Ісландцы

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Ісландцы
(Íslendingar)
Жанчыны ў нацыянальных строях
Агульная колькасць 401 тыс. (2012 г.)
Рэгіёны пражывання  Ісландыя — 320 тыс.
 ЗША — 53 тыс.
 Канада — 11 тыс.
 Данія — 8,9 тыс.
Мова ісландская
Рэлігія пратэстанства (лютэранства)
Блізкія этнічныя групы нарвежцы, фарэрцы
скандынаўскія народы

Ісла́ндцы (ісл.: Íslendingar) — народ у Паўночнай Еўропе, асноўнае насельніцтва Ісландыі. Жывуць таксама ў іншых краінах. Агульная колькасць — 401 тыс. (2012 г.)[1]

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Перасяленне нарвежца Гіслі Сурсана ў Ісландыю. Мал. 1866 г.

Паходжанне ісландцаў вывучана добра, больш таго — задакументавана. У прыватнасці, ў «Кнізе пра ўзяццё зямлі» (ХІІ-ХІІІ стагоддзі) згадваюцца імёны першапасяленцаў ІХ-Х стагоддзяў — нарвежцаў. Першым пастаянным насельнікам Ісландыі лічыцца Інгальф Арнарсан (Ingólfur Arnarson), які асеў на востраве каля 874 года. Далейшы перыяд — з 874 г. да 930 г. — перыяд засялення Ісландыі.

У 930 годзе былі скліканы першыя агульнаісландскія зборы (альтынг). Перыяд іх бесперапыннай дзейнасці (да 1030 года) ў гысторыі Ісландыі атрымаў назву «эра народаўладдзя» і апеты ў ісландскіх сагах. Тады ж, у 1000 годзе было прынятае хрысціянства.

У 12621264 гадах Ісландыя ў выніку ўнутраных разладаў падпала пад уплыў Нарвегіі, але з прычыны, што Нарвегія сама ў 1380 годзе была падпарадкаваная Даніі (Кальмарская ўнія), а ў 1537 годзе страціла статус каралеўства, Ісландыя апынулася пад ўладай дацкіх манархаў. Насуперак цяжкай эканамічнай і палітычнай сітуацыі з канца ХVІІІ стагоддзя адбываецца ўздым нацыянальнай свядомасці ісландцаў і захаванне старажытных рыс іх культуры і мовы.

У ХІХ стагоддзі нацыянальна-вызваленчы рух узначаліў Ёўн Сігурдссан (Jón Sigurðsson). Першым значным поспехам руху было аднаўленне дзейнасці альтынгу ў 1843 годзе. Нарэшце, ў 1874 годзе Ісландыя атрымала аўтаномію. З сярэдзіны ХІХ стагоддзя ісландцы актыўна эмігруюць у Паўночную Амерыку.

На пачатак ХХ стагоддзя валоданне Даніяй Ісландыі заставалася ўжо фармальным. 30 снежня 1918 года ўрад Даніі быў вымушанны прызнаць яе незалежнасць. На працягу Другой сусветннай вайны пры падтрымцы Вялікабрытаніі і ЗША 16 чэрвеня 1944 года альтынг Ісландыі прыняў рэспубліканскую канстытуцыю, у наступны дзень Ісландыя была абвешчана рэспублікай, канчакова незалежнай краінай. Першым прэзідентам Ісландыі стаў Свейн Б’ёрнсан.

У 2007 годзе ў штогадовай справаздычы ААН ў галіне чалавечага патэнцыялу Ісландыя названая найбольш паспяховай краінай свету.

Традыцыйная культура[правіць | правіць зыходнік]

Асноўныя заняткі[правіць | правіць зыходнік]

Дзякуючы адносна цёпламу клімату, які назіраўся ў паўночным паўшар’і на працягу ўсяго высокага сярэднявечча, першыя перасяленцы ў Ісландыі мелі магчымасць развіваць земляробства і вырошчваць збожжавыя культуры, у асноўным ячмень і авёс[2]. Аднак перасяленцы прывезлі са Скандынаўскага паўвострава даволі экстэнсіўную сістэму апрацоўкі палеткаў, заснаваную на выпальванні ўчасткаў, прызначаных для сяўбы. У Ісландыі вулканічныя глебы, і ўрадлівы пласт вельмі тонкі. Гэта прыводзіла да хуткай эрозіі і страце ўрадлівасці, вымушала шукаць новыя надзелы і ўступаць з-за іх у канфлікт з суседзямі. Акрамя таго, экстэнсіўнае земляробства адмоўна ўплывала на мясцовую экалогію[3].

