Уладзімір Караткевіч

Гэты артыкул уваходзіць у лік добрых
З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з У. Караткевіч)
Уладзімір Караткевіч
У. Караткевіч у студэнцкія гады (1949—1954).
У. Караткевіч у студэнцкія гады (1949—1954).
Асабістыя звесткі
Дата нараджэння 26 лістапада 1930(1930-11-26)[1]
Месца нараджэння
Дата смерці 25 ліпеня 1984(1984-07-25)[1] (53 гады)
Месца смерці
Пахаванне
Жонка Валянціна Браніславаўна Караткевіч
Альма-матар
Прафесійная дзейнасць
Род дзейнасці драматург, перакладчык, паэт, настаўнік, пісьменнік, сцэнарыст, празаік
Гады творчасці 19511984
Кірунак гістарычны фікшн[d]
Жанр раман, аповесць[d] і гістарычны раман[d]
Мова твораў беларуская і руская
Дэбют «Тут будет канал», «Якубу Коласу» (1951)
Грамадская дзейнасць
Член у
Прэміі
Узнагароды
ордэн Дружбы народаў
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы
Лагатып Вікіцытатніка Цытаты ў Вікіцытатніку

Уладзі́мір Сямё́навіч Каратке́віч (26 лістапада 1930, Орша — 25 ліпеня 1984, Мінск) — беларускі паэт, празаік, драматург, публіцыст, перакладчык, сцэнарыст, класік беларускай літаратуры. Адна з найбольш вядомых постацей у беларускай літаратуры другой паловы XX стагоддзя[2]. Першы беларускі пісьменнік, які звярнуўся да жанру гістарычнага дэтэктыву[3].

Творчасць Уладзіміра Караткевіча вызначаецца рамантычнай скіраванасцю, высокай мастацкай культурай, патрыятычным пафасам і гуманістычным гучаннем. Пісьменнік істотна ўзбагаціў беларускую літаратуру ў тэматычных і жанравых адносінах, напоўніў яе інтэлектуальным і філасофскім зместам[4]. Найбольш вядомыя такія творы аўтара, як аповесці «Дзікае паляванне караля Стаха», «Сівая легенда», раманы «Каласы пад сярпом тваім», «Хрыстос прызямліўся ў Гародні», «Чорны замак Альшанскі», нарыс «Зямля пад белымі крыламі»[5][6].

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Паходжанне. Сям’я. Маленства[правіць | правіць зыходнік]

Родныя Уладзіміра Караткевіча: цётка Яўгенія Васілеўна, бацька Сямён Цімафеевіч, дзед Васіль Юльянавіч Грынкевіч, маці Надзея Васілеўна, сястра Наталля і брат Валерый. 1928 г.
Бацькі Уладзіміра Караткевіча: Надзея Васілеўна і Сямён Цімафеевіч (у чыне калежскага сакратара). 1915 г.
Уладзімір Караткевіч у дзяцінстве з маці і сястрой Наталляй, г. Орша. 1937 г.

Гісторыя Уладзіміра Караткевіча пра шляхецкія карані па бацьку, вядомая з яго асабістых матэрыялаў, не адпавядае праўдзе. Напэўна, бацька, Сямён Цімафеевіч Караткевіч, не імкнуўся знаёміць дзяцей са сваім простым паходжаннем, якое кантраставала са шляхецтвам жонкі. Бацькавы продкі былі з сялян вёскі Барсукі (цяпер Высокаўскі сельсавет Аршанскага раёна) Высоцкай воласці Аршанскага павета і пісаліся ў афіцыйных дакументах Кароткімі, але самі зваліся Караткевічамі. З прозвішчам Кароткі бацька быў залічаны ў Аршанскае вучылішча, а з прозвішчам Караткевіч паступіў на службу ў Аршанскае павятовае казначэйства[7].

Маці Надзея Васілеўна паходзіла з роду Грыневічаў. Найранейшыя адшуканыя продкі «караткевічавых Грыневічаў» — браты Ілля і Панька Хведаравічы Грыневічы, якія ў 1551 годзе атрымалі ад вялікага князя літоўскага Жыгімонта Аўгуста канфірмацыйны прывілей на валоданне маёнткамі Дуброўка, Жываціна, Сожына і Язьва Мсціслаўскага княства. Нашчадак Панькі Тамаш Грыневіч браў удзел у грамадска-палітычным жыцці Мсціслаўскага і Менскага ваяводстваў у 2-й палове XVIII ст., валодаў маёнткамі ў Мсціслаўскім і Бабруйскім паветах. Апошні верыфікаваны землеўладальнік у родзе — унук Тамаша і яго цёзка Тамаш (Фама Міхайлавіч; 1817—1863), якому належаў маёнтак Верхняя Тошчыца Рагачоўскага павета[8]. Менавіта гэты Тамаш Грыневіч браў удзел у паўстанні 1863—1864 гадоў[9]. Паўстанцы пад яго камандаваннем былі разбіты, а яго самога расстралялі ў Рагачове[10]. Гэтую гісторыю Караткевіч апісаў у эпілогу рускамоўнай аповесці «Предыстория» (бел.: Перадгісторыя) і ў пралогу рамана «Нельга забыць» («Леаніды не вернуцца да Зямлі»). Паказальна, што галоўны герой рамана Андрэй Грынкевіч, вобраз якога відавочна напісаны аўтарам з сябе, мае бацькоў, якія паходзяць з аднаго роду — роду Грынкевічаў. Напэўна, пісьменнік больш атаясняў сябе з родам маці.

Дзедаў дом у Рагачове, куды Караткевіч прыязджаў на летнія вакацыі да сваёй бабулі Людмілы Антонаўны Барысевіч

Нарадзіўся 26 лістапада 1930 годзе ў Оршы ў сям’і інтэлігентаў. Бацька — Сямён Цімафеевіч (1887—1959), скончыў гарадское вучылішча ў Оршы, яшчэ падлеткам сам зарабляў сабе на жыццё, працаваў у казначэйстве, служыў у царскай арміі пісарам, пасля працаваў інспектарам па бюджэце ў Аршанскім раённым фінансавым аддзеле. Маці — Надзея Васілеўна (1893—1977), скончыла Марыінскую гімназію ў Магілёве і некаторы час працавала настаўніцай у сельскай школе пад Рагачовам, пасля замужжа занялася хатняй гаспадаркай. Маці добра ведала сусветную літаратуру[11]. У сям’і было трое дзяцей — Валерый (1918—1941), Наталля (у шлюбе Кучкоўская; 1922—2003) і Уладзімір (1930—1984)[12]. У дзіцячыя гады на Уладзіміра ўплывала сваяцкае асяроддзе, найвялікшы ўплыў аказаў дзед па маці Васіль Юльянавіч Грынкевіч (1861—1945), чалавек з багатым жыццёвым вопытам, у свой час даслужыўся да губернскага казначэя. Васіль Грынкевіч быў дасціпным апавядальнікам, ад якога ўнук пачуў шмат казак і народных паданняў, пераняў любоў да прыроды. Пазней дзед стаў прататыпам Данілы Загорскага-Вежы ў рамане «Каласы пад сярпом тваім». Ад свайго дзеда Уладзімір пачуў легенду «Маці Ветру» пра падзеі Крычаўскага паўстання 1743—1744 гадоў. Многія расповеды дзеда сталі крыніцамі будучых твораў Уладзіміра[13].

