Касмагонія (беларуская міфалогія)

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search

Касмагонія - цыкл міфаў аб стварэнні сусвету. Сістэмы касмаганічных сюжэтаў славяна-беларускага насельніцтва ў першапачатковым (дахрысціянскім) выглядзе не захавалася. Намаганнямі фалькларыстаў ХІХ-ХХ стст. зафіксаваны шматлікія паданні ў жанры "Народнай Бібліі", якія тлумачылі з'яўленне Зямлі, Неба і чалавека праз інтэрпрэтацыю і ўдакладненне Старога і Новага Запавету. У гэтых апавяданнях, а таксама ў народных павер'ях, загадках, песнях, арнаментах захаваліся элементы болей архаічнай, язычніцкай рэлігіі.

Першародны акіян[правіць | правіць зыходнік]

Шэраг фальклорных твораў дазваляе меркаваць, што Сусвет у беларускай міфалогіі пачаўся з першароднага акіяну, акрамя якога не было ні зямлі, ні сонца. Паводле большасці тэкстаў, спачатку ў гэтым сусвеце прысутнічае першае боства, якое, мяркуючы па ўсім, увасабляе неба, святло (інакш кажучы, вышэйшы свет). Потым з акіянскай вады ці вадзянога пузыра (агульна кажучы, з воднай стыхіі) з'яўляецца другі бог, увасабленне ніжэйшай, воднай, зямной (хтанічнай) стыхіі. І яны разам ствараюць зямлю. Першы бог у хрысціянізаваных паданнях атоесамліваецца з біблейскім Богам ці Спасам, другі - з Чортам. Адразу трэба адзначыць, што ў гэтай структуры хрысціянскія толькі імёны, а сюжэт цалкам язычніцкі, бо Біблія не ведала стварэння Сусвету двума боствамі.

З падання аб паходжанні беларусаў[правіць | правіць зыходнік]

У паданні "Адкуль пайшлі беларусы" спачатку фігурыруе бясконцае мора, пасярод якога стаіць камень. Пярун пачынае біць маланкамі па гэтаму камню, з-за чаго ў ваду падаюць тры іскры - белая, жоўтая і чырвоная. Мора ўскаламучваецца, але ў наступны момант зямля аддзяляецца ад вады, узнікае суша, на якой адразу селяцца звяры і птушкі, а таксама чалавек. Прычым тэкст падання прама паведамляе: невядома, ці тут узнік чалавек, ці аднекуль сюды прыйшоў[1].

З паданняў пра двубой Іллі-прарока і Чорта[правіць | правіць зыходнік]

Паданні пра супрацьборства Іллі (хрысціянскі заменнік Пяруна, які таксама кіраваў маланкамі і навальніцай) не паведамляюць аб язычніцкай касмагоніі непасрэдна, аднак утрымліваюць шэраг касмаганічных матываў. Іллі-прарок накіроўвае свае маланкі супраць нячысціка, які нярэдка хаваецца ад яго пад камень:

"- Ну, я пад камень схаваюся.

- Я й камень разаб'ю i цябе заб'ю"[2].

Гэта можа тлумачыць і агрэсію Пяруна супраць камня ў паданні "Адкуль пайшлі беларусы": пад валуном ці ў ім самім мог схавацца магутны вораг Пяруна, хтанічнае боства, якое ўвасабляла ніжэйшы свет, - падрабязнасць, аб якой не паведамлялася ў тэксце падання, але якая магла прысутнічаць у архаічным міфе, ад якога паданне пайшло. Матыў хтанічнай істоты, якая жыве ўнутры камня (ці гары) і ворагуе з небам, вышэйшым светам, распаўсюджаны ў беларускай міфалогіі і фальклоры. У некаторых паданнях Люцыпар (Чорт, адзін з заменнікаў Вялеса ў хрысціянскую эпоху) жыве на краі свету, унутры гары[3]. Унутры гары жыве і Кашчэй Бессмяротны ў казцы "Каваль". С. Санько атоесамлівае гэтую гару з валуном, што стаяў пасярод першароднага акіяну[4]. На Беларусі таксама пашыраныя паданні аб камнях-краўцах, унутры якіх жыў цмок ці нячысты, які шыў адзенне. Адзін з гэтых камянёў (што стаяў ля в. Высокі Гарадзец, Талачынскі раён), насіў імя "Сцяпан" (персанажы з гэтым імем у архаічных паданнях нярэдка выступалі заменнікамі персанажа Вялеса). Цмок, што жыў у камні-краўцы каля Лукомля, баяўся маланак, ад якіх нарэшце і загінуў. Адсюль магчыма, валун пасярод акіяну мог з самага пачатку быць жытлом хтанічнага бога (Вялеса?). А агрэсія нябеснага боства супраць валуна (якая паслужыла прычынай ускаламучвання першабытнага акіяну і ўтварэння сусвету) магла быць вынікам варожасці паміж двума багамі-першатворцамі. Само ўзнікненне сусвету паўстае тут наступствам сутыкнення зямной (хтанічнай) і нябеснай стыхіі.

