Перайсці да зместу

Лазавік (міфалогія)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Лазавік — у беларускай міфалогіі дух, які жыве ў лазе.

Паводле звестак П. Шпілеўскага (верыфікацыя якіх цяжкая), Лазавік — лясны бог, які жыве ў лазе. Быццам з’яўляўся старэнькім карлікам, не больш за пазногаць, з адным вокам на твары, з барадой у аршын, цягаў з сабою доўгую пугу у сем сажняў. Жыве у маленькай хатцы сярод лазы, у атачэнні балот. Хатка без дзвярэй і вокнаў, з адтулінай у страсе. Калі чалавек захоча наблізіцца да гэтага дамка, той будзе аддаляцца. Калі Лазавік блукае па балоце, яго вока ззяе, як агенчык[1] (верагодна, так людзі тлумачылі балотныя агенчыкі, якія на самой справе ствараў гаручы балотны газ). Далей Шпілеўскі сцвярджае, што ў некаторых месцах Лазавіка завуць Балотнікам, у некаторых — Вадавіком (відавочна, Шпілеўскі блытае розных персанажаў).

Лічыцца, што Лазавік гіне, калі ягоныя балоты асушваюць. Сваёй пугай Лазавік ганяе па лазе дробных, шкодных і шумных Лознікаў.[2]

Болей надзейныя звесткі фалькларысткі І. Шаўко, запісаныя, аднак, вельмі позна, у 2006 г. Паподле іх, лазавік — дух, што жыве ў лазе. Там знаходзіцца яго хатка. Ён такога ж колеру, што і лаза. Падобны на дробнага дзеда, амаль карліка. Хоць непрыгожы, але добры. Лазавік можа ратаваць ад вадзянікоў і балотнікаў (з якімі П. Шпілеўскі, дарэчы, яго атаясняў). Калі чалавек трапляў у багну і пачынаў тануць, то, схапіўшыся за лазу і варатаваўшыся, лічыў, што яму дапамог лазавік. Можа таксама схаваць чалавека ад дажджу. Мог і пажартаваць над людзьмі, але тыя на яго не злавалі, бо дух часта дапамагаў ім.

Зноскі

  1. Васілевіч У. Зямная дарога ў вырай: Беларускія народныя прыкметы і павер’і / Укладанне, прадмова, пераклад і паказальнік У.Васілевіча. — Мінск: Беларусь, 2010
  2. Чароўны свет: з беларускіх міфаў, паданняў і казак / рэд. Г. П. Пашкоў; маст. В. П. Славук — Мінск: Беларус. Энцыкл. імя П.Броўкі, 2008
  • Міфалагічныя ўяўленні беларусаў / пад рэдакцыяй В. С. Новак — Мн.: «Право и экономика», 2010
  • Чароўны свет: з беларускіх міфаў, паданняў і казак / рэд. Г. П. Пашкоў; маст. В. П. Славук — Мінск: Беларус. Энцыкл. імя П. Броўкі, 2008.