Петроній Максім

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Флавій Петроній Максім
лац.: Flavius Petronius Maximus
Солід з выявай Петронія Максіма
Солід з выявай Петронія Максіма
Імператар Заходняй Рымскай імперыі
17 сакавіка 455 — 31 мая 455
Папярэднік Валентыніян III
Пераемнік Авіт

Нараджэнне каля 396[1]
Смерць 455
Бацька Флавій Аніцый Прабін[d]
Жонка Ліцынія Еўдаксія[d] і Валузіяна[d]
Дзеці Паладый
Веравызнанне Хрысціянства
Дзейнасць палітык
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Флавій Петроній Максім (лац.: Flavius Petronius Maximus) — рымскі імператар, які кіраваў з 17 сакавіка па 31 мая 455 года.

Петроній Максім паходзіў са шляхетнага роду. Па ўсёй бачнасці, ён быў датычны да забойства імператара Валентыніяна III, пасля смерці якога ўступіў на прастол. Удаву Валентыніяна Ліцынію Еўдаксію  (руск.) Максім прымусіў выйсці за яго замуж. Паводле легенды, яна заклікала на дапамогу правіцеля вандалаў Гейзерыха. Неўзабаве вандальскі флот падняўся па Тыбру, і варвары абсадзілі Рым. Праз некаторы час горад упаў; рабаванні, гвалты і забойствы працягваліся два тыдні. Імператар паспрабаваў бегчы са сталіцы, але загінуў ад рук рымскіх гараджан[2].

Жыццё да прыходу да ўлады[правіць | правіць зыходнік]

Сям'я[правіць | правіць зыходнік]

Будучы імператар Флавій Петроній Максім нарадзіўся каля 396 года (магчыма, у 397 годзе[3])[4]. Дакладнае яго паходжанне дагэтуль невядома, аднак у наш час лічыцца, што ён прыналежаў да шляхетнага рымскага роду Аніцыеў  (руск.)[5]. Сваяк пазнейшага імператара Алібрыя, Максім меркавана быў сынам праконсула Афрыкі Аніцыя Прабіна[6], унукам уплывовага палітычнага дзеяча і консула другой паловы IV стагоддзя Секста Клаўдзія Петронія Проба  (руск.) і Аніцыі Фальтоніі Пробы[7].

Напэўна, што паведамленне, якое належыць гісторыку Алімпіядору Фіванскаму  (руск.), што расказвае пра траты нейкага багацея Максіма на прэтуру свайго сына, адносіцца да бацькі Петронія[8]. Пазнейшыя аўтары, такія як Пракопій Кесарыйскі і Георгій Кедрын, расказваюць пра сваяцтва Петронія Максіма з узурпатарам IV стагоддзя Магнам Максімам, але іх аповеды, на думку гісторыка Ральфа Мэзісена, — «чыстая спекуляцыя»"[3]. Магчыма, прэфект Рыма Петроній Перпена Магн Квадраціян быў сваяком імператара, а консул 523 года Флавій Максім — нашчадкам[9].

Кар'ера[правіць | правіць зыходнік]

Знакі адрознення каміта святых шчодрасцей згодна Notitia Dignitatum: торба з грашамі і кавалкі руды, сімвалізуючыя кантроль над шахтамі і манетнымі дварамі.

Да прыходу да ўлады Петроній Максім зрабіў бліскучую кар'еру сенатара. Калі паведамленне Алімпіядора ставіцца менавіта да яго, то можна выказаць дапушчэнне, што каля 411 года ён займаў пасаду прэтара, у тую эпоху чыста цырыманіяльную (яе носьбіт адказваў за фінансаванне дарагіх цыркавых гульняў), і правёў прэтарскія гульні[3]. Прыблізна ў 415 годзе, ва ўзросце каля 18 гадоў, Петроній Максім быў трыбунам і натарыем (ніжэйшая імперская сакратарская пасада)[3]. Потым з 416 па 419 год ён знаходзіўся на пасадзе каміта святых шчодрасцей  (руск.) Захаду, то бок ведаў падаткаабкладаннем і кіраваў рознымі дзяржаўнымі прадпрыемствамі[3].

