Язэп Юр’евіч Лёсік

З пляцоўкі Вікіпедыя
(Пасля перасылкі з Язэп Юр'евіч Лёсік)
Перайсці да: рух, знайсці
Язэп Юр’евіч Лёсік
Jazep Liosik.png
Дата нараджэння

18 лістапада 1883(1883-11-18)

Месца нараджэння

Мікалаеўшчына, Мінскі павет, Мінская губерня, Расійская імперыя

Дата смерці

1 красавіка 1940(1940-04-01) (56 гадоў)

Месца смерці

Саратаў, Саратаўская вобласць, РСФСР, СССР

Грамадзянства

Flag of Russia.svg Расійская імперыя
Flag of Belarus (1918, 1991-1995).svg Беларуская Народная Рэспубліка
Flag of Byelorussian SSR (1937-1951).svg БССР
Flag of the Soviet Union (1936-1955).svg СССР

Жонка

Ванда Лявіцкая

Род дзейнасці

публіцыст, пісьменнік, паэт, журналіст

Альма-матар

Маладзечанская настаўніцкая семінарыя

Лагатып Вікікрыніц Творы у Вікікрыніцах
Commons-logo.svg Язэп Юр’евіч Лёсік на Вікісховішчы

Язэп Юр'евіч Лёсік (6 (18) лістапада 1883[1], в. Мікалаеўшчына Мінскага пав., цяпер Стаўбцоўскі раён — 1 красавіка 1940) — беларускі нацыянальны і палітычны дзеяч, пісьменнік, публіцыст, мовазнавец, педагог. Акадэмік АН БССР (1928).

У друку, апроч уласнага прозвішча (таксама ў напісаннях Лесік, Лосік, Ліосік) выступаў пад псеўданімамі (тагач. «крыптанімамі») Павал Ксяневіч, Язэп Ксяневіч, Язэп Ліхадзіеўскі, М. Кепскі, J. L. (Apalczenniec) і іх разнаст. скарачэннямі і варыянтамі[2].

Біяграфічны нарыс[правіць | правіць зыходнік]

Язэп Лёсік нарадзіўся ў сялянскай сям'і на Стаўбцоўшчыне. Вучыўся ў Маладзечанскай настаўніцкай семінарыі (18981899), скончыў Ноўгарад-Северскае гарадское вучылішча (1902). 3 1902 г. працаваў выкладчыкам Бабруйскай сельскагаспадарчай школы, з 1903 г. настаўнічаў у мястэчку Грамяч Ноўгарад-Северскага павета Чарнігаўскай губерні. За ўдзел у рэвалюцыйных выступленнях 1905 г. арыштаваны, зняволены ў Ноўгарад-Северскую турму. У 1907 г. прывезены на суд г. Старадуб, але праз некалькі дзён уцёк з мясцовай турмы. Хаваўся ад улад у родных і знаёмых у Стоўбцах, Санкт-Пецярбургу, на ст. Красноўка недалёка ад Луганска. У 1911 г. прыехаў у Ноўгарад-Северскі да брата Антона. Тут зноў арыштаваны і прыгавораны да бестэрміновага пасялення ў Сібіры. Пакаранне адбываў у г. Кірэнску і Бадайбо Іркуцкай губерні, дзе пазнаёміўся і пасябраваў з А. Гаруном. Падтрымліваў сувязь з газетай «Наша ніва».

У Беларусь са ссылкі вярнуўся пасля Лютаўскай рэвалюцыі ў 1917. У Беларускай Сацыялістычнай Грамадзе (БСГ, мінская секцыя, з красавіка 1917). Стаў адным з лідараў БСГ, кандыдат ад партыі ва Устаноўчы сойм на Міншчыне. Увайшоў у Беларускі нацыянальны камітэт, рэдагаваў яго газету «Вольная Беларусь» (1917-18). На З'едзе беларускіх арганізацый і партый абраны ў Выканаўчы камітэт Цэнтральнай рады беларускіх арганізацый, пазней увайшоў у Вялікую беларускую раду. Старшыня Выканаўчага камітэта Цэнтральнай рады беларускіх арганізацый (па II з'езде, ліпень 1917). Удзельнік Усебеларускага з'езда (кангрэса) 1917. Выступіў публічна супраць разгону кангрэсу і супраць бальшавікоў.

