Перайсці да зместу

Эканоміка Албаніі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Эканоміка Албаніі
Эканамічныя паказчыкі
Валюта Лек
Міжнародныя
арганізацыі
СГА
Статыстыка
ВУП (намінальны) (2018)
ВУП на душу насельніцтва па ППЗ $213330
Інфляцыя (ІСК) 2% (2017)
Эканамічна актыўнае насельніцтва 1,2 млн
Узровень беспрацоўя 13.8 %
Асноўныя галіны здабыўная прамысловасць, швейная прамысловасць, сельская гаспадарка, турызм
Знешні гандаль
Партнёры па экспарце Італія 43,8%, Сербія 8,3%, Кітай7,4% , Іспанія 5,1% (2017) [1]
Партнёры па імпарце Італія 28,8%, , Грэцыя 9,7%, Кітай8,4%, Турцыя 7,3%
Дзяржаўныя фінансы
Дзяржаўны доўг $9.5 млрд
Дзяржаўныя даходы $3.61 млрд
Дзяржаўныя выдаткі $8.87 млрд[2]
Калі не абумоўлена іншае, усе прадстаўленыя лічбы ў доларах ЗША

Албанія адносіцца да ліку найбяднейшых краін Еўропы. Насельніцтва занята большай часткай у сельскай гаспадарцы. Тым не менш, у апошнюю чвэрць стагоддзя адбыліся істотныя пазітыўныя зрухі. Албанія перайшла ад планавай да рынкавай эканомікі. Рынкавыя рэформы адкрылі краіну для замежных інвестыцый, асабліва ў энергетычны сектар, транспартную інфраструктуру і турызм. Албанія мае высокі індэкс чалавечага развіцця, якім абавязана ўніверсальнай сістэме аховы здароўя і бясплатнай пачатковай і сярэдняй адукацыі. Грашовая адзінка Албаніі — лек. 122 лек за 1 еўра (2019)

Агульная характарыстыка

[правіць | правіць зыходнік]
Toptani Shopping Mall, Тырана. Сталіца — найважнейшы фінансавы хаб, цэнтр прыцягнення інвестыцый

З сярэдзіны 1940-х па канец 1980-х гадоў эканоміка Албаніі мела планавы характар, з 1988 года пачаўся паступовы пераход да эканомікі рынкавай. Хуткі эканамічны рост пачаўся ў 2000 годзе, у 2000-х штогадовы рост ВУП склаў 6—7 %, адначасова колькасць замежных інвестыцый дасягала 50 % ВУП2004 годзе замежныя інвестыцыі склалі 5,7 млрд еўра, €1780 на кожнага жыхара). Албанія стала адным з трох еўрапейскіх краёў, хто найхутчэй акрыяў ад крызісу 2008–09, і ўсе 2010-я дэманстравала высокія паказчыкі эканамічнага росту. У другой палове 2010-х урад распачаў амбіцыйную праграму рэформаў для паляпшэння бізнес-клімату.

Але, нягледзячы на ўсё гэта, Албанія застаецца адной з самых бедных краін Еўропы, нароўні з Босніяй, апярэджваючы толькі Малдову. У 2012 ВУП на душу насельніцтва (ППЗ) складаў усяго 35 % ад сярэдняга па ЕС Існуюць меркаванні, што рост эканомікі Албаніі, які можа вывесці яе на ўзровень, дастатковы для яе прыняцця ў Еўрапейскі Саюз, можа заняць да дваццаці гадоў. Да мільёна албанцаў працуюць за мяжой і адпраўленыя імі грашовыя сродкі з'яўляюцца важнай крыніцай прыбыткаў насельніцтва (да 2008 яны складалі 12–15 % ад ВУПу Албаніі, у 2015 — усяго 6 %). Узровень беспрацоўя складае 14 %, што для балканскай краіны не так і блага.[2]

Прамысловасць

[правіць | правіць зыходнік]

Значныя мінеральныя багацці краіны ляжаць у аснове развіцця здабыўной прамысловасці. У наш час вядзецца здабыча хрому (адно з першых месцаў у свеце па здабычы і экспарце), медзі, жалеза, нікелю, нафты (у тым ліку цяжкай), прыроднага газу, вуглю і баксітаў. Каля возера Прэспа знаходзіцца адно з багацейшых радовішчаў прыроднага асфальту. Аб'ёмы здабычы паліўных рэсурсаў нязначныя: так нафты здабываецца каля 22 тыс барэляў у суткі — крыху меней чым у Беларусі, нягледзячы на значныя запасы чорнага золата.[3] Здабычай нафты і газу займаюцца кампаніі Taçi Oil, Albpetrol, каляровых металаў — AlbChrome.