Уладзімір навучыўся чытаць вельмі рана, у тры з паловай гады. У дзяцінстве не толькі любіў слухаць казкі і розныя гісторыі, якія яму чыталі старэйшыя, але імкнуўся дадумваць развіццё сюжэтаў. З самага ранняга дзяцінства цікавіўся гісторыяй, асабліва гісторыяй Беларусі. У дзіцячыя гады разнастайнасць яго талентаў выявілася і ў схільнасці да малявання, якая захавалася на ўсё жыццё. Таксама ён меў абсалютны слых, некаторы час займаўся ў музычнай школе[14]. Таксама моцна любіў прыроду; у дзяцінстве адной з яго любімых кніг была кніга Альфрэда Брэма «Жыццё жывёл». У доме Караткевічаў было шмат кніг — і дзядулі, і кнігі бацькоў, і яго[заўв 1]. У шэсць гадоў ім былі напісаныя першыя вершы[15]. Яшчэ трохі пазней паспрабаваў пісаць апавяданні, якія сам жа і ілюстраваў. Яшчэ ў даваенныя гады адправіў ліст Карнею Чукоўскаму, на які атрымаў адказ.

Малады Караткевіч таксама цікавіўся тэатрам, разумеў мову ідыш, пра што сведчаць успаміны яго старэйшай сястры Наталлі Кучкоўскай: «Зрэдку ў наш горад прыязджаў яўрэйскі тэатр. Паколькі яўрэйская мова гучала на аршанскіх вуліцах штодня, мы без перакладчыка спакойна глядзелі ўвесь рэпертуар, які складаўся паводле вядомых твораў Шолам-Алейхема: „Блукаючыя зоркі“, „Тэўе-малочнік“, „Хлопчык Мотл“, — і атрымоўвалі вялікую асалоду»[16].

У 1938 годзе пайшоў у школу ў Оршы. Да пачатку вайны паспеў скончыць 3 класы[15].

Гады вайны і акупацыі[правіць | правіць зыходнік]

Вайна застала ў Маскве, куды пасля заканчэння школы паехаў да сястры, якая там вучылася. Трапіў у эвакуацыю ў Разанскую вобласць, потым на Урал у Молатаўскую (Пермскую) вобласць. Рабіў спробы ўцячы на фронт. Праз пэўны час высветлілася, што бацькі Уладзіміра змаглі эвакуіравацца і жылі ў горадзе Чкалаве (Арэнбургу). Туды ж дабралася і сястра. Толькі ў жніўні 1943 года яна змагла прывезці Валодзю да бацькоў у Арэнбург, дзе ён скончыў 6 класаў. У кастрычніку 1941 года на фронце загінуў старэйшы брат Валодзі Валерый. Жонку Валерыя Вольгу, якая заставалася на захопленай нямецкімі войскамі тэрыторыі, загубілі акупанты. Летам 1944 года пасля вызвалення савецкімі войскамі Кіева Уладзімір Караткевіч разам з маці на некаторы час пераехалі ў горад да сваякоў. Восенню 1944 года сям’я вярнулася ў Оршу.

Паваенны час[правіць | правіць зыходнік]

У другой палове 1940-х гадоў Уладзімір працягваў навучанне ў школе. Яго школьны сябар, Леанід Крыгман, адзначаў, што Уладзімір у свае 14 гадоў валодаў энцыклапедычнымі ведамі па літаратуры і гісторыі[17]. У час вучобы ў старэйшых класах сярэдняй школы Уладзімір Караткевіч аддаваў даніну літаратурнай творчасці — пісаў навелы, апавяданні, літаратуразнаўчыя артыкулы. У пасляваенныя гады Уладзімір, аршанскі школьнік, змясціў на старонках рукапіснага часопіса «Званочак» некалькі сваіх вершаў, а таксама першую сваю прыгодніцкую аповесць «Загадка Неферціці». Акрамя таго, ім быў напісаны шэраг апавяданняў і артыкулаў[11]. Яшчэ ў восьмым класе ён ужо амаль цалкам напісаў першы варыянт п’есы «Млын на Сініх Вірах» (пастаўленая ў 1959 годзе)[17].

Кіеўскі перыяд[правіць | правіць зыходнік]

Уладзімір Караткевіч у студэнцкія гады

У 1949 годзе Уладзімір Караткевіч закончыў сярэднюю школу і паступіў на рускае аддзяленне філалагічнага факультэта Кіеўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Тараса Шаўчэнкі, які скончыў у 1954 годзе[18]. Пазней у ім жа скончыў аспірантуру. За гады вучобы выявіў сябе адным з найбольш здольных студэнтаў, шмат чытаў — у кола яго чытацкіх інтарэсаў уваходзілі творы класікаў сусветнай літаратуры, украінскіх, расійскіх, польскіх, беларускіх аўтараў. Цікавіўся ён не толькі літаратурай, але і гісторыяй, у першую чаргу Беларусі. Пазнаёміўся са шматлікімі выданнямі, прысвечанымі нацыянальна-вызваленчаму паўстанню 1863—1864 гадоў.

У Кіеве Уладзімір Караткевіч працягваў складаць вершы на беларускай і рускай мовах, спрабаваў пісаць іх па-ўкраінску і па-польску. У яго студэнцкіх рэфератах былі грунтоўна распрацаваныя некалькі літаратуразнаўчых тэм: творчасць Пушкіна, Багдановіча і іншых. У гэты час ён задумаў вялікі гістарычны твор, дзе планаваў падаць усе акалічнасці паўстання 1863—1864 гадоў. Улетку 1950 года ў Оршы, пасля першага курса філалагічнага факультэта, Караткевічам быў створаны першы варыянт знакамітай аповесці «Дзікае паляванне караля Стаха»[17].

На радзіме ў аршанскай раённай газеце «Ленінскі прызыў» у 1951 годзе былі надрукаваныя два вершы Уладзіміра Караткевіча: «Тут будет канал» (бел.: Тут будзе канал) (на рускай мове) і «Якубу Коласу» (на беларускай мове). Летам 1952 года пад уражаннем паездкі ў Вязынку — родныя мясціны Янкі Купалы — быў напісаны нарыс «Вязынка», які разам з суправаджальным пісьмом Караткевіч даслаў жонцы Янкі Купалы Уладзіславе Луцэвіч. У гэты ж час ён накіраваў шэраг сваіх ранніх твораў (казкі, вершы, апавяданні) для ацэнкі Якубу Коласу.

Адзін з аднакурснікаў і сяброў Караткевіча, Фларыян Няўважны, казаў, што Уладзімір быў душой кампаніі і што студэнты ставіліся з павагай да яго мужнасці і прынцыповасці[19]. Пра свае студэнцкія гады і пра Украіну, якую Караткевіч вельмі любіў, ён напісаў у аповесці «У снягах драмае вясна» (1957), у эсэ «Абраная» (1982), а таксама ў эсэ пра Шаўчэнку «I будуць людзі на зямлі» (1964), пра Лесю Украінку «Saxifraga» (1971), у нарысе пра Кіеў «Мой се градок!» (1982)[20].

