Канстант
Флавій Юлій Канстант лац.: Flavius Iulius Constans | ||
![]() | ||
Бюст Канстанта. Луўр | ||
| ||
---|---|---|
| ||
Суправіцелі | Канстанцый II, Канстанцін II (337 — 340) | |
Папярэднік | Канстанцін I Вялікі | |
Пераемнік | Магненцый(руск.) бел. (узурпатар) | |
Дзейнасць | палітык | |
Веравызнанне | нікейскае хрысціянства | |
Нараджэнне | 320 ці 323 Канстанцінопаль | |
Смерць | 350 каля Эльна | |
Пахаванне | ||
Дынастыя | Дынастыя Канстанціна | |
Бацька | Канстанцін I Вялікі | |
Маці | Флавія Максіма Фаўста | |
Жонка | Olympias of Armenia[d] | |
Флавій Юлій Канстант (лац.: Flavius Iulius Constans), больш вядомы ў рымскай гістарыяграфіі як Канстант, — рымскі імператар як цэзар у 333—337 гадах, як аўгуст у 337—350 гадах.
Канстант быў малодшым сынам імператара Канстанціна I Вялікага. У 333 годзе ён атрымаў тытул цэзара. Пасля смерці бацькі Канстант атрымаў у долю Італію, Ілірыю і Афрыку. У 340 годзе ў яго адбыўся канфлікт з яго братам Канстанцінам II, які ў выніку быў забіты, пасля чаго Канстант атрымаў сабе яго ўладанні — Іспанію, Галію, Брытанію. Імператар ваяваў з сарматамі на Дунаі, франкамі на Рэйне і піктамі і скотамі ў Брытаніі. З'яўляючыся прыхільнікам артадаксальных паглядаў, Канстант падтрымваў у арыянскай царкоўнай спрэчцы бок Афанасія Вялікага і змагаўся супраць паганцаў, іўдзеяў і данатыстаў(руск.) бел. у Афрыцы. Аднак у выніку змовы пад кіраўніцтвам военачальніка Магна Магненцыя імператар быў зрынуты 18 студзеня 350 года. Пасля гэтага Канстант пусціўся ва ўцёкі, але быў дагнаны і забіты непадалёк ад Пірэнеяў[1].
Канстант насіў пераможны тытул(руск.) бел. «Сармацкі Найвялікшы» з 338 года[2].
Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]
Жыццё да прыходу да ўлады[правіць | правіць зыходнік]
У антычных крыніцах жыццё і кіраванне Канстанта апісваюцца вельмі коратка, і таму мы маем пра іх бедную інфармацыю. Пры рэканструкцыі яго біяграфіі выкарыстоўваюцца розныя працы IV стагоддзя і пазнейшыя працы[3]. Дакладная дата нараджэння будучага імператара Флавія Юлія Канстанта невядомая. Выходзячы з паведамленняў рымскага гісторыка Еўтропія(руск.) бел.[4] і візантыйскага Іаана Занары[5], паводле якіх на момант смерці Канстанту было трыццаць гадоў, можна зрабіць выснову, што ён нарадзіўся прыблізна каля 320 года[6]. Аднак Псеўда-Аўрэлій Віктар піша, што імператар сканаў ва ўзросце дваццаці сямі гадоў[7]. Такім чынам, з гэтай крыніцы атрымваецца, што Канстант нарадзіўся ў 323 годзе[6]. Нямецкі гісторык Ота Зеек больш схіляецца да другой даты, бо ўзрост, што паведамляецца Еўтропіем і Іаанам Занарам, здаецца яму ўсяго толькі акругленнем дадзеных Псеўда-Аўрэлія Віктара[8].