Пахаладанне позняга сярэднявечча прывяло да далейшага скарачэння плошчаў ворнай зямлі і трагічных наступстваў у гісторыі саміх ісландцаў, якія ў 1380 г. канчаткова згубілі сваё самакіраванне і трапілі пад кантроль больш паспяховых датчан. Але спосабы апрацоўкі зямлі ў далейшым змяняліся мала. Да пачатку XX ст. гэта рабілі пераважна ўручную. У якасці ўгнаення выкарыстоўвалі водарасці. Збожжавыя культуры амаль не вырошчвалі. Іх месца заняла кармавая трава і некаторыя віды гародніны. Нават ячмень вырошчвалі толькі для корму жывёлы. У наш час апрацоўваецца толькі каля 100 тысяч га зямлі[4]. Паляпшэнне тэхналогій і глабальнае пацяпленне сёння дазваляюць асобным ісландскім фермерам вырошчваць азімую пшаніцу[5], але падобная практыка з цяжкасцю прыжываецца з-за шматвяковых традыцый, не знаходзіць паразумення, а самі фермеры скардзяцца на дзікіх гусакоў, ад якіх не ўмеюць ратаваць ураджай[6].

Галоўнай галіной сельскай гаспадаркі з позняга сярэднявечча і да нашага часу з’яўляецца жывёлагадоўля. Авечкагадоўля забяспечвае прыбыткі большасці ферм. Ісландскія прысадзістыя кароткахвостыя авечкі паходзяць ад парод, калісьці распаўсюджаных ва ўсёй Паўночна-Заходняй Еўропе. Яны адрозніваюцца цягавітасцю, добра прыстасаваныя да мясцовых умоў. У асноўным практыкуецца адгонны метад утрымання авечак. Летам іх пераганяюць на багатыя травой горныя лугі, а ўвосень вяртаюць на ферму. Адсутнасць у Ісландыі небяспечных драпежнікаў доўгі час дазваляла гаспадарам асабліва не клапаціцца пра наяўнасць сталых пастухоў[7]. Сваіх авечак яны распазнаюць па маркіроўцы на вушах[8]. Пэўную колькасць авечак вырошчваюць на мяса да 4 — 5 месяцаў, астатніх пакідаюць для атрымання воўны (2,2 — 2,7 кг ад дарослай жывёлы). Воўна здаўна была прыбытковым прадметам гандлю, шырока выкарыстоўвалася для вытворчасці вопраткі[9].

Акрамя таго, ісландцы разводзяць малочных кароў і канёў. Ісландскі поні маларослы, але вельмі дужы. Канёў звычайна трымалі для верхавой язды, а не для працы на палетках або запрагання ў воз. У мінулым нават бедныя людзі мелі хаця б аднаго каня, а ў багатых статак налічваў шмат галоў. Дзякуючы натуральнай ізаляцыі Ісландыі, звычайныя для іншых краін конскія хваробы тут не вядомы. Каб не падвяргаць карэнную пароду залішняй рызыцы, з 1882 г. імпарт іншаземных коняў забаронены[10]. Свінагадоўля не вылучылася ў асобны від гаспадаркі, хаця для першых пасяленцаў утрыманне свінняў мела важнае значэнне, а іх мяса лічылася ласункам. Аднак пашкоджанні, якія прыносілі свінні наваколлю, вымусілі заканадаўцаў абмяжоўваць іх колькасць[2]. У асноўным свінняў трымаюць на фермах выключна для ўнутранага спажывання.

