Кафедральны касцёл Святога Францішка Ксаверыя
Сабор | |
Кафедральны касцёл Святога Францішка Ксаверыя | |
---|---|
| |
53°40′41″ пн. ш. 23°49′53″ у. д.HGЯO | |
Краіна | Беларусь |
Горад | Гродна |
Канфесія | Каталіцызм |
Епархія | Гродзенская дыяцэзія |
Архітэктурны стыль | барока, ракако |
Заснавальнік | Самуэль і Канстанцыя Лозы |
Дата заснавання | 1683 |
Будаўніцтва | 1678 |
Матэрыял | цэгла |
Сайт | katedra-grodno.by |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Кафедральны касцёл Святога Францішка Ксаверыя, неафіцыйна завецца таксама Фарны касцёл — каталіцкі сабор у горадзе Гродна, кафедральны сабор Гродзенскай дыяцэзіі, помнік архітэктуры і дэкаратыўна-манументальнага мастацтва барока і ракако.
Размешчаны ў гістарычным цэнтры горада, будынак Кафедральнага касцёла Святога Францішка Ксаверыя з’яўляецца адным з сімвалаў Гродна.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Комплекс калегіума раней займаў адзін з кварталаў каля Рыначнай плошчы. Будаўніцтва езуіцкай рэзідэнцыі пачалося пасля 1664 года пры гродзенскім пробашчы Ф. Д. Ісакоўскім, мураванага касцёла — у 1678 годзе (фундатары Самуэль і Канстанцыя Лозы). 6 снежня 1705 касцёл асвечаны ў імя Францішка Ксаверыя. У 1725 годзе на вежу-званіцу касцёла перанесены гадзіннік з вежы калегіума. Кляштар быў скасаваны ў 1773 годзе, таму касцёл ужо ў 1788 годзе стаў фарным (прыходскім), а іншыя будынкі калегіума перайшлі да Камісіі нацыянальнай адукацыі, якая размясціла тут ваяводскія школы[1].
Першапачатковы выгляд касцёла можна ўявіць паводле карціны, якая знаходзіцца ў касцёле. Касцёл арыентаваны алтаром на ўсход, галоўным фасадам павернуты да плошчы.
Архітэктура
[правіць | правіць зыходнік]Касцёл уяўляе сабой трохнефавую купальную базіліку з трансептам, памерам у плане 30х60 м і вышынёй 65 м[2]. У сярэдзіне XVIII ст. былі перабудаваны вежы і ліхтар над цэнтральным купалам. Вежы набылі складаныя барочныя формы. Таксама ў стылі барока была зменена і архітэктура фасада ў цэлым — трох’ярусны двухвежавы фасад падзелены гарызантальнымі паясамі антаблементаў і карнізаў, а па вертыкалі двайнымі пілястрамі складанага профілю. Фасад акрамя таго быў аздаблены прамавугольнымі і арачнымі нішамі і праёмамі са скульптурай. З боку паўкруглай апсіды прыбудаваны дзве капліцы, завершаныя сферычнымі купаламі. У строгіх формах ранняга барока былі вырашаны бакавыя фасады: раскрапаваны двайнымі пілястрамі, тонкімі карнізнымі паясамі, прарэзаны вялікімі лучковымі і арачнымі аконнымі праёмамі. З кантракта на перабудову вядома, што купалы касцёла і раней былі абшыты бляхай[3].
Інтэр’ер
[правіць | правіць зыходнік]У інтэр’еры цэнтральны неф аддзелены ад бакавых нефаў аркадамі на апорных слупах. Па перыметры цэнтральнага нефа над антаблементам зроблена галерэя з балюстрадай. Пры ўваходзе — хоры з арганам. Фрэскавы роспіс сярэдзіны XVIII ст. складаецца з 14 сюжэтных кампазіцый, размешчаных у арачных нішах. Цыкл роспісаў фрыза прысвечаны Францішку Ксаверыю; на скляпеннях фігуры чатырох евангелістаў. Адзіны ансамбль мастацкага аздаблення інтэр’ера фарміруе галоўны, восем кулісных і тры бакавыя алтары, амбон.
Галоўны алтар чатырох’ярусны, з мноствам карынфскага ордара калон і пілястраў, раскрапаваны антаблементамі, упрыгожаны тыражной разьбой, скульптурнымі выявамі апосталаў, евангелістаў, быў зроблены ў 1736 г. з таніраванага пад мармур дрэва ў стылі позняга барока. Над галоўным алтаром у прэсбітэрыі авальнае акно паўтарае афармленне светлавога праёма над алтаром сабора Св. Пятра ў Рыме. Аналагічна вырашаны кулісныя алтары. Адзін з алтароў паўднёвага нефа выкананы ў пачатку XIX ст.. у стылі класіцызму ў тэхніцы стука. Амбон зроблены ў сярэдзіне XVIII ст. у стылі ракако. Яго падтрымлівае кансоль у выглядзе ракавіны. Балдахін дэкарыраваны скульптурамі евангелістаў, анёлаў, амураў, пазалочанай разьбой. Рамонты касцёла (пакрыццё даху, пабелка) праводзіліся ў канцы XVIII, сярэдзіне і канцы XIX, пачатку XX ст. Пад час пажару 1885 г. касцёл амаль не быў пашкоджаны.