Бацькам Канстанта быў рымскі імператар Канстанцін I Вялікі, а маці — Флавія Максіма Фаўста[3]. Ён быў трэцім і самым малодшым сынам, які нарадзіўся ў гэтым шлюбе[3]. Зневажальныя аповеды, якія перадаваліся Зосімам(руск.) бел., пра тое, што нібы яго маці была наложніца Канстанціна[9], па ўсёй бачнасці, з'яўляюцца блытанінай з падобнымі паведамленнямі пра іншых сыноў імператара Крыспа і Канстанціна II[1]. Па матчынай лініі Канстант з'яўляўся ўнукам аднаго з заснавальнікаў тэтрархіі(руск.) бел. Максіміяна Геркулія, а па бацькаўскай — яго малодшага суправіцеля Канстанцыя I Хлора[6]. Канстант выхоўваўся як хрысціянін[3]. Ён атрымаў адукацыю пры двары свайго бацькі ў Канстанцінопалі пад кіраўніцтвам знакамітых прамоўцаў свайго часу, у тым ліку і паэта Эмілія Магна Арборыя, які выкладаў яму лаціну[8][1].
25 снежня 333 года Канстант быў абвешчаны цэзарам сваім бацькам, па ўсёй бачнасці, у Канстанцінопалі[6]. Як апавядае Аўрэлій Віктар(руск.) бел., у наступную пасля гэтай падзеі ноч «усё неба бесперапынна палала агнямі» (магчыма, гэта было паўночнае ззянне), што было вытлумачана як благое прадвесце для будучага кіравання Канстанта[10]. Потым юны цэзар некаторы час жыў пры двары Канстанціна I, але прыблізна летам 335 года быў адпраўлены ў Італію, якая была аддадзена пад яго кіраванне[8]. Пазней, магчыма, у 336 годзе[2], але ва ўсякім разе незадоўга да смерці свайго бацькі, Канстант быў заручаны з Алімпіядай, дачкой прэфекта прэторыя Флавія Аблабія(руск.) бел., што было зроблена, як здаецца, з-за палітычных меркаванняў[3]. Аднак шлюб так і не адбыўся, і пасля гібелі Канстанта Алімпіяда выйшла замуж за цара Вялікай Арменіі Аршака II(руск.) бел.[11].
Выгляд і асабістыя якасці[правіць | правіць зыходнік]
Антычныя аўтары досыць адмоўна характарызуюць Канстанта. Так, Аўрэлій Віктар піша наступнае:
«па маладосці гадоў [Канстант] быў вельмі неасцярожны і неўтаймаванага нораву, да таго ж паддаваўся ўплыву благіх сваіх слуг, быў, апроч таго, вельмі прагны і грэбаваў вайсковымі сіламі […]. Ён за грошы браў сабе ў закладнікі прыгожых хлопчыкаў і заляцаўся за імі, бо ўсталявана, што ён меў такі заган»[12].
Тым не менш, пра праўдзівасць дадзенай характарыстыкі мы судзіць не можам[1]. Псеўда-Аўрэлій Віктар паказвае на тое, што ў імператара было слабое здароўе[7], а Еўтропій піша, што Канстант не быў абдзелены палкаводніцкім талентам[13]. Партрэты Канстанта малююць маладога чалавека, выгляд якога мае некаторыя падабенствы са статуямі Атона[14]. Ад бацькі ён успадкаваў схільнасць да рыторыкі. Хрысціянскага сафіста Праэрэсія(руск.) бел. імператар выклікаў да свайго двара ў Галіі, зрабіў яго сваім сатрапезнікам і запрашаў за адзін стол з тымі, каго той найболей паважаў, а потым адпусціў з дарункамі і прысвоіў яму тытул ганаровага вайсковага магістра(руск.) бел.[8].
Кіраванне[правіць | правіць зыходнік]
Змаганне з Канстанцінам II[правіць | правіць зыходнік]

Пасля смерці Канстанціна I Вялікага 22 мая 337 года[3] і знішчэнні салдатамі практычна ўсіх сваякоў, якія маглі б мець прэтэнзіі на трон, Канстант і яго два браты, Канстанцін II і Канстанцый II, 9 верасня 337 года былі абвешчаны аўгустамі войскам[8]. Спачатку Канстанту адыходзілі тэрыторыі прэтарыянскай прэфектуры Італіі і Афрыкі[15]. Канстант быў гэтым незадаволены, таму браты сустрэліся ў панонскім горадзе Вімінацыум(руск.) бел. улетку 338 года для перагляду меж іх уладанняў (часам гэты з'езд пераносяць на верасень 337 года[3])[15]. Там таксама было перагледжана і дапоўнена заканадаўства часоў Канстанціна[16].