Падчас акупацыі Беларусі нямецкімі і польскімі войскамі жыў і працаваў у Мінску. Супрацоўнічаў з Народным сакратарыятам Беларусі. Адзін з ініцыятараў акту незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР). 25 красавіка 1918 разам з іншымі кіраўнікамі падпісаў ад імя Рады БНР тэлеграму на імя кайзера Германіі Вільгельма II, у якой яны заявілі, што будучыню Беларусі бачаць «толькі пад апекай германскай дзяржавы»[3]. Пасля расколу БСГ адзін са стваральнікаў з кіраўнікоў Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі. З 14 мая 1918 г. Старшыня Прэзідыума Рады БНР. Пасля падпісання 27 жніўня дадатковай нямецка-савецкай дамовы да Брэсцкага міру Я. Лёсік, старшыня Народнага сакратарыяту і народны сакратар замежных спраў І. Серада і народны сакратар, начальнік канцылярыі Народнага сакратарыята Л. Заяц накіравалі канцлеру Германіі Г. фон Гертлінгу пратэст супраць планаў перадачы земляў, на якія прэтэндавала БНР, у рукі палякаў[4]. Пасля прыходу бальшавікоў у Мінск (пачатак снежня 1918 г.) абвешчаны па-за законам разам з іншымі раднымі.

Падчас польскай акупацыі 1919-20 супрацоўнічаў у газетах «Звон» і «Беларусь» (рэдактар з 1920). Пасля расколу Рады БНР на Найвышэйшую раду БНР і Народную раду БНР (13.12.1919) Язэп Лёсік стаў старшынёй першай.

Пасля заканчэння грамадзянскай вайны застаўся ў БССР. У ліпені 1920 абвясціў аб «прызнанні прынцыпаў Савецкай улады» і выйшаў з палітычнага жыцця. Займаўся навуковай, культурна-асветнай, літаратурнай працай. 3 ліпеня 1921 выкладаў у БДУ, на беларукіх лектарскіх курсах, у Белпедтэхнікуме. У 1922 абраны правадзейным членам Інстытута беларускай культуры, удзельнічаў у рабоце Тэрміналагічнай камісіі (з пач. 1930 яе старшыня). Пераклаў на беларускую мову (1923) «Маніфест камуністычнай партыі» К. Маркса і Ф. Энгеяьса. Быў адным з ініцыятараў правядзення Акадэмічнай канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу і азбукі (лістапад 1926), на якой выступіў з двума асноўнымі дакладамі. У 1928 зацверджаны правадзейным членам Беларускай АН. З'яўляўся дырэктарам Інстытутата навуковай мовы.

У 1922, пасля выхаду ў свет «Практычнай граматыкі беларускае мовы», «Звезда» назвала падручнік «контррэвалюцыйным». У пач. лістапада 1922 Я. Лёсіка арыштавалі, але ў абарону яго выступіў тагачасны нарком асветы БССР У. Ігнатоўскі. 11.11.1922 ён накіраваў у Прэзідыум ЦК КП(б)Б зварот, у якім паказаў значэнне Язэпа Лёсіка для будаўніцгва нацыянальнай культуры і паставіў пытанне аб яго вызваленні. У снежні 1922 Лёсік адпушчаны. Другі раз яго арыштавалі 20.7.1930 па справе «Саюза выэвалення Беларусі». 6.12.1930 пастановай СНК БССР Я. Лёсік пазбаўлены звання акадэміка. Пастановай калегіі АДПУ БССР ад 10.4.1931 ён сасланы на 5 гадоў у г. Камышын Саратаўскай вобл. Жыў у г. Нікалаеўскі, дзе выкладаў у педтэхнікуме. У лістападзе 1934 пастановай ВЦВК атрымаў амністыю без дазволу на вяртанне ў Мінск. У 1935 пераехаў з сям'ёй на Браншчыну, выкладаў рускую мову ў Малавышкаўскай школе на ст. Злынка. Восенню 1937 перасяліўся ў г. Актарск Саратаўскай вобл., працаваў у педтэхнікуме. У чэрвені 1938 зноў арыштаваны за «прыналежнасць да існаваўшай у Саратаве з ліку палітссыльных контррэвалюцыйнай арганізацыі». 31.3.1940 асобай нарадай асуджаны на 5 гадоў канцлагераў за «антысавецкую агітацыю». Паводле афіцыйнай версіі, памёр ад сухотаў у саратаўскай турме. Па прыгаворы 1938 рэабілітаваны 8.10.1958, па прыгаворы 1931 — 10.6.1988. Адноўлены ў званні акадэміка ў 1990.

