Жан-Поль Сартр

З пляцоўкі Вікіпедыя.
Перайсці да: рух, знайсці
Жан-Поль Сартр
Jean-Paul Sartre
Jean-Paul Sartre FP.JPG
Жан-Поль Сартр
Дата нараджэння:

21 чэрвеня 1905

Месца нараджэння:

Парыж, Францыя

Дата смерці:

15 красавіка 1980

Месца смерці:

Парыж

Узнагароды:

Нобелеўская прэмія па літаратуры

Жан-Поль САРТР (французская: Jean-Paul Sartre; 21 чэрвеня 1905, Парыж — 15 красавіка 1980) — французскі філосаф, пісьменнік і літаратуразнавец, прадстаўнік экзістэнцыялізму і фенаменалогіі. Пісаў п'есы і раманы, дзякуючы чаму экзістэнцыялізм стаў, асабліва ў Францыі, моднай плынью.

Біяграфічныя звесткі[правіць | правіць зыходнік]

Скончыў Вышэйшую нармальную школу (1929). 3 1931 выкладаў у ліцэях Парыжа, Гаўра і Ліёна. У час ІІ сусветнай вайны ўдзельнік руху Супраціўлення. 3 1945 узначальваў часопіс «Les Temps Modernes» («Новыя часы»).

Светапогляд[правіць | правіць зыходнік]

У цэнтры філасофіі Сартра — феномен чалавека і анталогія яго свядомасці. Крытыкаваў псіхааналіз і эксперыментальную псіхалогію, якія ператвараюць чалавека ў «раба сваіх эмоцый» і здымаюць з яго адказнасць; распрацаваў экзістэнцыяльна-псіхааналітычны метад, які даследуе асобу ў працэсе «самавынаходніцтва». На яго экзістэнцыялізм моцна ўплывае фенаменалогія Гусерля, Гегеля, а пазней марксізм.

Першы асноўны трактат Сартра «Быццё і нішто», спроба фенаменалагічнай анталогіі, прысвечаны пытанню быцця. Ён адрознівае быццё-ў-сабе, незалежнае ад свядомасьці быццё рэчы, і быцця-для-сябе — вызначэнне быцця чалавека, які існуе дзякуючы свядомасці. Быццё-ў-сабе не базуецца ні на самім сабе, ні на чымсьці іншым. Быццё-для-сябе мае здольнасць негаціяцыі, «нішто» з'яўляецца толькі з свядомасьцю чалавека. «Быццё, праз якое ў свет прыходзіць небыццё, — гэта быццё, у якім размова ідзе пра ўласна небыццё: быццё, праз якое ў свет трапляе небыццё, з'яўляецца небыццём для самога сябе». Гэта вызначальнае для людской экзістэнцыі. Яна змяшчае ў сабе пярэчанне сабе, г.зн. з'яўляецца супярэчлівай: быццё «з'яўляецца тым, чым яно не ёсць, і ёсць ня тым, чым яно ёсць». Г.зн., што чалавек — гэта быццё, якое праектуе сябе праз цяперашнюю сучаснасць, што ў значнай меры вызначаецца яе мажлівасцямі. Дзякуючы гэтаму праекту чалавек падымаецца над сабою, ёсць тым, кім яшчэ ня ёсць. Чалавек — не толькі тое, што ён ёсць, але і тое, кім сябе стварае.

Аснова быцця чалавека — гэта свабода, паколькі чалавек мусіць самавызначацца, то бок ствараць сябе такім, якім ён ёсць; ён вырачаны на свабоду.

Свабода — гэта негацыяцыя быцця-ў-сабе з дапамогай праекту.

Фактычная дадзенасць (напрыклад, рэчы, астатнія людзі, фізічныя целы) не знішчае свабоду, паколькі свабода адкрывае гэтыя межы; абмежаванні існуюць толькі ўнутры канкрэтнага праекту жыцця.

Паколькі, паводле канцэпцыі Сартра, Бога, які вызначае існаванне чалавека, няма, чалавек самастойна вызначае сваё існаванне. Чалавек нясе за сябе поўную адказнасць. Хоць ён таксама можа быць непраўдзівым з самім сабой.

