Ромул Аўгуст

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Флавій Ромул Аўгуст
лац.: Flavius Romulus Augustus
Флавій Ромул Аўгуст
Трэмісіс з партрэтам Ромула Аўгуста
Імператар Заходняй Рымскай імперыі
31 кастрычніка 4754 верасня 476
Папярэднік: Юлій Непат
 
Веравызнанне: хрысціянства
Нараджэнне: каля 460
Равена, Правінцыя Равена, Эмілія-Раманья
Смерць: пасля 507
Кастэль-дэль-Ова, Неапаль, правінцыя Неапаль[d], Кампанія, Італія
Дынастыя: апошнія імператары[d] і gens Flavia[d]
Бацька: Флавій Арэст

Фла́вій Ро́мул Аўгу́ст[1] (лац.: Flavius Romulus Augustus), Ро́мул Аўгу́стул (лац.: Romulus Augustulus)[2], больш вядомы ў рымскай гістарыяграфіі як Ро́мул Аўгу́ст, — апошні імператар Заходняй Рымскай імперыі, які кіраваў у 475476 гадах.

Ромул, які вылучаўся толькі сваёй прыгажосцю[3], быў узведзены на прастол у юнацкім узросце сваім бацькам, военачальнікам Арэстам, які зрынуў імператара Юлія Непата. Аднак яго прэтэнзіі на прастол не былі прызнаны ні гальскім намеснікам Сіягрыем, ні кіраўніком Усходняй Рымскай імперыі, ні Непатам, які адправіўся кіраваць у Далмацыю[2]. За малалетняга імператара кіраваў яго бацька. У выніку, пасля дзесяцімесячнага кіравання Ромул быў зрынуты правадыром герулаў Адаакрам і адпраўлены ў выгнанне ў Кампанію, дзе і жыў, як відаць, да самай сваёй смерці[4].

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Паходжанне і ўзыходжанне на прастол[правіць | правіць зыходнік]

Бацькам Ромула быў выхадзец з Паноніі магістр італійскай арміі і патрыцый Флавій Арэст[5], а маці дачка коміта Норыка Ромула, які паходзіў з Паэтавіёна (суч. Птуй)[3]. Будучы імператар нарадзіўся прыблізна каля 460 ці 461 года і быў названы ў гонар свайго дзеда[6]. Вядома, што Ромул насіў імя Аўгуст яшчэ да свайго ўзыходжання на прастол. Гэта выснова робіцца на падставе наступнага надпісу на яго манетах: «Dominus Noster Romulus Augustus Pius Felix Augustus» (бел.: Наш валадар Ромул Аўгуст Бласлаўлёны Шчаслівы Аўгуст)[4]. Гэтак жа Ромула часам называюць Аўгустулам (бел.: Маленькі Аўгуст, Аўгусцёнак) з-за яго юнага ўзросту, а грэкі кпліва адзываліся пра яго, як пра «маленькую ганьбу» — Маміла (лац.: Momylos)[4]. Пазней многія гісторыкі адзначалі тое, што па іроніі лёсу Ромул Аўгуст злучыў і, паводле выразу Э. Гібана, зганьбіў, у сабе імёны заснавальніка Рыма і яго першага імператара[3].

Бацька Ромула, Арэст, які быў некалі сакратаром (натарыем) пры Атыле, быў узведзены ў званне ваеннага магістра па загадзе імператара Юлія Непата ў 475 годзе, змяніўшы на гэтай пасадзе Экдыцыя Авіта[7][8]. Неўзабаве пасля гэтага прызначэння Арэст па просьбе салдат, якія сімпатызавалі яму, падняў паўстанне супраць Юлія Непата і захапіў сталіцу Заходняй Рымскай імперыі Равену[7]. Калі імператар даведаўся пра гэта, то ўцёк у Далмацыю ў жніўні 475 года, дзе яго дзядзькам Марцэлінам была заснавана паўнезалежная дзяржава[9]. Пасля гэтага военачальнік, як відаць, займае чакальную пазіцыю на працягу каля двух месяцаў, магчыма, чакаючы рэакцыі з боку ўсходняга імператара[10]. І нарэшце, 31 кастрычніка 475 года Арэст, адмовіўшыся па нейкай невядомай прычыне ад тытула імператара, узвёў на прастол свайго малалетняга сына Ромула[9]. Магчыма, ён вырашыў, што ў якасці цара рымляне лепш прымуць яго сына, у якім цякло больш рымскай крыві, чым у самім Арэсце[11]. Тым не менш, военачальнік фактычна стаў кіраваць імперыяй замест свайго сына[10]. Акрамя таго, паводле паведамлення візантыйскага гісторыка Евагрыя Схаластыка, Арэст абвясціў сябе каралём[12].