У палітыцы[правіць | правіць зыходнік]

Спачатку Язэп Лёсік быў прыхільнікам аўтаноміі Беларусі ў складзе Расійскай федэрацыі. Акрамя Беларусі, лічыў ён, у федэрацыю павінны былі ўвайсці Украіна, Літва, Латвія, Вялікаросія, Сібір, землі Каўказа, Фінляндыя, Эстонія і інш. Ён пісаў: «Мы павінны мець свой беларускі парламент, сваю Беларускую Краёвую Раду, цалкам незалежную ў межах свайго краёвага заканадаўства ад цэнтральнага, агульнадзяржаўнага ўрада. Толькі такія справы, як зносіны з загранічнымі дзяржавамі, мытна-грашовая сістэма, вярхоўнае кіраўніцтва ваеннымі сіламі, важнейшыя жалезныя дарогі, павінны знаходзіцца пад загадам агульнадзяржаўнай уласці, каторая гэтаксама павінна складацца з прадстаўнікоў усіх нацый і краёў».[5] Пасля разгону Усебеларускага з'езда 1917 і падпісання Брэсцкага міру 1918 перайшоў на пазіцыі незалежнай Беларускай дэмакратычнай рэспублікі. Ідэолаг і прапагандыст беларускай незалежнасці.

Пасля 1920 ад палітычнай дзейнасці адышоў.

У навуцы[правіць | правіць зыходнік]

Удзельнік Беларускага навуковага з'езду. Член Інбелкульту (1921-30). Вытокі беларускай нацыянальнай культуры Язэп Лёсік даследаваў у артыкуле «Культурны стан Беларусі к моманту Лютаўскае рэвалюцыі» (1924), дзе прыйшоў да высновы, што «як свядомасць вызначаецца быццём, так культурны стан народа вызначаецца яго эканамічна-грамадзянскімі ўзаемаадносінамі». Ён аўтар артыкулаў і нарысаў па гісторыі Беларусі: «1517—1917 (да юбілею 400-лецця беларускага друку» (1917), «Гісторыя Вялікага княства Літоўска-Беларускага», «Памяткі старасвецкай беларускай мовы і пісьменства» (1918), «Памятка» (1919), «Лігва-Беларусь» (1921), «Бітва пад Грунвальдам у апісанні хронікі Быхаўца, Длугаша, Бельскага і інш.» (1922), старадрукаў: «Графіка, правапіс і мова ў тэстаменце кн. Саломерацкага і ў двух другіх дакументах з папер Саломерацкіх XVI ст.» (1929).

«Практычная граматыка беларускае мовы»

На працягу 1921-27 Язэп Лёсік выдаў навуковыя мовазнаўчыя працы: «Практычная граматыка беларускае мовы», «Беларуская мова: Пачатковая граматыка», «Беларуская мова: Правапіс», «Сінтаксіс беларускае мовы», «У справе рэформы нашае азбукі», «Спрашчэнне правапісу», «Да рэформы беларускага правапісу», «Граматыка беларускае мовы: Фанетыка», «Граматыка беларускае мовы: Марфалогія». Асобныя з іх вытрымалі некалькі перавыданняў. Удзельнік Акадэмічнай канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу і азбукі (1926).