Са студзеня ці лютага 420 года па жнівень ці верасень 421 года Петроній Максім быў прэфектам горада Рыма, а пасля недоўгачасовага перапынку займаў гэту пасаду другасна (прыкладна да 439 года); знаходзячыся на гэтым пасту, Максім рэстаўраваў Старую Базіліку Святога Пятра  (руск.)[8]. Апроч таго, ён таксама быў прэфектам прэторыя  (руск.) на Захадзе ў перыяд паміж 421 і 439 гадамі; ён знаходзіўся на гэтым пасту або паміж дзвюма префектствами над Рымам, або падчас другога знаходжання на гэтай пасадзе[8]. У 433 годзе Максім быў консулам разам з усходнім імператарам Феадосіем II[3].

Са жніўня 439 года па люты 441 года ён знаходзіўся на пасту прэфекта прэторыя Італіі (у тым жа годзе Эпархій Авіт быў прэфектам прэторыя Галіі)[10], у 443 годзе атрымаў другое консульства з Флавіем Патэрыем  (руск.)[3]. Паміж 443 і 445 гадамі Максім пабудаваў форум у Рыме на Цэлійскім узгорку, паміж Лабіканскай дарогай і Базылікай Святога Клімента[8]. Цягам гэтага года ён нядоўгі час з'яўляўся найболей магутным чалавекам у Рыме — аж да ўступу ў званне консула ў наступным годзе палкаводца Заходняй імперыі Флавія Аэцыя[3]. Да 10 снежня 445 года Петронію Максіму было прысвоена ганаровае званне патрыкія (гэтым днём датаваны першы дакумент, адрасаваны яму як патрыкію)[11].

Мусібыць, што варожасць паміж Петроніем Максімам і Аэцыем, уплывовым патрыкіем і вайсковым магістрам Захаду, прывяла да падзей, якія паступова паслабілі Заходнюю Рымскую імперыю[12]. Асноўную выгаду з гэтага супрацьстаяння выняў Максім, які ўступіў на прастол у выніку двух забойстваў: спачатку Аэцыя ў 454 годзе, а потым і заходняга рымскага імператара Валентыніяна III 16 сакавіка 455 года[3].

Уступ Петронія Максіма на прастол[правіць | правіць зыходнік]

Забойства Аэцыя[правіць | правіць зыходнік]

Валентыніян III, папярэднік Петронія Максіма.

Паводле паведамлення гісторыка Іаана Антыяхійскага  (руск.), Петроній Максім набыў істотны ўплыў на імператара Валентыніяна III і пераканаў яго ўласнаруч здзейсніць забойства Аэцыя[13]. Пракопій Кесарыйскі выкладае сваю версію падзей. Згодна яго аповеду, у Максіма была вельмі прыгожая жонка; імператар захацеў уступіць з ёй у сувязь, але атрымаў адмову, пасля чаго задумаў дамагчыся свайго падманам.

Запрасіўшы Максіма ў палац, Валентыніян прапанаваў яму згуляць у шахматы. Яны дамовіліся, што пераможаны выплаціць пераможцу вызначаную суму грошай золатам. Імператар выйграў; атрымаўшы ў якасці закладу пярсцёнак Максіма, ён паслаў з ім слуг у дом пераможанага, загадаўшы сказаць яго жонцы, што муж загадвае ёй неадкладна з'явіцца ў палац, каб вітаць імператрыцу Ліцынію Еўдаксію. Жанчына паверыла імператарскім слугам і прыйшла, пасля чаго Валентыніян згвалтаваў яе ў адным з далёкіх пакояў палаца. Вярнуўшыся дамоў, яна ўсё расказала Максіму[14]. Спачатку яна вінаваціла мужа ў здрадзе, мяркуючы, што гэта ён перадаў яе ў рукі імператара[15]. Максім пакляўся адпомсціць, аднак яго галоўным імкненнем усё ж заставалася збавенне ад даўняга ненавіснага праціўніка — Аэцыя[15].

