Бульбаш

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Бульба́ш, мн. лік. бульбашы́ — зняважлівая[1] мянушка беларусаў, у асноўным у расіян і украінцаў.

Паходжанне мянушкі звязваюць харчавальнымі звычкамі беларусаў, бо бульба займае значную долю ў рацыёне і сельскай гаспадарцы[2]. Беларусь уваходзіць у дзясятку лідараў вытворчасці бульбы, а ў пераліку на душу насельніцтва займае першае месца[3].

Ёсць іншыя версіі паходжання мянушкі, напрыклад, Анатоль Тарас, лічыць, што мянушка з’явілася з боку Маскоўскага патрыярхату ў XVIII стагоддзі і не звязана з бульбай[4].

Мянушка можа быць намёкам на нізкае сацыяльнае паходжанне і маёмасны статус чалавека. Таму можа востра ўспрымацца некаторымі беларусамі з вёсак і мястэчак, а таксама інтэлігенцыяй. З гэтай прычыны былі напрыклад спробы дабіцца забароны на ўжыванне мянушкі «бульбаш» як гандлёвай маркі «Бульбашъ»[5]. Таксама як зняважлівая да беларусаў мянушка можа ўспрымацца ў суседніх з Беларуссю краінах.

Мянушка «бульбаш» не саманазва беларусаў. Тым часам памяркоўна ўспрымаць яе ўжыванне да сябе могуць урбанізаваныя беларусы, частка беларускай дыяспары, а таксама тымі, хто мае міжнацыянальныя сувязі ў асноўным на постсавецкай прасторы[крыніца?]. У такім выпадку мянушка можа мець самаіранічнае адценне і ўжываецца ў кантэксце непатрабавальнасці да ежы, адзежы, умоў жыцця і г. д[крыніца?].

Зноскі

  1. Вячорка, Вінцук. „Бульбаш“: ці бяскрыўдная мянушка і ці беларускае гэта слова . Радыё Свабода (27 лістапада 2022). Праверана 27 кастрычніка 2023.
  2. Тадэвуш Навагродскі. На стале беларуса // Беларуская думка. — 2009. — № 9. — С. 102-105.
  3. Остапович, И. Кто «бульбаш»? Архівавана 24 лютага 2009.. — «АиФ в Белоруссии», № 21 (365) от 23 мая 2007 года. (руск.)
  4. История имперских отношений: беларусы и русские, 1772—1991 гг. (Научно-популярное издание) / Составитель Тарас Анатолий Ефимович. — Минск: А. Н. Вараксин, 2008. — С. 61—62. — ISBN 978-985-6822-76-9.
  5. Жыхар Віцебска заклікае пакараць вытворцаў гарэлкі «Бульбаш» . Наша Ніва. Архівавана з першакрыніцы 13 снежня 2013. Праверана 27 кастрычніка 2023.