Дудзічы (Пухавіцкі раён)
Вёска
Дудзічы
| ||||||||||||||||||||||||
Ду́дзічы[1] (трансліт.: Dudzičy, руск.: Дудичи) — вёска ў Пухавіцкім раёне Мінскай вобласці. Уваходзіць у склад Навапольскага сельсавета. Месцяцца за 54 км на паўночны захад ад Мар’інай Горкі, за 13 км ад чыгуначнай станцыі Рудзенск, на рацэ Пціч.
Назва
[правіць | правіць зыходнік]Паводле Вадзіма Жучкевіча, назва паходзіць ад прозвішча Дудзіч, вытворнага з дуды або дудара.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Меркаваная ранняя гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Выказваліся думкі, што Дудзічы ўпершыню згаданы як Дудуткі ў «Слове пра паход Ігараў», датычна падзей 1067 года, быццам полацкі князь Усяслаў праскакаў «ваўком да Нямігі з Дудутак», калі даведаўся пра аблогу Менска кіеўскімі войскамі[2][3]. Ёсць, аднак, і іншыя лакалізацыі тых Дудутак, у тым ліку як мясцовасці каля Ноўгарада, што можа болей укладацца ў сюжэтную лінію «Слова».
Вялікае Княства Літоўскае
[правіць | правіць зыходнік]Упершыню Дудзічы пэўна згадваюцца ў 1600 годзе як мястэчка ў Менскім павеце Вялікага Княства Літоўскага[4]. У пачатку XVII ст. мясцовасцю валодалі Адахоўскія. У 1621 годзе Рафал Адахоўскі прадаў маёнтак Янушу Быхаўцу (?—1653) і яго жонцы Ганне з Горскіх. Януш Быхавец забіты ў Таўкачэвічах у часе наезду суседа Андрэя Вінка з Шацка ў 1620 годзе. Нашчадкі аддалі землі ў заклад, трымальнікі часта мяняліся[5].
З канца XVII ст. Дудзічы былі ў закладзе Заранкаў-Гарбоўскіх герба «Корчак», якія збудавалі тут уніяцкую царкву. У 1748 годзе Дудзічы канчаткова набытыя дачкой Казіміра Заранкі , падчашага ваўкавыскага, — Аляксандрай . У 1766 годзе мястэчка атрымала прывілей на правядзенне 3 штогадовых кірмашоў і 1 штотыднёвы торг. У 1767 годзе па замужжы Аляксандры Дудзічамі валодалі Прозары. У 1769 годзе Юзаф Прозар, муж Аляксандры, збудаваў тут драўляны палац і парк, у 1780 годзе паводле тастамента жонкі — драўляную грэка-каталіцкую Пакроўскую царкву на месцы старой. Пры царкве была адкрытая школа. З 1785 года, калі дачка Прозара — Ружа выйшла замуж за Станіслава Ельскага, Дудзічы сталі ўладаннем Ельскіх. Станіслаў Ельскі запрасіў сюды 20 нямецкіх рамеснікаў, якія навучалі сялян розным рамесным навукам.
Пад уладай Расійскай імперыі
[правіць | правіць зыходнік]Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай 1793 года ў складзе Расійскай імперыі, у Ігуменскім павеце Мінскай губерні. Станам на 1800 год тут была драўляная грэка-каталіцкая царква, млын, 3 карчмы, фруктовы і батанічны сад, аранжарэя, невялікі гарбарны завод. У вайну 1812 года праз Дудзічы праходзілі напалеонаўскія войскі. Юзаф Панятоўскі, камандзір 5-га польскага корпуса французскай арміі, два дні жыў у дудзіцкай сядзібе.
