Эрнэст Хемінгуэй

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Эрнэст Хемінгуэй
Ernest Hemingway
ErnestHemingway.jpg
Эрнэст Хемінгуэй працуе над раманам «Па кім звоніць звон» у горадзе Сан-Вэлі (штат Айдаха) ў снежні 1939 года.
Імя пры нараджэнні:

Эрнэст Мілер Хемінгуэй

Дата нараджэння:

21 ліпеня 1899({{padleft:1899|4|0}}-{{padleft:7|2|0}}-{{padleft:21|2|0}})

Месца нараджэння:

Оўк-Парк, Штат Ілінойс, ЗША

Дата смерці:

2 ліпеня 1961({{padleft:1961|4|0}}-{{padleft:7|2|0}}-{{padleft:2|2|0}}) (61 год)

Месца смерці:

Кетчум, Штат Айдаха, ЗША

Грамадзянства:

ЗША

Род дзейнасці:

пісьменнік, журналіст

Гады творчасці:

1917—1961

Кірунак:

мадэрнізм, рэалізм

Жанр:

проза, публіцыстыка

Мова твораў:

англійская

Прэміі:

Пулітцэраўская прэмія (1953)
Нобелеўская прэмія (1954)

Подпіс:

Подпіс

Эрнэ́ст Мі́лер Хемінгуэ́й (англ.: Ernest Miller Hemingway; 21 ліпеня 1899 — 2 ліпеня 1961) — амерыканскі пісьменнік і журналіст. Яго стрыманы рэалістычны стыль моцна паўплываў на літаратуру 20-га стагоддзя, а яго жыццё, поўнае прыгод, і яго грамадскі імідж аказалі ўплыў на наступныя пакаленні. Найбольшую колькасць сваіх твораў Хемінгуэй напісаў з сярэдзіны 1920-х да сярэдзіны 1950-х, а ў 1954 годзе атрымаў Нобелеўскую прэмію ў галіне літаратуры. За сваё жыццё ён апублікаваў сем раманаў, шэсць зборнікаў расказаў і два навукова-папулярныя творы. Апроч таго, яшчэ тры раманы, чатыры зборнікі расказаў і тры навукова-папулярныя творы былі апублікаваны пасмяротна. Многія з яго твораў лічацца класікай амерыканскай літаратуры.

Хемінгуэй вырас у вёсцы Оўк-Парк (штат Ілінойс). Пасля школы ён некалькі месяцаў быў журналістам газеты «Канзас Сіці Стар» (англ.: «The Kansas City Star») да ад'езду на італьянскі фронт Першай сусветнай вайны, дзе ён далучыўся да вадзіцеляў машын хуткай дапамогі. У 1918 годзе ён быў цяжка паранены і вярнуўся дадому. Яго вопыт ваеннага часу лёг у аснову рамана «Бывай, зброя!» (англ.: «A Farewell to Arms») (1929).

У 1921 годзе ён ажаніўся з Хэдлі Рычардсан, першай з яго чатырох жонак. Пара пераехала ў Парыж, дзе ён працаваў у якасці замежнага карэспандэнта і дзе на яго паўплывала мадэрнісцкая плынь пісьменнікаў і мастакоў 1920-х гадоў з дыяспары «страчанага пакалення». У 1926 годзе ён апублікаваў свой першы раман — «І ўзыходзіць сонца» (англ.: «The Sun Also Rises»). У 1927 пасля разводу з Хэдлі Рычардсан Хемінгуэй ажаніўся з Палін Пфайфер; яны развяліся пасля таго, як ён вярнуўся з грамадзянскай вайны ў Іспаніі, дзе ён быў журналістам і пасля якой ён напісаў свой раман «Па кім звоніць звон» (англ.: «For Whom the Bell Tolls») (1940). У 1940 годзе Эрнэст Хемінгуэй ажаніўся ў трэці раз з Мартай Гэлхарн, але яны разышліся, калі ён сустрэў Мэры Уэлш у Лондане падчас Другой сусветнай вайны, дзе Хемінгуэй прысутнічаў пры высадцы ў Нармандыі і вызваленні Парыжа.

