Кафедральны касцёл Святога Францішка Ксаверыя
| Сабор | |
| Кафедральны касцёл Святога Францішка Ксаверыя | |
|---|---|
| Касцёл Святога Францішка Ксаверыя | |
| 53°40′41″ пн. ш. 23°49′53″ у. д.HGЯO | |
| Краіна |
|
| Горад | Гродна |
| Канфесія | Каталіцызм |
| Епархія | Гродзенская дыяцэзія |
| Ордэнская прыналежнасць | езуіты (гістарычна) |
| Архітэктурны стыль | барока, ракако |
| Заснавальнік | Самуэль і Канстанцыя Лозы |
| Дата заснавання | 1683 |
| Будаўніцтва | 1678—1705 гады |
| Матэрыял | цэгла |
| Стан | дзейнічае |
| Сайт | katedra-grodno.by (бел.) |
Кафедральны касцёл Святога Францішка Ксаверыя, неафіцыйна завецца таксама Фарны касцёл — каталіцкі сабор у горадзе Гродна, кафедральны сабор Гродзенскай дыяцэзіі, выдатны помнік архітэктуры і дэкаратыўна-манументальнага мастацтва сталага барока і ракако.
Размешчаны ў гістарычным цэнтры горада, будынак Кафедральнага касцёла Святога Францішка Ксаверыя з’яўляецца адным з самых пазнавальных сімвалаў Гродна. Ён вызначаецца багатым інтэр'ерам, у якім спалучаюцца манументальная скульптура, разьба і ўнікальны ілюзорны насценны жывапіс (квадратура).
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]
Комплекс езуіцкага калегіума раней займаў адзін з кварталаў каля Рыначнай плошчы. Будаўніцтва езуіцкай рэзідэнцыі пачалося пасля 1664 года пры гродзенскім пробашчы Ф. Д. Ісакоўскім, а ўзвядзенне мураванага касцёла — у 1678 годзе (фундатарамі выступілі Самуэль і Канстанцыя Лозы). 6 снежня 1705 года касцёл быў урачыста асвечаны ў імя Францішка Ксаверыя. У 1725 годзе на вежу-званіцу касцёла быў перанесены гадзіннік з вежы калегіума. Ордэн езуітаў быў скасаваны ў 1773 годзе, таму касцёл ужо ў 1788 годзе стаў фарным (прыходскім), а іншыя будынкі калегіума перайшлі да Камісіі нацыянальнай адукацыі, якая размясціла тут ваяводскія школы[1].
Першапачатковы выгляд касцёла можна ўявіць паводле карціны, якая знаходзіцца ў самім касцёле. Будынак арыентаваны алтаром на ўсход, а галоўным фасадам павернуты да плошчы. Улетку 2006 года ў алтары касцёла адбыўся пажар, з-за якога дзве статуі ў алтары апынуліся цалкам знішчанымі. Прычынай пажару, паводле афіцыйнай версіі, стала няспраўнасць электраправодкі. З 2009 года вядуцца актыўныя работы па рэканструкцыі згарэлай часткі алтара.
Архітэктура
[правіць | правіць зыходнік]
Касцёл уяўляе сабой трохнефавую купальную базіліку з трансептам, памерам у плане 30х60 метраў і вышынёй 65 метраў[2]. У сярэдзіне XVIII стагоддзя былі перабудаваны вежы і ліхтар над цэнтральным купалам. Вежы набылі складаныя барочныя формы. Таксама ў стылі барока была зменена і архітэктура фасада ў цэлым — трох’ярусны двухвежавы фасад падзелены гарызантальнымі паясамі антаблементаў і карнізаў, а па вертыкалі двайнымі пілястрамі складанага профілю. Фасад акрамя таго быў аздаблены прамавугольнымі і арачнымі нішамі і праёмамі са скульптурай.