Рыбалоўства адыгрывае значную ролю ў гісторыі і культуры ісландцаў. Дастаткова прахалодны клімат і адсутнасць урадлівых глебаў вымушалі іх спадзявацца на мора. Нягледзячы на геаграфічную аддаленасць, іх востраў заставаўся прыцягальным для іншаземцаў, якія прыбывалі сюды для лову рыбы, але таксама займаліся гандлем з мясцовым насельніцтвам і такім чынам падтрымлівалі мясцовую эканоміку, знаёмілі са сваімі традыцыямі[11]. Першымі з іншаземцаў для лову траскі ў Ісландыю завіталі рыбакі з паўночна-заходняй Англіі (1409 г.). Але пазней ім канкурэнцыю склалі выхадцы з Ганзы і галандцы. Часам канкурэнцыя ператваралася ў сапраўдныя войны[12]. Самі ісландцы лавілі рыбу для задавальнення ўнутраных патрэб і да пачатку XX ст. шырока карысталіся маламернымі грабнымі суднамі. У канцы XVIII ст. абмежавана выкарыстоўваліся ветразі. Толькі з 1902 г. з’явіліся лодкі з сучаснымі рухавікамі[13]. На працягу XX ст. ісландскі рыбалоўны флот рос, і ў выніку рыбалоўства ператварылася ў адзін з асноўных і найбольш прыбытковых заняткаў.

Жытло[правіць | правіць зыходнік]

Ісландская дзярновая хаціна

Ісландыя да нашых дзён з’яўляецца адной з найменш шчыльна населеных краін у свеце. Найлепш заселены прыбярэжныя раўніны, у цэнтры вострава — даліны. Гарады як цэнтры рамяства і гандлю доўгі час былі не вядомы. У эпоху сярэднявечча гандаль нават не быў асобым прафесійным заняткам. Ім займаліся рыбакі і сяляне, у асноўным калі жадалі прадаць або абмяняць наяўны тавар[14]. Паселішчы з некалькіх гаспадарак узнікалі на беразе мора ў месцах, спрыяльных для лову рыбы і кабатажнага суднаходства. Паколькі сухапутныя шляхі былі не развітыя, толькі грабныя лодкі, якія плавалі ўздоўж берага, звязвалі розныя часткі Ісландыі.

Асноўным відам паселішча з часоў перасялення з’яўляліся хутары. Яны звычана будаваліся на схілах гор і ўзвышшаў каля крыніц пітной вады. На старажытных хутарах хатнюю жывёлу часцяком трымалі ў доме разам з людзьмі або каля дома. Пазней пачалі будаваць для яе загоны і зімовыя хованкі. На хутарах жылі пашыраныя сем’і, на чале якіх стаялі гаспадары. Акрамя блізкіх сваякоў, такія сем’і ўключалі работнікаў (сталых і сезонных) і госцяў.

З-за адсутнасці ў Ісландыі сапраўдных лясоў драўніна каштавала даволі дорага і не магла служыць асноўным будаўнічым матэрыялам, як тое было на радзіме перасяленцаў у Нарвегіі. Ісландцы навучыліся будаваць жытло з дзёрну. Спачатку ўзводзіўся доўгі чатырохкутны фундамент з камянёў. На іх ставіліся драўляныя слупы, якія злучалі жэрдкамі і такім чынам ператваралі ў каркас. Слупы ставіліся на камяні і знутры хаціны, каб потым ператварыць іх ў аснову для лаў і сядзенняў. Дзёран назапашваўся загадзя. Яго зразалі з зямлі ў выглядзе доўгіх палос, чысцілі ад глебы і скручвалі ў форме своеасаблівых цаглін. Гэтымі цаглінамі абкладвалі каркас. Дах пакрывалі сенам або карою, потым зверху накладвалі дзёран. У даху рабіліся шырокія адтуліны для выхаду дыму ад агменя[15]. Такія хаціны былі знутры даволі вільготныя, але імі карысталіся доўгі час, пакуль ў XIX — пачатку XX ст. не з’явіліся хаціны з імпартаванай драўніны на высокіх каменных фундаментах.

Вопратка[правіць | правіць зыходнік]

Традыцыйнае адзенне з роспісу XVIII ст.