Неўзабаве пасля публікацыі аповесці «Стары і мора» (англ.: «The Old Man and the Sea») (1952) Хемінгуэй адправіўся на сафары ў Афрыку, дзе ён ледзь не загінуў у дзвюх паслядоўных авіякатастрофах, якія аказалі ўплыў на яго здароўе на працягу большай часткі яго астатняга жыцця. Эрнэст Хемінгуэй жыў у горадзе Кі-Уэст (штат Фларыда) (у 1930-х) і на Кубе (у 1940-х і 1950-х), а ў 1959 годзе ён купіў дом у горадзе Кетчум (штат Айдаха), дзе летам 1961 года скончыў жыццё самагубствам.

Жыццё[правіць | правіць зыходнік]

Ранняе жыццё[правіць | правіць зыходнік]

 photograph of an infant
Хемінгуэй быў другім дзіцём і першым сынам у сям'і Кларэнса і Грэйс Хемінгуэяў.

Эрнэст Мілер Хемінгуэй нарадзіўся 21 ліпеня 1899 года ў вёсцы Оўк-Парк паблізу Чыкага (штат Ілінойс)[1]. Яго бацька, Кларэнс Эдмандс Хемінгуэй, быў лекарам, а маці, Грэйс Хол-Хемінгуэй, была опернай спявачкай. Абодва былі добра адукаванымі і паважанымі людзьмі ў кансерватыўнай абшчыне Оўк-Парка[2], супольнасці, пра якую вядомы архітэктар Фрэнк Лойд Райт казаў: «Такая вялікая колькасць цэркваў, у якія ходзіць такая вялікая колькасць добрых людзей» (англ.: «So many churches for so many good people to go to»)[3]. На працягу кароткага перыяду пасля ўступлення ў шлюб[4] Кларэнс і Грэйс Хемінгуэі жылі з бацькам Грэйс, Эрнэстам Холам, у гонар якога пара назвала свайго першага сына[заўв 1]. Пазней Эрнэст Хемінгуэй казаў, што не любіў сваё імя, якое ў яго «асацыявалася з наіўным, нават дурным героем п'есы Оскара Уайлда «Як важна быць сур'ёзным» (англ.: «The Importance of Being Earnest»[5]. У рэшце рэшт сям'я пераехала ў сяміпакоевы дом у рэспектабельным раёне з музычнай студыяй для Грэйс і медыцынскім кабінетам для Кларэнса[2].

Маці Хемінгуэя часта выступала на карцэртах, і пазней Хемінгуэй прызнаваўся, што ненавідзеў сваю маці, хаця біёграф Майкл С. Рэйналдс адзначыў, што Эрнэст успадкаваў ад яе энергію і энтузіязм[6]. Яе настойлівасць навучыць свайго сына гуляць на віяланчэлі стала «крыніцай канфлікту», але пазней ён прызнаў, што ўрокі музыкі былі карысныя для яго творчасці, што відаць па «кантрапунктнай структуры» рамана «Па кім звоніць звон»[7]. У сям'і Хемінгуэя таксама быў летні дом, які называлі Уіндэмэр, на возеры Валун, недалёка ад горада Петоскі ў штаце Мічыган, дзе бацька вучыў чатырохгадовага Эрнэста паляваць, лавіць рыбу, будаваць лагеры ў лясах і на азёрах Паўночнага Мічыгана. Яго раннія досведы ў свеце прыроды прывілі яму запал да прыгод і жыцця ў аддалённых або ізаляваных раёнах[8].