Кіраванне[правіць | правіць зыходнік]

Усходнерымскі імператар Зянон, які не лічыў Ромула Аўгуста законным манархам

К часу ўзыходжання на прастол Ромула Аўгуста Заходняя Рымская імперыя знаходзілася на грані знікнення. Імператарская ўлада распаўсюджвалася толькі на Італію і невялікую частку Паўднёвай Галіі[13]. Усходнерымскі імператар Леў I Макела, які сканаў у 474 годзе, узводзіў на прастол Заходняй Рымскай імперыі двух чалавек — Пракопія Антэмія і Юлія Непата, таму яго пераемнік Зянон, гэтак жа як і намеснік Паўночнай Галіі Афраній Сіягрый адмовіліся прызнаць Ромула імператарам Захаду, лічачы яго звычайным узурпатарам[10].

З-за свайго маленства Ромул не пакінуў ніякіх слядоў дзейнасці акрамя залатых солідаў, якія чаканіліся ў Рыме, Медыялане, Равене і Арэлаце, і прызначаліся, хутчэй за ўсё, для аплаты паслуг варвараў, якія служылі ў заходнерымскай арміі[10]. Некалькі знойдзеных сярэбраных манет былі выпушчаны ў Равене, аднак медныя манеты эпохі кіравання Ромула не вядомыя. Найбольш сур'ёзнай праблемай, з якой сутыкнуўся новы цар, было кіраванне разнамаснымі войскамі варварскіх наймітаў[10]. Пасля дзесяцімесячнага кіравання супраць Ромула і яго бацькі паўстала армія, якая амаль цалкам складалася з герулаў, ругаў і скіраў[4]. Яны ведалі, што рымскі ўрад заключыў з германцамі іншых частак Заходняй Рымскай імперыі дамоўленасць, паводле якой мясцовыя землеўладальнікі павінны былі вылучаць пэўную частку ад сваіх уладанняў перасяленцам[14]. Аднак гэты прынцып ніколі не распаўсюджваўся на Італію, але салдаты з германскіх плямёнаў, раскватараваныя на паўвостраве, заявілі, што падобныя дзеянні павінны быць прадпрынятыя таксама і на іх карысць[15]. Яны не настойвалі на тым, каб ім вылучалі дзве траціны зямлі, як гэта было зроблена ў пачатку V стагоддзя імператарам Ганорыем у адносінах да вестготаў, якія напалі на Галію. Легіянеры сцвярджалі, што для задавальнення іх просьбы хапіла б і адной траціны зямель[14]. Насуперак іх чаканням Арэст адмовіў салдатам у гэтым прашэнні[10]. Таксама, магчыма, Арэст першапачаткова абяцаў салдатам зямлю ў якасці ўзнагароды за звяржэнне Юлія Непата, таму яны і выступілі супраць яго[4]. Іншай прычынай бунту было пагаршэнне фінансавання казной рымскай арміі па прычыне невялікіх даходаў з тэрыторыі адной толькі Італіі, у сувязі з чым салдаты таксама выходзілі з падпарадкавання ўладам[16].

Раздражнёныя салдаты абралі сабе правадыра ў асобе аднаго з галоўных военачальнікаў Арэста Флавія - Адаакра[4]. Па паходжанню Адаакр быў германцам (скірам або, магчыма, ругам), яго бацька служыў пры Атыле паслом у Канстанцінопалі. Пасля смерці Атылы ён уступіў у армію заходняга імператара Пракопія Антэмія і дапамагаў Арэсту зрынуць Юлія Непата[4].

Сутыкнуўшыся з варожым стаўленнем да сябе войскаў, Арэст закрыўся ў акружаным магутнымі сценамі Тыцынуме, які быў узяты і разрабаваны[17]. Каля Плацэнтыі 28 жніўня 476 года ён быў узяты ў палон і пакараны смерцю[16]. Яго брат Павел загінуў у бітве ў лесе непадалёк ад Равены, і тады Адаакр, які ўвайшоў у горад, прымусіў Ромула адрачыся ад прастола імперыі 4 верасня таго ж года[18]. Як толькі военачальнік даведаўся пра паўторнае ўзыходжанне ўсходняга імператара Зянона Ісаўраніна на прастол, ён адправіў ад імя зрынутага Ромула Аўгуста сенацкую дэлегацыю ў Канстанцінопаль з адпаведным паведамленнем пра тое, што

«не было ніякай патрэбы ствараць ім асобнае царства; што для абодвух бакоў досыць было аднаго Зінона як агульнага іх імператара; што сенат рымскі ўручыў галоўнае начальства Адааху [Адаакру], чалавеку, які па дзяржаўным розуме і ваяўнічасці здольны ахоўваць дзяржаву»[19].

