Канстанцін III (узурпатар)

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Флавій Клаўдзій Канстанцін
лац.: Flavius Claudius Constantinus
Флавій Клаўдзій Канстанцін
Залатая манета з партрэтам Кастуся III
Рымскі імператар
407 — 411
Суправіцель: Канстант II(руск.) бел. і Ганорый
 
Дзейнасць: палітык
Нараджэнне: IV стагоддзе
Смерць: 411
Дзеці: Канстант II[d], Амвросій Аўрэліян[d] і Юліян[d]

Флавій Клаўдзій Канстанцін (лац.: Flavius Claudius Constantinus), таксама вядомы ў гістарыяграфіі як Канстанцін III — рымскі імператар-узурпатар у 407411 гадах.

Канстанцін быў простым салдатам. У 407 годзе, абвешчаны імператарам у Брытаніі, ён падняў паўстанне супраць заходняга рымскага імператара Ганорыя ў Галіі і Іспаніі. Частка Галіі неўзабаве перайшла пад яго кантроль, а яго сын Канстант II захапіў Іспанію. Апроч таго, Канстанцін прымусіў Ганорыя прызнаць сябе і свайго сына імператарамі, аднак кіраваў нядоўга: мяцеж палкаводца Геронція(руск.) бел. падарваў яго ўладу, і ён быў разгромлены палкаводцам Ганорыя Канстанцыем, пасля чаго пакараны смерцю. Пасля вываду войскаў Канстанціна з Брытаніі Рым страціў кантроль над гэтай правінцыяй[1].

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Прыход да ўлады[правіць | правіць зыходнік]

Жан-Поль Ларан(руск.) бел.. Заходне-рымскі імператар Ганорый.

31 снежня 406 года некалькі плямён варвараў, у тым ліку вандалы, бургунды(руск.) бел., аланы і свевы, фарсіравалі Рэйн (магчыма, непадалёк ад Маганцыяка) і захапілі рымскія абарончыя збудаванні, пачаўшы паспяховае ўварванне на тэрыторыю Заходняй Рымскай імперыі[2]. Ад гэтак сур'ёзнага ўдару імперыі так і не ўдалося акрыяць. Рымскія ўлады не змаглі выгнаць ці знішчыць захопнікаў, большасць якіх урэшце асталявалася ў Іспаніі і Паўночнай Афрыцы; апроч таго, не было спынена прасоўванне франкаў, бургундаў і вестготаў у Галіі, якое адбывалася ў той жа час[3]. Важным фактарам, што ўплываў на паспяховасць супрацьстаяння варварам, аказалася адсутнасць адзінства сярод саміх рымлянаў: толькі аб'яднаная імперыя з поўнай падтрымкай насельніцтва змагла б знайсці ў сабе сілы спыніць уварванне і захаваць свае межы ранейшымі[3].

Падчас гэтага нашэсця правінцыя Брытанія была ахоплена паўстаннямі[4], якія падрыхтавалі глебу для з'яўлення некалькіх узурпатараў, са смерцю якіх пачалося ўзвышэнне Канстанціна ў пачатку 407 года[5]. Спачатку ў 406 годзе брытанскія легіёны, незадаволеныя няздольнасцю заходняга імператара Ганорыя і яго палкаводца Стыліхона абараніць востраў, абвясцілі імператарам нейкага салдата Марка(руск.) бел., неўзабаве забітага іншым прэтэндэнтам, мясцовым жыхаром Грацыянам(руск.) бел.. Грацыян таксама быў забіты праз чатыры месяцы, у 407 годзе[1].

Падзел Рымскай імперыі ў 395 годзе на Заходнюю (чырвоная) і Усходнюю (фіялетавая).

Вайскоўцы рымскай Брытаніі асцерагаліся ўварвання германцаў, да таго ж дзяржава імкліва распадалася, і яны роспачна мелі патрэбу ў пачуцці абароненасці. Таму салдаты выбралі лідарам чалавека, названага ў гонар знакамітага імператара пачатку IV стагоддзя Канстанціна I Вялікага, які сам узышоў на трон у выніку вайсковага перавароту, быўшы ўсяго толькі простым салдатам, але меў, па ўсёй бачнасці, некаторыя здольнасці[6]. Пра паходжанне Канстанціна III нічога не вядомае[6], а на выбар салдатаў значны ўплыў зрабіла яго імя[7]. Адразу пасля прызнання імператарам Канстанцін пачаў актыўныя дзеянні. Ён пераправіўся праз Ла-Манш на кантынент, высадзіўся ў Баноніі[3] і, паводле дапушчэнняў гісторыкаў, адвёў з Брытаніі ўсе мабільныя войскі, тым самым пазбавіўшы правінцыю абароны і паспрыяўшы аддзяленню Брытаніі ад Рымскай імперыі[6]. У Баноніі Канстанцін прабыў нядоўга[8]. Адказныя за абарону Галіі прэфект прэторыя(руск.) бел. Ліменій і варвар Харыябад, па ўсёй бачнасці, неўзабаве беглі, не зрабіўшы ўзурпатару асаблівага супраціўлення[8].