У 1954 годзе Уладзімір Караткевіч скончыў універсітэт. Яго дыпломная праца на тэму «Казка. Легенда. Паданне» выклікала неадназначную рэакцыю, і толькі дзякуючы намаганням акадэміка А. Бялецкага і выкладчыка А. Назароўскага ён атрымаў вышэйшую адзнаку. Увесну 1955 года ён здаў экзамены кандыдацкага мінімуму і прыступіў да напісання дысертацыі пра паўстанне 1863 года, але так яе і не скончыў[18]. У той жа час прыйшла і ідэя пра напісанне рамана на гэтую ж тэму[19].

Пасля ўніверсітэта[правіць | правіць зыходнік]

Пасля заканчэння ўніверсітэта, у 1954—1956 гадах працаваў настаўнікам рускай мовы і літаратуры ў сельскай школе[18], у вёсцы Лісавычы ў Кіеўскай вобласці Украіны. У 1956—1958 гадах працаваў настаўнікам у Оршы[18]. Пазней вучыўся на Вышэйшых літаратурных курсах (1958—1960), сцэнарных курсах (1962), у Інстытуце кінематаграфіі ў Маскве (цяпер Усерасійскі дзяржаўны інстытут кінематаграфіі імя С. А. Герасімава) і стаў прафесійным пісьменнікам.

Мінск[правіць | правіць зыходнік]

МанаЛІТ — дом у Мінску (вул. Карла Маркса, 36), у якім жыў Уладзімір Караткевіч з 1973 г. На фасадзе — мемарыяльная дошка У. Караткевічу
Магіла Уладзіміра Караткевіча на Усходніх могілках у Мінску

У пачатку 1963 года Уладзімір Караткевіч атрымаў у Мінску аднапакаёвую кватэру па адрасе вул. Чарнышэўскага, д. 7, кв. 57. Праз некаторы час з Оршы ў Мінск да яго пераехала маці. Увесну 1967 года яны ўдваіх атрымалі кватэру на вул. Веры Харужай, д. 48, кв. 26. У тым жа 1967 годзе, увосень, у часе чытацкай канферэнцыі па рамане «Каласы пад сярпом тваім» у Брэсце, Уладзімір пазнаёміўся з выкладчыцай Брэсцкага педагагічнага інстытута Валянцінай Нікіцінай (у дзявоцтве Ватковіч, 1934—1983 гг.), з якой 19 лютага 1971 года ён ажаніўся[21].

Вясной 1973 года сужэнцы абмянялі кватэру на вул. Веры Харужай і пакой на трохпакаёвую кватэру на вул. Карла Маркса, 36[22], дзе далей і жылі разам з маці Уладзіміра Караткевіча[23].

Уладзімір Караткевіч прысвяціў жонцы Валянціне Браніславаўне верш «Таўры» і раман «Чорны замак Альшанскі» (1979), які пачынаецца словамі: «В. К., якой гэты раман абяцаў дзесяць год назад, з удзячнасцю»[23]. Валянціна Браніславаўна стала высокакваліфікаваным гісторыкам, працавала ў Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР, узнагароджаная Дзяржаўнай прэміяй БССР[24].

У першай палове 1970-х гадоў Уладзімір Караткевіч адыграў вялікую ролю ў перапахаванні і ўшанаванні памяці пра Ігната Буйніцкага. Разам з тэатразнаўцам Уладзімірам Няфёдам Уладзімір Караткевіч спярша адшукаў занядбаную магілу Буйніцкага ў Палівачах, а пасля паспрыяў таму, каб у 1975 годзе яна была перанесена ў Празарокі і каб заснавальніку беларускага тэатра быў усталяваны адпаведны помнік. Уладзімір Караткевіч прысутнічаў на адкрыцці помніка, таксама прысвяціў Буйніцкаму некалькі вершаў. У той жа час, у кнізе «Зямля пад белымі крыламі» (1972) Уладзімір Караткевіч канстатаваў знікненне беларускай дуды: «Цяпер сялянскі аркестр нівеліраваўся. Скрыпка або дзве, басэтля, гармонік (баян ці акардэон), нейкі духавы інструмент ды бубен. Радзей, хаця яшчэ досыць часта, сустракаюцца цымбалы. Але амаль зніклі гуслі, а „дуда“ (валынка), я мяркую, знікла зусім. Ва ўсякім разе вось ужо пятнаццаць год як мне нідзе не даводзілася ні чуць яе, ні чуць пра яе». Магчыма, гэтая заўвага была звязаная з даследваннем спадчыны Ігната Буйніцкага. Як вядома, у трупе Ігната Буйніцкага былі тры музыканты: дудар (Адам Шульга), скрыпач і цымбаліст[25].

У другой палове 1970-х гадоў Караткевіч пачаў працаваць на Беларускім тэлебачанні, дзе ён вёў праграму «Спадчына», прысвечаную гісторыі і культуры беларускай зямлі[18].

Пісьменнік любіў шмат падарожнічаць — з сябрамі і жонкай, у складзе здымачных груп і навуковых экспедыцый ён наведаў шмат мясцін у Беларусі, таксама наведваў іншыя краіны: двойчы быў у Польшчы (1971, 1977), тройчы ў Чэхаславакіі (1973, 1975, 1979)[22].

Апошнія дні лютага 1983 года былі вельмі трагічнымі для пісьменніка — у адзін дзень, 28 лютага, памерлі яго жонка і родная цётка па матчынай лініі — Яўгенія Васілеўна, у якой ён жыў у вызваленым у 1944 годзе Кіеве[26]. Паводле слоў пісьменніка, ён у тыя дні «адчуваў сябе на мяжы нервовага надлому»[24]. У шлюбе з Валянцінай Браніславаўнай ён пражыў 12 гадоў, але дзяцей у іх не было.

У пачатку чэрвеня 1983 года Караткевіч паехаў у Оршу, у бацькоўскі дом да пляменніцы. У Мінск вярнуўся ў пачатку снежня. У пачатку лютага 1984 года ім былі напісаныя некалькі вершаў, аднак у канцы лютага Караткевіч моцна захварэў і каля месяца праляжаў у рэанімацыі. Вясной пачаў адчуваць сябе лепш[24].

Незадоўга да смерці Уладзімір Караткевіч наведаў блізкія і дарагія яму мясціны. Ён з’ездзіў у Рагачоў, у Кіеў на юбілейную сустрэчу выпускнікоў Кіеўскага ўніверсітэта. 12 ліпеня 1984 года з сябрамі, фотакарэспандэнтам Валянцінам Ждановічам і мастаком Пятром Драчовым, адправіўся ў паход па Прыпяці, дзе яму стала дрэнна, і ён 20 ліпеня вярнуўся ў Мінск[22]. Пісьменнік Анатоль Астапенка лічыць, што прычына заўчаснай смерці Караткевіча — гэта яго алкагольная залежнасць, іншая хвароба была ўжо як наступства[27]. Пра алкагольную залежнасць Караткевіча пісалі таксама Янка Брыль і Адам Мальдзіс[27].

Памёр Уладзімір Караткевіч 25 ліпеня 1984 года. Пахаваны на Усходніх могілках у Мінску.

Творчасць[правіць | правіць зыходнік]

Аўтабіяграфія з асабістай справы пісьменніка. 25 красавіка 1957 г.

