Дональд Трамп
Дональд Джон Трамп (англ.: Donald John Trump; нар. 14 чэрвеня 1946, Куінс, Нью-Ёрк, ЗША) — амерыканскі бізнесмен, медыямагнат, пісьменнік, палітык і 45-ы прэзідэнт ЗША з 20 студзеня 2017 года. Прэзідэнт «The Trump Organization», якая з'яўляецца асноўнай холдынгавай кампаніяй для яго нерухомасці і іншых бізнес-праектаў.
Біяграфія
Нарадзіўся і вырас у Нью-Ёрку, а ў 1968 годзе атрымаў ступень бакалаўра па эканоміцы ў Уортанскай школе бізнесу Пенсільванскага ўніверсітэту. Падчас вучобы ў каледжы працаваў на фірме свайго бацькі Фрэда Трампа, якая займалася нерухомасцю і будаўніцтвам. У 1971 годзе атрымаў кантроль над бізнесам і пазней перайменаваў яго на «The Trump Organization». Падчас сваёй кар'еры пабудаваў вялікую колькасць хмарачосаў, гасцініц, казіно, палёў для гольфа, а таксама іншых аб'ектаў у Паўночнай і Паўднёвай Амерыках, Еўропе і Азіі, многія з якіх названы ў яго гонар, напрыклад жылы комплекс «Trump Place» на Манхэтэне. Намагаўся стаць кандыдатам у прэзідэнты ад Партыі рэформаў на выбарах 2000 года, але зняўся да пачатку галасавання. Унесены ў спіс 500 самых заможных мільярдэраў свету часопіса «Форбс», ён, а таксама яго бізнес, асабістае жыццё і палітычныя погляды на працягу дзесяцігоддзяў шырока асвятляліся ў сродках масавай інфармацыі. З 2004 да 2015 года быў выканаўчым прадзюсарам і вядучым рэаліці-шоў «Вучань» (англ.: «The Apprentice») на тэлеканале NBC, за што атрымаў зорку на Галівудскай алеі славы. Меў некалькі камеа ў фільмах і тэлесерыялах, а таксама з'яўляўся на конкурсах прыгажосці «Міс ЗША», якім ён валодаў з 1996 да 2015 года.
Сааўтар кніг па пытаннях бізнэсу, стваральнік «Універсітэта Дональда Трампа». Асобныя яго творы ў перакладзе выдаваліся ў Мінску[9].
У чэрвені 2015 года абвясціў аб уступленні ў барацьбу за пасаду прэзідэнта ЗША ад Рэспубліканскай партыі і хутка стаў фаварытам на вылучэнне ў кандыдаты. У маі 2016 года яго апаненты па партыі прыпынілі свае перадвыбарныя кампаніі, а ў ліпені 2016 года ён быў афіцыйна вылучаны кандыдатам у прэзідэнты на Рэспубліканскай Нацыянальнай канвенцыі.
Прэзідэнцкая кампанія Трампа атрымала шырокае асвятленне ў СМІ і міжнародную ўвагу. Многія з яго заяў у інтэрв'ю, у твітэры і на мітынгах былі супярэчлівымі альбо непраўдзівымі. Некалькі яго мітынгаў суправаджаліся пратэстамі і беспарадкамі. Пазіцыі Трампа ўключаюць у сябе зніжэнне падаткаў, перагляд амерыкана-кітайскіх гандлёвых здзелак, супрацьдзеянне асобным гандлёвым пагадненням, такім як Трансціхаакіянскае партнёрства і НАФТА, узмацненне выканання законаў аб іміграцыі, у тым ліку будаўніцтва сцяны ўздоўж амерыкана-мексіканскай мяжы, рэформу апекі над ветэранамі, замену Закона аб ахове здароўя і абароне пацыентаў. Падчас праймерыз заклікаў да часовай забароны мусульманскай іміграцыі ў ЗША, але пасля таго, як афіцыйна стаў кандыдатам, змякчыў сваю пазіцыю, заявіўшы, што забарона будзе засяроджана на краінах з праверанай гісторыяй тэрарызму.
8 лістапада 2016 года пасля шэрагу скандалаў і жорсткіх дэбатаў з кандыдатам ад Дэмакратычнай партыі Хілары Клінтан перамог на прэзідэнцкіх выбарах, хаця фактычна атрымаў меншасць галасоў выбаршчыкаў[10].
Прэзідэнцтва
Падчас сваёй адміністрацыі прызначыў двух суддзяў у Вярхоўны Суд: Ніла Горсача і Брэта Кавана.
Гл. таксама
Зноскі
- ↑ Internet Movie Database — 1990. Праверана 15 кастрычніка 2015.
- ↑ а б в The Jamaica Hospital Certificate of Birth
- ↑ а б в г Certificate of Birth Registration Праверана 26 лістапада 2016.
- ↑ Catalog of the German National Library Праверана 1 мая 2024.
- ↑ а б в г Czech National Authority Database Праверана 7 лістапада 2022.
- ↑ Trump's own Christian denomination defies him on immigration policy — The Guardian, 2016. Праверана 6 сакавіка 2016.
- ↑ Forbes / S. Forbes — NYC: Forbes, 1917. — ISSN 0015-6914 Праверана 26 сакавіка 2022.
- ↑ SAG-AFTRA Statement on Donald J. Trump’s Resignation from the Union — 2021. Праверана 27 верасня 2022.
- ↑ http://belisrael.info/?p=8403
- ↑ http://nn.by/?c=ar&i=180233
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Дональд Трамп
Увага: Прадвызначаны ключ сартавання «Трамп Дональд» перавызначае папярэдні прадвызначаны ключ сартавання «Трамп».
- Нарадзіліся 14 чэрвеня
- Нарадзіліся ў 1946 годзе
- Нарадзіліся ў штаце Нью-Ёрк
- Нарадзіліся ў Нью-Ёрку
- Выпускнікі Пенсільванскага ўніверсітэта
- Кавалеры ордэна караля Абдэль-Азіза
- Чалавек года па версіі часопіса «Time»
- Асобы
- Нарадзіліся ў Куінсе
- Прадпрымальнікі ЗША
- Мільярдэры ЗША
- Лаўрэаты прэміі «Залатая маліна»
- Члены Залы Славы WWE
- Прэзідэнты ЗША