Цэментавы завод кампаніі Antea, акруга Круё

Большую частку электрычнасці краіна выпрацоўвае на гідраэлектрастанцыях. Тры найбуйнейшых ГЭС пабудаваны на Дрыне. У Албаніі існуюць прадпрыемствы будаўнічай (цэментавай), электратэхнічнай, металаапрацоўчай і харчовай прамысловасці. Найбольш імкліва развіваюцца тэкстыльная і швейная галіны, што ў 2010-х сталі галінамі спецыялізацыі краіны — буйныя еўрапейскія кампаніі прываблівае танная працоўная сіла. Албанія з'яўляецца буйным вытворцам тытунёвых вырабаў.

Сельская гаспадарка

[правіць | правіць зыходнік]
Вінаграднікі, горад Берат

Паўднёва-заходняя Албанія з'яўляецца адным з цэнтрам зараджэння земляробства ў Еўропе. Сучасная сельская гаспадарка, у якой занята дзве пятых насельніцтва, дае адну пятую ВУП краіны. Пераважаюць невялікія сямейныя зямельныя надзелы, механізацыя і хімізацыя недастатковыя. Зрэшты, на шляху да сяброўства ў ЕС урад мадэрнізуе галіну і фінансава падтрымлівае фермераў. Пераважае раслінаводства: вырошчваюцца пшаніца, кукуруза, бульба, гародніна, садавіна, цукровыя буракі, тытунь, вінаград; Албанія славутая сваімі шалфеем і размарынам. Даўнія традыцыі вінаградарства, да таго ж Албанія з'яўляецца адной з нешматлікіх краін свету, дзе расце дзікі вінаград. У жывёлагадоўлі перавага аддаецца авечкам ды буйной рагатай жывёле. Рыбалоўства развіта недастаткова, але багатыя рыбай (карп, фарэль, марскі лешч), мідыямі і ракападобнымі прыбярэжныя воды даюць падставу казаць пра будучыню гэтай галіны.

Міжнародны аэрапорт Тыраны імя Маці Тэрэзы

Транспартная сістэма Албаніі ў пачатку ХХІ стагоддзя сур'ёзна змянілася ў лепшы бок. Галоўнымі варотамі краіны служыць Міжнародны аэрапорт Тыраны са штогадовым абаротам у больш за 2,5 млн пасажыраў. Плануецца будаўніцтва міжнародных аэрапортаў у Влёры, Гіракастры і Сарандзе — турыстычных цэнтрах на поўдні краіны. Унутраныя перавозкі ажыццяўляюцца галоўным чынам аўтамабільным транспартам, у 2010-х працягваецца будаўніцтва аўтамагістраляў, што звяжуць Албанію з усімі суседзямі і інтэгруюць транспарт краіны ў агульнаеўрапейскую сетку. Знешні гандаль ляжыць на плячах марскога транспарту, галоўным портам з'яўляецца Дурэс, за ім ідзе Влёра.

Панарама порта Дурэса

Надзвычайную папулярнасць здаўна маюць і марскія пасажырскія перавозкі: паромныя пераправы злучылі Дурэс з мноствам астравоў і берагамі Італіі, Грэцыі, Харватыі. Чыгуначны транспарт, што інтэнсіўна развіваўся за часам Ходжы, сёння грае другарадную ролю. Аднак плануецца новая чыгунка Тырана – Дурэс, якая мае даць старт чыгуначнаму адраджэнню Албаніі.[4]

Імкліва развіваецца міжнародны турызм: ў 2013 годзе Албанію наведалі 3,3 млн чалавек, у 2017 — 5,2 млн.[5]

Рэкрэацыйныя рэсурсы і славутасці Албаніі

[правіць | правіць зыходнік]
  • У Тыране: Нацыянальны музей гісторыі, мячэць Этэм Мей, гадзіннікавая вежа, музей нацыянальнай культуры, Музей прыроднай гісторыі.
  • У Шкодары: мячэць Шэйха Заміла Абдулы Аль-Заміля, Музое Папула.
  • У наваколлях горада знаходзяцца: крэпасць Розафа і Свінцовая Мячэць.
  • У краіне шэсць нацыянальных паркаў, 20 запаведнікаў і помнікаў прыроды.

Знешні гандаль

[правіць | правіць зыходнік]

Для Албаніі характэрны адмоўны гандлёвы баланс. Траціну экспарту складаюць турыстычныя паслугі, яшчэ 17 % — ІТ-паслугі. Сярод тавараў пераважаюць абутак (асабліва скураны!) і адзенне, хромавыя руды.[6] Імпартуюцца прадукты харчавання, медыкаменты, нафтапрадукты, аўтамабілі і электроніка. Асноўны гандлёвы партнёр — Італія, за ёй з вялікім адрывам ідуць Грэцыя, Кітай, Сербія. Аб'ём двухбаковага тавараабароту з Беларуссю па выніках 2014 года склаў 16,15 млн. долараў ЗША.[7]

Зноскі