З боку паўкруглай апсіды прыбудаваны дзве капліцы, завершаныя сферычнымі купаламі. У строгіх формах ранняга барока былі вырашаны бакавыя фасады: раскрапаваны двайнымі пілястрамі, тонкімі карнізнымі паясамі, прарэзаны вялікімі лучковымі і арачнымі аконнымі праёмамі. З кантракта на перабудову вядома, што купалы касцёла і раней былі абшыты бляхай[3].
Рамонты касцёла (пакрыццё даху, пабелка) праводзіліся ў канцы XVIII, сярэдзіне і канцы XIX, а таксама ў пачатку XX стагоддзя. Падчас вялікага пажару 1885 года касцёл амаль не быў пашкоджаны.
Інтэр’ер і манументальны жывапіс
[правіць | правіць зыходнік]
У інтэр’еры цэнтральны неф аддзелены ад бакавых нефаў аркадамі на апорных слупах. Па перыметры цэнтральнага нефа над антаблементам зроблена галерэя з балюстрадай. Пры ўваходзе размешчаны хоры з арганам. Адзіны ансамбль мастацкага аздаблення інтэр’ера фарміруе галоўны, восем кулісных і тры бакавыя алтары, а таксама амбон.
Галоўны алтар з'яўляецца чатырох’ярусным, з мноствам калон і пілястраў карынфскага ордара, ён раскрапаваны антаблементамі, упрыгожаны тыражнай разьбой, скульптурнымі выявамі апосталаў і евангелістаў. Гэты шэдэўр быў зроблены ў 1736 годзе з таніраванага пад мармур дрэва ў стылі позняга барока. Над галоўным алтаром у прэсбітэрыі авальнае акно паўтарае афармленне светлавога праёма над алтаром сабора Святога Пятра ў Рыме. Аналагічна вырашаны і кулісныя алтары. Адзін з алтароў паўднёвага нефа выкананы ў пачатку XIX стагоддзя ў стылі класіцызму ў тэхніцы стука. Амбон зроблены ў сярэдзіне XVIII стагоддзя ў стылі ракако. Яго падтрымлівае кансоль у выглядзе ракавіны. Балдахін дэкарыраваны скульптурамі евангелістаў, анёлаў, амураў і пазалочанай разьбой.
Фрэскі і квадратура
[правіць | правіць зыходнік]Выключную мастацкую каштоўнасць уяўляе фрэскавы роспіс сярэдзіны XVIII стагоддзя, выкананы з выкарыстаннем прыёмаў ілюзорнага жывапісу (квадратуры і трамплёя). Гэтыя роспісы служылі мэтам стварэння так званага «свяшчэннага тэатра» (лац.: theatrum sacrum), у якім архітэктура, скульптура і жывапіс аб'ядноўваліся для максімальнага ўздзеяння на вернікаў[4].
Цыкл роспісаў фрыза прысвечаны жыццю і місіянерскай дзейнасці патрона касцёла — Святога Францішка Ксаверыя. Ён складаецца з 14 сюжэтных кампазіцый, якія размешчаны ў паўкруглых арачных нішах над аркадамі цэнтральнага нефа. Даследчыкі высветлілі, што іканаграфічнай крыніцай для гэтых роспісаў паслужылі гравюры еўрапейскага майстра М. Хафнера (M. Hafner), якія дэталёва ілюстравалі біяграфію святога[4]. На скляпеннях таксама прысутнічаюць фігуры чатырох евангелістаў.
Аўтарства манументальных роспісаў доўгі час заставалася невядомым. Аднак падчас даследаванняў і рэстаўрацыі на адной з кампазіцый была знойдзена манаграма «B. (P?) I. D. P. 1752». Мастацтвазнаўцы мяркуюць, што роспісы маглі быць выкананы выбітнымі мастакамі-езуітамі, якія ў той час працавалі ў Гродне — Ігнацыем Дарэці (Ignacy Doretti) або Фрыдэрыкам Юзафам Обстам (Józef Fryderyk Obst). Абодва яны паходзілі з Чэхіі, таму літара «B» у манаграме магла азначаць «Bohemus» (багемец, чэх)[4].