У 1839 годзе ўніяцкая царква была пераўтвораная ў праваслаўную прыходскую царкву. Паводле інвентару 1844 года існавалі аднайменныя мястэчка (12 двароў рамеснікаў) і вёска (30 двароў сялян)[6]. З 1857 года Дудзічамі валодаў Міхал Ельскі. На 1859 год у мястэчку было 5 двароў[7]. Пасля 1861 года цэнтр Дудзіцкай воласці Ігуменскага павета. У 1863 годзе адкрытае народнае вучылішча. У 1886 годзе ў вучылішчы было 55 вучняў, з іх 3 дзяўчынкі. Настаўнікам быў Макар Гладкі, школа існавала на сродкі сялян і дзяржаўнага казначэйства. У 1879 годзе ў праваслаўным прыходзе было каля 1,8 тыс. вернікаў, пры царкве было папячыцельства. У 1886 годзе было народнае вучылішча, валасное праўленне, праваслаўная царква, капліца, бальніца, крама. Паводле перапісу 1897 года працавалі валасное праўленне, хлебазапасны магазін, народнае вучылішча, 2 піцейныя дамы, штотыднёвыя таржкі, у маёнтку быў вадзяны млын.
У 1900 годзе ў народным вучылішчы займаліся 69 хлопчыкаў і 9 дзяўчынак. Настаўнікам працаваў Д. Пыжэвіч. У 1902 годзе пабудаваная драўляная Пакроўская царква.
У 1905—1907 гадах і вясной 1917 года ў Дудзічах і ў Дудзіцкай воласці адбыліся масавыя сялянскія хваляванні.
-
Сядзіба Ельскіх, каля 1800 года
-
Сядзіба Ельскіх, 1907 год
-
Сядзіба Ельскіх, 1914 год
-
Альтанка над ракою, 1907 год
Найноўшы час
[правіць | правіць зыходнік]З канца лютага 1918 года тэрыторыя акупаваная войскамі Германскай імперыі. 25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай воласць абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. У снежні 1918 года занята Чырвонай Арміяй, з 1 студзеня 1919 года ў адпаведнасці з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі яна ўвайшла ў склад Савецкай Беларусі, з 27 лютага 1919 года — у ЛітБел ССР. У час польска-савецкай вайны ў жніўні 1919 — ліпені 1920 гадоў пад акупацыяй Польшчы (Мінская акруга ГУУЗ).
З 31 ліпеня 1920 года ў Беларускай ССР. Народнае вучылішча пераўтворанае ў працоўную школу 1-й ступені, дзе ў 1922 годзе было каля 70 вучняў. З 20 жніўня 1924 года цэнтр Дудзіцкага сельсавета Самахвалавіцкага раёна Менскай акругі, з 18 студзеня 1931 года Пухавіцкага раёна, з 12 лютага 1935 года Рудзенскага раёна (з 6 ліпеня да 11 лютага 1938 года называўся Смілавіцкім). З 29 лютага 1938 года ў Менскай вобласці (пасля 29 ліпеня 1939 — Мінская). У пачатку 1930-х гадоў праведзена прымусовая калектывізацыя, створаны калгас «Камвуз Беларусі», працаваў вадзяны млын, цыркулярка, кузня. Афіцыйны статус паселішча панізілі да вёскі ў 1938 годзе.
У Другую сусветную вайну з канца чэрвеня 1941 года да 4 ліпеня 1944 года вёска акупаваная нацысцкай Германіяй. У наваколлі дзейнічалі партызаны брыгады «Беларусь». У чэрвені 1942 года ў ходзе нямецкай карнай аперацыі вёска была спалена, забіты 17 жыхароў. Пасля вайны вёска адноўленая[8].
З 16 ліпеня ліпеня 1954 года вёска ў Вузлянскім сельсавеце. У 1960 годзе ў Навапольскім сельсавеце. У 1994 годзе ля вёскі адкрыты музей матэрыяльнай культуры «Дудуткі». У 1990-я гады збудаваная праваслаўная царква Святой Ганны.
Насельніцтва
[правіць | правіць зыходнік]Дэмаграфія
[правіць | правіць зыходнік]- 1800 год — 30 двароў, 300 чал. у сяле Дудзічы і 49 чал. шляхты пры двары Дудзічы
- 1870 год — 284 чал., з іх 128 аднадворцаў і 13 грамадзян
- 1886 год — 65 двароў, 409 жыхароў
- 1897 год — 125 двароў, 303 душы мужчынскага полу, 299 душ жаночага полу
- 1901 год — 108 двароў, 676 чал. у Дудзічах і 1 двор, 20 чал. пры маёнтку
- 1917 год — у мястэчку 15 двароў, 104 чал., у сяле 106 двароў, 651 чал., у маёнтку 1 двор, 78 чал.