Як паэт Караткевіч дэбютаваў у 1951 годзе[11] — апублікаваў у аршанскай раённай газеце «Ленінскі прызыў» два вершы: «Тут будет канал» (на рускай мове) і «Якубу Коласу» (на беларускай мове)[18].

У пачатку творчага шляху Караткевіч звярнуўся да беларускай гісторыі і фальклору, пра што сведчаць яго творы «Казкі і легенды маёй Радзімы», «Лебядзіны скіт», казка «Вужыная каралева». Фантазія пісьменніка раскрываецца ў казцы «Надзвычайная котка», якую ён пазней дапрацаваў і назваў «Чортаў скарб». У гэтай казцы пісьменнік традыцыйны фальклорны сюжэт напоўніў арыгінальнымі вобразамі і дэталямі, мяккім лірызмам і дабрадушным гумарам[28].

Уладзімір Караткевіч вывучаў, запісваў і шырока выкарыстоўваў у сваёй творчасці фальклор. Студэнтам ён даследаваў у сваёй дыпломнай працы сацыяльныя казкі і легенды ва ўсходнеславянскім фальклоры. У другой палове 1950-х гадоў ён выношваў ідэю стварэння нацыянальнай эпапеі — планаваў напісаць каля 100 тамоў[29][30], у якіх павінны былі быць «Казкі і літаратура для дзяцей у стылі Ганса Крысціяна Андэрсена» і «Запісы фальклору»[29]. Некалькі старажытных легенд пра святых Міколу і Касьяна, звязаных з беларускім фальклорам, у перакладзе Караткевіча былі змешчаны ў кнізе Аляксандра Назарэўскага «Из истории русско-украинских связей» (Кіеў, 1963).

Шэраг арыгінальных казак ім былі створаны ў 1970-я — пачатку 1980-х гадоў. На аснове адной з беларускіх казак узнікла казка «Верабей, сава і птушыны суд». Несправядлівасць, як самая ганебная для грамадства з’ява, ім асуджаецца ў казцы «Кацёл з каменьчыкамі», у якой арганічна аб’ядналіся эпічная апавядальнасць і праніклівая эмацыйнасць[31].

У казцы «Нямоглы бацька» пісьменнік піша пра павагу і любоў да бацькоў. У старажытныя часы на беларускай зямлі быў закон, паводле якога старых бацькоў адводзілі ў лес паміраць. Так спярша абышоўся са сваім бацькам і герой казкі Пятро. Аднак неўзабаве, насуперак усталяванаму закону, ён уначы ўпотай забраў бацьку. І ў галодны год мудры бацька падказвае сыну, як трэба зрабіць, каб выратаваць людзей ад голаду. Пры стварэнні гэтай казкі Караткевіч, верагодна, абапіраўся на казку «Стары бацька» Аляксандра Сержпутоўскага, аднак пры гэтым ім была выказана ўласная аўтарская пазіцыя. У казцы аўтар у тактычнай і далікатнай дыдактычнай форме кажа пра неабходнасць цаніць дабрыню і мудрасць[32].

Заява Караткевіча аб уступленні ў Саюз пісьменнікаў БССР. 26 красавіка 1957 г.

У 1958 годзе ён напісаў сатырычна-гумарыстычную аповесць «Цыганскі кароль», пры напісанні якой быў выкарыстаны факт існавання на Гарадзеншчыне ў канцы XVIII ст. цыганскага «каралеўства». Матэрыялам для аповесці паслужыў нарыс гісторыка Адама Кіркора «Народнасці Літоўскага Палесся і іх жыццё», які быў апублікаваны ў томе ІІІ «Маляўнічай Расіі» ў 1882 годзе. Пісьменніку ўдалося насычана, у духу фламандскай школы, славеснымі фарбамі апісаць стравы і гулянкі ў «палацы» Якуба Знамяроўскага[33]. У гэтай аповесці Караткевіч не толькі з’едліва характарызуе цыганскае «каралеўства» і недарэчную сістэму дзяржаўнага кіравання, але і разважае пра гістарычны лёс Беларусі, кранаючы тагачасныя сацыяльна-грамадскія і нацыянальныя праблемы[34].

Уладзімір Караткевіч з’яўляецца аўтарам паэтычных зборнікаў «Матчына душа» (1958), «Вячэрнія ветразі» (1960), «Мая Іліяда» (1969), «Быў. Ёсць. Буду» (1986). Ён плённа выкарыстоўваў у сваёй творчасці здабыткі сусветнай культуры, і адначасова быў глыбока нацыянальным творцам, выказваючы адмысловую прыхільнасць да фальклору і гістарычных сюжэтаў (вершы «Машэка», «Матчына душа», «Паўлюк Багрым»). У «Баладзе пра Вячка, князя простых людзей» (1957) пісьменнік звярнуўся да вобраза князя Вячкі, які ў першай палове XIII ст. змагаўся супраць нямецкіх рыцараў. У баладзе князь паказаны як сапраўдны патрыёт сваёй бацькаўшчыны. Нават паранены, ён біўся супраць мноства ворагаў і загінуў у баі. Ідэя самаахвярнай барацьбы характэрна для творчасці Караткевіча[35].

Тэма абуджэння беларускага народа ў 1880-х гадах была раскрытая Караткевічам у апавяданні «Кніганошы» (1962), у якім паказаны бессмяротны дух народа, імкненне простага люду да праўды і асветы[36]. Таксама яго прозе ўласцівая рамантычная паэтыка. Радасцю жыцця напоўнена апавяданне «Дрэва вечнасці», асабліва месцы, прысвечаныя Палессю і палешукам. У апавяданні пісьменнік выказаў зачараванне палескімі краявідамі і веліччу палескіх песень. Вобразы прыроды раскрытыя ім у рамане «Каласы пад сярпом тваім», аповесці «Чазенія», нарысах «Званы ў прадоннях азёр», «Абдуванчык на кромцы вады». Як пісьменнік-анімаліст паказаў сябе ў апавяданні «Былі ў мяне мядзведзі»[37].

Уладзімір Караткевіч прафесійна вывучаў гісторыю паўстання 1863—1864 гадоў. Гэта паслужыла асновай для апавяданняў «Паляшук», «Сіняя-сіняя», рамана «Каласы пад сярпом тваім» (1965), драмы «Кастусь Каліноўскі» (1965), і іншых паэтычных твораў і публіцыстычных артыкулаў. Часткова гэтая цікавасць абумоўлена і тым, што ў сям’і захоўвалі памяць пра сваяка па матчынай лініі, аднаго з кіраўнікоў паўстання на Магілёўшчыне Тамаша Грыневіча, расстралянага ў Рагачове[38]. Гэты факт лёг у аснову пралога да рамана «Леаніды не вернуцца да Зямлі» («Нельга забыць»; 1962).

У гісторыка-дэтэктыўнай аповесці «Дзікае палявання караля Стаха» пісьменнік адлюстраваў падзеі 1880-х гадоў у адным з глухіх куткоў Беларусі. У гэтай аповесці аўтар імкнуўся паказаць грамадства таго часу, з яго нацыянальнымі, культурнымі і гістарычнымі асаблівасцямі, з яго патрыятычнымі ідэямі. Аўтарам асуджаецца здрада радзімы, нацыянальнае і сацыяльнае зло[34]. Выкарыстаныя прыёмы дэтэктыўнага жанру і ў напісаным пазней сацыяльна-псіхалагічным і філасофскім рамане «Чорны замак Альшанскі» (1979), у якім Караткевіч разважае пра сувязь часоў. У рамантычнай аповесці «Сівая легенда» (1960) праз карціны сялянскага паўстання на Магілёўшчыне ў першай палове XVII ст. аўтар асэнсоўвае лёс Айчыны.

