныя віды раслін, якіх налічваецца больш за 300[36].

Проні прысвяцілі вершы Аляксей Пысін[37] і Алесь Корнеў[38]. Яна згадваецца ў рамане Леаніда Левановіча «Бесядзь цячэ ў акіян»[39].

Падзеі твора Уладзіміра Успенскага  (руск.) «Невядомыя салдаты» («руск.: Неизвестные солдаты»), які быў адзначаны[40] М. А. Шолахавым, як «лепшы твор аб Вялікай Айчыннай вайне», а таксама ў кнізе Дзеева і Пятрэнкі «Прастрэленыя кіламетры»[41] адбываюцца таксама і падчас фарсіравання Проні.

У выяўленчым мастацтве

[правіць | правіць зыходнік]

Мікалай Рыжоў назваў сваю выстаўку «Прыгажуня Проня» і прысвяціў Проне некалькі сваіх карцін[42], таксама яна намалявана на акварэлі Мікалая Арасланава «Апошні лёд на Проні»[43]. Яўген Зайцаў у 1954 годзе стварыў карціну «Вечар на рацэ Проні»[44].

  1. ↑ Фатаграфія месца зліяння Сажа і Проні Архівавана 10 кастрычніка 2016.
  2. ↑ В. Н. Топоров, О. Н. Трубачев. Лингвистический анализ гидронимов Верхнего Поднепровья. Москва, 1962. С. 202—203.
  3. ↑ Г. П. Смолицкая. Гидронимия бассейна Оки. Москва, 1976. С. 175.
  4. ↑ R. Būga. Rinktiniai raštai. T. 1. Vilnius, 1961. С. 607.
  5. ↑ В. Н. Топоров. К вопросу о древнейших балто-финноугорских контактах по материалам гидронимии // Балто-славянские исследования. 1988—1996. Москва, 1997. С. 330.
  6. ↑ ВСТРЕЧИ ЧЕРЕЗ ГОДЫ И РАССТОЯНИЯ Архівавана 10 кастрычніка 2013. (руск.)
  7. ↑ Проня Архівавана 13 студзеня 2010. (руск.)
  8. ↑ Мясцовыя легенды і паданні(недаступная спасылка)
  9. 1 2 3 4 5 Проня ў Вялікай Савецкай Энцыклапедыі(недаступная спасылка)
  10. 1 2 3 Гідраметцэнтр Беларусі Архівавана 26 кастрычніка 2011. (руск.)
  11. ↑ Река Проня Архівавана 11 студзеня 2012. (руск.)
  12. 1 2 Описание реки Проня (руск.)
  13. ↑ Расход вады ў вусці прытоку.
  14. ↑ ПОСТАНОВЛЕНИЕ СОВЕТА МИНИСТРОВ РЕСПУБЛИКИ БЕЛАРУСЬ 23 января 2007 г. № 75 Архівавана 11 студзеня 2012. (руск.)
  15. ↑ Город Чаусы и Чаусский район Архівавана 22 ліпеня 2011. (руск.)
  16. 1 2 3 Городища в бассейне реки Сож. Часть 2-я
  17. 1 2 3 Проня(недаступная спасылка) (руск.)
  18. ↑ Городища в бассейне реки Сож (руск.)
  19. ↑ Книга памяти. Слаўгарадскі раён [Славгородский район] / Рэд.-склад.: П. С. Ерашэнка; Рэдкал.: Г. К. Кісялёў, В. В. Берастаў i інш.— Мінск: БЕЛТА, 1999.— 591 с.: іл.— 3500 экз. ISBN 985-6302-15-3
  20. 1 2 3 4 Проня течет из-за Горок… Архівавана 12 снежня 2010. (руск.)
  21. ↑ Мемориализация важнейших событий и увековечение памяти героев Великой Отечественной войны (1941—1945 гг.) на Могилевщине Архівавана 5 студзеня 2011. (руск.)
  22. 1 2 3 Прони кровавые берега Архівавана 25 жніўня 2011. (руск.)
  23. ↑ РЕШЕНИЕ Хозяйственного суда Могилевской области от 20.12.2005 (руск.)
  24. ↑ река Проня Архівавана 9 снежня 2013. (руск.)
  25. ↑ Рыбалка в Беларуси: проблемы и надежды (руск.)
  26. ↑ Ланенка, церковь Покровская (руск.)
  27. ↑ Путешествие в прошлое. Фоторассказ Архівавана 11 студзеня 2012. (руск.)
  28. ↑ Деревня Будино, памятник в честь прорыва обороны частями 49 армии Архівавана 25 сакавіка 2016.
  29. ↑ Захоронение в деревне Кузьминичи (Кузьминки, Кузьмичи) Чаусского района Архівавана 28 студзеня 2013.
  30. ↑ Захоронение в деревне Петуховка Чаусского района Архівавана 27 сакавіка 2016.
  31. ↑ История Чаусского района Архівавана 19 чэрвеня 2009. (руск.)
  32. ↑ Экологический туризм: по криницам Чаусского района Архівавана 19 студзеня 2012. (руск.)
  33. ↑ Фота ля крыніцы Архівавана 17 кастрычніка 2016.
  34. ↑ АГРОЭКОЛОГИЧЕСКОЕ ОБРАЗОВАНИЕ В РЕСПУБЛИКЕ БЕЛАРУСЬ Архівавана 4 сакавіка 2016. (руск.)
  35. ↑ Путешествие по академии. Фильм 3: Ботанический сад (руск.)
  36. ↑ Белорусская государственная сельскохозяйственная академия Архівавана 17 кастрычніка 2013. (руск.)
  37. ↑ А. В. Пысін. Проня
  38. ↑ Святліца. Літаратурны альманах г. Баранавічы Архівавана 11 студзеня 2012.
  39. ↑ Бесядзь цячэ ў акіян — раман(недаступная спасылка)
  40. ↑ 11 октября исполнилось бы 80 лет писателю Владимиру Успенскому Архівавана 28 чэрвеня 2010. (руск.)
  41. ↑ Деев В., Петренко Р.Простреленные километры Архівавана 4 лістапада 2024. (руск.)
  42. ↑ Выстава «Прыгажуня Проня» адкрыецца заўтра ў Магілёве(недаступная спасылка)
  43. ↑ Акварели Арасланова Архівавана 13 мая 2011. (руск.)
  44. ↑ Я. А. Зайцаў Архівавана 5 сакавіка 2016.
  • Ресурсы поверхностных вод СССР. Описание рек и озёр и расчёты основных характеристик их режима. Т. 5. Белоруссия и Верхнее Поднепровье. Ч. 1–2. – Л., 1971.
  • Природа Белоруссии: Попул. энцикл. / БелСЭ; Редкол.: И. П. Шамякин (гл. ред.) и др. — Мн.: БелСЭ, 1986. — 599 с., 40 л. ил. (руск.)
  • Блакітная кніга Беларусі : Энцыклапедыя / рэдкал.: Н. А. Дзісько і інш. — Мн.: БелЭн, 1994. — 415 с. — 10 000 экз. — ISBN 5-85700-133-1.