З песеннага фальклору[правіць | правіць зыходнік]

У веснавых песнях таксама прысутнічае матыў аб ускаламучванні мора і разбівання камня, толькі робіць гэта ўжо конь святога Юр'я - хрысціянскага займенніка Ярылы:

У чыстым полі пад яваром

Разгуляўся Юр'еў конь.

Разгуляўся Юр'еў конь,

Хвастом мора раскалыхаў.

Хвастом мора раскалыхаў,

Капытом камень разбіваў.

У песнях Юр'я - Ярыла ўвасабляе вясну, сонечнае святло і цяпло. Прычым явар, згаданы ў песні, можа быць рэшткай успамінаў па міфічнае Сусветнае Дрэва, касмічную вось. Як і ў міфе, што прыведзены крыху вышэй, тут прысутнічае і камень, па якому боства наносіць удар.

З паданняў Народнай Бібліі[правіць | правіць зыходнік]

У хрысціянізаваным паданні "Аб паходжанні д'ябла і балотаў" таксама прысутнічае ўскаламучванне першароднага акіяну, але ў выніку з яго народжваецца не зямля, а боства:

«Ішоў Спас па сіняму мору, бачыць — мора пачынае пеніцца, пачынаюць біць незвычайна моцныя хвалі, з'явіўся аграмадны вадзяны стоўб. Спас падыходзіць да гэтага стаўба паглядзець і бачыць у сярэдзіне гэтага стаўба жывога волата, і выкінуў на бераг. З'явіўся такі прыгажун, што прыгажосці яго здзівіўся сам Спас» [5].

Волат аказваецца самім Чортам - ён пачынае «намаўляць анёлам непаслушэнства Богу».

У паданні "Бог і д'ябл" (Гомельшчына) па пешапачатковаму акіяну ходзіць сам Бог. Ён сустракае вадзяны пузыр і пытае, хто сядзіць унутры. З пузыра чуецца адказ:

«— Бог!

— А хто ж я?

— А ты — кажа — над багамі бог — у пузыры атвет дае.

— Ну, калі ж я над багамі бог... — узяў і разадраў пузыр».

З пузыра вылазіць невядомы чалавек, які далей ідзе па вадзе побач з Богам. У другім варыянце падання гэты «чалавек» прама называецца Чортам.

Паралелі ў міфалогіях суседніх народаў[правіць | правіць зыходнік]

У літоўскіх легендах бог носіць імя Дыевас (раней - вярхоўны бог, у хрысціянскую эпоху літоўцы называлі так адзінага Бога), а чорт - Велняс. Апошні паходзіць ад аднаіменнага язычніцкага бога жывёлагадоўлі, роднаснага славянскаму Вялесу. Акрамя таго слова «волат» і імя Вялес маюць агульную этымалогію [6].

Магчымая рэканструкцыя беларускага міфа аб першародным акіяне[правіць | правіць зыходнік]

Адсюль можна меркаваць, што пачатак беларускага міфа аб стварэнні сусвету меў наступную структуру: існаваў першародны акіян, сярод якога не было ніякай зямлі. Магчыма, сярод акіяну існавалі іншыя першасныя касмаганічныя дэталі (камень, дуб і г.д). Над ім жыў бог, які, мяркуючы па ўсім, увасабляў неба. Ім маглі быць Пярун (Дундар), Ярыла і інш. Марская вада пачынае каламуціцца (не выключна, што з дапамогай самога бога-творцы), і ў ёй самазараджаецца другое боства, якое ўвасабляла ніжэйшы свет, хтанічную прыроду, - магчыма, Вялес (Волат). Канфлікт паміж двума супрацьлеглымі багамі-стыхіямі прыводзіць да навалы нябеснага боства на камень ці гару (жытло ніжэйшага боства). У выніку першабытнае мора ўскаламучваецца, і адбываецца першы касмаганічны этап (аддзяленне глебы ад вады). Пазней абодва багі бяруць удзел у далейшым стварэнні свету.