Пры новым падзеле Канстант атрымаў не толькі дыяцэзы Македонія, Дакія і Панонія, якія да таго належалі пляменніку Канстанціна I Далмацыю Малодшаму, да таго часу ўжо забітаму, але і дыяцэз Фракія(руск.) бел. разам з Канстанцінопалем, які Канстанцый II па невядомай нам прычыне саступіў малодшаму брату[1]. Аднак, калі стасункі паміж Канстантам I і Канстанцінам II імкліва пагоршыліся, бо першы аспрэчваў права другога мець званне старэйшага аўгуста, Канстант у 339 годзе аддаў Канстанцыю II Канстанцінопаль і частку Фракіі, вылічваючы, што дзякуючы гэтаму падарунку той падтрымае яго ў спрэчцы[1]. У прынцыпе, уладанні Канстанта з'яўляліся буферам паміж уладаннямі Канстанціна II і Канстанцыя II[16]. Таксама Канстанцін II атрымаў апеку над сваім непаўналетнім суправіцелем. Ён прымаў законы, абавязковыя для ўладанняў абодвух братоў, і прызначаў намеснікаў у правінцыі Канстанта[8]. Аднак ён быў незадаволены, што не атрымаў такую тэрыторыю, якая адпавядала яго статусу старэйшага аўгуста[17]. Магчыма, Канстанцыю II таксама не падабалася тое, што фактычна ў руках яго старэйшага брата засяродзілася ўлада над трыма чвэрцямі тэрыторыі Рымскай імперыі[8]. Тымчасам увосень 338 года Канстант здабыў перамогу ў прыдунайскіх правінцыях над сарматамі і прысвоіў сабе пераможны тытул «Сармацкі Найвялікшы»[8]. Гэты поспех узмацніў яго ўпэўненасць у сабе, і ён запатрабаваў поўнай незалежнасці і пачаў самастойна прымаць заканадаўства для сваёй тэрыторыі, на што яго падбухторваў трыбун Амфілохій[8]. Пасля сармацкай вайны 6 красавіка 339 года Канстант пабываў у панонскім горадзе Саварыя[8].
Раздражнёны тым, што Канстант атрымаў Ілірыю і Фракію пасля смерці Далмацыя, Канстанцін запатрабаваў, каб ён аддаў яму афрыканскія правінцыі ў якасці кампенсацыі набытага ім багатага рэгіёна[17]. Таксама ён патрабаваў саступіць і Італію, але Канстант адмовіўся. Апроч таго, ён заручыўся падтрымкай Канстанцыя II, перадаўшы яму некаторыя тэрыторыі (пра што гаварылася вышэй), і разам з ім займаў пасаду консула ў 339 годзе[2]. У выніку ў 340 годзе Канстанцін II уварваўся ў Італію[3]. На чале з бязладным натоўпам, больш прыдатным для рабавання, а не для заваявання, ён раптам уварваўся ва ўладанні Канстанта[17]. Канстант, які знаходзіўся ў той час у дакійскім горадзе Наіс, дзе ўціхамірваў хваляванні мясцовых плямён, скіраваў супраць яго перадавы корпус ілірыйскіх войскаў, а сам выступіў праз некаторы час услед[17]. Аднак яго падначаленыя ўладкавалі каля Аквілеі засаду і знішчылі атрад Канстанціна II і самога гасудара[17]. Яго цела было скінута ў раку Альса[17]. Калі Канстант з асноўнай арміяй прыбыў 9 красавіка 340 года ў Аквілею, ён выявіў, што вайна ўжо скончана[8]. У выніку ён далучыў да сваіх уладанняў валоданні брата — Іспанію, Галію(руск.) бел. і Брытанію[3]. З гэтага часу ўлада над Рымскай дзяржавай прыналежала толькі яму і Канстанцыю II[1]. Апроч гэтага, Канстант прыняў тытул «Maximus Victor ac Triumphator» (бел.: Найвялікі Пераможац і Трыумфатар)[2].
