Вужалкі
Вужалка | |
---|---|
Міфалогія | Беларуская |
Пол | Жаночы |
Бацька | Вужыны Цар (Вужыны кароль, Гаспадар вужоў) |
Характэрныя рысы | Да паловы прыгожыя маладыя дзяўчаты з доўгімі распушчанымі валасамі, замест ног — змяіны хвост. Заўсёды ў залатых завушніцах |
Атрыбуты | Дарагія ўпрыгожванні, звычайна залатыя |
Ву́жалкі — у беларускай міфалогіі дачкі Вужынага Караля (Гаспадара вужоў), маладыя прыгожыя дзяўчаты з доўгімі распушчанымі валасамі, са змяінымі хвастамі замест ног.
Вакол іх заўсёды збіралася безліч вартаўнікоў-змей, таму ніхто з людзей не мог да іх наблізіцца. Яны вельмі любяць сядзець на старых дрэвах і часаць залатымі грабёнкамі свае цудоўныя валасы. У вужалак шмат залатых упрыгожванняў — бранзалеты, каралі і іншае багацце. Чалавеку не робяць ніякай шкоды, але той, хто іх пакрыўдзіць, можа зрабіцца ахвярай незлічоных бедстваў, а ўвесь ягоны род можа знікнуць[1].
Апісанне
[правіць | правіць зыходнік]Да паловы вужалкі — гэта прыгожыя маладыя дзяўчаты, з доўгімі распушчанымі валасамі. Але замест ног у іх — змяіны хвост. Яны не маюць ніякага адзення, хоць і іхні бацька, Гаспадар вужоў, вельмі багаты. Пад аховай іх бацькі знаходзіцца шмат скарбаў, таму яны не адмаўляюць сабе ў дарагіх аздобах і упрыгожваннях: каралях, бранзалетах, пярсцёнках, завушніцах. Залатыя завушніцы — іх абавязковы атрыбут, менавіта па ім можна адрозніць такую змейку[2].
Месцаванне
[правіць | правіць зыходнік]Вужалкі звычайна жывуць у лесе ці паблізу вадаёмаў. Часта сядзяць на старых раскідзістых дрэвах, любяць расчэсваць залатымі грабеньчыкамі свае даўгія валасы. Бывае, што якая з іх можа згубіць што-небудзь з упрыгожанняў. Лічыцца, калі знойдзеш такую рэч — яна будзе прыносіць шчасце, а таму чалавеку можна не баяцца змяінага ўкусу[3].
Вакол таго месца, дзе знаходзяцца вужалкі, звычайна кішма кішыць змеямі — гэтак іх бацька, Змяіны кароль, ахоўвае сваіх дачок[4].
Згадкі пра вужалак сустракаюцца на Вілейшчыне[3].
Вобраз у мастацкай літаратуры
[правіць | правіць зыходнік]- Апавяданне «Жаўнер і вужалка» (2015 г.), Алег Грушэцкі[5][6].
Гл. таксама
[правіць | правіць зыходнік]Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Каляндар «Беларускія нячысцікі» — Мінск: «Асобны дах», 2005
- ↑ Вужалка . Праверана 24 жніўня 2015.
- ↑ а б Васілевіч У. А. Вужалкі // Беларускі фальклор : энцыклапедыя ў 2т / рэдкал.: Г.П. Пашкоў і [інш.]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 1. — 768 с.
- ↑ Вужалкі. Гаспадар гадзюк(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 26 кастрычніка 2015. Праверана 24 жніўня 2015.
- ↑ Наста Грышчук Ударны ліпень. Нічога, апроч любові // Літаратура і мастацтва : газета. — Мн.: СПБ, РВУ «Звязда», 7 жніўня 2015. — В. 4831. — № 31. — С. 6. Архівавана з першакрыніцы 24 жніўня 2015.
- ↑ Алег Грушэцкі Жаўнер і вужалка // Маладосць : часопіс. — 2015. — № 7. — С. 15—22. Архівавана з першакрыніцы 1 студзеня 2023.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- У. Васілевіч. Вужалкі // Беларускі фальклор : энцыклапедыя ў 2т. Т.1 / рэдкал.: Г. П. Пашкоў і [інш.]. — Мінск : Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — С. 94. — 768 с. : іл.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Вужалкі. Гаспадар гадзюк Архівавана 26 кастрычніка 2015. (сайт «Мифология славян»)