Стварэнне зямлі[правіць | правіць зыходнік]

Большасць фальклорных тэкстаў сходзяцца на тым, што зямля, па ўяўляннях старажытных беларусаў, была пабудавана з пяску, які адзін з багоў-першатворцаў (ці яны абодва разам) дастаў з глыбіні першароднага акіяну.

Паданні Народнай Бібліі[правіць | правіць зыходнік]

Зафіксаваны хрысціянізаваныя паданні ("Паходжанне д'ябла і балотаў" і інш.), дзе Волат-Чорт у выглядзе водаплаваючай птушкі (у розных варыянтах - качкі, лебедзя) нырае ў першародны акіян, прыносіць са дна пясок, з якога Бог будуе зямлю. У іншым варыянце Бог плыве па моры на чаўне і сее зямлю на паверхню вады, у выніку чаго ўтвараецца суша. Чорт паспявае засунуць жменю пяску сабе ў рот. Але яму робіцца млосна, ён пачынае плявацца на зямлю, якая толькі што ўтварылася, з-за чаго ўзнікаюць горы і балоты.

У хрысціянізаваным балцкім паданні зямлю аналагічным чынам ствараюць Дыевас (Бог) і Велняс (Чорт)[7]. Гэтыя паданні, хоць і карыстаюцца біблейскімі вобразамі, але глыбока супярэчаць Бібліі: зямлю ствараюць фактычна два багі, дзве супрацьлеглыя стыхіі. Па сутнасці, гэты пераважна язычніцкія тэксты з паверхневай хрысціянскай пераапрацоўкай. У язычніцкі перыяд супрацьлегласць двух багоў-першатворцаў, хутчэй за ўсё, вымяралася не па этычнаму крытэрыю (дабро-зло), а па месцу, якое кожы займаў у прыродзе: першае боства ўвасабляла неба, цяпло і святло, а другое - ніжэйшы свет, вільгаць і мора.

Рэшткі ўяўлення аб зямлі як аб «платформе», якая пабудавана на паверхні акіяну, можна пабачыць у палесскіх павер'ях. Па меркаваннях палешукоў, зямля - нібыта тонкая скура, пад якой знаходзіцца першароднае мора. Там быццам уладарыць Чорт.

Сюжэт часткова пераклікаецца з паданнямі рускай поўначы, Балтыі і ненцаў (народа Заходняй Сібіры). Там птушка гагач прыносіць з марскога дна пясок, з якога бог Нум пабудаваў Зямлю. Але з’явіўся злосны стары, які пачаў разбураць зямлю. У беларусаў ёсць падобны міф ("Адкуль горы ды балоты"), дзе Чорт прыняўся скубці кіпцюрамі сушу, якую толькі што пабудаваў Бог, ад таго зямля стала няроўная. У паданні ненцаў бог Нум прагнаў старога (ім быў сам дэман). Але той прабіў дзірку ў зямлі і сігануў у размешчаны пад ёю першародны акіян, дзе пануе досей.

Матэрыял валачобных песен і яго параўнанне з карпацкім міфам[правіць | правіць зыходнік]

Існуе валачобная песня, пазбаўленая відавочных паралеляў з хрысціянствам.

"Да ляцелі да два галубочкі...

Да зранілі да два жалудочкі,

З тых жалудочкаў сталі два дубочкі,

А на тых дубочках свечы гарэлі,

Свечы гарэлі, іскры сыпацелі,

А з тых іскраў сіня мора стала..." [8]

Яна на здзіўленне блізкапераклікаецца з песняй карпацкіх славян, дзе ўжо прама расказваецца аб стварэнні сусвету:

Калі быў пачатак свету,

Тады не былі ні неба, ні зямлі, толькі блакітнае мора,

А сярод мора дуб высокі,

Селі на дуб два дзіўныя галубы,

Сталі думаць, на чым свет заснаваць?

Спусцімся на дно марское,

Вынясем дробнага пяску,

Дробнага пяску, залатога камня,

Дробны пясок пасеем мы,

Залаты камень падзьмуем мы.

З дробнага пяску - чорная зямліца,

Сцюдзёна вада, хялёна трава,

З залатога камня - блакітнае неба,

Сіняе неба, светлае сонца,

Ясны месяц і ўсе зоркі [9].

Таксама прысутнічаюць два галубы, дуб. Верагодна, што беларуская валачобная песня з’яўляецца як бы «пачаткам», а карпацкая - працягам. Маецца тут і матыў будоўлі зямлі з марскога пяску, які мы ўжо бачылі ў хрысціянізаваных паданнях. А два галубы - гэта зааморфныя ўвасабленні тых жа двух багоў-першатворцаў.