Адным з найбольш значных для беларускай літаратуры твораў з’яўляецца раман «Каласы пад сярпом тваім»[39]. У гэтай кнізе, якую многія называюць галоўнай у творчасці пісьменніка, узноўленая шырокая панарама жыцця народа, перададзена атмасфера ў грамадстве напярэдадні паўстання. Падзеі рамана адбываюцца пераважна ў 1850—1861 гадах, тым не менш, пісьменніку ўдалося пры дапамозе ўласных разважанняў і выказванняў герояў ахапіць у ім падзеі амаль цэлага стагоддзя і ў цэлым асэнсаваць лёс Беларусі ў гістарычным кантэксце. Аўтару ўдалося адзначыць прычыны паўстання і яго асаблівасці. Караткевіч паказаў, што яно мела нацыянальна-вызваленчы характар[40].

У 1966 годзе Караткевіч напісаў раман «Хрыстос прызямліўся ў Гародні», сюжэт якога заснаваны на рэальных падзеях[41]. Штуршком для напісання паслужыў запіс з «Хронікі…» Мацея Стрыйкоўскага пра тое, што ў XVI ст., на пачатку княжання Жыгімонта I, з’явіўся чалавек, які называў сябе Хрыстом. У рамане адлюстраваны лятунак беларускага народа аб з’яўленні Хрыста як збаўцы і выратавальніка. Раман уяўляе сабой прытчу, філасофскія роздумы пра пакліканне чалавека[33].

У 1972 годзе пісьменнік напісаў аповесць «Лісце каштанаў» (апублікавана ў 1973), якая стала адной з самых аўтабіяграфічных сярод яго твораў[42]. Аповесць уяўляе сабой хвалюючыя і сумныя ўспаміны пра некалькі месяцаў, праведзеных ім у вызваленым ад нацыстаў Кіеве, роздумы пра лёс пакалення, чыё дзяцінства і юнацтва прыйшліся на час вайны.

Па-мастацку падрабязна распавёў Караткевіч пра Беларусь, яе культуру, мову, літаратуру, фальклор і прыроду ў нарысе «Зямля пад белымі крыламі» (напісаны для ўкраінскага выдання ў 1971; варыянт на беларускай мове ўбачыў свет у 1977). У гэтым нарысе ён ахапіў беларускую гісторыю ад старажытнасці да 1970-х гадоў, закрануўшы найбольш важныя падзеі, такія як гісторыя Вялікага Княства Літоўскага, Грунвальдская бітва 1410 года, Люблінская унія 1569 года, і іншыя важныя моманты з гісторыі Беларусі[39]. Глыбокімі разважаннямі над сэнсам жыцця і лёсам роднай зямлі насычана аповесць «Ладдзя Роспачы» (1964; выдадзена па-беларуску ў 1978). У аповесці выкарыстана многа алегарычных сімвалаў. Таксама Ладдзя Роспачы — гэта Беларусь, якая пераадольвае змрок забыцця і непрытомнасці, уваскрашаецца і адраджаецца[43].

Караткевіч таксама напісаў шэраг п’ес, эсэ, артыкулаў, кінасцэнарыяў. Трагедыя і веліч нацыянальнай гісторыі ім асэнсаваныя ў п’есах «Кастусь Каліноўскі» (1963), «Званы Віцебска» (1974), «Калыска чатырох чараўніц» (1982), «Маці ветру» (1985)[34].

Уладзімірам Караткевічам былі перакладзены на беларускую мову творы Гая Валерыя Катула, Джорджа Байрана, Адама Міцкевіча, Івана Франко, Махтумкулі, Мустая Карыма, Элеаноры Гашпаравай.

Уладзімір Караткевіч пісаў пра гісторыю свайго народа, пра яго мастацтва, культуру, духоўнае жыццё. Ён выступаў у абарону беларускай мовы і культуры, помнікаў архітэктуры і прыроды. Ён аказаў вялікі ўплыў на грамадскае, эстэтычнае і духоўнае жыццё беларускага народа[44].

Творы Караткевіча перакладзеныя на англійскую, балгарскую, грузінскую, іспанскую, латышскую, літоўскую, малдаўскую, мангольскую, нямецкую, польскую, рускую, славацкую, таджыкскую, узбекскую, украінскую, французскую, чувашскую, эстонскую мовы[45].

Ацэнка і значэнне творчасці[правіць | правіць зыходнік]

Музей Уладзіміра Караткевіча ў Оршы

Першы паэтычны зборнік Уладзіміра Караткевіча, «Матчына душа» (1958), выклікаў неадназначную рэакцыю. Шэраг крытыкаў (напрыклад, Мікола Хведаровіч), аддаючы належнае таленту аўтара, акцэнтавалі недахопы: сярод іншага, лічылі, што малады паэт, пішучы на сур’ёзныя тэмы, занадта захапляецца жартамі[46].

Апублікаваная ў 1964 годзе адна з першых аповесцей Караткевіча «Дзікае паляванне караля Стаха», у якой аўтар заявіў пра сябе як пра пісьменніка-гісторыка, прынесла яму некаторую папулярнасць. Пазней яна была экранізаваная. Але раман «Леаніды не вернуцца да зямлі» быў падвергнуты рэзкай крытыцы. «Афіцыйны» крытык Якаў Герцовіч на старонках «Советской Белоруссии» папракнуў Караткевіча ў кніжнасці, другаснасці, а яго герояў назваў адарванымі ад жыцця фармалістамі, якіх мала цікавіць змест савецкага мастацтва і яго ідэйная накіраванасць[47]. Падобна адгукнуўся маскоўскі рэцэнзент Віктар Чалмаеў. Праблема была ў тым, што выказванне ўласнага меркавання аўтараў гэтых артыкулаў было ўспрынятае як дырэктыўнае ўказанне[заўв 2]. У самім творы ідзе гутарка пра метэорны паток — Леаніды, але ў тыя гады краінай кіраваў Леанід Брэжнеў, і ў назве ўбачылі крамолу. Галоўнае ўпраўленне па справах літаратуры і выдавецтваў вымагала змяніць назву. У самога Караткевіча не запыталі на гэта дазволу, і ў часопісе «Полымя» раман быў пераназваны ў «Нельга забыць». А ў 1965 годзе ў тым жа часопісе быў апублікаваны раман «Каласы пад сярпом тваім», адным з герояў якога з’яўляецца Кастусь Каліноўскі. Кніга вельмі дакладна адлюстроўвала жыццё Беларусі XIX ст., але цэнзары прад’явілі так шмат прэтэнзій, што яны была выдадзена толькі пасля вялікай колькасці правак. Падобны лёс чакаў раман «Хрыстос прызямліўся ў Гародні». А твор «У снягах драмае вясна» (1957) быў надрукаваны толькі пасля смерці пісьменніка, у 1988[48].