Вялікае значэнне мае даследаванне адносінаў чалавека з Іншым. Сартр распрацоўвае структуру быцця-для-іншага шляхам аналізу погляду (які не абмяжоўваецца толькі вокам). Бачнасць Іншым азначае, што быццё індывіда пастаянна фармуецца ў прысутнасці іншых. Толькі сам на сам з сабою асобны індывід аддаецца беспасярэднай дзейнасці, ён не бачыць сябе ў сваёй свядомасці як такога, якім ён ёсць падчас дзеяння. У бачанні Іншага ён паўстае аб'ектам, які ацэньваецца Іншым. Сартр тлумачыць гэта на прыкладзе «таго, хто падглядае». Аддаўшыся сваёй цікавасці, ён, не ўсведамляючы свайго Я, распушчаецца ў сваіх дзеяннях. Неспадзявана яго застае хтосьці іншы: у тую хвіліну ён той, кім ёсць насамрэч: зайздросны падглядач.

Каб зразумець, хто ён ёсць, патрэбны Іншы. Падпадання пад уладу Іншага можна пазбегнуць, калі індывід свядома акрэсліць свае магчымасці. Тады ён спасцігае самасвядомасць без уваходжання ў ролю Іншага.

Гісторыю літаратуры Ж.-П. Сартр разглядаў у кантэксце агульнага культурна-гістарычнага працэсу, лічыў, што кожны літаратурны стыль быў «ангажыраваны» пэўным класам, які імкнуўся да панавання ў грамадстве. Адстойваў сацыяльна-пераўтваральную функцью літаратуры і канстатаваў крызіс заходне-еўрапейскай літаратуры ХХ ст. як вынік «дэкласаванасці пісьменнікаў» («Што такое літаратура?», 1947).

Літаратурная творчасць[правіць | правіць зыходнік]

Празаічныя і драматычныя творы Ж.-П. Сартра прасякнуты экзістэнцыяльнымі ідэямі адчужанасці ад знешняга свету і самаадчужанасці чалавека (раман «Млоснасць», 1938), немагчымасці пазбавіцца ад абсурднасці рэчаіснасці (зб. апавяданняў «Мур», 1939), шляху да свабоды і цяжару адказнасці за выбар (п'еса «Мухі», 1943; незавершаная тэтралогія «Дарогі свабоды», 1945-49), асуджанасці на адзіноту (п'еса «Пры зачыненых дзвярах», 1945) і інш. Проза Сартра спалучае рысы традыцыйнага рэалізму, «плыні свядомасці» і натуралізму, эсэістычнасці і дакументалізму. Ён імкнуўся пашырыць межы біяграфічнага жанру: распрацаваў канцэпцыю «рамана рэальнай асобы», у якім разглядаў чалавека як «тыповую ўніверсальную адзінку сваёй эпохі», спалучаючы мастацкія метады з экзістэнцыялізмам, псіхааналізам і навуковым аналізам сацыяльнага асяроддзя. Прынцыпы «рамана рэальнай асобы» развіваў у творах «Бадлер» (1947), «Святы Жанэ, камедыянт і пакутнік» (1952), аўтабіяграфічнай аповесці «Словы» (1964) і канчаткова замацаваў у рамане «Ідыёт у сям'і» (т. 1-3, 1971-72).

Асаблівае месца ў яго творчасці належыць драматургіі. У п'есах імкнуўся да прытчавасці і развіваў прынцыпы ўласнай канцэпцыі «тэатра сітуацый», у якім універсальныя першаасновы чалавечай экзістэнцыі выяўляюцца праз прызму канкрэтнай сітуацыі («Мёртвыя без пахавання», 1946; «Брудныя рукі», 1948; «Д'ябал і Гасподзь Бог», 1951; «Пустэльнікі Альтоны», 1960 і інш.).

На беларускую мову прозу і драматургію Ж.-П. Сартра перакладаў З. Колас.

Узнагароды[правіць | правіць зыходнік]

Нобелеўская прэмія па літаратуры 1964, ад якой Ж.-П. Сартр адмовіўся.


Беларускія пераклады[правіць | правіць зыходнік]

  • Мур: Апавяданні / Жан-Поль Сартр; Пер. з франц. З. Коласа. — Мн.: Маст. літ., 1991;
  • Пры зачыненых дзвярах // Пры зачыненых дзвярах: Драм. творы. Мн., 1995.

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]