Сям'я Хемінгуэя ў 1905 годзе (злева): Марселіна, Сані, Кларэнс, Грэйс, Урсула і Эрнэст

З 1913 да 1917 года Хемінгуэй вучыўся ў сярэдняй школе «Оўк Парк энд Рывер Форэст Хай Скул» (англ.: «Oak Park and River Forest High School»), дзе шмат займаўся рознымі відамі спорту, а менавіта боксам, лёгкай атлетыкай, водным полам і футболам. Асаблівых поспехаў ён дамагаўся на ўроках англійскай мовы[9], а таксама на працягу двух гадоў удзельнічаў у школьным аркестры разам з сястрой Марселінай[6]. У юнацкія гады Хемінгуэй таксама праходзіў курсы па журналістыцы ў Фэні Бігс, якія былі ўладкованыя па прынцыпе «нібыта клас быў газетным офісам». Лепшыя аўтары на гэтых курсах атрымлівалі магчымасць пісаць для школьнай газеты «Трапецыя» (англ.: «The Trapeze»). І Эрнэст і яго сястра Марселіна былі сярод іх і пісалі для газеты. Першым укладам Хемінгуэя ў «Трапецыю» стаў артыкул аб мясцовым выступе Чыкагскага сімфанічнага аркестра, апублікаваны ў студзені 1916 года[10]. Ён працягваў пісаць і для «Трапецыі» і для «Табулы» (англ.: «The Tabula») (школьны штогоднік), для якіх ён пераймаў мову спартыўных аглядальнікаў і выкарыстоўваў псеўданім Рынг Ларднер малодшы — па прыкладу Рынга Ларднера з газеты «Чыкага Трыб'юн» (англ.: «Chicago Tribune»), які падпісваўся «Лайн О'Тайп». Такім чынам, як і Марк Твен, Стывен Крэйн, Тэадор Драйзер і Сінклер Льюіс, да таго, як стаць аўтарам раманаў, Эрнэст Хемінгуэй быў журналістам; пасля заканчэння школы ён уладкаваўся на працу ў газету «Канзас Сіці Стар» рэпарцёрам[11]. Нягледзячы на тое, што ён працаваў там толькі шэсць месяцаў, Хемінгуэй абапіраўся на стыль сваіх публіцыстычных тэкстаў у газеце пры напісанні сваіх наступных мастацкіх твораў: «Выкарыстоўвайце кароткія прапановы. Выкарыстоўвайце кароткія першыя абзацы. Выкарыстоўвайце энергічную мову. Будзьце пазітыўным, а не негатыўным»[12].

Першая сусветная вайна[правіць | правіць зыходнік]

Хемінгуэй у Мілане ў 1918. Ён працаваў на машыне хуткай дапамогі на працягу двух месяцаў, пакуль не быў паранены.

У пачатку 1918 года Эрнэст Хемінгуэй адгукнуўся на кадравы пошук Чырвонага Крыжа ў Канзас Сіці і падахвоціўся быць вадзіцелем хуткай дапамогі на італьянскім фронце[13]. Ён пакінуў Нью-Ёрк у маі і прыбыў у Парыж, які знаходзіўся пад абстрэлам нямецкай артылерыі[14]. У чэрвені ён дабраўся да Італіі, дзе верагодна ўпершыню сустрэўся з Джонам Досам Пасасам, з якім на працягу многіх дзесяцігоддзяў меў нялёгкія адносіны[15]. У час свайго першага дня ў Мілане ён быў адпраўлены да месца выбуху на ваенным заводзе, дзе ратавальнікі выцягвалі з руінаў рэшткі работніц. Хемінгуэй апісаў гэты інцыдэнт у сваёй навукова-папулярнай кнізе «Смерць пасля поўдня» (англ.: Death in the Afternoon): «Я памятаю, што пасля таго, як мы даволі старанна шукалі рэшткі загінулых, мы збіралі фрагменты»[16]. Праз некалькі дзён ён быў у Фасальта-ды-П'яве.