Паводле слоў Іаана Антыяхійскага, Петроній Максім выдатна разумеў, што не зможа адпомсціць Валентыніяну, пакуль Аэцый будзе жывы[3]. Таму ён таемна змовіўся з еўнухам Валентыніяна, прыміцэрыем свяшэчннай спачывальні Іракліем  (англ.), які доўга змагаўся з услаўленым палкаводцам за кантроль над імператарам[3]. Удвух Максім і Іраклій пераканалі Валентыніяна, што Аэцый мае намер забіць яго і захапіць прастол[12]. Насамрэч Аэцый планаваў жаніць свайго сына Гаўдэнцыя з дачкой імператара (меркавана, Еўдакіяй  (англ.)); паміж ім і Валентыніянам ужо было складзена пагадненне наконт гэтага[12]. Валентыніян, угледзеўшы ў гэтым нагоду для падозранняў, паверыў Максіму і Іраклію і пагадзіўся забіць свайго вайскавода. Падчас сустрэчы з Аэцыем 21 верасня 454 года імператар нанёс военачальніку першы ўдар, усадзіўшы меч у яго грудзі, а слугі на чале з Іракліем дабілі цяжка-параненага[15][16][17].

Адначасна з гэтым быў забіты прэфект прэторыя Баэцый. Да таго, як пра смерць Аэцыя стала вядома, імператар запрасіў кожнага з яго ўплывовых сяброў у палац, дзе ўсіх іх забілі паасобку[15]. Гэта падзея ўразіла і жахнула не толькі рымлянаў, але і варвараў, якія шанавалі военачальніка[15]. Калі Валентыніян спытаў аднаго рымляніна, ці добра ён зрабіў для сябе, забіўшы Аэцыя, той яму адказаў, што не можа ведаць, ці блага гэта, затое выдатна ведае, што імператар левай рукой адсек сабе правую[18].

Забойства Валентыніяна III[правіць | правіць зыходнік]

Заходняя Рымская імперыя (пазначана блакітным) і Усходняя Рымская імперыя (пазначана жоўтым) у 450 годзе.

Пасля гібелі Аэцыя Максім папрасіў Валентыніяна прызначыць яго на пасаду, якую займаў забіты (то бок зрабіць яго консулам), але імператар адмовіўся[8], бо Іраклій параіў яму не даваць нікому такой жа ўлады, як Аэцыю. Паводле Іаана Антыяхійскага, Максім быў так раздражнёны адмовай Валентыніяна прызначыць яго вайсковым магістрам  (руск.), што задумаў забіць імператара[3]. Ён выбраў у якасці саўдзельнікаў Апцілу і Траўсцілу, двух скіфаў, што ваявалі пад камандаваннем Аэцыя і пасля яго смерці сталі імператарскімі вартаўнікамі[12].

Максім лёгка пераканаў скіфаў, што Валентыніян быў адзіным адказным за смерць Аэцыя, і прапанаваў ім адпомсціць за свайго правадыра, паабяцаўшы ўзнагароду за здраду імператара[3]. 16 сакавіка 455 года Валентыніян адправіўся на Марсава поле з некалькімі ахоўнікамі, сярод якіх былі Апціла, Траўсціла і іх саўдзельнікі[3]. Як толькі імператар спешыўся, каб папрактыкавацца ў стральбе з лука, Апціла стукнуў яго ў скронь[15]. Калі Валентыніян павярнуўся, каб убачыць нападніка, Апціла забіў яго[3]. У той жа момант Траўсціла забіў Іраклія. Скіфы забралі імператарскі вянок і адзенне, пасля чаго адвезлі іх Максіму[3].

Раптоўная смерць Валентыніяна III пакінула Заходнюю Рымскую імперыю без законнага спадчынніка прастола. На трон разлічвалі некалькі кандыдатаў, якіх падтрымвалі розныя групы імперскай бюракратыі і вайскоўцы[3]. У прыватнасці, армія падзялілася на тры часткі, ідучы за трыма асноўнымі кандыдатамі: Максіміянам, які быў даместыкам  (руск.) Аэцыя, сынам егіпецкага купца Дамніна, які пабагацеў у Італіі; будучым імператарам Маярыянам, які камандаваў арміяй пасля смерці Аэцыя і карыстаўся падтрымкай імператрыцы Ліцыніі Еўдаксіі; нарэшце, самім Петроніем Максімам, за якога выступаў рымскі сенат. Урэшце Максім перамог канкурэнтаў, умела размяркоўваючы грошы паміж урадоўцамі імператарскага палаца, і 17 сакавіка ўзышоў на трон[3].

