Ушацка-Лепельскае ўзвышша
![](http://upload.wikimedia.org/wikipedia/commons/thumb/8/8b/%D0%A3%D1%88%D0%B0%D1%86%D0%BA%D0%B0-%D0%9B%D0%B5%D0%BF%D0%B5%D0%BB%D1%8C%D1%81%D0%BA%D0%B0%D0%B5_%D1%9E%D0%B7%D0%B2%D1%8B%D1%88%D1%88%D0%B0_%282001%29.svg/220px-%D0%A3%D1%88%D0%B0%D1%86%D0%BA%D0%B0-%D0%9B%D0%B5%D0%BF%D0%B5%D0%BB%D1%8C%D1%81%D0%BA%D0%B0%D0%B5_%D1%9E%D0%B7%D0%B2%D1%8B%D1%88%D1%88%D0%B0_%282001%29.svg.png)
![](http://upload.wikimedia.org/wikipedia/commons/thumb/7/79/%D0%A3%D1%88%D0%B0%D1%86%D0%BA%D0%B0-%D0%9B%D0%B5%D0%BF%D0%B5%D0%BB%D1%8C%D1%81%D0%BA%D0%B0%D0%B5_%D1%9E%D0%B7%D0%B2%D1%8B%D1%88%D1%88%D0%B0.svg/220px-%D0%A3%D1%88%D0%B0%D1%86%D0%BA%D0%B0-%D0%9B%D0%B5%D0%BF%D0%B5%D0%BB%D1%8C%D1%81%D0%BA%D0%B0%D0%B5_%D1%9E%D0%B7%D0%B2%D1%8B%D1%88%D1%88%D0%B0.svg.png)
Ушацка-Лепельскае ўзвышша — фізіка-геаграфічны раён, узвышша на поўначы Беларусі, у цэнтральнай частцы Беларускага Паазер’я.
Займае частку Глыбоцкага, Лепельскага, Мёрскага, Полацкага і Ушацкага раёнаў Віцебскай вобласці. Мяжуе з Полацкай нізінай на паўночным захадзе, поўначы і ўсходзе, Чашніцкай раўнінай на паўднёвым усходзе, Верхнебярэзінскай нізінай на поўдні і захадзе, Свянцянскімі градамі на захадзе. Працягласць з паўночнага захаду на паўднёвы ўсход 115 км, з захаду на ўсход ад 22 да 45 км, плошча 3,4 тыс. км². Максімальная вышыня 279 м.
Прымеркавана да Вілейскага пахаванага выступу Беларускай антэклізы. Асадкавы чахол складзены з адкладаў пратэразою, кембрыю, дэвону і антрапагену. Найбольш пашыраны адклады жывецкага і эйфельскага ярусаў дэвону (гліны, пяскі, мергелі, алеўрыты). У фарміраванні Ушацка-Лепельскага ўзвышша вялікае значэнне маюць антрапагенавыя адклады (магутнасць да 120 м) усіх ледавіковых эпох і міжледавікоўяў. Марэнныя ўзвышшы і раўнінныя ўчасткі складзены з чырвона-бурых валунных суглінкаў паазерскага ледавіка; у паніжэннях, паблізу азёр, у будове камаў і озаў пашыраны пяскі і пясчана-жвіровыя сумесі.
У сучасным рэльефе ўзвышша вылучаюць: Кубліцкае ўзвышша і Пышнагорскае ўзвышша на захадзе і Лукомскае ўзвышша на крайнім паўднёвым усходзе з вышынямі больш за 200 м. Большую частку тэрыторыі з вышынямі 150—200 м займае пласкахвалісты рэльеф з адноснымі перавышэннямі 8-10 м. На мяжы з Полацкай нізінай рэльеф найбольш парэзаны і кантрасны, дзе паміж азёрнымі і балотнымі катлавінамі ўзвышаюцца озы і камы з адносным перавышэннем 30-40 м.
Карысныя выкапні: легкаплаўкія гліны, пясчана-жвіровы матэрыял, сапрапель.
Найбольшыя рэкі Ушача, Дзіва (Тураўлянка), Нача, вытокі Улы. Шмат азёр, якія злучаюцца пратокамі і невялікімі рэкамі, у т.л. Лепельскае возера, Ушацкая група азёр. Гідралагічны заказнік Крывое.
Характэрна драбнаконтурнасць глеб, расліннасці, сельгасугоддзяў. Пераважаюць дзярнова-падзолістыя слаба- і сярэднеападзоленыя глебы, у нізінах — тарфяніста-глеістыя. Пад лесам да 30 % тэрыторыі. Найбольш захаваліся лясы на вяршынях узгоркаў, озавых градах, стромкіх схілах азёрных катлавін. Яловыя і ялова-шыракалістыя лясы пераважна заменены другаснымі — бярозавымі, асінавымі, чорнаальховымі, ёсць невялікія масівы хваёвых лясоў. У шматлікіх паніжэннях лугі і балоты. Пад ворывам да 60 % тэрыторыі.
Літаратура[правіць | правіць зыходнік]
- Энцыклапедыя прыроды Беларусі. У 5-і т. Т. 5. Стаўраструм — Яшчур / Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ імя Петруся Броўкі, 1986. — С. 179. — 583 с., іл. — 10 000 экз.
- Геаграфія Беларусі: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Л. В. Казлоўская і інш. — Мн., 1992.— 382 с. — С. 74