Супольнае кіраванне з Канстанцыем II[правіць | правіць зыходнік]
Хваляванні ў Рымскай імперыі, найхутчэй, сталі прычынай уварвання франкаў у 341 годзе[8]. У той час Канстант знаходзіўся на дунайскай мяжы (24 чэрвеня ён пабываў у Лаўрыакуме, дзе, па ўсёй бачнасці, ізноў уціхамірваў прымежныя плямёны[1])[8]. Пасля гэтага ён спешна адпраўляецца ў Галію, дзе правёў паспяховую кампанію супраць франкаў, якія нападалі ў 341 і 342 гадах[3]. 25 студзеня 343 года імператар прыбывае ў Банонію, адкуль перапраўляецца ў Брытанію, дзе паддае рэформе сістэму абароны ўзбярэжжа і прызначае адказнага за гэта военачальніка[18]. Мусібыць, Канстант вёў баявыя дзеянні супраць піктаў і скотаў[8]. Пры ім быў адрамантаваны вал Адрыяна[18]. Ён таксама стварыў новае адмысловае падраздзяленне, якое павінна займацца разведкай і рэгулярна рабіць данясенні мясцовым камандзірам[18]. Канстант стаў апошнім законным рымскім імператарам, які наведаў Брытанію[1]. Вядома, што ў яго кіраванне былі створаны тры легіёны: I Юліевы Альпійскі(руск.) бел., II Юліевы Альпійскі(руск.) бел., III Юліевы Альпійскі(руск.) бел.[2]. Таксама былі адрэстаўраваны лазні Агрыпы ў Рыме[2].
Наколькі браты былі адзіныя пры рашэнні палітычных пытанняў, гэтак вялікія былі паміж імі рэлігійныя нязгоды, злучаныя з хрысціянскімі навукамі[18]. Тэма рэлігіі заставалася дамінантнай ва ўнутранай палітыцы. Хоць абодва імператары былі хрысціянамі, Канстанцый, як і многія яго суайчыннікі на Усходзе, быў прыхільнікам арыянства. Канстант, аднак, з'яўляўся прыхільнікам артадаксальнага хрысціянства, заснаванага на знаку веры, прынятым Нікейскім саборам[1]. Ён таксама быў адзіным з братоў, які прыняў хрышчэнне ў 337 годзе[1].
Па патрабаванні Канстанта для замірэння паміж праваслаўнымі (на захадзе) і моцнай арыянскай партыяй (на ўсходзе) у 342 годзе быў скліканы Сардыкійскі сабор(руск.) бел., дзе імператар прыняў бок ворага арыян Афанасія Вялікага[3]. Канстант шчодра фінансаваў заходняе духавенства, з якім меў асаблівыя адносіны[1]. Дзякуючы імператарскай падтрымцы царква змагла змагацца з сектай данатыстаў у афрыканскіх правінцыях. Асабліва вялікую шкоду прычынялі рэгіёну цыркумцэліёны(руск.) бел. — радыкальныя групоўкі, якія бароліся з сацыяльнай няроўнасцю шляхам забойства і рабавання багатых людзей[18].
Пастаянныя канфлікты з персамі паслабілі пазіцыі Канстанцыя II, і ў 345/346 годзе Канстант адкрыта пагражаў яму пачаць вайну, калі ён не будзе згодзен з вяртаннем Афанасія на пасаду біскупа Александрыі. Тот напісаў яму замірэнчы ліст, у якім казаў, што выканае яго жаданне[8]. У знак замірэння браты сталі консуламі ў 346 годзе[18]. Пры Канстанце заахвочваліся пераследы іўдзеяў і паганцаў. Супраць апошніх у 341 годзе імператар разам з Канстанцыем II выдаў закон пра забарону паганскіх ахвяраванняў[3].
