Доля (міфалогія)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Доля
dalia
Міфалогія Беларуская міфалогія
Сфера ўплыву Лёс
Пол жанчына

Доля (Тры долі, Тры сястры, Прахі, Тры прахі, Тры панны) — вельмі старыя ўяуленні-персаніфікацыі асноўных супрацьлегласцей ў беларускай міфалогіі, якія тлумачаць прадвызначэнне чалавечага лёсу, а таксама вобраз тутэйшай багіні лёсу, які ўзыходзіць да агульнаіндаеўрапейскай багіні[1][2][3]. Слова «доля» (роднаснае літ. dalia, dalis ‘частка, доля’, лат. daļa, dalis, прус. dellieis ‘тое самае") ў беларускай мове мае усходнебалцкае паходжанне і яно не этымалагізуецца на славянскай глебе. Сустракаюцца згадкі пра «тры сястры», «тры дзявіцы», «тры панны», «тры бабкі», якія дапамагаюць людзям пазбавіцца ад хваробаў, то бок у пэўнай ступені выпраўляюць хібы лёсу.[3]

«Залатая нітка», Джон Мелхуіш Струдвік, 1885 г. Тры багіні лёсу прадуць нітку жыцця.

Уяўленне Долі ў народнай творчасці[правіць | правіць зыходнік]

Захаваліся цьмяныя ўяўленні пра персаніфікацыі долі і нядолі. Доля дастаецца нібы з падзелу, прытым чалавек не заўсёды гэтай доля задаволены. Доля можа быць добрая або ліхая, шчаслівая ці няшчасная, горкая, слезавая. Паводле традыцыйных уяўленняў беларусаў, чалавек надзяляецца доляй пры нараджэнні, прытым доляй яго надзяляе маці або Бог[2][4].

Сярод розных доляў найбольш важныя тры — «хлебавая», «грашовая» і «вянчальная», што азначала матэрыяльны дабрабыт і сямейнае суладдзе. Згадваюцца таксама долі «збожжавая», «багатырская», «свабодная», «здаравейка». У беларускіх праклёнах чалавеку зычаць благой долі: «Каб табе ліхая доля!», «Хай яму горкая доля, як ён мяне напалохаў!» ды інш. Такім чынам, доля уяўлялася амбівалентнай, магла быць добрай ці благой. Эквівалентам «добрай долі» часам разумецца проста «доля», а благой долі — адсутнасць долі ці «нядоля», бяздольнасць: «Чаму я такая бяздольная?», «бяздольная сіротка», «бяздольнік» ды інш.

Вобраз долі даволі важны ў вясельных, радзінных і хрэсьбінных абрадавых тэкстах. Добрую долю немаўляці даюць бабка-павітуха, кум з кумою або просяць яе ў Бога[2][4][3]:

«Хай жа Бог вас шчасцем і доляю спаткае!»

«Дай, Божа, маладым добрую долю!»

«Адна матка нас радзіла, адна гадавала»

«Чаму ж яна ня роўную дольку нам давала?»

«Табе дала, мой брацятка, долю слезавую»

Міфалагічнае паданне пра долю дакладней пра сам працэс надзялення чалавека доляй дзесьці ў нябачаных звычайным зрокам сферах, занатавана А. К. Сержпутоўскім. «Добрая доля, та й жытка добрая» — такім сцверджаннем — выслоўем пачынаецца гэтае паданне. Змест яго палягае ў наступным: у выніку божай волі добрая бяздетная кабета, што с пашанай паставілася да жабрака, раптам зацяжарыла і па парадзе дасведчаных жанчын у канцы цяжарнасці выканала пэўныя магічныя чыннасці, каб даведацца, каго народзіць — сынка ці дачушку. У незвычайным сне душа будучай маці далёка адляцела ў прастору і ўбачыла, як тры долі ў выглядзе трох гожых дзяўчын вырашалі, каму з іх служыць яе сынку. Значэнне кожнай долі-паненкі сімвалізавалі вянкі на іх галовах: з калючых траў — ліхая доля, з галінак дрэў, вецця — доля рыбака і паляўнічага, з каласоў і кветак — шчаслівая доля гаспадара. Каму быць з хлопцам, самі долі вырашалі гуляючы. Высока ўгору была падкінута кветка з вянка добрай долі, кожная доля-паненка імкнулася яе злавіць. (Дакладна па правілах дзіцячай гульні: «Хто першы схопіць, таму ё будзіць»). Схапіла кветку ўсё ж самая гожая доля-паненка, яна і забяспечыла шчаслівае жыццё хлопцу. Такім чынам, тут праводзіцца думка, што доля чалавеку трапляе як бы выпадкова з гульні таемных сілаў пазасвету. У казках сустракаецца сюжэт знішчэння злой долі (нядолі) праз утапленне. Ужо адзначалася, што добрая доля ад Бога таксама ідзе па вадзе, што звязана з уяўленнямі пра раку як шлях у іншасвет.