Пасля ўступу ў Галію ўлада Канстанціна была хутка прызнана ў Іспаніі і на рэйнскім узбярэжжы[6]. Тады імператар Ганорый падрыхтаваў супраць узурпатара армію пад камандаваннем гоцкага палкаводца Сара(англ.) бел.[6]. Два военачальнікі Канстанціна, рымлянін Юстыніян(англ.) бел. і франк Небіягаст(англ.) бел., якія камандавалі авангардам яго арміяй, былі пабіты Сарам[9]. Спачатку Сар разграміў Юстыніяна (апошні сам загінуў у баі), а потым абсадзіў у Валенцыі Небіягаста, якога потым падманам забіў[10]. Тым не менш Канстанцін паслаў іншую армію на чале з Эдобіхам(руск.) бел. і Геронціем(руск.) бел.; Сар быў змушаны адступіць, пакінуўшы ўсе свае трафеі багаудам(руск.) бел., якія кантралявалі праходы праз Альпы, каб атрымаць дазвол прайсці ў Італію[11]. Канстанцін забяспечыў абарону рэйнскіх меж і паставіў гарнізон на шляхі з Галіі ў Італію[12]. У Галіі ён разграміў некаторыя германскія плямёны, а з іншымі склаў мірныя дагаворы[1]. У Арылаце, Лугдуне і Аўгусце Трэвіраў Канстанцін заснаваў манетныя двары[1]. У маі 408 года ён зрабіў сваёй сталіцай Арылат[13] і прызначыў Апалінарыя (дзеда пісьменніка і паэта Сідонія Апалінарыя(руск.) бел.) прэфектам прэторыя Галіі[14]. Вестка пра захоп Галій прыйшла ў Рым, калі Ганорый знаходзіўся ў сталіцы, а Стыліхон — у Равене[15]. У той час імператар і яго военачальнік рыхтаваліся арганізаваць паход разам з гоцкім уладцам Аларыхам у Ілірыю, якую мелі намер адабраць ва ўсходняга імператара Аркадзія, але паўстанне Канстанціна сарвала іх планы[15].

Прызнанне імператарам[правіць | правіць зыходнік]

Сіліква(руск.) бел. з партрэтам Канстанта II.

Улетку 408 года, калі рымскія войскі былі сабраны ў Італіі для падрыхтоўкі да контратакі ўзурпатара, у Канстанціна былі іншыя задумы. Асцерагаючыся, што некалькі лаяльных сваякоў імператара Ганорыя ў Іспаніі, якая была радзімай і апорай дынастыі Феадосія(руск.) бел.[13], могуць арганізаваць напад з гэтай правінцыі, тым часам як войскі пад камандаваннем Сара і Стыліхона нападуць на яго з Італіі, у выніку чаго ён апынецца ў акружэнні, узурпатар вырашыў здзейсніць удар па Іспаніі[16]. Канстанцін выклікаў свайго старэйшага сына Канстанта з манастыра, дзе той жыў, узвёў яго ў ранг цэзара[17] і адправіў з вайсковым магістрам(руск.) бел. Геронціем у Іспанію. Іншага свайго сына, Юліяна, узурпатар зрабіў набілісімам[18][6]. Ёсць здагадка, што Юліян і Канстант прынялі свае імёны пасля абвяшчэння іх бацькі імператарам, а да гэтага ў іх былі іншыя імёны[6], таму што такія імёны насілі імператары з дынастыі Канстанціна, да якіх у Брытаніі працягвалі ставіцца з павагай[19]. Стрыечнікі Ганорыя былі пераможаны Канстантам без асаблівых цяжкасцей; двое з іх — Дыдым і Верэніян — трапілі ў палон, два іншых — Феадосіёл і Лагодый — беглі ў Італію і Канстанцінопаль[3]. Потым Канстант, пакінуўшы жонку ў сваёй штаб-кватэры Цезаравгусце пад апекай Геронція, вярнуўся ў Арылат[20]. У той жа час (13 жніўня 408 года) падначаленая Ганорыю рымская армія падняла паўстанне ў Тыцыне, за якім адбылося забойства імператарам патрыцыя Стыліхона 22 жніўня[3]. З прычыны гэтага мяцяжу і інтрыг пры імператарскім двары военачальнік Сар адмовіўся ад камандавання заходнім войскам; Ганорый у Равене застаўся без значнай вайсковай падтрымкі. Сітуацыю ўскладняла тое, што гоцкая армія пад кіраўніцтвам Аларыха, якая знаходзілася ў Этрурыі, стала практычна некантралюемай[3]. Таму, калі пасланцы Канстанціна прыбылі на перамовы ў Равену, Ганорый, які асцерагаўся готаў, ахвотна прызнаў Канстанціна сваім суправіцелем, а ў 409 годзе прызначыў яго консулам нароўні з сабой[20]. Хоць у Канстанцінопалі Феадосій II не паўтарыў прыклад Ганорыя, ён не стаў пярэчыць супраць таго, што Канстанцін з Канстантам славілі на манетах «Перамогу чатырох аўгустаў» (лац.: VICTORIA AAAVGGGG.), то бок заходняга і ўсходняга імператараў і іх саміх[1].