Кіраванне і згуба[правіць | правіць зыходнік]

Брулоў К. П. Нашэсце Гейзерыха на Рым.

Атрымаўшы фактычную ўладу, Максім вырашыў парадніцца з дынастыяй Феадосія  (руск.), каб абгрунтаваць законнасць свайго кіравання[8], і жаніўся з Ліцыніяй Еўдаксіяй, удавой Валентыніяна III. Ліцынія выйшла за яго замуж неахвотна, бо здагадвалася, што менавіта Петроній арганізаваў забойства яе мужа[3]. Праспер Аквітанскі піша, што Максім забараніў ёй аплакваць Валентыніяна[19]. Сам імператар толькі паспрыяў умацаванню гэтых падозранняў, бо не толькі не караў смерцю забойцаў, але і ўзвысіў іх[3]. У Канстанцінопалі, сталіцы Усходняй Рымскай імперыі, Максіма адмовіліся прызнаць імператарам Захаду; спрабуючы ўмацаваць сваё становішча, ён прызначыў Эпархія Авіта вайсковым магістрам Галіі і адправіў яго ў Талозу, каб заручыцца падтрымкай вестгоцкага караля Тэадорыха II  (руск.)[20][21]. Пра спробы Максіма забяспечыць лаяльнасць арміі таксама сведчыць то, што за нядоўгі час яго кіравання ў Рыме былі адчаканены шмат залатых манет, якімі плацілі пенсіён вайскоўцам[3]. Пры гэтым ніводнай медзянай ці срэбнай манеты, датаванай гэтым перыядам, не захавалася[3].

Імператар скасаваў заручыны дачкі Ліцынію Еўдаксіі з Хунерыхам  (руск.), сынам караля вандалаў Гейзерыха, якая меркавана была часткай мірнага дагавора Валентыніяна III з вандаламі[22]. Гэта выклікала лютасць Гейзерыха, які шукаў падставу для таго, каб адгукнуцца на просьбу Ліцынію пра дапамогу; вандалы пачалі рыхтавацца да ўварвання ў Італію[22]. Ліцынія Еўдаксія не магла спадзявацца на істотную дапамогу ад Усходняй Рымскай імперыі: яе бацька Феадосій II і цётка Пульхерыя да таго часу сканалі, і дзяржавай кіраваў незнаёмы ёй чалавек[15]. Паводле легенды, яна прасіла дапамогі ў вандалаў, жадаючы адпомсціць за Валентыніяна — паводле паведамлення Пракопія Кесарыйскага, Петроній Максім прызнаўся Ліцыніі, што забіў імператара з-за кахання да яе[23].

У маі 455 года, пасля двух з лішнім месяцаў кіравання Максіма, да Рыма дайшла вестка, што Гейзерых адправіўся ў паход на Італію[2]. Як толькі гэта вестка пашырылася, гараджан ахапіла паніка, і многія з іх пакінулі свае дамы[2]. Эпархій Авіт да таго часу яшчэ не вярнуўся з чаканым вестгоцкім падмацаваннем. Імператар вырашыў, што спробы абараніцца ад нападу вандалаў апынуцца безвыніковымі, і паспрабавалі арганізаваць свае ўцёкі, заклікаючы сенат пакінуць горад разам з ім[15]. Паводле думкі Эдуарда Гібана, Петроній Максім мог быць лёгка паінфармаваны пра падрыхтоўку Гейзерыха да паходу, аднак ён чакаў праціўніка з абыякавасцю[15].

Максім выехаў з Рыма 31 мая 455 года, але быў схоплены натоўпам раз'юшаных гараджанаў, якія закідалі яго камянямі да смерці (паводле версіі гісторыка Іардана, ён быў забіты «нейкім рымскім салдатам па імі Урс»[24])[25] (вядома, што пазней два салдаты, рымлянін і бургунд  (руск.), спрачаліся паміж сабой, хто з іх нанёс імператару смяротны ўдар[2]). Яго цела было разарвана на кавалкі і кінута ў Тыбр[3][26]. Паводле версіі Праспера Аквітанскага, Максім быў забіты сваімі слугамі[19]. Ёсць розныя думкі адносна даты смерці Максіма: Эдуард Гібан сцвярджаў, што забойства імператара адбылося 12 чэрвеня[15]; Ральф Мэсізен зваў дату 22 мая[3], а Майкл Грант і Джон Норвіч  (руск.) — 31 мая (апошняя версія на сённяшні дзень найболей пашырана)[27][2]. Кіраванне Петронія Максіма падоўжылася ўсяго 78 дзён. Яго сын ад першага шлюбу, Паладый, які насіў тытул цэзара паміж 17 сакавіка і 31 мая і жаніўся са сваёй зборнай сястрой (меркавана Еўдакіяй), відаць, таксама быў забіты[28].