Таксама сенат прасіў Зянона прысвоіць Адаакру тытул патрыкія і даручыць яму кіраванне Італіяй[20]. Зянон не адразу, але ўсё ж выканаў іх просьбу. Адаакр пазней прысягнуў на вернасць імператару Усходняй Рымскай імперыі і кіраваў у Італіі як прадстаўнік візантыйскай улады[10]. Таму тэарэтычна імперыя заставалася адзінай[21].

Жыццё пасля кіравання[правіць | правіць зыходнік]

Ромул Аўгуст адракаецца ад прастола. Ілюстрацыя 1880 года

Звяржэнне апошняга імператара Заходняй Рымскай імперыі Ромула Аўгуста Адаакрам 4 верасня 476 года лічыцца традыцыйнай датай падзення Заходняй Рымскай імперыі, хоць фармальна яна працягвала існаваць да таго моманту, калі ў сваіх далматыйскіх уладаннях у 480 годзе не быў забіты зрынуты імператар Юлій Непат, пасля смерці якога Адаакр выслаў у Канстанцінопаль імператарскія інсігніі[6][15][22]. Да 486 года намеснік Галіі Афраній Сіягрый утрымліваў Суасонскую вобласць, а міліцыя Норыка і Рэцыі працягвала ваяваць з варварамі[10]. Таксама 476 год сучаснай навукай лічыцца годам заканчэння эпохі антычнасці. Аднак вядомы ірландскі гісторык Джон Багнел Б'юры, гаворачы пра 476 год як пра год падзення Заходняй імперыі, удакладняе, што «гэта фраза недакладная і няўдалая, і падае ў няправільным святле змены, якія адбыліся. Ніякая імперыя не пала ў 476 годзе; не было ніякай „Заходняй Імперыі“, якая магла б пасці. Была толькі адна Рымская імперыя, якой часам кіравалі двое ці больш Аўгустаў… Важна зразумець, што з канстытуцыйнага пункта гледжання Адаакр быў пераемнікам Рыцымера…»[23]. Усходняя Рымская (або Візантыйская) імперыя перажыла Заходнюю на амаль тысячагоддзе і спыніла сваё існаванне толькі ў 1453 годзе пасля заваявання туркамі-асманамі Канстанцінопаля.

Лёс Ромула пасля яго звяржэння дакладна невядомы. Ананім Валезія паведамляў, што Адаакр, «пашкадаваўшы яго з-за малога ўзросту і, крануты яго прыгажосцю», злітаваўся над Ромулам і пакінуў за ім штогадовую пенсію ў 6 тысяч солідаў, і адправіў у ссылку разам з маці ў кампанскі палац Лукула на мізенскім мысе[24][25]. Аднак Іардан і Марцэлін Коміт не згадваюць ні пра якую штогадовую пенсію[7][26]. Лукуланскі палац быў пабудаваны вядомым рымскім военачальнікам эпохі рэспублікі Луцыем Ліцыніем Лукулам (консул 74 гады да н.э.), і служыў вілай для імператара Тыберыя[10]. З Ромулам адправіліся розныя сваякі і значная світа[10].

Крыніцы сыходзяцца ў меркаванні, што Ромул пасяліўся ў палацы Лукула. Пасля гэтага пра Ромула няма ніякіх згадак. Хутчэй за ўсё, Ромул быў заснавальнікам манастыра непадалёк ад палаца[10]. Манастыр Ромула, аднак, набыў значную вядомасць падчас пантыфіката Рыгора I Вялікага і існаваў яшчэ ў X стагоддзі[10].

Магн Аўрэлій Касіядор, сакратар караля остготаў Тэадорыха Вялікага, напісаў ліст нейкаму Ромулу ў 507 годзе, у якім пацвярджаў пенсію, што выдавалася таму[27]. Томас Ходжкін, перакладчык прац Касіядора, пісаў у 1886 годзе, што Ромул Аўгуст і ўпамянуты ў лісце Касіядора Ромул, магчыма, з'яўляюцца адным і тым жа чалавекам[28]. Відаць, былы імператар памёр да аднаўлення візантыйскай улады ў Італіі (гэта значыць да сярэдзіны VI стагоддзя), бо гісторык Пракоп Кесарыйскі, які пісаў пра Ромула як пра апошняга кіраўніка заходняй часткі імперыі, не згадвае пра былога імператара як пра жывога ў апісанні візантыйска-гоцкіх войнаў[10].

