Валатоўны

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Валатоўны — у беларускай міфалогіі дзяўчаты-волаты са звышчалавечай сілай. З персанажамі валатовен у Беларусі звязаны многія геаграфічныя аб’екты: Дароціна гара (Дрысенскі р-н), гара Багатыр (Расонскі р-н), Дзявочая гара (Мсціслаўскі, Валожынскі р-н).

Вядомыя валатоўны[правіць | правіць зыходнік]

  • Дарота — дзяўчына-волат, жыла на ўзвышшы, якое зараз завецца Дароцінай гарой. Перакідвалася бярвеннямі з дзяўчынай-волатам з Пярунавай гары[1]. Змагаецца з варожым войскам, але гіне.
  • Валатоўна з Багатыр-гары (мяжа Полацкага і Расонскага раёнаў). Кожную раніцу хадзіла па ваду за 10 вёрст і насіла яе цэбрамі, у кожным з якіх памясцілася б па 30 вёдзер. Замест каромысла ў яе быў дубовы калодзежны вочап. Аднойчы татары спыталі яе, дзе знаходзіцца Полацк. Яна адказала, што не ведае такога горада. Між тым татары ўбачылі з вяршыні Багатыр-гары Святую Полацкую Сафію і накінуліся на валатоўну. Яна перабіла каромыслам амаль усіх, але і сама загінула. З цэбраў пацякла вада, ад якой утварылася рэчка Багатырка.
  • Княгіня. Жыла на востраве Асвейскага возера на гары Пярунка (у якой, дарэчы, знаходзіцца першабытнае гарадзішча Днепра-дзвінскай культуры)[2].
  • Валатоўна з гары Замак (Смалявіцкі раён). Білася з мужчынай-волатам Юзэфаўскага замка і перамагла яго.
  • Кацярына. Змагалася з волатам Батурай і ўзяла над ім верх. Паданне апублікавана А. М. Семянтоўскім у 1890 г. У другім паданні за Кацярыну сватаюцца 2 волаты — Сцяпан і Марка. Дзяўчына-волат абяцае выйсці за таго, хто кіне валун далей. На камяні Сцяпана досей бычны след нагі Кацярыны, а на камяні Марка — сляды яго пальцаў. Перамагае нялюбы ёй Марка, і Кацярына, каб пазбегнуць шлюбу з ім, кідаецца з валуна, разлілася вадою, якая знікла ў зямлі і выйшла на свет крыніцай за 5 вёрст ад Прапойска. Тую крыніцу празвалі «Сіні калодзеж». Ляснік, які першым даведаўся пра яе існаванне, убачыў на беразе жанчыну, якая прычэсвала валасы. Заўважыўшы яго, тая адразу скочыла ў крыніцу і знікла.
  • Валатоўна ў паданні з Лепельскага павета перамагла волата і яго войска, а потым перакуліла і паставла ўверх каранямі елку.
  • Валатоўна, якая жыла на гары бліз Расонаў, таксама знішчае варожае войска.

Сляды валатовен[правіць | правіць зыходнік]

Паглыбленні на валунах нярэдка тлумачылі як водціскі ад ног старажытных дзяўчат-вяліканак. І. Каспяровіч згадвае пра валатоўну, якая пераступіла раку Свіслач. След на валуне ля вёскі Забежжа (Віцебскі раён) нібыта таксама пакінула дзяўчына-валатоўна, якая адным крокам пераступіла раку Дзвіну, але спатыкнулася аб камень.

Інтэпрэтацыя[правіць | правіць зыходнік]

Як лічыць Э. Зайкоўскі, старажытны культ валатовен быў падобны да культу Багіні-Маці. Большасць сюжэтаў, аднак, звязвае дзяўчат-вяліканак не з творчай сілай (урадлівасць, плоднасць), а з разбурэннем, вайной і смерцю. Яны ўвасабляюць разбуральную іпастась Багіні-Маці, дзікую стыхію, прыродны хаос, ярасць і дзікунства. Ім можа адпавядаць кельцкая багіня Морыган і скандынаўскія ваяўнічыя дзевы-валькірыі.

Несумненна, вобраз валатоўны з’яўляецца рэшткай жаночага міфалагічнага персанажа. Часцей за ўсё волаты дзейнічаюць у міфах у той час, калі яшчэ не завершана стварэнне свету, калі яшчэ фарміруецца сусветны парадак. Таму волаты і валатоўны ўвасабляюць сабою хаос, хтанічныя сілы. А. М. Семянтоўскі, носьбіт «вялікадзяржаўніцкіх» поглядаў і «заходнерускай» тэорыі ў дачыненні да беларусаў, лічыць правобразам валатоўны Кацярыны імператрыцу Кацярыну II, прататыпам яе ворага Батуры — польскага караля Стэфана Баторыя, а іх бітву — як алегорыю перамогі Расіі над Польшчай. Але яе сувязь са стыхіяй падземных вод і асабіста з персанажам волата Сцяпана дазваляе разглядваць яе як пазнейшае фальклорнае ўвасабленне старажытнай язычніцкай багіні, чыё імя зараз забыта[3]. Персанаж Народнай Бібліі святы Сцяпан стаў хрысціянскім пераймальнікам функцый язычніцкага бога Вялеса[4] (іншыя функцыі Вялеса перанялі святы Улас і святы Мікола), язычніцкі прататып Кацярыны мог быць яго жаночай парай. Як святы Юрый і святы Улас у народным кульце святых замянілі Ярылу[5] і Велеса ў першую чаргу з-за падабенства імёнаў, так і хрысціянскае імя Кацярына магло быць блізкае да забытага сёння імя язычніцкай багіні. Паколькі паданне было запісана ў арэале гідронімаў балцкага тыпу, яе імя можа быць звязана з бел. Котра, літ. Katra, Katare, рус. Катарянка, дыялектычным праславянскім kotora (спрэчка, сварка, бойка) і інш.

Зноскі

  1. Узгоркі, апетыя ў міфах і паданнях
  2. Міфалогія беларусаў: энцыкладпедычны слоўнік / склад. І. Клімковіч, В. Аўтушка; навук. рэд. Т. Валодзіна, С. Санько. — Мн.: Беларусь, 2011. — 607 с.: іл. С. 91
  3. «Кацярына» на сайце «Родныя вобразы»(недаступная спасылка)
  4. «Сцяпан» на сайце «Родныя вобразы»(недаступная спасылка)
  5. «Ярыла» на сайце «Родныя вобразы»(недаступная спасылка)

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Віцьбіч Юрка. Плыве з-пад Святое Гары Нёман. Мн., 1995.
  • Міфалогія беларусаў: энцыкладпедычны слоўнік / склад. І. Клімковіч, В. Аўтушка; навук. рэд. Т. Валодзіна, С. Санько. — Мн.: Беларусь, 2011. — 607 с.: іл.