Адназначна выступаў за захоўванне кірылічнага алфавіта. Дужа ўхваляў «навуковасць і лагічнасць» сербскай кірылічнай азбукі. У 1923-25 выступіў з крытыкай граматыкі Б. Тарашкевіча, прапаноўваў значныя змяненні ў беларускім алфавіце, правапісе, граматыцы, прызначаныя да іх спрашчэння, асноўваючыся на народнай беларускай традыцыі.

У 1923—1925 выступіў з крытыкай граматыкі Тарашкевіча, прапаноўваў значныя змяненні ў беларускім алфавіце, правапісе, граматыцы, прызначаныя да іх спрашчэння, асноўваючыся на народнай беларускай традыцыі. Між іншым, у алфавіце: замены «ы->и», «й->ј», «э->є», увядзенне літар «ӡ» і «ӡ̌» для перадачы афрыкат «дз» і «дж»; у правапісе: пісанне галосных «я, е, ё, ю» на пачатках складоў у форме «ј+а, е, о, у», значнае пашырэнне прынцыпу «акання», скасаванне пісанне мяккага знаку («мёртвай літары») між падвойных зычных і пасля «з-с, ц-дз» перад мяккімі зычнымі.

У педагогіцы[правіць | правіць зыходнік]

Адзін з першых арганізатараў бясплатных беларускіх курсаў (восень 1917). Выкладаў на Мінскіх беларускіх настаўніцкіх курсах (1918-19). Ініцыятар аднаўлення «Беларускага вучыцельскага хаўрусу», адзін з аўтараў яго статуту. Выкладчык у БДУ (1921—1930). Аўтар шэрагу падручнікаў па беларускай мове: «Практычная граматыка» (1921)[6], «Беларуская мова. Пачатковая граматыка» (1924), «Беларуская мова. Правапіс» (1924)[7].

Літаратурная дзейнасць[правіць | правіць зыходнік]

Пяру Язэпа Лёсіка належыць шэраг літаратурных твораў. Першы вядомы твор: апавяданне «Рабы Міхась Крэчка, што быў за суддзю», надрукаваны ў «Нашай Ніве» (19.7.1912). Апавяданне «Не ўсе ж разам, ягамосці!..», выходзіла асобнай кніжкай (1914). «Апавяданне без назвы» (друк. у газетах «Вольная Беларусь» і «Беларусь», 1917-20). Язэп Лёсік — аўтар твораў «Геркулес і селянін», «Бусел і бусляняты», «Па-валачобнаму», некалькі вядомых вершаў. Шмат твораў у публікацыях і рукапісах страчаны.

Яго літаратурны талент заўважыў і высока ацаніў М. Гарэцкі, асабліва адзначыўшы «Апавяданне без назвы». У 1921 Язэп Лёсік падрыхтаваў да друку зборнік мастацкай прозы «Родныя вобразы», але ён быў забаронены.[8]

У публіцыстыцы Лёсіка 1917-20 асноўнае месца займалі праблемы незалежнасці Беларусі, яе нацыянальнага адраджэння, гісторыі і будучыні, нацыянальнае пытанне (брашура «Аўтаномія Беларусі», арт. «Вольная Беларусь», «Нацыянальны ўціск», «Цёмныя сілы заварушыліся», «Хто вінавайца вайны», «Праціўнікам беларускага руху», «Чаму гэта так?», «Нашы патрэбы», «Нашто нам федэрацыя» (усе 1917), «Гістарычная няўхільнасць», «Рабочы стан пануючых і прыгвалчаных нацый» (абодва 1918) і інш.

Сям'я[правіць | правіць зыходнік]

З сялян. Брат А. Лёсіка. Дзядзька Я. Коласа. Жанаты (з 1917) з Вандай Лявіцкай, у іх было трое дзяцей (Юрась, Люцыя, Алеся).

Ацэнкі[правіць | правіць зыходнік]

Як літаратар, адзначаны як «талентны апавяданнік»; яго творчасць «вельмі нацыянальная, народна-беларуская…» (М. Гарэцкі, 1919). У пазнейшыя савецкія часы (1960—1970-я) адзначалася, што ён «у творах… дапускаў памылкі нацыяналістычнага характару».