Вежавы гадзіннік
[правіць | правіць зыходнік]Вежавы гадзіннік фарнага касцёла — адзін з самых старажытных гадзіннікаў, што захаваліся і функцыянуюць на прасторы былога СССР. Дакладных звестак аб часе стварэння гадзінніка ў пісьмовых крыніцах не захавалася, таму можна толькі мяркаваць па характэрных дэталях механізма (падвойнае клінавае мацаванне, шышакі рамы, лічыльнае кола бою і інш.), іканаграфічных і архіўных матэрыялах, што гадзіннік быў створы ў XVI стагоддзі.
Першапачаткова гадзіннік знаходзіўся на вежы гарадской ратушы на Рыначнай плошчы (сучасная Савецкая плошча). Пасля таго, як ратуша падчас акупацыі Гродна войскамі цара Аляксея Міхайлавіча ў сярэдзіне XVII стагоддзя была зруйнавана, гадзіннік быў адноўлены і ўстаноўлены на вежы драўлянага езуіцкага калегіума за сродкі гараджан. Пасля ўзвядзення мураванага касцёла і калегіума ён быў перанесены на вежу касцёла. У архіўным дакуменце, які датуецца 1725 годам, паведамляецца пра рамонт сапсаванага ад старажытнасці гадзінніка і перанос яго на вежу храма. Аб рамонце гадзінніка таксама згадвае дакумент 1743 года. Інвентарны вопіс касцёла ад 24 студзеня 1798 года ўтрымлівае каштоўную інфармацыю і апісанне жалезнага гадзінніка з чатырма цыферблатамі і каменнымі гірамі на тоўстых вяроўках.
Архіўныя дакументы сведчаць, што гадзіннік спраўна функцыянаваў на працягу XIX стагоддзя. Падчас Першай сусветнай вайны гадзіннікавы звон быў вывезены ў Германію, а ў 1920-я гады былі дэманціраваны цыферблаты. Гадзіннік аднаўляўся ў 1940-я гады, а таксама ў 1980, 1987—1988 і 1993—1994 гадах.
Пробашчы
[правіць | правіць зыходнік]Пробашчамі (настаяцелямі) Фарнага касцёла ў розныя часы былі многія выбітныя святары. Сярод сучасных кіраўнікоў парафіі вядомыя Юзаф Трубовіч (які служыў у 1992—1999 гадах)[5] і Ян Кучынскі (які ўзначальвае парафію з 2004 года)[6].
Гл. таксама
[правіць | правіць зыходнік]Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ А. А. Ярашэвіч, В. Дз. Бажэнава. Гродзенскі кафедральны касцёл святога Францыска Ксаверыя. — Мн.: Беларусь, 2005. — С. 5. — 71 с. — 2 000 экз. — ISBN 985-01-0560-7.
- ↑ http://www.nest.by/news/2014-01-14/pochemu-na-farnyi-kostel-ne-vernuli-angela Архівавана 2 лютага 2014.
- ↑ Колосовская А. Н., Ярошевич Н. Ю., Татарников Б. О. Архитектура костелов и коллегиумов в Минске, Полоцке и Гродно // Архитектура и строительные науки. — Мн.: 2014. — № 1-2.
- ↑ а б в Klajumienė 2006.
- ↑ У Гродне памоляцца за спачылага ксяндза Юзафа Трубовіча ў першую гадавіну смерці
- ↑ Ксёндз Ян Кучынскі Архівавана 27 жніўня 2021.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Klajumienė D. Tapyti altoriai (XVIII a. – XIX a. I p.): nykstantys Lietuvos bažnyčių dailės paminklai. — Vilnius: Vilniaus dailės akademijos leidykla, 2006. — 272 с. — ISBN 9955-624-56-6.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]
На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Кафедральны касцёл Святога Францішка Ксаверыя