«Такая доля, як у небе столя» (прымаўка).

Эцюд «Лёс» Беатрыс Офар (1864—1920).

Замовы і абрады падзелу Долі[правіць | правіць зыходнік]

Чалавек імкнуўся ўплываць на грозную стыхію, ён выкарыстоўваў магічныя рытуалы, замовы, звароты непасрэдна да Бога як трымальніка ўсіх лёсаў. Так нашы продкі імкнуліся забяспечыць сваіх нашчадкаў добрай доляй. Лічылася, калі чалавек не паладзіў з Доляй, з добрым духам-ахоўнікам, на яго тут жа накідвалася Нядоля, і тады ўжо былі неабходны вялікія намаганні, каб ад яе адбіцца. Часам Нядоля карала чалавека за грахі яга продкаў[2][4][3]. Апісанні пра долю ў замовах перагукаюцца з апісаннямі багінь лёсу ў іншых індаеўрапейскіх народаў. Некаторыя дэталі ў замовах супадаюць з тым, што сустракаецца ў паданні з запісаў Аляксандра Сержпутоўскага. Характэрна, што ў замовах занятак трох сястрыц часта звязваецца з прадзеннем, ткацтвам, вышываннем. Гэта адпавядае агульным індаеўрапейскім уяўленням пра багінь, якія прадуць нітку лёсу чалавека. Таксама важна тое, што ў беларускіх замовах сцвярджаецца, што яны менавіта сёстры[3]:

«У полі стаіць тры дзявіцы да тры сястрыцы, а там царыца, а кала царыцы крыніца, а там цячэ рэчка»

Абрад падзелу «бабінай кашы» разглядаецца як абрад пераразмеркавання долі ў калектыве. Каша выступае ў якасці ўвасаблення агульнай долі ўсяго калектыву. Хрэсьбінную кашу неслі дамоў у якасці гасцінца для дзяцей. Такім чынам, і кожнае дзіця супольнасці атрымлівала сваю частку агульнай долі. Па кашы таксама меркавалі пра будучы лёс і дабрабыт народжанага. «Бабіну кашу» гатавала бабка-павітуха, таму абрадавая страва і атрымала такую назву[3].

Пра долю і нядолю асабліва часта згадваюць беларускія паэты — Францішак Багушэвіч, Янка Лучына, Цётка, а як персанажы яны сустракаюцца ў Янкі Купалы[4].

Зоркі Пояса Арыёна, нанесены на карту Дж. А. Галанам Бахо

Этнаастраномія[правіць | правіць зыходнік]

Зоркі з сузор’я Арыёна (паяса) Тры сястры Прахі ці Тры сястры Папрадкі (літ. Trysseselės verpėjos) звязаны з сёстрамі, якія вызначалі лёс чалавека: «Людзі старыя гаварят, вуньгаваріт, тры зорачкі эта Тры Сястры». Уласныяімёны гэтых зорак — «световая, заходня, позня» [5][6].

Зноскі

  1. Аўсейчык, У. Я. Міфалогія : вучэб.-метад. комплекс для студэнтаў спецыяльнасці 1-21 03 01 «Гісторыя» / У. Я. Аўсейчык. — Наваполацк : ПДУ, 2013. — 156 с.
  2. а б в г Беларуская міфалогія 2004.
  3. а б в г д е Скварчэўскі, З. Па слядах багоў: нарысы беларускай міфалогіі  / З.Скварчэўскі. — Мінск : Медысонт, 2019. — 160 с.
  4. а б в г Шамякіна, Т.I. Міфалогія Беларусі /Нарысы/ Т. I. Шамякіна. — Мінск : «Мастацкая літаратура», 2000. — 400 с.
  5. Авілін, Ц. Беларуска-літоўскія паралелі ў народнай астраніміі. Европа : новое соседство 2008 : сб. науч. тр. / редкол.:Г. Я. Миненков (отв. ред.) [и др.]. — Вильнюс : ЕГУ, 2009. — С. 10-16.
  6. https://www.slideshare.net/tsimafeiavilin/ss-27172625

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]