Адзін з даследчыкаў творчасці Уладзіміра Караткевіча, літаратуразнаўца Анатоль Верабей назваў Караткевіча гонарам і сумленнем беларускай літаратуры, пісьменнікам, які змог цалкам раскрыць душу народа і яго нацыянальны характар, выявіць перадавыя грамадскія і эстэтычныя ідэалы[49].

Народны пісьменнік Беларусі Янка Брыль характарызаваў Караткевіча як нястомнага працаўніка, літаратара, які пастаянна і грунтоўна працаваў над сабой. Ён таксама гаварыў, што многія ведалі Уладзіміра Караткевіча як чалавека невычарпальнага светлага настрою, які ўмеў смяяцца як дзіцё, усёй душой любіў родных людзей і родную зямлю[2].

Беларуская пісьменніца і літаратурны крытык Людміла Рублеўская кажа, што цэлае пакаленне беларускіх літаратараў, да якога належыць і яна сама, «выйшла з творчасці Уладзіміра Караткевіча, прыняўшы сэрцам яго гістарычны рамантызм, яго трагічны і прыгожы міф пра Беларусь»[50].

Караткевіч стаў адной з найбольш яскравых фігур беларускай літаратуры XX ст. Асаблівая яго заслуга — распрацоўка гістарычнай тэматыкі. Ён падняў у сваіх творах шырокія пласты нацыянальнай гісторыі, перадаўшы дух мінуўшчыны[2].

Казкам Караткевіча ўласцівыя натуральнасць гучання, займальны сюжэт, багацце фантазіі і пазнавальнасць. У іх арганічна спалучаюцца фальклор і фантастычнасць, таямнічасць і рэальнасць. Яму ўдалося абнавіць казачныя сюжэты, паэтычна і ўзнёсла перадаць народную мараль і этыку, закрануць філасофскія праблемы[51].

Яго паэзіі ўласцівыя патрыятычны пафас, асацыятыўнасць мыслення, праніклівы лірызм і філасафічнасць. Таксама паэзіі Караткевіча ўласцівыя падвышаная экспрэсіўнасць, эмацыйнасць, напружанасць дзеяння, кантраснасць і яркасць вобразаў. Яго вершы напоўнены радасцю і святлом, і, разам з тым, яны элегічна-лірычныя, поўныя драматызму і трагізму[52].

Шматгранна і непаўторна раскрыўся яго талент у прозе, якой уласцівыя праніклівая лірыка, эпічная апавядальнасць і псіхалагічная паглыбленасць. У сваёй прозе Караткевіч падняў шырокія пласты беларускай гісторыі, стварыў пазнавальныя характары, раскрыў багаты духоўны свет персанажаў беларускай гісторыі[52].

Бібліяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Раманы[правіць | правіць зыходнік]

Аповесці[правіць | правіць зыходнік]

Апавяданні[правіць | правіць зыходнік]

  • Рябина (Новелла) (1946)
  • Богун-трава (1946)
  • Любовь Моав (Легенда) (1950)
  • «Собачья радость» (1950)
  • Бетховен (Этюд) (1950)
  • Профорг Королев (1950)
  • «Это была старая-старая комната…» (1950)
  • Скрипка поет (1950)
  • Клен (1950)
  • Руки (Музыка) (1950)
  • Девушка из Быхова (1950-я)
  • «Когда бароны поняли…» (1950-я, першая палова)
  • Письмо из развалин Пиллен (Историческая миниатюра) Ягица, трепетная моя лань!.. (1950-я)
  • Дзядуля (1952)
  • Паляшук (1952)
  • Венус паўночная (З цыкла «Вандраванні ўвосень») (1950-я)
  • Нямыя браты (1956)
  • Завеі (1958)
  • Карней — мышыная смерць (1958)
  • Лятучы галандзец (1958)
  • Лясная гісторыя (1958)
  • Госць прыходзіць на золкім світанні (1959)
  • Подыхі продкаў (Імпрэсія) (1959)
  • Аліва і меч (1959)
  • Пасмяротная гісторыя аднаго цецерука (1959)
  • Белае Полымя (1959)
  • Як звяргаюцца ідалы (1959)
  • Лісты не спазняюцца ніколі (1959)
  • Ідылія ў духу Вато (1959—1960)
  • У шалашы (1960)
  • Блакіт і золата дня (1960)
  • Маленькая балерына (1961)
  • Вось і ўсё (1962)
  • Як поле перайсці (1962)
  • Кніганошы (Навела) (1962)
  • Барвяны шчыт (1963)
  • Залаты бог (З цыкла «Казкі мора») (1963)
  • Сіняя-сіняя (1964)
  • Краіна Цыганія (1969)
  • Былі ў мяне мядзведзі (1970)
  • Вока тайфуна (1970)
  • Вялікі Шан Ян (Песня пра баявыя калясніцы) (1970)
  • Калядная рапсодыя (1973)

Нарысы[правіць | правіць зыходнік]

  • Зямля пад белымі крыламі (1977)
  • Вільнюс — часцінка майго сэрца
  • Вязынка
  • Званы ў прадоннях азёр
  • Казкі Янтарнай краіны
  • Мой се градок!
  • Рша камен…

Зборнікі вершаў[правіць | правіць зыходнік]

  • Матчына душа (1958)
  • Вячэрнія ветразі (вершы і паэмы, 1960)
  • Мая Іліяда (1969)
  • Быў. Ёсць. Буду. (1986)
  • Паэзія розных гадоў (1987)

Казкі[правіць | правіць зыходнік]

  • Лебядзіны скіт (1952)
  • Вужыная каралева (1952)
  • Аўтух-дамоўнік (1952)
  • Казка пра Пятра-разбойніка (1952)
  • Надзвычайная котка (1952)
  • Мужык і дзіва аднавокае (1952)
  • З вобразаў казак (1952)
  • Чортаў скарб (1973)
  • Верабей, сава і птушыны суд (1973)
  • Пасварыліся — памірыліся (1977)
  • Бліны на дрэве, грушы на вярбе (1977)
  • Скрыпка дрыгвы й верасовых пустэчаў (1977)
  • Кацёл з каменьчыкамі (1977)
  • Нямоглы бацька (1980)
  • Вясна ўвосень (1980)
  • Жабкі і Чарапаха (1980)
  • Пра Пана Галавана (сумесна з Алегам Лойкам) (1981)

Легенды[правіць | правіць зыходнік]

  • Маці Ветру (1956)
  • Легенда аб бедным д’ябле і аб адвакатах Сатаны (1961)

Публіцыстыка[правіць | правіць зыходнік]

  • Абдуванчык на кромцы вады
  • Людзям простым к добраму навучанню
  • Гэта было 10-га сакавіка 1864 года…
  • З вадой і без вады
  • Коласаўцы
  • Мова (што я думаю пра цябе)
  • Наш агульны клопат
  • Родная мова
  • Ці дажывем да ста год, або пасмяротнае рыданне

П’есы і сцэнарыі[правіць | правіць зыходнік]

П’есы[правіць | правіць зыходнік]

  • Млын на Сініх Вірах (пастаўленая на тэлебачанні ў 1959)
  • Трошкі далей ад Месяца (напісаная ў 1959—1960)
  • Званы Віцебская (1974, пастаўленая ў 1977)
  • Кастусь Каліноўскі (напісаная ў 1963, пастаўленая ў 1978)
  • Калыска чатырох чараўніц (апублікаваная і пастаўленая ў 1982)
  • Маці ўрагану (1982, пастаўленая ў 1988)

Сцэнарыі[правіць | правіць зыходнік]

  • Сведкі вечнасці (1964)
  • Памяць каменя (1966)
  • Будзь шчаслівай, рака (1967)
  • Хрыстос прызямліўся ў Гародні (з У. Бычковым, 1967)
  • Чырвоны агат (1973)
  • Дзікае паляванне караля Стаха (з В. Рубінчыкам, 1979)
  • Чорны замак Альшанскі (з М. Пташуком, 1984)

Пасмяротныя выданні[правіць | правіць зыходнік]

Кіраўнік выдавецтва «Мастацкая літаратура» Віктар Шніп прэзентуе «Збор твораў Караткевіча». XX Міжнародная кніжная выстаўка, Мінск, 2013 г.