- 1940 год — 80 двароў, 258 жыхароў
- 1993 год — 108 двароў, 280 жыхароў[9]
- 1999 год — 263 жыхароў
- 2002 год — 97 двароў, 249 жыхароў
- 2010 год — 259 жыхароў
- 2019 год — 271 жыхар[10]
Рэлігія
[правіць | правіць зыходнік]У канцы XVII ст. была пабудаваная ўніяцкая царква. У 1780 Юзаф Прозар паводле тастамента жонкі збудаваў новую грэка-каталіцкую Пакроўскую царкву на месцы старой. У 1839 годзе ўніяцкая царква была пераўтвораная ў праваслаўную прыходскую царкву. Царква згарэла ў часе Другой сусветнай вайны.
У 1998 годзе Патрыяршым Экзархам усяе Беларусі Філарэтам была прынята пастанова пра адраджэнне прыходу. Побач з помнікам загінулым савецкім воінам была пабудаваная невялікая мураваная царква ў гонар Святой Ганны[11].
Эканоміка і інфраструктура
[правіць | правіць зыходнік]У 2002 годзе цэнтр калгаса Світанак. У 2013 годзе — на тэрыторыі СВК «Агра-Абярэг»[8]. Ёсць механічныя майстэрні, крама.
Дудзічах працуюць сярэдняя школа, медыцынскі пункт, бібліятэка, ветэрынарны ўчастак.
Славутасці
[правіць | правіць зыходнік]- Гарадзішча ранняга жалезнага веку, якое месціцца ва ўрочышчы Кобань, у полі
- Сямейнае пахаванне Ельскіх. На гарадзішчы ва ўрочышчы Кобань месцяцца старыя каталіцкія могілкі з сямейнымі пахаваннямі Ельскіх[12]. На пагорках — іншыя пахаванні. Могілкі знаходзяцца ў запусценні, акрамя пахаванняў Ельскіх[12]. Паводле звычаяў таго часу, старэйшыя пахаванні (Караля і Станіславы) паўляжаць на зямлі і вялікія памерам, а пазнейшыя, паводле традыцый канца XIX — пач. XX ст. стаяць вертыкальна і меншыя памерам. Надпісы на помніках зробленыя па-польску, агароджаў няма[12]
- Памятны знак «Аляксандру II ад удзячных сялян» (1911)
- «Помнік землякам»
- Царква Святой Ганны
Страчаная спадчына
[правіць | правіць зыходнік]- Сядзіба Ельскіх (XVIII ст.)
- Царква Пакрова Багародзіцы (1776, грэка-каталіцкая)
-
Гарадзішча ранняга жалезнага веку ва ўрочышчы Кобань
-
Сямейнае пахаванне Ельскіх ва ўрочышчы Кобань
-
Памятны знак «Аляксандру II ад удзячных сялян»
-
Помнік землякам
Музеі
[правіць | правіць зыходнік]- Побач з вёскай месціцца музей матэрыяльнай культуры «Дудуткі», створаны ў 1994 годзе
- У дудзіцкай школе ў жніўні 2010 года быў створаны этнаграфічны куток ільну, які з цягам часу плануецца пераўтварыць у музей[13]
Вядомыя ўраджэнцы
[правіць | правіць зыходнік]- Аляксандр Ельскі (1834—1916) — беларускі краязнавец, гісторык, літаратар, этнограф.
- Міхал Ксаверы Зыгмунт Ельскі (1831—1904) — беларускі скрыпач, кампазітар, музычны пісьменнік.
- Тодар Вернікоўскі (1861—1938) — беларускі палітычны і грамадска-культурны дзеяч, міністр фінансаў Беларускай Народнай Рэспублікі.