Улетку 2006 г. ў алтары касцёла адбыўся пажар. Дзве статуі ў алтары апынуліся цалкам знішчанымі. Прычынай пажара, паводле афіцыйнай версіі, стала няспраўнасць электраправодкі. На цяперашні момант ажыццяўляецца збор ахвяраванняў на аднаўленне згубленай частцы алтара. З 2009 года вядуцца актыўныя работы па рэканструкцыі згарэлай частцы алтара.
Вежавы гадзіннік
[правіць | правіць зыходнік]Вежавы гадзіннік фарнага касцёла — адзін з самых старажытных гадзінікаў, што захаваліся і функцыянуюць на прасторы былога СССР.
Дакладных звестак аб часе стварэння гадзінніка ў пісьмовых крыніцах не захавалася, таму можна толькі мяркаваць па характэрных дэталях механізма [4],іканаграфічных і архіўных матэрыялах, што гадзіннік быў створаны ў XVI ст. Першапачаткова гадзіннік знаходзіўся на вежы гарадской ратушы на Рыначнай плошчы (Савецкая плошча). Пасля таго, як ратуша пад час акупацыі Гродна войскамі цара Аляксея Міхайлавіча ў сярэдзіне XVI ст. зруйнаванна, гадзіннік быў адноўлены і ўстаноўлены на вежы езуіцкага драўлянага калегіума за сродкі гараджан. Пасля ўзвядзення мураваных касцёла Св. Францішка Ксаверыя і калегіума быў перанесены на вежу касцёла. У архіўным дакуменце, які датуеца 1725 годам, паведамляецца: «Расстроенные и пришедшие в негодность из-за древности своей часы в этом году трехмесячным трудом воссозданы и помещены в башне храма». Аб рамонце гадзінніка таксама згадвае дакумент 1743 года. Інвентарны вопіс касцёла ад 24 студзеня 1798 г. ўтрымлівае каштоўную інфармацыю і апісанне гадзінніка: «В левой башне имеется лестница на хоры и к часам, те часы — железные большие, часы и четверти бьющие, с гирями каменными на толстых веревках, с четырьмя циферблатами на четырех сторонах башни размещенными, со стрелками к ним, и машиной для завода этих часов».
Архіўныя дакументы сведчаць, што гадзіннік спраўна функцыянаваў на працягу XIX ст. Падчас Першай сусветнай вайны быў вывезены ў Германію гадзіннікавы звон, у 1920-я гг. былі дэманціраваны цыферблаты.
Гадзіннік аднаўляўся ў 1940-я гады, 1980 і 1987—1988, 1993—1994 гадах.
Пробашчы
[правіць | правіць зыходнік]- Юзаф Трубовіч (1992—1999)[5],
- Ян Кучынскі (з 2004)[6].
Гл. таксама
[правіць | правіць зыходнік]- Абраз Святога Іасафата Кунцэвіча
- Францішак Ксаверы
- Гродзенская дыяцэзія
- Гродзенскі езуіцкі калегіум
- Гродзенскі гадзіннік
Зноскі
- ↑ А.А. Ярашэвіч, В.Дз. Бажэнава. Гродзенскі кафедральны касцёл святога Францыска Ксаверыя. — Мн.: Беларусь, 2005. — С. 5. — 71 с. — 2 000 экз. — ISBN 985-01-0560-7.
- ↑ http://www.nest.by/news/2014-01-14/pochemu-na-farnyi-kostel-ne-vernuli-angela Архівавана 2 лютага 2014.
- ↑ Колосовская А. Н., Ярошевич Н. Ю., Татарников Б. О. Архитектура костелов и коллегиумов в Минске, Полоцке и Гродно // Архитектура и строительные науки. — Мн.: 2014. — № 1-2.
- ↑ падвойнае клінавае мацаванне, шышакі рамы, лічыльнае кола бою і інш.
- ↑ У Гродне памоляцца за спачылага ксяндза Юзафа Трубовіча ў першую гадавіну смерці
- ↑ Ксёндз Ян Кучынскі Архівавана 27 жніўня 2021.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Сабор Францыска Ксаверыя ў Гродна
- Храмы паводле алфавіта
- Гісторыка-культурныя каштоўнасці Рэспублікі Беларусь
- Касцёлы Гродна
- Касцёлы Гродзенскай дыяцэзіі
- Збудаванні Беларусі ў стылі ракако
- Збудаванні Гродна ў стылі барока
- Саборы Беларусі
- З’явіліся ў 1679 годзе
- Савецкая плошча (Гродна)
- Малыя базілікі Беларусі
- Кафедральны касцёл Святога Францішка Ксаверыя