Ромул Аўгуст у культуры[правіць | правіць зыходнік]

Найбольш вядомыя мастацкія творы, у якіх Ромул Аўгуст фігуруе як галоўны ці адзін з галоўных герояў:

Зноскі[правіць | правіць зыходнік]

  1. PLRE, 1980
  2. 2,0 2,1 Энциклопедический исторический словарь. — М. : РИПОЛ Классик, 2011. — 752 с. — (Словари нового века).
  3. 3,0 3,1 3,2 Гібан, 2008
  4. 4,0 4,1 4,2 4,3 4,4 4,5 4,6 Грант, 1998
  5. Jones, A. H. M. Orestes 2 // Prosopography of the Later Roman Empire / A. H. M. Jones, J. R. Martindale, J. Morris. — Cambridge University Press, 1971—1992. — Vol. I—III.
  6. 6,0 6,1 Romulus August(ul)us. Imperium-Romanum.com. Праверана 14 мая 2014.
  7. 7,0 7,1 7,2 Іардан. Пра паходжанне і дзеянні гетаў. 241.
  8. Gibbon, 1994, p. 391
  9. 9,0 9,1 Gibbon, 1994, p. 400
  10. 10,00 10,01 10,02 10,03 10,04 10,05 10,06 10,07 10,08 10,09 10,10 10,11 10,12 Mathisen & Nathan, 1997
  11. Romulus Augustus (AD 475 – AD 476). Illustrated History of the Roman Empire. Архівавана з першакрыніцы 27 ліпеня 2013. Праверана 14 мая 2014.
  12. Евагрый Схаластык. Царкоўная гісторыя. II. 16.
  13. Hollister, 2005
  14. 14,0 14,1 Gibbon, 1994, p. 402
  15. 15,0 15,1 Bryce, 1961, p. 24
  16. 16,0 16,1 Хізер, 2010, с. 668
  17. Хізер, 2010
  18. Хізер, 2010, с. 669
  19. Малх Філадэльфіец. Гісторыя. Урывак 12.
  20. Рыжоў, 2001
  21. Краучик, Ш. Два аспекта 476 года (арх. 27 ліпеня 2013) // Historia: Zeitschrift für Alte Geschichte. — 1986.
  22. Duckett, Eleanor Shipley. The Gateway to the Middle Ages. — [Ann Arbor] : University of Michigan Press, 1961. — P. 1.
  23. Bury, J. B. History of the Later Roman Empire. — L., 1923/1958. — Vol. I. — P. 408.
  24. Gibbon, 1994, p. 406
  25. Ананім Валезія. Частка апошняя. Жыццяпіс Тэадорыха. VIII. 38.
  26. Марцэлін Коміт. Хроніка. 476.
  27. Магн Аўрэлій Касіядор. Variae. III. 35.
  28. [Каментарыі Томаса Ходжкіна] // The Letters of Cassiodorus. — L. : Henry Frowde, 1886.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Крыніцы[правіць | правіць зыходнік]

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Гиббон, Эдуард. История упадка и разрушения Великой Римской империи. — М. : ТЕРРА, 2008. — Т. 4. — ISBN 978-5-275-01704-5.
  • Грант, М. Ромул Август // Римские императоры. — М. : ТЕРРА — Книжный клуб, 1998.
  • Рыжов, К. В. Ромул Августул // Все монархи мира. Греция, Рим, Византия. — М., 2001.
  • Хизер, Питер. Падение Римской империи. — М., 2010. — 800 с. — ISBN 978-5-17-057027-0.
  • Bryce, James Bryce. The Holy Roman Empire. — Schocken Books, 1961.
  • Martindale, J. R. Romulus Augustus 4 // Prosopography of the Later Roman Empire. — Cambridge University Press, 1980. — Vol. II : A.D. 395—527. — P. 949—950. — ISBN 0-521-20159-4 [2001 reprint].
  • Gibbon, Edward. The History of the Decline and Fall of the Roman Empire / David Womersley, ed. — L. : Penguin Books, 1994. — Vol. 3.
  • Heather, Peter. Medieval Europe: A Short History. — N. Y. : McGraw Hill, 1995.
  • Hollister, C. Warren. The Fall of the Roman Empire. — L. : Penguin Books, 2005.
  • Murdoch, Adrian. The Last Roman: Romulus Augustulus and the Decline of the West. — Stroud : Sutton, 2006.
  • Norwich, John Julius. Byzantium: A Short History. — N. Y. : Vintage, 1997. — 496 p. — ISBN 0-679-45088-2.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]