Перайсці да зместу

Пушчавік

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Пушчавік — у беларускай міфалогіі нядобры дух лесу, які робіць людзям выключна зло[крыніца?].

Вялікан, вышэйшы нават за самыя высокія дрэвы ў лесе, калматы, увесь зарослы мхом. Заімшэлыя нават нос і вочы. Ёсць такія пушчавікі, якім дрэвы ў лесе толькі па плячо. Гэты дух раззлаваны на людзей за тое, што яны высеклі многія лясы і прымусілі яго зысці ў самыя далёкія і дзікія пушчы, у шматвекавыя дубровы. У яго няма літасці ні да дзяцей, ні да старых, ні да знямоглых, ні нават да хатняй жывёлы. Пушчавік можа забіць ахвяру адной сваёй знешнасцю. Калі мэта дасягнута, ён не смяецца, як лясун, не здзекуецца з чалавека, а спакойна ідзе далей, быццам зрабіў звычайную справу.

Жыве пушчавік на абмежаванай тэрыторыі, у некранутых дрымучых лясах. Людзям пашанцавала, што пушчавікі рэдкія, у многіх пушчах гаспадараць адны толькі лесуны, якія ставяцца да людзей значна лепш. Часта ўцекчы ад пушчавіка дазваляе тое, што гэты вялікан непаваротлівы і дрэнна бачыць, што адбываецца ў яго пад нагамі, пад каронамі дрэў. Пры сустрэчы з пушчавіком трэба рабіць крутыя павароты туды і сюды, і як мага хутчэй пакідаць пушчу, бо за яе межу пушчавік ніколі не ступіць.