Смерць[правіць | правіць зыходнік]
Хоць першая частка кіраванні Канстанта была досыць паспяховай, паступова ён пачаў губляць свой аўтарытэт[3]. Імператар, відаць, імкнуўся атрымаць гэтулькі грошай, колькі ён мог выціснуць са сваіх падданых, а таксама займаўся продажам урадавых пастоў тым, што прапанаваў найвышэйшую цану[3]. Таму яго вінавацілі ў прагнасці[19]. Апроч таго, антычныя крыніцы перадаюць аповеды, што Канстант адкрыта выказваў пагарду салдатам[19]. Імператара таксама асуджалі за гомасексуальныя схільнасці[3]. Магчыма, на яго дзеянні ўплывала тое, што ён пакутаваў ад падагры[8].
У выніку супраць яго паўстала змова на чале з камандзірам целаахоўнікаў Магнам Магненцыем, комітам святых шчодрасцей(руск.) бел. Марцэлінам і некім Хрэстыем[8][17]. Як толькі змова была гатова, Марцэлін пад падставай дня нараджэння свайго сына даў пышнае свята ў Аўгустадунуме(руск.) бел. 18 студзеня 350 года, куды былі запрошаны ганаровыя і ўслаўленыя грамадзяне, а таксама вайсковая верхавіна[17]. Свята адмыслова зацягвалася да познай ночы. У нейкі момант Магненцый выйшаў — нібы па натуральнай патрэбе і раптам вярнуўся, убраны ў імператарскае адзенне[17]. Змоўцы імгненна віталі яго як імператара[17]. Салдаты паспяшаліся прыняць прысягу на вернасць новаму гасудару. Гарадскія вароты былі зачынены, і досвета Магненцый авалодаў Аўгустадунумам[17]. У гэты час Канстант паляваў у суседніх лясах. Пазнаўшы пра адбыты пераварот, ён кінуўся ва ўцёкі ў суправаджэнні вернага яму франка Ланіягаіса[8]. Аднак каля горада Алена (суч. Эльн, Францыя) непадалёк ад іспанскай мяжы Канстант быў дагнаны адборнымі салдатамі на чале з Гаізонам(руск.) бел.[8]. Імператар паспрабаваў схавацца ў храме, але быў выцягнуты адтуль і засечаны[2].
Вынікі кіравання[правіць | правіць зыходнік]
Антычныя аўтары апісваюць біяграфію Канстанта ў змрочных тонах. Яго схільнасць да раскошы, цвёрдая фінансавая палітыка і адмоўнае стаўленне да салдатаў і іх кіраўніцтва зрабілі імператара непапулярным кіраўніком. Падтрымка духавенства тут не была дастатковая, бо яно не брала ўдзел проста ў кіраванні дзяржавай[20].
Рэлігійная палітыка была адным з асноўных кірункаў яго ўрада. Падзеі тых часоў паказваюць, што рэлігія і палітыка ў той час былі моцна ўзаемазвязаны[20].
Нягледзячы на свой юны ўзрост — ён кіраваў 13 гадоў і ва ўзросце 27 гадоў быў забіты, Канстанта цалкам можна лічыць годным наступнікам Канстанціна I Вялікага. Перамогі над вонкавымі ворагамі і палітычнае майстэрства ў адносінах з яго братам Канстанцыям сведчаць пра здольнасці, якія маглі б дазволіць яму ў адзін выдатны момант завалодаць усёй Рымскай імперыяй. Але напружаныя адносіны з арміяй і, магчыма, няправільна абраныя саветнікі перашкодзілі яму гэта зрабіць[20].
Заўвагі[правіць | правіць зыходнік]
- ↑ 1,00 1,01 1,02 1,03 1,04 1,05 1,06 1,07 1,08 1,09 1,10 1,11 Грант, 1998
- ↑ 2,0 2,1 2,2 2,3 2,4 2,5 2,6 Lendering, 2002
- ↑ 3,00 3,01 3,02 3,03 3,04 3,05 3,06 3,07 3,08 3,09 3,10 3,11 3,12 3,13 3,14 DiMaio, 1998
- ↑ Евтропий. Бревиарий от основания Города. X. 9. 1.