Ісландскія нацыянальныя строі сфарміраваліся ў перыяд XVII — XIX стст. пад уплывам мясцовых традыцый, а таксама еўрапейскай моды, якая прыйшла з Даніі, Паўночнай Германіі і Англіі. Да сярэдзіны XIX ст. быў шырока распаўсюджаны жаночы строй faldbúningur (літаральна «падол»). Ён рабіўся з белай ваўнянай тканіны, якая заварочвалася асобнымі кавалкамі вакол цела і замацоўвалася шпількамі. У XVIII ст. выкарыстоўваліся чорная аксамітная кашуля са свабодным каўняром і доўгія спадніцы. Доўгі шалік чапляўся за пояс, часам накідваўся на шыю. Жаночае святочнае адзенне багата дэкаравалася гафтам, шаўковымі стужкамі і аплікацыямі. Жанчыны таксама ўражвалі высокімі капялюшамі. У сярэдзіне XIX ст. ісландскі мастак Сігурдур Гундмундсан распрацаваў абагульненыя формы лёгкай Kyrtill і ўцепленай Skautbúningur народнай жаночай вопраткі, якімі карыстаюцца і ў нашы дні.

Мужчынскія традыцыйныя строі захаваліся значна горш. Яны складаюцца з ваўнянай кофты, вузкіх штаноў, доўгіх шкарпэтак і чаравікоў з цюленяй скуры.

Сям’я[правіць | правіць зыходнік]

Асновай традыцыйнага ісландскага грамадства была буйная пашыраная сям'я на чале якой стаяў гаспадар, звычайна ўладар хутара. Хаця ў ісландцаў няма прозвішчаў, і ў наш час гэта зацверджана законам[16], яны добра ведалі сваю генеалогію і памяталі пра продкаў, якія прыбылі ў Ісландыю з Нарвегіі. Паміж сем’ямі маглі ўзнікаць канфлікты, якія скончваліся сапраўднымі войнамі. Падставай для іх была абраза, зямельныя спрэчкі або кроўная помста. Звычайна такія канфлікты разбіраліся на альтынгу, пазней у каралеўскім судзе.

Ужо ў XIX ст. многія буйныя сем’і разбурыліся пад ціскам таварна-грашовых адносін. Малодшыя сыны, якія не маглі нароўні са старэйшым прэтэндаваць на спадчыну, разам з жонкамі і дзецьмі ішлі ў горад або ў рыбацкія паселішчы. Жонкі рыбакоў звычайна працавалі самастойна ад мужа на добра аплачванай перапрацоўцы рыбы.

У сучаснай Ісландыі пераважаюць малыя нуклеарныя сем’і. З 2010 г. дазволены гомасексуальныя шлюбы.

Фальклор[правіць | правіць зыходнік]

Ісландскі фальклор дастаткова разнастайны. У сярэднявеччы ісландскія паэты і празаікі скальды стваралі эпічныя творы сагі, якія адлюстроўвалі падзеі на ўсёй тэрыторыі Скандынавіі і іншых краін Еўропы, у тым ліку Беларусі. Найбольш вядомы ісландскі скальд Сноры Стурлусан.

Шырока вядомы ісландскія чарадзейныя казкі. Яны ў значнай ступені адлюстроўваюць дахрысціянскі светапогляд народа, насяляюць зямлю прывідамі fylgjur і малым «схаваным народам» huldufólk[17][18]. Цікава, што самі ісландцы даволі сур’ёзна ставяцца да іх зместу. Вядома, што ў часы хрысціянізацыі, а потым Рэфармацыі яны будавалі маленькія касцёлы, каб прывабіць да хрысціянства huldufólk. У 16541683 гг. у Ісландыі, як і ў іншых краінах Еўропы, пачалося паляванне на вядзьмарак. Даследаванне працэсаў над імі паказала, што ісландскія вядзьмаркі часцей абвінавачваліся не ў сувязі з д’яблам, а мясцовымі звышнатуральнымі сіламі[19]. Нават у сучаснай Ісландыі існуе шмат старых павер’яў.