Выдадзены Збор твораў у 8 тамах (1987—1991). Выдадзены зборнік яго перакладаў «Галасы маіх сяброў» (1993). Выдадзеная кніга «Творы» (1996), куды ўключана тое, што не друкавалася пры жыцці пісьменніка. Надрукаваныя лісты мастака да Якуба Коласа, Максіма Танка, Янкі Брыля, латышскіх, украінскіх, польскіх, славацкіх i некаторых іншых пісьменнікаў, навукоўцаў, сяброў i знаёмых[53].

У 2011 годзе выдавецтва «Мастацкая літаратура» пачало 25-томнае выданне твораў пісьменніка пад рэдакцыяй Анатоля Вераб’я[54]. Апрача іншага, у збор будуць уключаны творы, якія не друкаваліся пры жыцці пісьменніка, малюнкі, лісты, дзённікі, сцэнарыі дакументальных і мастацкіх фільмаў, інтэрв’ю, выступленні[55]. Тэксты друкуюцца з адмененымі нематываванымі рэдактарскімі і цэнзарскімі праўкамі. Да збору твораў будуць прыкладзеныя два CD-дыскі: на першым будуць змешчаныя вершы і песні ў выкананні Караткевіча, на другім — яго выступленні на радыё, тэлебачанні, у Саюзе пісьменнікаў, здымкі ў мастацкім фільме «Жыціе і ўзнясенне Юрася Братчыка» («Хрыстос прызямліўся ў Гародні»)[56].

Экранізацыі[правіць | правіць зыходнік]

Мастацкія фільмы[правіць | правіць зыходнік]

Дакументальныя фільмы[правіць | правіць зыходнік]

  • Сведкі вечнасці (1964)
  • Памяць (1966)
  • Чырвоны агат (1973)

Мультыплікацыйныя фільмы[правіць | правіць зыходнік]

Оперы[правіць | правіць зыходнік]

Узнагароды[правіць | правіць зыходнік]

  • Ордэн Дружбы Народаў (1980)
  • прэмія Саюза пісьменнікаў Беларусі імя Івана Мележа (1983) — за раман «Нельга забыць» («Леаніды не вернуцца да зямлі»)
  • Дзяржаўная прэмія БССР імя Якуба Коласа (1984 — пасмяротна) — за раман «Чорны замак Альшанскі»[57].

Ушанаванне памяці[правіць | правіць зыходнік]

Памятная дошка ў Мінску, вул. Карла Маркса, 36

Пра Караткевіча створана дакументальная стужка «Быў. Ёсць. Буду» (1989), відэафільмы «Успамін» і «Рыцар і слуга Беларусі» (абодва — 1991).

Графіці на жылым доме ў Рагачове

Імя Караткевіча носіць бібліятэка № 14 у Віцебску[58], бібліятэка-філія № 6 у Наваполацку[59], дзіцячая бібліятэка ў Оршы[60], грамадская бібліятэка ў Таліне (Эстонія)[61].

У Оршы (вул. Леніна, 26) існуе музей пісьменніка, адкрыты ў 2000 годзе. Экспазіцыя складаецца з дзвюх зал; адна прысвечана біяграфіі пісьменніка, другая — творчасці. Экспазіцыя ўключае ў сябе абстаноўку пасляваеннага дома на вуліцы Касманаўтаў у Оршы, з мэбляй пісьменніка і яго рэчамі. Таксама тут узноўлены фрагмент кабінета мінскай кватэры Караткевіча[62]. Матэрыялы пра жыццё і творчасць пісьменніка экспануюцца ў Рагачоўскім музеі народнай славы, Віцебскім краязнаўчым музеі[18].

У Віцебску ўсталяваны помнік у 1994 годзе (скульптар І. Казак, архітэктар В. Рыбакоў). Помнік у Оршы адкрыты 27 чэрвеня 1992 года да 925-годдзя Оршы. Першапачаткова помнік размяшчаўся на месцы згарэлага ў вайну дома, у які сям’я Караткевіча засялілася ў 1939 годзе, але пазней помнік быў перанесены ў цэнтральны парк Оршы. 14 красавіка 2011 года быў усталяваны помнік Караткевічу ў Кіеве. Аўтарамі скульптуры сталі беларусы Кастусь Селіханаў і Алег Варвашэня, архітэктар — Аляксандр Корбут[63]. На дамах у Оршы, дзе Караткевіч жыў у канцы 1950-х гадоў, і ў Мінску, дзе была яго кватэра, усталяваныя памятныя дошкі[18]. Памятная дошка ўсталяваная на будынку школы № 8 у Оршы, у якой Караткевіч працаваў у 1956—1958 гадах[64].

Імя Караткевіча носіць Фонд дапамогі маладым пісьменнікам, прэмія выдавецтва «Мастацкая літаратура»[18].

Імем Уладзіміра Караткевіча названыя вуліцы ў Астраўцы, Віцебску, Гродне[65], Рагачове, Століне, Оршы[заўв 4][18]. У 2023 годзе імя Уладзіміра Караткевіча надалі адной з вуліц Кіева.

У 2020 годзе выдавецтва «Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» завяршыла работу над персанальнай энцыклапедыяй «Уладзімір Караткевіч». У ёй змешчаны артыкулы, якія тычацца жыцця і творчасці У. Караткевіча, людзей, якія мелі стасункі з пісьменнікам, даследавалі і даследуюць яго літаратурную дзейнасць, а таксама тых, для каго асоба і творчасць класіка сталі крыніцай натхнення. Падрабязна разглядаюцца і мастацкія сродкі, якія выкарыстоўваў пісьменнік пры напісанні сваіх твораў[66].

Заўвагі[правіць | правіць зыходнік]

  1. Хатняя бібліятэка згарэла ў часе вайны разам з домам.
  2. У СССР у канцы 1962 г. паднялася хваля барацьбы з «фармалізмам», распачатая з таго, што М. Хрушчоў наведаў маскоўскіх мастакоў і рэзка раскрытыкаваў іх. «Фармалістаў» пачалі шукаць ва ўсіх творчых калектывах, у тым ліку і ў Саюзе пісьменнікаў БССР, у Інстытуце літаратуры АН БССР.
  3. Першапачатковая назва «Леаніды не вернуцца да Зямлі», так заўсёды яго называў сам Караткевіч, у тым ліку і ў запісных кніжках апошніх гадоў жыцця. Упершыню пад назвай «Нельга забыць» раман быў апублікаваны ў часопісе Полымя, 1962, № 5, 6. Кніжнае выданне рамана — 1982 г.
  4. Тут у 1950-х гадах жыла сям’я Караткевіча.