Паход у Італію[правіць | правіць зыходнік]

Сіліква Канстанціна III.

У 409 годзе магутнасць Канстанціна дасягнула найвышэйшай кропкі. Аднак ужо да верасня гэтага года варварскія плямёны, якія прарвалі абарону рэйнскай мяжы[21] і правялі наступныя два гады, рабуючы ўсе землі, што ляжалі на іх шляхі праз Галію, дасягнулі Пірэнеяў. Там яны разграмілі гарнізон Канстанціна і ўварваліся ў Іспанію[6]. Тым часам як Канстанцін збіраўся адправіць свайго сына Канстанта назад у правінцыю, каб аднавіць стабільнасць у рэгіёне, прыйшла вестка, што яго военачальнік Геронцій, які перамог варвараў, збунтаваўся і абвясціў свайго набліжанага (магчыма, сына) Максіма імператарам[9]. Нягледзячы на ўсе высілкі Канстанціна, яго боязі наконт нападу з боку Іспаніі апраўдаліся ўжо ў наступным годзе, калі Геронцій уварваўся ў Галію пры падтрымцы сваіх саюзнікаў-варвараў[22].

Прыкладна ў той жа час саксонскія піраты здзейснілі набег на Брытанію, якую Канстанцін пакінуў без якой-небудзь абароны[23]. Рымскія жыхары Брытаніі і Арморыкі, незадаволеныя тым, што Канстанцін забыўся пра іх і не здолеў усцерагчы правінцыю ад вонкавых нападаў, паўсталі супраць улады ўзурпатара і выгналі яго ўрадоўцаў[24].

Спадзеючыся ўмацаваць сваю рэпутацыю, якая пахіснулася, Канстанцін III вырашыўся на адчайную авантуру: летам 410 года ён рушыў на Італію з астатнімі ў яго войскамі[21], перайшоў праз Альпы і ўступіў у Лігурыю — напэўна, пасля перамоў з магістрам конніцы Алабіхам, які хацеў замяніць Ганорыя больш здольным кіраўніком[6]. Аднак паход завяршыўся паразай, бо Алабіх быў пакараны смерцю Ганорыем па падозранні ў здрадзе, і Канстанціну давялося адступіць у Галію пад канец лета 410 года[6].

Становішча Канстанціна рабілася ўсё больш ненадзейным; яго войска, якое вяло баявыя дзеянні супраць Геронція, пацярпела паразу пры Віене(руск.) бел. ў 411 годзе, пасля чаго яго сын Канстант ІІ быў схоплены і пакараны смерцю[9]. Прэфект прэторыя Канстанціна Дэцым Русцік(італ.) бел., які змяніў Апалінарыя на год раней, адмовіўся падначальвацца ўзурпатару, а потым узяў удзел у новым паўстанні Іявіна(руск.) бел. ў Рэйнскай вобласці[25]. Геронцій вымусіў Канстанціна і яго сына Юляна атуліцца ў Арылаце, а потым абсадзіў горад[6][1], аднак Канстанцін паспеў адправіць свайго палкаводца Эдобіха ў Паўночную Галію і за Рэйн, даручыўшы яму сфармаваць новую армію[26].