Творы[правіць | правіць зыходнік]

Кнігі, брашуры[правіць | правіць зыходнік]

  • Аўтаномія Беларусі. — Мн., 1917 (2 выд.: Мн., 1990).
  • Беларуская мова: правапіс / Язэп Лёсік. — Менск: Беларускае кааперацыйна-выдавецкае таварыства «Савецкая Беларусь», 1924. — 190 с.
  • Беларускі правапіс / Язэп Лёсік. — Менск: Дзяржаўнае выдавецтва Беларусі, 1925. — VIII, 179, [5] с.
  • Беларускі правапіс / Язэп Лёсік. — Менск: Беларускае дзяржаўнае выдавецтва, 1927. — 204, [4] с.
  • Граматыка беларускае мовы: морфолёгія: для настаўнікаў педтэхнікумаў і самаасьветы / Язэп Лёсік. — Менск: Дзяржаўнае выдавецтва Беларусі, 1927. — 190 с.
  • Граматыка беларускае мовы: фонэтыка / Язэп Лёсік. — Менск: выдана коштам аўтара, 1926. — 131 с.
  • Граматыка беларускай мовы: фанетыка / Язэп Лёсік. — Мн.: Народная асвета, 1995 — 131 с. — (Беларуская мова: гісторыя і сучаснасць). — ISBN 985-03-0249-6.
  • Да рэформы беларускага правапісу. — Мн., 1926 (сааўт. А.Лёсік)
  • Літва — Беларусь: гістарычныя выведы / Язэп Лёсік; [прадмова З. Санько; пасляслоўе А. Жлуткі]. — Мн.: Тэхналогія, 2016. — 33, [2] с. — ISBN 978-985-458-266-5.
  • Мы перш за ўсё беларусы: проза, публіцыстыка / Язэп Лёсік; [уклад. В. Дранчука; прадм. В. Міцкевіч]. — Мн.: Беларускі кнігазбор, 2004. — 71 с. — (Серыя «Мне сонцам свеціць Наднямонне»). — ISBN 985-6730-80-6.
  • Наша крыніца: чытанне для беларускіх школ / Я. Лёсік. — Берлін: выданне Навукова-літэрацкага аддзела Камісарыяту асветы БССР, 1922. — 275 c., [4] л. іл.
  • Наша крыніца: чытаннне для беларускіх школ у Латвіі / Я. Лёсік. — Рыга: выданне Беларускага выдавецтва ў Латвіі, 1927. — 275, [1] с.
  • «Ня ўсё-ж разам, ягомосці!...» / А. Лёсік. — Вільня: Беларускае выдавецкае таварыства, 1914. — 32 с.
  • Практычная граматыка / Язэп Лёсік. — Менск: Беларускае кааперацыйна-выдавецкае таварыства «Адраджэнне», 1922.
  • Практычная граматыка беларускай мовы: курс 1-шы / Язэп Лёсік; Соц. Радн. Рэспубліка Беларусі, Народны камісарыят асветы. — Менск: Дзяржаўнае выдавецтва Соц. Радн. Рэспублікі Беларусі, 1921. — 72 с.
  • Практычная граматыка беларускай мовы / Язэп Лёсік; Народны камісарыят асветы. Ч. 2: Кароткі курс этымалогіі і сінтаксу. — Менск: Дзяржаўнае выдавецтва Беларусі, 1922. — 314, [2] с.
  • Творы: апавяданні, казкі, артыкулы / Язэп Лёсік; [укладанне, прадмова і каментарыі А. Жынкіна]. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — 334, [1] с., [8] л. іл., партр., факсім. — ISBN 5-340-01250-6.
  • У справе рэформы нашай азбукі / Язэп Лёсік. — [Мн.: б. в., 1926]. — 10 с. — (Матэрыялы да акадэмічнай канферэнцыі па рэформе правапісу і азбукі; 1).
  • Школьная граматыка беларускай мовы / Язэп Лёсік. — Менск: Беларускае дзяржаўнае выдавецтва, 1927. — 184, [4] с.
  • Школьная граматыка беларускай мовы. — Мн.: Белдзяржвыд, 1928. — 188 с.