2 чэрвеня 455 года, праз тры дні пасля смерці Максіма, Гейзерых выступіў з Остыі  (руск.), пасля чаго захапіў безабаронны Рым[25]. Замест таго, каб зрабіць супраціўленне ворагу, рымляне выслалі насустрач вандалам працэсію, якую ўзначальваў Папа Рымскі Леў I з прадстаўнікамі духавенства[15]. Дзякуючы ўгаворванням Льва Гейзерых адмовіўся ад расправы над палоннымі і абавязаўся бараніць будынкі ад пажараў, а таксама загадаў вандалам устрымацца ад разаніны ў горадзе[15]. Рабаванне Рыма доўжылася чатырнаццаць дзён і начэй; апошнія рэшткі дзяржаўных скарбаў і прыватных багаццяў старанна згружаліся на вандальскія караблі. Варвары спустошылі імператарскія палацы, знялі з Капітолія  (руск.) пазалочаны дах, захапілі трафеі імператара Ціта, узятыя ім пры штурме Іерусаліма ў 73 годзе, і многія іншыя каштоўнасці[15]. Разам з здабычай у Карфаген адправілася імператрыца Ліцынія Еўдаксія з дочкамі Плацыдзіяй і Еўдакіяй[27].

Сідоній Апалінарый  (руск.) пісаў пра кіраванне Петронія Максіма ў лісце да Серана:

«<…> Калі, прыклаўшы ўсе магчымыя высілкі, ён дасягнуў ненадзейнай вяршыні імператарскай велічы, галава яго закруцілася пад каронай з прычыны неабмежаванай улады… Калі ён дамогся звання аўгуста і пад гэтай падставай быў завостраны за дзвярамі палаца, ён стагнаў і вохкаў адранку да ночы, таму што дасягнуў вяршыні сваіх славалюбівых намераў… Таму што, хоць ён прайшоў праз усе высокія прыдворныя пасты мірна і спакойна, узвысіўшыся над дваром як імператар, ён стаў выяўляць вылучную жорсткасць, душачы хваляванні сярод салдатаў, грамадзянаў і саюзных народаў. І ўсё гэта выявілася найболей выяўна перад яго сконам, якая была дзіўнай, хуткай і жудаснай: пасля таго як Фартуна доўгі час песціла яго, яго апошні здрадлівы ўчынак утапіў яго ў кроў, нібы скарпіёна, які ўразіў сябе сваім жа хвастом. Нейкі Фульгенцый гаварыў, што быццам бы чуў з вуснаў самога Петронія Максіма, калі ён быў абцяжараны ношай Імперыі і тужыў па былым спакоі, галашэнні: „Ты шчаслівец, Дамокл, прысуджаны сядзець на балі пад аголеным мячом, таму што не павінен пакутаваць ад сваіх каралеўскіх абавязкаў больш, чым доўжыцца адна трапеза[29]!“»

Вынікі кіравання[правіць | правіць зыходнік]

Манета з выявай Эпархія Авіта, пераемніка Петронія Максіма.

Кіраванне Петронія Максіма працягвалася ўсяго 78 дзён, таму рабіць высновы пра асобу імператара цяжка[30]. З яго кар'еры бачна, што ён меў досвед грамадзянскага кіравання, але не быў вайскоўцам[30]. Паколькі Петроній Максім не кантактаваў з арміяй, надалей яго кіраванне магло б быць істотна абцяжарана[30]. Кароткі перыяд улады Петронія Максіма напамінае пра эпоху недаўгавечных салдацкіх імператараў — з тым адрозненнем, што большую ўладу зараз мелі германскія палкаводцы[30].

