Мазырская града

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Мазырская града — краявое ледавіковае ўтварэнне ў межах Мазырскага Палесся. Размешчаная ў Мазырскім раёне Гомельскай вобласці Беларусі, на правабярэжжы ракі Прыпяць.

Працягваецца з паўночнага захаду (раён вусця ракі Пціч) на паўднёвы ўсход да вёскі Барбароў прыблізна на 50 км. Шырыня 3—14 км. Вышыня над узроўнем мора 160—200 м, найбольшая 221 м.

Канчаткова ўтворана дняпроўскім ледавіком у час мазырскага стадыялу. Складзена з марэны (супескі, суглінкі, гліны, пяскі, жвірова-галечны матэрыял), якая перакрыта водна-ледавіковымі пяскамі з рэдкай галькай і жвірам (магутнасць 10 м), на паўночных і паўночна-ўсходніх схілах — лёсападобнымі супескамі (магутнасць 11 м). Трапляюцца гляцыядыслакацыі з палеагенавых і неагенавых парод.

Града мае выгляд слабавыгністых ў паўднёва-заходнім кірунку палос, складзеных з невялікіх градаў і ўзгоркаў. Паўночныя і ўсходнія схілы, звернутыя да Прыпяці, стромкія, абрывістыя, вышыня іх над зрэзам вады да 50—70 м, заходнія і паўднёва-заходнія — спадзістыя, паступова зліваюцца з прылеглай водна-ледавіковай раўнінай. Града моцна падзеленая (да 20—30 прамыінаў і яроў на 1 км²). Каля Мазыра яры глыбінёй 40—60 м. На схілах развіты невялікія тэрмакарставыя і суфазіёныя западзіны.

Мазырскія яры

Глебы пераважна дзярнова-падзолістыя і дзярнова-палева-падзолістыя. Лясістасць каля 36 %. Пераважаюць хваёвыя лясы і дубровы. На тэрасаваных схілах праводзяцца лесапасадкі. Пад раллёй каля 22 % тэрыторыі. Ландшафтавы заказнік дзяржаўнага значэння Мазырскія яры.

Літаратура