Артыкулы[правіць | правіць зыходнік]

  • Асноўны матыў у творчасці Максіма Багдановіча (Пасляслоўе, публіхацыя і заўвагі І. Багдановіч) // Полымя. — 1991. — № 12. — С.;
  • Бітва пад Грунвальдам у апісаньні кронікі Быхаўца, Длугоша, Бельскага і інш. // Спадчына. — 1996. —
№ 4. — С.

Зноскі

  1. Дата 19.11.1883, відавочна, з'яўляе няправільна пералічаную дату старога стылю. Паводле: (Жынкін 2003), С. 3. Памылкова сустракаецца таксама год 1884.
  2. (Жынкін 1994) Каментарыі //… С. 325.
  3. Тэлеграма Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Імпэратару Нямеччыны Вільгельму за 26.04.1918
  4. Архівы Беларускай Народнай Рэспублікі = Archives of the Belarusian democratic republic / Беларускі інстытут навукі й мастацтва, Таварыства беларускага пісьменства; [Уклад., падрыхт. тэксту, уступ. арт., камент., пер., паказ. С. Шупы]. Т. 1: У 2-х кн. Кн. 1: Фонд N 582 Дзяржаўнага архiва Лiтвы («Рада Мiнiстраў Беларускай Народнай Рэспублiкi»). — Вільня — Нью-Ёрк — Менск — Прага: Беларускі інстытут навукі й мастацтва — Таварыства беларускага пісьменства — «Наша ніва», 1998. — 850, [16] с. — С. 242 — 243. — (Bibliographic series; № 4). — ISBN 9986-9219-2-9.
  5. «Аўтаномія Беларусі» (1917).
  6. Паўтор граматыкі Тарашкевіча 1918.
  7. Граматыка 1921 з пэўнымі змяненнямі і дапаўненнямі.
  8. Забаронены да друку Галоўлітам БССР з-за «нацыяналістычнага», «рэлігіёзна-дагматычнага» характару (1921).

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Гарэцкі М. Лёсік Язэп // Гарэцкі М. Гісторыя беларускае літаратуры. — Вільня, 1920.
  • Багдановіч I., Жынкін А «Гэтага слаўнага пісьменніка чакаець яшчэ слаўнейшая будучыня» // За передовую науку. — 1990. — 4 мая.
  • Мяснікоў А. «Жывіце без мяне…» // Полымя. — 1992. — № 1.
  • Мяснікоў А. Нацдэмы. Лёс і трагедыя Фабіяна Шантыра, Усевалада Ігнатоўскага і Язэпа Лёсіха. — Мн., 1993.
  • Беларускiя пiсьменнiкi: Бiябiблiяграфiчны слоўнiк. Т. 4. — Мн., 1994.
  • (Жынкін 1994) Язэп Лёсік. Творы: Апавяданні. Казкі. Артыкулы / Уклад., прадм. і камент. А. Жынкіна. — Мн.: Маст. літ., 1994. — 335 с., [1] л. партр.; [8] л. іл. — (Спадчына). ISBN 5-340-01250-6.
  • ЭГБ, Т. 4. — Мн.: БелЭн, 1997.
  • (Жынкін 2003) Лёсік Я. 1921—1930: Зб. тв. / Уклад., прадм. і камент. А. Жынкіна. — Мн.: НАРБ: Выд. Логвінаў, 2003. — 396 с. ISBN 985-6372-31-3 (НАРБ); ISBN 985-6701-29-5 (І. П. Логвінаў).
  • Маракоў Л. У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. — Т. 2. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9
  • Будзько I. Язэп Юр'евіч Лёсік (Да 120-годдзя з дня нараджэння) // Беларуская лінгвістыка. 2004. Вып.54.
  • Хвіланчук, Ю. Навуковая дзейнасць Язэпа Лёсіка ў перыяд станаўлення нацыянальнага мовазнаўства / Юлія Хвіланчук // Роднае слова. — 2014. — № 4. — С. 41 — 43.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]

Лагатып Вікіцытатніка
У Вікікрыніцах ёсць тэксты па тэме
Язэп Юр’евіч Лёсік