Ісландская спеўная і музычная традыцыя падзяляецца на два напрамкі kveða і syngja. Kveða з’явіўся ў часы сярэднявечча. Першапачаткова так называлі ўсю традыцыйную паэзію. З ім звязаны старажытны дыятанічны стыль выканання саг rímur[20]. Але ў наступныя перыяды kveða ператварыўся ў стыль масавых збораў і святочных гулянак, уключыў у сябе танцавальныя мелодыі. Syngja (літаральна «спеў») можа выконвацца самастойна, не абавязкова пад музыку.

Кухня[правіць | правіць зыходнік]

Ісландскі skyr

Ісландская нацыянальная кухня заснавана на прыгатаванні даступных у гэтай паўночнай краіне інгрыдыентаў. У ёй шмат страў з малака, мяса і рыбы. З малочных прадуктаў асабліва вылучаецца skyr. Гэта вадкі густы тварог з абястлушчанага малака, які атрымоўваюць шляхам закісання. Ісландцы яго параўноўваюць з папулярным у іншых краінах ёгуртам, аднак традыцыя вытворчасці skyr значна старэйшая. Ісланды лічаць, што гэты прадукт быў добра вядомы ўжо вікінгам[21].

З мяса найбольшай папулярнасцю карыстаецца бараніна. Вараную галаву барана гатуюць цалкам. Таксама ужываюць ялавічыну, мяса кітоў, коняў, аленяў, дзікіх птушак і г. д. Распаўсюджаная гародніна — бульба, капуста, шчаўе, рабарбар[22]. Рыбныя стравы найчасцей гатуюць з траскі.

У сучаснай Ісландыі існуе сапраўдны культ экалагічна чыстай ежы. Імпарт многіх харчовых прадуктаў, у тым ліку генетычна мадыфікаваных, забаронены[23].

Мова[правіць | правіць зыходнік]

У ісландскай мове, што належыць да скандынаўскай падгрупы германскай групы індаеўрапейскай моўнай сям’і, амаль што няма дыялектнага падзелу. Ісландская мова, будучы кансерватыўнай, захавала вельмі старажытныя рысы. Пісьмовасць на аснове лацінкі. Першыя ўзоры яе адносяцца до XI ст.

Рэлігія[правіць | правіць зыходнік]

Веруючыя ісландцы пераважна лютэране.

Зноскі[правіць | правіць зыходнік]

  1. Icelander
  2. а б hurstwic.org
  3. Гл. Guðru´n Sveinbjarnardo´ttir, Egill Erlendsson, Kim Vickers, Tom H. McGovern, Karen B. Milek, Kevin J. Edwards, Ian A. Simpson and Gordon Cook, The palaeoecology of a high status Icelandic farm
  4. European Commission — Agriculture and Rural development. Iceland — Agriculture and Enlargement
  5. The Revolution Growing On Iceland’s Farms
  6. Sigrún María Kristinsdóttir, Icelandic grain farmers welcome warming(недаступная спасылка)
  7. http://www.icelandlamb.is/iceland-lamb/ Архівавана 30 ліпеня 2013.
  8. Iceland Readies for Rettir
  9. Icelandic Sheep Архівавана 11 сакавіка 2015.
  10. History of the Icelandic horse Архівавана 6 верасня 2012.
  11. English and Hanseatic Trading and Fishing in Medieval Iceland Архівавана 13 мая 2013.
  12. FIRST FOREIGN FISHERIES OFF ICELAND Архівавана 9 чэрвеня 2011.
  13. THE CHRONOLOGY OF THE ICELANDIC FISHERIES Архівавана 4 ліпеня 2013.
  14. hurstwic.org
  15. hurstwic.org
  16. Закон № 54 ад 27 чэрвеня 1925 г. забараняе грамадзянам Ісландыі мець прозвішчы
  17. Angus W. Hall, Icelandic fairy tales
  18. Eric Shane Bryan, Icelandic Fylgjur Tales and a Possible Old Norse Context
  19. WITCHCRAFT and SCORCERY in ICELAND Архівавана 13 лютага 2013.
  20. Bjarki Sveinbjornson, Icelandic folk music past and present Архівавана 10 ліпеня 2013.
  21. skyr.com Архівавана 19 ліпеня 2013.
  22. Shane Mitchell, In Search of Iceland’s Nordic Cuisine
  23. icelandnaturally.com

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]