- Уладзімір Пастэрнацкі (1885—1938) — праваслаўны святар, свяшчэннамучанік.
- Уладзімір Дудзіцкі (1911—пасля 1976) — беларускі пісьменнік, журналіст, сапр. імя — Уладзімір Ермалаевіч Гуцька.
Спіс вуліц
[правіць | правіць зыходнік]- Ельскага вуліца
- Калгасная вуліца
- Маладзёжная вуліца
- Палявая вуліца
- Пцічанская вуліца
- Сонечны завулак
- Цэнтральная вуліца[14]
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (DJVU)
- ↑ Барсов Е. В. «Слово о полку Игореве» как художественный памятник Киевской дружинной Руси // Чтения в Императорском Обществе Истории и Древностей Российских при Московском Университете. 1889 год. Книга вторая. С. 222.
- ↑ SgKP 1881, s. 209—210.
- ↑ БелЭн 1998, с. 254
- ↑ Jelski A. 1889, с. 588.
- ↑ Ільініч Наталля. Дудзічы ў 1844 годзе(недаступная спасылка). Музей «Дудуткі» (13 сакавіка 2012). Архівавана з першакрыніцы 25 красавіка 2014. Праверана 23 лістапада 2014.
- ↑ Соркіна I. Мястэчкі Беларусі ў канцы XVIII — першай палове XIX ст. — Вільня: ЕГУ, 2010. — 488 с. ISBN 978-9955-773-33-7. С. 58.
- ↑ а б ГВБ 2013, с. 136—137
- ↑ ЭГБ 1996, с. 312
- ↑ Belarus . pop-stat.mashke.org. Праверана 26 красавіка 2024.
- ↑ http://borisoveparhia.by/novosti-blagochiniy/7-avgusta-preosvyashhenneyshiy-veniamin-e.html
- ↑ а б в могілкі. Сайт «Некропалі Беларусі»
- ↑ https://dudichi.schools.by/pages/myzei Архівавана 25 лютага 2021.
- ↑ Спіс вуліц і іншых элементаў ўнутранага адраса(недаступная спасылка). Нацыянальнае кадастравае агенцтва Рэспублікі Беларусь. Архівавана з першакрыніцы 20 студзеня 2021. Праверана 2 сакавіка 2020.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Дудзічы // Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 8: Мінская вобласць, кн. 4 / рэдкал.: Т. У. Бялова (дырэктар) і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2013. — С. 136—137. — 2 000 экз. — ISBN 978-985-11-0735-9.
- Дудзічы (Пухавіцкі раён) // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 6: Дадаізм — Застава / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1998. — Т. 6. — С. 254. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0106-0 (т. 6).
- Насевіч В. Дудзічы // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1996. — С. 312. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0041-2.
- Памяць: Пухавіцкі раён: Гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / Укл. А. А. Прановіч; Рэдкал.: А. М. Карлюкевіч і інш.. — Мінск: Беларусь, 2003. — 749 с. — ISBN 985-01-0251-9.
- Dudzicze // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom II: Derenek — Gżack (польск.). — Warszawa, 1881. — S. 209—210.
- Jelski A. Sierhiejewicze // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom X: Rukszenice — Sochaczew (польск.). — Warszawa, 1889. — S. 588—590.
- Дзеля блізкіх і прышласці : матэрыялы міжнар. навук.-практ. канф. «Універсітэты Ельскіх» (да 165-годдзя з дня нараджэння Ельскіх), Мінск, 7 кастр. 1999 г. / Бел. ун-т культуры; рэдкал.: (адк. рэд.) А. У. Пазнякоў [і інш.]. — Мінск: Бел. ун-т культуры; рэкламна-выдав. фірма «Ковчег», 1999. — 156 с.
- Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Пухавіцкага раёна / Укл. А. А. Прановіч. — Мн., 2003.— 749 с.: іл.
- Жучкевич В. А. Краткий топонимический словарь Белоруссии. — Мн.: Изд-во БГУ, 1974.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Дудзічы (Пухавіцкі раён)