Раёк (беларуская міфалогія)
Раёк — у беларускім сялянскім фальклоры і міфалогіі загадкавы дух. У шырокім сэнсе так называўся канец жніва, калі працы больш не заставалася, і можна было адпачыць[1]. Гаварылі: “Раёк, раёк! Паляцеў, задзёршы хвасток!”. У жніўных песнях Раёк згадваецца як жывая істота, як персанаж. Ён можа хадзіць па вуліцах, наведвацца да людзей, пытацца дарогі і інш.
Ішоў Раёк,
Ішоў Раёк у наш дварок.
Нашы двары,
Нашы двары мяцёныі.
Нашы сталы,
Нашы сталы засланыі.
Хадзі, Раёк,
Хадзі, Раёк, у наш дварок.
— [2].
Ішоў раёк дарогай шырокай.
Ніхто ж райка не перэймаіць?
Выйдзі, панок, перэймі раёк
І знімі вянок.
Нашы раі велікіе.
Сюда раёк, на мой дварок.
У нас двары мецёные,
У нас сталы цісовые...
— [3].
Ч. Пяткевіч апісвае Райка як духа, які клапоціцца пра зжатае збожжа. Калі селянін хацеў, каб Рай узяў пад сваю апеку і яго снапы, то тройчы казаў: «Рай, Рай, ідзі к нам!». Калі верыць М.С. Кацару, яго выява сустракаецца ў народных вышыўках-арнаментах у выглядзе чатырохканцовых матываў, як бы складзеных з жытніх каласоў[4]. Раёк часам супрацьпастаўляецца Сербаю (увасабленню голада). Хлеба часам не хапала да новага ўраджаю - значыць, быў Сёрбай. А калі жніво скончвалася, хлеб з'яўляўся, то Сёрбая болей не было, прыходзіў Раёк.
Этымалогія імя[правіць | правіць зыходнік]
"Раёк" можа паходзіць як ад "рай" (які у шэрагу індаеўрапейскіх мовах першапачаткова азначай "дабрабыт", "багацце"), так і быць памяньшальным ад слова "рой" (пчаліны). Магчыма, імя "Раёк" ("Рай") звязана з такім персанажам, як святы Юр'я (Юрай), які ў сваю чаргу з'яўляецца хрысціянскім пераемнікам язычніцкага бога Ярылы. Юрай - ахоўнік сельскагаспадарчых прац і сам звязаны з вобразам пчалы (апошняя ў веснавых песнях, як і Юрай, адчыняе вясну залатымі ключыма). Адсюль, верагодна, Раёк (як святы Юрай, святы Пятро) - адна з іпастасяў Ярылы.
Зноскі
- ↑ Этнаграфія Браслаўшчыны(недаступная спасылка)
- ↑ Зап. у 1968 г. у в. Лявонпаль ад Кісьляк Ядзьвінні, 1912 г.н.
- ↑ Ігнат Храпавіцкі. ПОГЛЯД НА ПАЭЗІЮ БЕЛАРУСКАГА ЛЮДУ
- ↑ Кацар М. С. Беларускі арнамент. Ткацтва. Вышыўка.
Літаратура[правіць | правіць зыходнік]
- Васілевіч У. Зямная дарога ў вырай. Беларускія народныя прыкметы і павер'і — Мінск: Беларусь, 2010. — 717 с.: іл.