Такім чынам, фактычныя носьбіты ўлады знаходзіліся па-за Рымам. Гэта спрыяла фармаванню цікавай унутрыпалітычнай сітуацыі: зараз сенат мог уплываць на падзеі, якія адбываліся/ вакол прастола[30]. Чым бліжэй да Італіі ссоўвалася мяжа з германскімі каралеўствамі, тым менш абароненым пачувалася насельніцтва вечнага горада, тым менш яно было задаволена кіраваннем[30]. Таму багатыя патрыкіі сталі будаваць маёнткі на Сіцыліі, каб пазбегнуць пастаяннай пагрозы, што навісала над Рымам[30].

Заўвагі[правіць | правіць зыходнік]

  1. Petronius Maximus // Encyclopædia Britannica Праверана 9 кастрычніка 2017.
  2. а б в г д Грант 1998.
  3. а б в г д е ё ж з і к л м н о п р с т у ф х ц ч Mathisen 1999.
  4. Drinkwater 2002, p. 118.
  5. Drinkwater 2002, p. 117.
  6. Drinkwater 2002, p. 120.
  7. Drinkwater 2002, p. 112.
  8. а б в г д е PLRE. Petronius Maximus 22.
  9. Прокопий Кесарийский. Война с готами. I. 25. 15.
  10. Norwich 1989, p. 160.
  11. Новеллы Валентиниана III. XIX.
  12. а б в г Cameron 2001, p. 18.
  13. Иоанн Антиохийский. Хроника. Фрагменты 200—201.
  14. Прокопий Кесарийский. Война с вандалами. I. 4. 17-24.
  15. а б в г д е ё ж з і к л м Gibbon 1930.
  16. Cameron 2001, p. 473.
  17. Canduci 2010, p. 160.
  18. Прокопий Кесарийский. Война с вандалами. I. 4. 28.
  19. а б Проспер Аквитанский. Хроника. 1375.
  20. Canduci 2010, pp. 161–163.
  21. Cameron 2001, p. 20.
  22. а б Cameron 2001, p. 125.
  23. Прокопий Кесарийский. Война с вандалами. I. 4. 36.
  24. Иордан. Гетика. 235.
  25. а б Browne 1859, p. 350.
  26. Canduci 2010, pp. 161.
  27. а б Norwich 1989, p. 162.
  28. Cameron 2001, p. 21.
  29. Сидоний Аполлинарий. Письма. II. 13.
  30. а б в г д е ё Петроний Максим на сайте imperiumromanum.com

Крыніцы і літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Крыніцы[правіць | правіць зыходнік]

  1. Прокопий Кесарийский. Война с вандалами.
  2. Сидоний Аполлинарий. Письма.
  3. Иоанн Антиохийский. Хроника.
  4. Проспер Аквитанский. Хроника.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  1. Browne, Robert William. A history of Rome from A.D. 96 to the fall of the Western empire. — Society for Promoting Christian Knowledge, 1859.
  2. Gibbon, Edward. The History of the Decline and Fall of the Roman Empire. Volume 6. Chapter 35—36. — New York: Fred de Fau and Co, 1930.
  3. Martindale, J. R. Petronius Maximus 22 // Prosopography of the Later Roman Empire. — Cambridge University Press, 1980. — Vol. II : A.D. 395—527. — P. 749—751. — ISBN 0-521-20159-4 [2001 reprint].
  4. Norwich, John Julius. Byzantium: The Early Centuries. — Penguin, 1989.
  5. Грант, М. Римские императоры. Петроний Максим. — М.: ТЕРРА — Книжный клуб, 1998.
  6. Mathisen, Ralph. Petronius Maximus (17 March 455 – 22 May 455). An Online Encyclopedia of Roman Emperors. — 1999.
  7. Cameron, Averil; Ward-Perkins, Bryan; Whitby, Michael. The Cambridge Ancient History, Volume 14: Late Antiquity: Empire and Successors, A.D. 425–600. — Cambridge: Cambridge University Press, 2001.
  8. Drinkwater, John; Elton, Hugh. Fifth-Century Gaul: A Crisis of Identity?. — Cambridge: Cambridge University Press, 2002.
  9. Canduci, Alexander. Triumph & Tragedy: The Rise and Fall of Rome's Immortal Emperors. — PIER 9, 2010.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]