Крыніцы[правіць | правіць зыходнік]

  1. а б The Fine Art Archive — 2003. Праверана 1 красавіка 2021.
  2. а б в Верабей 2005, с. 3.
  3. Алег Грушэцкі Беларусі дэтэктыў. Міфы і рэальнасць // Літаратура і Мастацтва : газета. — Мн.: Выдавецкі дом «Звязда», 2014-07-18. — В. 4777. — № 28. — С. 6. Архівавана з першакрыніцы 22 ліпеня 2014.
  4. Макарэвіч, Яфімава 2008, с. 459—460.
  5. Короткевич Владимир Семенович. Энциклопедический словарь (15 сакавіка 2009). Архівавана з першакрыніцы 13 кастрычніка 2014. Праверана 1 красавіка 2014.
  6. Гардзіцкі А. К. Караткевіч Уладзімір // Беларускія пісьменнікі: 1917—1990. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — ISBN 5-340-00709-X.
  7. Урублеўскі, В. В. Досвед даследавання сялянскага радаводу на прыкладзе Аршанскага павета Магілёўскай губерні (радавод Уладзіміра Караткевіча па лініі бацькі) Архівавана 24 ліпеня 2021. // Архіварыус. Вып., 18. Мінск, 2020;
  8. Урублеўскі,В. В. Грыневічы герба «Прыяцель» / В. Урублеўскі // Гербоўнік беларускай шляхты. Т. 4. Г. — Мінск : Беларусь, 2016. — С. 573—575.
  9. Верабей 2005, с. 4.
  10. Маракоў Л. У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 1. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9.
  11. а б в Макарэвіч, Яфімава 2008, с. 460.
  12. Караткевіч У. С. «Дарога, якую прайшоў» // у кн. Пра час і пра сябе. Аўтабіяграфіі беларускіх пісьменнікаў., Мн., 1966. С. 190—191
  13. Макарэвіч, Яфімава 2008, с. 5.
  14. Караткевіч У. С. «Дарога, якую прайшоў» // у кн. Пра час і пра сябе. Аўтабіяграфіі беларускіх пісьменнікаў., Мн., 1966. С. 192
  15. а б Верабей 2005, с. 6.
  16. Вольф Рубінчык. Катлеты & мухі (81). belisrael.info (29 ліпеня 2018). Архівавана з першакрыніцы 29-4-2019. Праверана 29-4-2019.
  17. а б в Верабей 2005, с. 7.
  18. а б в г д е ё ж з і Уладзімір Караткевіч: асоба і творчасць. Сайт «Архівы Беларусі». Праверана 11 снежня 2014.
  19. а б Верабей 2005, с. 10.
  20. Верабей 2005, с. 7-8.
  21. Верабей 2005, с. 14.
  22. а б в Верабей 2005, с. 15.
  23. а б Верабей 2005, с. 218.
  24. а б в Верабей 2005, с. 219.
  25. «Дудары Глыбоцкага краю» В. Воранаў
  26. Верабей 2005, с. 214.
  27. а б Валянціна Аксак. Гарэлка, віно і беларуская літаратура. Гісторыі клясыкаў ад Анатоля Астапенкі (бел. (тар.)). svaboda.org (11 ліпеня 2019). Архівавана з першакрыніцы 13-7-2019. Праверана 13-7-2019.
  28. Макарэвіч, Яфімава 2008, с. 462.
  29. а б Макарэвіч, Яфімава 2008, с. 463.
  30. Верабей 2005, с. 13—14.
  31. Макарэвіч, Яфімава 2008, с. 465.
  32. Макарэвіч, Яфімава 2008, с. 465—466.
  33. а б Макарэвіч, Яфімава 2008, с. 479.
  34. а б в Макарэвіч, Яфімава 2008, с. 480.
  35. Макарэвіч, Яфімава 2008, с. 467.
  36. Макарэвіч, Яфімава 2008, с. 469.
  37. Макарэвіч, Яфімава 2008, с. 472—473.
  38. Макарэвіч, Яфімава 2008, с. 474.
  39. а б Макарэвіч, Яфімава 2008, с. 478.
  40. Макарэвіч, Яфімава 2008, с. 478—179.
  41. Уладзімір Караткевіч (руск.). Лабаратория Фантастики. fantlab.ru. Праверана 29 снежня 2014.
  42. Макарэвіч, Яфімава 2008, с. 477.
  43. Макарэвіч, Яфімава 2008, с. 476.
  44. Макарэвіч, Яфімава 2008, с. 481.
  45. Біяграфія Уладзіміра Караткевіча на who.bdg.by («Хто ёсць хто ў Беларусі») Архівавана 22 красавіка 2012. (руск.)
  46. Вольф Рубінчык. Катлеты & мухі (35)(недаступная спасылка). belisrael.info (16 снежня 2016). Архівавана з першакрыніцы 29 красавіка 2019. Праверана 29-4-2019.
  47. Надзея Белахвосцік. Пра Уладзіміра Караткевіча (руск.). Сельская Газета (26 снежня 2010). Праверана 29 снежня 2014.(недаступная спасылка)
  48. https://karatkevi.ch/bio/letapis.html
  49. Верабей 2005, с. 206.
  50. Людміла Рублеўская. Гений, странник, комета, или Портрет писателя в стиле коллаж... (руск.). Советская Белоруссия (26 лістапада 2005). Праверана 29 снежня 2014.
  51. Макарэвіч, Яфімава 2008, с. 466—467.
  52. а б Макарэвіч, Яфімава 2008, с. 468.
  53. Верабей 2005, с. 204.
  54. Ларыса Цімошык Быць Караткевічам // Звязда : газета. — 26 лістапада 2010. — № 228 (26836). — С. 1. — ISSN 1990-763x.(недаступная спасылка)
  55. Збор1 et al.
  56. Збор1 et al.
  57. Верабей 2005, с. 207.
  58. Библиотека-филиал № 14 им. В. Короткевича ГУ «Централизованная библиотечная система г. Витебска» (руск.)
  59. Библиотека-филиал № 6 им. В. Короткевича сети публичных библиотек г. Новополоцка (руск.)
  60. Детская библиотека им. В. Короткевича сети публичных библиотек г. Орша (руск.)
  61. Общественная библиотека им. Владимира Короткевича в Таллинне Архівавана 12 красавіка 2014. (руск.)
  62. Яўгенія Каркіяйнен. Последний рыцарь белорусской истории. Фоторепортаж из Оршанского музея Владимира Короткевича (руск.)(недаступная спасылка). TUT.BY (2 ліпеня 2014). Архівавана з першакрыніцы 11 ліпеня 2014. Праверана 30 снежня 2014.
  63. У Кіеве ўсталявалі помнік У. Караткевічу
  64. Музей, Дняпро і родная хата. Вандроўка па мясцінах Уладзіміра Караткевіча ў Оршы. TUT.BY (26 лістапада 2014). Архівавана з першакрыніцы 29 студзеня 2015. Праверана 29 студзеня 2015.
  65. Рашэнне Гродненскага раённага савета дэпутатаў 26 мая 2011 г. № 82 (руск.). pravo.by.
  66. bel-en.by Архівавана 5 сакавіка 2021.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]