Параза і пакаранне смерцю[правіць | правіць зыходнік]

Консульскі дыптых Канстанцыя III — пераможца Канстанціна III і будучага суправіцеля Ганорыя.

У той жа час знайшоўся военачальнік, які падтрымаў Ганорыя: гэта быў будучы імператар Канстанцый III, які падышоў да Арылата, звярнуў армію Геронція ва ўцёкі, а потым сам усталяваў блакаду горада[21]. Канстанцін імкнуўся зацягнуць аблогу, спадзеючыся на вяртанне Эдобіха, які збіраў новую армію ў Паўночнай Галіі, наймаючы салдатаў з ліку франкаў і алеманаў[23], аднак на падыходзе да горада Эдобих пацярпеў паразу, паддаўшыся на простую вайсковую хітрасць Канстанцыя[27].

Слабая надзея абложанага імператара на дапамогу даканцова знікла, калі апошнія верныя яму войскі, што ахоўвалі рэйнскую мяжу, адмовіліся яго падтрымаць і высунулі свайго прэтэндэнта на трон — Іявіна. Канстанцін быў змушаны здацца[3]. Перад адкрыццём варот ён быў пасвечаны ў святары ў мясцовым храме[28]. Нягледзячы на абяцанне бяспекі і духоўны сан палоннага, Канстанцый пазбавіў зрынутага імператара волі і загадаў зняць яму галаву ў трыццаці мілях ад Равены 18 верасня 411 года[5][6][29].

Хоць Геронцій здзейсніў самагубства ў Іспаніі[30], а кароль вестготаў Атаульф(руск.) бел. праз два гады здушыў паўстанне Іявіна[27][31], рымскае валадарства больш так ніколі і не ўсталявалася ў Брытаніі пасля смерці Канстанціна III: па словах гісторыка Пракопія Кесарыйскага, «з гэтага моманту яна заставалася пад уладай тыранаў»[32]. Галія з тых часоў распалася на падуладныя Рыму землі і мноства германскіх каралеўстваў[1], хоць Канстанціну атрымалася на некаторы час стабілізаваць рэйнскую мяжу Заходняй імперыі[33].

Дзеі Канстанціна нам вядомыя толькі з варожа наладжаных у адносінах да яго крыніц. Асоба Канстанціна, што прадстаўляецца ў гэтых крыніцах, вядома, адмоўная, але ён, мабыць, адрозніваўся ад двух сваіх кароткачасовых папярэднікаў. Імператар, па ўсёй бачнасці, павінен быў валодаць валявым характарам, каб зрабіць усё тое, што ён зрабіў, і ваяваць цягам некалькіх гадоў супраць розных ворагаў[34]. Мэтай палітыкі Канстанціна было захаванне адзінства імперыі, ва ўсякім разе, адзінствы сваіх тэрыторый да Альп[34].

У легендах[правіць | правіць зыходнік]

Імя Канстанціна засталося ў легендах брытаў — так, Гальфрыд Монмуцкі ў сваёй «Гісторыі каралёў Брытаніі» прысвячае яму некалькі разделаў. Паводле яго аповеда, пасля смерці Грацыяна Вольнаадпушчаніка Брытанію ахапіў крызіс, і лонданскі архібіскуп Гветэлін адправіўся ў Брэтань прасіць дапамогі ў мясцовага караля Алдраена. Аднак Алдраен не пажадаў асабіста кіраваць адразу і Брэтанню, і Брытаніяй, таму паслаў свайго брата Канстанціна замест сябе[35].

Канстанцін прыняў кіраванне і разграміў скотаў, піктаў і нарвежцаў, якія ўварваліся ў Брытанію раней. Потым ён быў абвешчаны каралём у Цырцэстрыі, пасля чаго ўзяў шлюб з мясцовай рымлянкай. Паводле паведамлення Гальфрыда Монмуцкага, ад гэтага шлюбу нарадзіліся трое сыноў: Канстант, Амвросій Аўрэліян(руск.) бел. і Утэр Пендрагон(руск.) бел.[36]. Праз дзесяць гадоў Канстанцін быў забіты:

«Па сканчэнні дзесяці гадоў да караля з'явіўся нейкі прабывалы ў яго ў падначаленні пікт і, выдумаўшы, быццам яму трэба перамовіцца з ім сам-насам, адасобіўся з Канстанцінам у кустах і, калі нікога вакол не было, ударам нажа ўразіў таго да смерці»[36].

