Стрыга
Стрыга — у беларускай міфалогіі злы дух, які падмяняе дзяцей, падкідваючы маленькага нячысціка, худога і плаксівага.
Апісанне
[правіць | правіць зыходнік]Худая бледная жанчына высокага росту, з распушчанымі валасамі, запалымі шчокамі і зялёнымі кашэчымі вачыма. Не мае пастаяннага жыхарства, пераходзіць з вёскі ў вёску, шкодзячы людзям. Можа схапіць дзіця і шматаць яго так, каб маці пачула крыкі. Каб уратаваць дзіця, маці купалі яго перад заходам сонца, стараючыся выліць ваду, пакуль сонца не села. Калі Стрыга раззлаваная, можа пакалечыць дзіця ці на вачах у людзей разбіць яму галаву аб камень. Каб залагодзіць Стрыгу, цяжарныя жанчыны запрашалі яе ў хату ў час родаў. Калі Стрыга з’яўлялася, яе ўшаноўвалі, каб дзіця нарадзілася здаровае. Лічылася, што Стрыга не баіцца нават святой вады. Выратаваць ад яе маглі толькі знахары.
Падобныя персанажы былі таксама ў заходніх славян. Палякі ведалі мужчынскі адпаведнік Стрыгі — strzyg або strzygoc, які пазней з’яўляецца ў сазе Анджэя Сапкоўскага пра ведзьмака Геральта. Аднак гэты персанаж хутчэй падобны на вупыра.
Аналіз
[правіць | правіць зыходнік]Назва «Стрыга» паходзіць, верагодна, ад лацінскага «striga» («старая чараўніца», «ведзьма»), якое ў сваю чаргу паходзіць ад «strix» («вушастая сава», «сіпуха»). Лічылася таксама, што вушастая сава высмоктвае кроў у дзяцей, і што ў выглядзе савы па начах лётаюць ведзьмы. Пакуль невядома, як антычны вобраз пранік у славянскую культуру. Верагодна, праз балканскіх славян.
Гл. таксама
[правіць | правіць зыходнік]Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Васілевіч У., Санько С. Стры́га // Беларуская міфалогія: Энцыклапедычны слоўнік / С. Санько, Т. Валодзіна, У. Васілевіч і інш. — Мн.: Беларусь, 2004. — С. 493—494. — 592 с.: іл. — 3 000 экз. — ISBN 985-01-0473-2.