- ↑ Иоанн Зонара. Сокращение истории. XIII. 6.
- ↑ 6,0 6,1 6,2 6,3 PLRE, 1971
- ↑ 7,0 7,1 Псевдо-Аврелий Виктор. Извлечения о жизни и нравах римских императоров. XLI. 23.
- ↑ 8,00 8,01 8,02 8,03 8,04 8,05 8,06 8,07 8,08 8,09 8,10 8,11 8,12 8,13 8,14 8,15 8,16 8,17 8,18 Seeck, 1900
- ↑ Зосим. Новая история. II. 39. 1.
- ↑ Аврелий Виктор. О цезарях. XLI. 13.
- ↑ Аммиан Марцеллин. Деяния. XX. 11. 3.
- ↑ Аврелий Виктор. О цезарях. XLI. 23—24.
- ↑ Евтропий. Бревиарий от основания Города. X. 9. 2.
- ↑ Flavius Iulius Constans. Einleitung (ням.) . Personen Kaiser. Праверана 30 красавіка 2014.
- ↑ 15,0 15,1 Canduci, 2010, p. 130
- ↑ 16,0 16,1 Flavius Iulius Constans. Herrschaft I (Die Auseinandersetzung mit Constantinus II.) (ням.) . Personen Kaiser. Праверана 30 красавіка 2014.
- ↑ 17,00 17,01 17,02 17,03 17,04 17,05 17,06 17,07 17,08 17,09 17,10 Gibbon, 1930
- ↑ 18,0 18,1 18,2 18,3 18,4 18,5 Flavius Iulius Constans. Herrschaft II (Constans & Constantius II.) (ням.) . Personen Kaiser. Праверана 30 красавіка 2014.
- ↑ 19,0 19,1 Аврелий Виктор. О цезарях. XLI. 23.
- ↑ 20,0 20,1 20,2 Flavius Iulius Constans. Bewertung (ням.) . Personen Kaiser. Праверана 30 красавіка 2014.
Крыніцы і літаратура[правіць | правіць зыходнік]
Крыніцы[правіць | правіць зыходнік]
- Аврелий Виктор. Константин, Лициний, Крисп, Констанций, Лициниан, Констант, Далмаций, Магненций, Ветранион // О цезарях.
- Псевдо-Аврелий Виктор. Константин, Лициний, Крисп, Константин [II], Лициниан, Мартиниан, Констанций [II], Констант, Делмаций, Анибалиан, Магненций, Ветранион // Извлечения о жизни и нравах римских императоров.
- Зосим. Книга II // Новая история.
- Евтропий. Книга X // Бревиарий от основания Города.
Літаратура[правіць | правіць зыходнік]
- Gibbon, Edward. The History of the Decline and Fall of the Roman Empire. Volume 3. Chapter 18. — New York: Fred de Fau and Co, 1930.
- Otto Seeck. Constans 3). In: Paulys Realencyclopädie der classischen Altertumswissenschaft (RE). Band IV,1. — Stuttgart, 1900. — 948–952 p.
- Jones, A. H. M. Fl. Iul. Constans 3 // Prosopography of the Later Roman Empire / A. H. M. Jones, J. R. Martindale, J. Morris. — Cambridge University Press, 1971. — Vol. I : A.D. 260–395. — P. 220. — ISBN 0-521-07233-6 [2001 reprint].
- Грант, М. Римские императоры. Констант I. — 1998.
- DiMaio, Michael; Frakes, Robert. Constans I (337—350 A.D.) (англ.) . An Online Encyclopedia of Roman Emperors. 1998.
- Jona Lendering. Constans (англ.) (3 сакавіка 2002). Праверана 30 красавіка 2014.
- Canduci, Alexander. Triumph & Tragedy: The Rise and Fall of Rome’s Immortal Emperors. — Pier 9, 2010.
Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]
- Roman Imperial Coins of Constans (англ.) . Wildwinds. — Монеты Константа. Праверана 30 красавіка 2014.