Пасля смерці Канстанціна паміж яго сынамі бліснула вайна за ўладу, якая доўжылася датуль, пакуль каралём не стаў Канстант, неўзабаве пасля гэтага таксама забіты[37].

Заўвагі[правіць | правіць зыходнік]

  1. 1,0 1,1 1,2 1,3 1,4 1,5 1,6 Грант, 1998
  2. Bury, 1889, p. 138
  3. 3,0 3,1 3,2 3,3 3,4 3,5 3,6 Gibbon, 1930
  4. Зосим. Новая история. VI. 1. 2.
  5. 5,0 5,1 PLRE, 1980, Fl. Cl. Constantinus 21
  6. 6,00 6,01 6,02 6,03 6,04 6,05 6,06 6,07 6,08 6,09 6,10 6,11 Elton, 1999
  7. Павел Орозий. История против язычников. VII. 40. 4.
  8. 8,0 8,1 Freeman, 1886, p. 57
  9. 9,0 9,1 9,2 Birley, 2005, p. 460
  10. Зосим. Новая история. VI. 2. 3.
  11. Зосим. Новая история. VI. 2. 4.
  12. Birley, 2005, pp. 458—459
  13. 13,0 13,1 Bury, 1889, p. 140
  14. PLRE, 1980, Apollinaris 1
  15. 15,0 15,1 Freeman, 1886, p. 61
  16. Зосим. Новая история. VI. 2. 5.
  17. PLRE, 1980, Constans 1
  18. Олимпиодор Фиванский. История. Глава 12.
  19. Freeman, 1886, p. 60
  20. 20,0 20,1 Bury, 1889, p. 141
  21. 21,0 21,1 21,2 Canduci, 2010, p. 152
  22. Bury, 1889, p. 142
  23. 23,0 23,1 Bury, 1889, p. 143
  24. Birley, 2005, p. 459
  25. Григорий Турский. История франков. II. 9.
  26. Freeman, 1886, p. 75
  27. 27,0 27,1 Bury, 1889, p. 144
  28. Олимпиодор Фиванский. История. Глава 16.
  29. Canduci, 2010, p. 153
  30. Павел Орозий. История против язычников. VII. 42. 4.
  31. Canduci, 2010, p. 155
  32. Birley, 1980, p. 160
  33. Flavius Claudius Constantinus (III.) (ням.) . PERSONEN Gegenkaiser. Архівавана з першакрыніцы 23 кастрычніка 2012.
  34. 34,0 34,1 Freeman, 1886, p. 56
  35. Гальфрид Монмутский. История королей Британии. 92.
  36. 36,0 36,1 Гальфрид Монмутский. История королей Британии. 93.
  37. Гальфрид Монмутский. История королей Британии. 94—96.

Крыніцы і літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Крыніцы[правіць | правіць зыходнік]

  1. Зосим. Книга VI // Новая История (пер. Н. Н. Болгова).
  2. Павел Орозий. Книга VII // История против язычников.
  3. Гальфрид Монмутский. Главы 92—94 // История королей Британии (пер. А. С. Бобовича).

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  1. Грант, М. Константин III // Римские императоры. — М.: ТЕРРА — Книжный клуб, 1998.
  2. Birley, A. The People of Roman Britain — University of California Press, 1980.
  3. Birley, A. The Roman government of Britain — Oxford University Press, 2005.
  4. Bury, J. B. A History of the Later Roman Empire from Arcadius to Irene, Vol. I — 1889.
  5. Canduci, A. Triumph & Tragedy: The Rise and Fall of Rome's Immortal Emperors — PIER 9, 2010.
  6. Elton, H. Constantine III (407—411 A.D.) (англ.) . An Online Encyclopedia of Roman Emperors. 1999. Архівавана з першакрыніцы 18 жніўня 2012.
  7. Freeman, E. A. The Tyrants of Britain, Gaul and Spain, A.D. 406-411 (англ.)  // English Historical Review. — 1886. — Vol. 1. — № 1. — P. 53—85. — ISSN 0013-8266. — DOI:10.1093/ehr/I.I.53
  8. Gibbon, E. The History of the Decline and Fall of the Roman Empire. Volume 5. Chapter 30—31 — New York: Fred de Fau and Co, 1930.
  9. Kulikowski, M. Barbarians in Gaul, Usurpers in Britain (англ.)  // Britannia. — 2000. — Vol. 31. — P. 325—345. — ISSN 0068113X.
  10. Martindale J.R. The Prosopography of the Later Roman Empire: Volume II. A.D. 395—527 — Cambridge: Cambridge University Press, 1980.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]