Баранавіцкая раўніна

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Баранавіцкая раўніна (2001)
Баранавіцкая раўніна (1977)

Баранавіцкая раўніна — фізіка-геаграфічны і геамарфалагічны раён Перадпалесся, водна-ледавіковая раўніна на поўначы Брэсцкай і поўдні Гродзенскай абласцей Беларусі.

Геаграфія[правіць | правіць зыходнік]

Баранавіцкая раўніна размешчана ў вярхоўях рэк Мышанкі, Шчары, Цны і Лані. Выцягнута ў напрамку з захаду на ўсход на 90 км, працягласць з поўначы на поўдзень — да 60 км. Мяжуе на захадзе з Косаўскай раўнінай, на поўначы — з Навагрудскім узвышшам, на ўсходзе — з Салігорскай, на поўдні — з Люсінаўскай раўнінай і Нараўска-Ясельдзінскай нізінай. Плошча 2,2 тыс. км².

Геалогія[правіць | правіць зыходнік]

У тэктанічных адносінах раён прымеркаваны да сучлянення паўднёвай часткі Цэнтральнабеларускага масіва, Палескай седлавіны і Прыпяцкага прагіна. Паверхня фундамента паступова пагружаецца ў заходнім і ўсходнім напрамках (-1000 м). Платформавы чахол прадстаўлены пародамі верхняга пратэразоя, юры, мела, месцамі палеаген-неагена. Верхнюю частку разрэза прадстаўляюць антрапагенавыя ўтварэнні магутнасцю 150—200 м, сярод якіх пераважаюць тоўшчы нараўскага, бярэзінскага, дняпроўскага і сожскага ледавікоў, раздзеленыя міжледавіковымі і водна-ледавіковымі пластамі. На схілах рачных далін распаўсюджаны перыгляцыяльныя адклады паазерскага ўзросту (алювіяльна-дэлювіяльныя тоўшчы магутнасцю да 5 м). Паверхня карэнных парод рассечана леднавіковымі лагчынамі, глыбінёй да 10-20 м.

Рэльеф[правіць | правіць зыходнік]

Сярэдняя вышыня 180—190 м над узроўнем мора, максімальныя вышыні прымеркаваны да цэнтральнай часткі раёна, самая высокая адзнака — 218 м (каля вёскі Канюхі Ляхавіцкага раёна).

Згладжаны рэльеф раўніны сфармавалі ледавіковыя воды. Сучасны рэльеф характарызуецца распаўсюджаннем водна-ледавіковай раўніны сожскага ўзросту. Ваганні адносных вышынь 2-3 м. У выніку расчлянення дэнудацыйнымі лагчынамі тэрыторыя набыла слабаўвалісты характар, адносныя перавышэнні ўзраслі да 5 м. Тут пераважае спадзіста-хвалісты рэльеф, які месцамі пераходзіць у спадзіста-ўвалісты і буйнаўзгоркавы (каля далін Шчары і Лахазвы). Па схілах далін утварыліся яры.

Пейзаж каля вёскі Малахоўцы Баранавіцкага раёна

Раўніннасць тэрыторыі парушаецца краявымі ледавіковымі ўтварэннямі. Найбольш высокія (абсалютныя адзнакі звыш 210 м) участкі, ператвораныя эразійна-дэнудацыйнвмі працэсамі. На крайняй поўначы прадстаўлены адносныя перавышэнні складаюць 10-20 м і больш, сустракаюцца асобныя грады, даўжыня якіх дасягае 2 км. Узгорысты масіў дыяметрам 4 км размешчаны на ўсход ад г. Баранавічы. Арыенціроўка град і ўзгоркаў субшыротная або паўночна-заходняя. Сярод насыпных канцова-марэнных форм сустракаюцца напорныя, з адорвенямі карэнных парод (в. Вялікае Гарадзішча). Паверхня марэннай раўніны і краявых град ускладняецца тэрмакарставымі западзінамі, рэдка катлавінамі спушчаных азёр, затарфаванымі ўчасткамі скразных далін на водападзелах.

На паўночным усходзе знаходзіцца азёрна-ледавіковая катлавіна з Калдычэўскім возерам у цэнтры, з якога бярэ пачатак рака Шчара. Азёрна-алюіяльны тып распаўсюджаны ўздоўж рэк Шчара, Нача, Морач. На памежжы з Палессем развіты выдмы, эолавыя грады і масівы вышынёй 3—5 м. На паверхні пашыраны водна-ледавіковыя пясчаныя, радзей супясчаныя і сугліністыя адклады асноўнай марэны.

Рака Моўчадзь у Баранавіцкім раёне

Даліны рэк адносяцца да тыпу поймавых, часта ўтвораны ў лагчынах сцёку расталых ледавіковых вод. Шырыня 1-2 км, у Шчары і Моўчадзі да 3 км. Добра распрацаваная пойма мае нярэдка два ўзроўні. Нізкая пойма ў большасці выпадкаў забалочаная. У большасці рэк сустракаюцца фрагменты першай надпоймавай тэрасы.

Гідраграфія[правіць | правіць зыходнік]

Гідраграфічная сетка прадстаўлена ракой Шчарай з прытокамі Мышанка, Грыўда, Іса (з Пляхоўкай) і Лахазва. Азёры Калдычэўскае, Дамашэўскае, Мышачак.

Глебы і расліннасць[правіць | правіць зыходнік]

Глебы дзярнова-падзолістыя на водна-ледавіковых марэнных супесках і магутных пясках пераважна на водападзелах, дзярнова-падзолістыя забалочаныя (глеяватыя) на марэнных суглінках. Тарфяна-балотныя глебы пераважаюць па паніжэннях і ў старажытных азёрных катлавінах, алювіяльныя — у поймах рэк.

Пад лясамі 31 % тэрыторыі. Пераважаюць бары, субары з дамшкам шыракалістых парод, пашыраны чорнаальховыя, бярозавыя, асінавыя лясы, на левабярэжжы Шчары — дубровы з дамешкам ясеню. У цэнтральнай частцы 2 буйныя масівы з хвоі і шыракалістых парод. На нізінных і заліўных лугах канюшына, цімафееўка, купкоўка зборная. Пад ворывам каля 44 % тэрыторыі.

На раўніне знаходзяцца Баранавіцкі і Слонімскі біялагічныя заказнікі дзяржаўнага значэння.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]