Рэшткі касмаганічнага міфа з удзелам тых жа багоў у птушыным абліччы могуць захоўвацца і ў іншай валачобнай песні:

"Галубы гудуць - цэркаў будуюць,

З трыма вярхамі, з чатырма вокнамі.

Першае ваконца - яснае сонца,

Другое ваконца - ясны месячык,

А трэцяе ваконца - ясная зорка.

У чацвёртае ваконца салавей уляцеў,

Салавей уляцеў, на прастоле сеў"[10].

Царква, у якой вокны - нябесныя свяцілы, можа быць увасабленнем сусвету, які будуюць галубы.

Магчымая рэканструкцыя беларускага міфа аб стварэнні зямлі[правіць | правіць зыходнік]

Адсюль беларускі міф аб стварэнні зямлі мог мець наступную структуру. Два боствы-першатворцы (пачатак гісторыі аб іх гл. вышэй у раздзеле «Першародны акіян») зранілі жалуды, з якіх вырастаюць два дубы (ці адзін дуб, які з’яўляецца, па сутнасці, Сусветным Дрэвам). У іншай валачобнай песні фігурыруе адзін дуб і вырастае з жалуда, які губляе сава. Магчыма, што ў гэты момант два першабагі прымаюць зааморфнае аблічча (галубы). У гэтым выглядзе яны сядзіць на галінах сусветнага дуба (ці дубоў), іх атачае першародны акіян. Свечы, якія гараць на дубах у валачобнай песні, могуць увасабляць зоркі. Багі-першатворцы ныраюць у марскую глыбіню, выносяць адтуль пясок, з якога будуюць зямлю вакол сусветнага дубу.

Далей мог быць матыў спрэчкі паміж двума першатворцамі. У выніку бог, які ўвасабляў марскую стыхію і ніжэйшы свет (верагодна Волат, Вялес, у хрысціянізаваных варыятах - Чорт) пасяліўся пад зямлёю, у першародным акіяне (ці ўнутры камня пасярод акіяну). Магчыма, гэты камень тоесны Залатой гары, якая ў замовах і валачобных песнях паўставала цэнтрам Сусвету, і з'яўляецца часткай вертыкальнай структуры Сусвету: зямля знаходзіцца пасярод сусветнага акіяну, пасярод зямлі - Залатая гара, на гары - Сусветнае Дрэва. На вершаліне дрэва (якая адпавядае небу) знаходзіцца нябеснае боства, унутры Залатой гары - хтанічны бог. У некаторых сюжэтах высокі дуб ці камень (гара) знаходзяцца на краі свету, аднак гэта не супярэчыць іх функцыі "цэнтру, восі сусвету". У міфалогіі прастора не мае строгага значэння, і размяшчэнне аб'ектаў у цэнтры ці на ўскраіне зямлі мае мэтай паказаць іх недасягальнасць для простага чалавека.

Зноскі

  1. І.Вуглік. Беларуская касмагонія
  2. ТРАНСФАРМАЦЫЯ АРХЕТЫПА ЧОРТА Ў ХРЫСЦІЯНСКАЙ РЭЛІГІІ
  3. Ігар ВУГЛІК. ЛЕКЦЫЯ 2. БЕЛАРУСКАЯ КАСМАГОНІЯ
  4. СЯРГЕЙ САНЬКО. ПЕРШАЯ ФАЗА КАСМАГЕНЭЗУ ПАВОДЛЕ ФАЛЬКЛЁРНЫХ КРЫНІЦ
  5. СЯРГЕЙ САНЬКО. ПЕРШАЯ ФАЗА КАСМАГЕНЭЗУ ПАВОДЛЕ ФАЛЬКЛЁРНЫХ КРЫНІЦ
  6. Беларуская міфалогія: Энцыклапедычны слоўнік / С. Санько, Т. Валодзіна, У. Васілевіч і інш. — Мн.: Беларусь, 2004. — с. 87
  7. О статусе бога Велеса в свете балто-славянской мифологемы сотворения мира
  8. [Выд.: Паэзія беларускага земляробчага календара / Укладанне, сістэматызацыя тэкстаў, уступны артыкул і каментарыі А.С. Ліса. Мн., 1992. http://starbel.narod.ru/folk/valaczob.htm]
  9. Міфы славян аб стварэнні свету (рус)
  10. Міфалогія беларусаў: энцыкладпедычны слоўнік / склад. І. Клімковіч, В. Аўтушка; навук. рэд. Т. Валодзіна, С. Санько. — Мн.: Беларусь, 2011. — 607 с.: іл. С. 555-556