8 ліпеня Хемінгуэй быў цяжка паранены мінамётным агнём, вяртаючыся з сталовай з шакаладам і цыгарэтамі для салдат на перадавой[16]. Нягледзячы на раны, ён дапамагаў ратаваць італьянскіх салдат, за што атрымаў італьянскі срэбны медаль за адвагу[17][заўв 2]. Будучы 18-гадовым юнаком, ён апісваў гэты інцыдэнт: «Калі вы ідзяце на вайну хлопчыкам, вы маеце вялікую ілюзію неўміручасці. Іншых людзей забіваюць, а вас — не... Потым, калі вы ў першы раз атрымліваеце цяжкія раненні, вы страчваеце гэту ілюзію і ведаеце, што гэта можа здарыцца і з вамі.»[18] Ён атрымаў сур'ёзныя асколачныя раненні абедзвюх ног, прайшоў неадкладную аперацыю і правёў пяць дзён у палявым шпіталі да таго, як быў пераведзены на аздараўленне ў бальніцу Чырвонага Крыжа ў Мілане[19]. Ён правёў шэсць месяцаў у бальніцы, дзе сустрэў і моцна пасябраваў з Эрыкам Дорманам-Смітам па мянушцы «Чынк», а таксама дзяліў пакой з будучым амерыканскім дыпламатам, паслом і пісьменнікам Генры Серано Вілардам[20].

У час выздараўлення Хемінгуэй сустрэў сваё першае каханне — Агнес фон Куроўскі, медсястру Чырвонага Крыжа, якая была на сем гадоў старэйшая за яго. У студзені 1919 года, калі ён вяртаўся да Злучаных Штатаў, Агнес і Хемінгуэй вырашылі ажаніцца на працягу некалькіх месяцаў у Амерыцы. Тым не менш, у сакавіку яна напісала, што заручылася з італьянскім афіцэрам. Біёграф Джэфры Маерс сцвярджае, што Хемінгуэй быў спустошаны з-за адмовы Агнес і ў будучыні імкнуўся пакінуць жонку да таго, як яна пакіне яго[21].

Таронта і Чыкага[правіць | правіць зыходнік]

Эрнэст Хемінгуэй, якому яшчэ не было 20 гадоў, вярнуўся з вайны ў пачатку 1919 года зрэлым чалавекам, які перажываў дэпрэсію з-за таго, што быў вымушаны сядзець дома без працы, і з-за неабходнасці аднаўлення сіл і здароўя[22]. Як тлумачыць Рэйналдс, «Хэмінгуэй не мог дакладна растлумачыць сваім бацькам, што ён адчуў, калі ўбачыў акрываўленае калена. Ён не мог растлумачыць, як страшна яму было ў іншай краіне з хірургамі, якія не маглі сказаць яму на англійскай мове, змогуць яны вылечыць яго нагу ці не.»[23] У верасні ён пайшоў у паход на Верхні паўвостраў Мічыгана з сваімі школьнымі сябрамі[18]. Гэты паход стаў надхненнем для яго апавядання «Рака двух сэрцаў» (англ.: Big Two-Hearted River), у якім паўаўтабіяграфічны персанаж Нік Адамс з'язджае з гораду ў пошуках адзіноты пасля вяртання з вайны[24]. Сябар сям'і прапанаваў Хемінгуэю працу ў Таронта, і ад нуды ён пагадзіўся. У канцы года ён пачаў працаваць у якасці фрылансера, штатнага супрацоўніка і замежнага карэспандэнта ў газеце «Таронта Стар Уіклі» (англ.: Toronto Star Weekly). Ён вярнуўся ў Мічыган у чэрвені наступнага года[22], а затым, у верасні 1920, пераехаў у Чыкага, каб жыць з сябрамі, да гэтага часу пішучы апавяданні для «Таронта Стар»[25].

У Чыкага ён працаваў у якасці памочніка рэдактара штомесячнага часопіса «Кааперэйтыў Комануэлс» (англ.: Cooperative Commonwealth), дзе пазнаёміўся з пісьменнікам Шэрвудам Андэрсанам[25]. Хэдлі Рычардсан, якая жыла ў Сент-Луісе, прыехала ў Чыкага наведаць сястру суседа Хемінгуэя. Ён захапіўся ёй, пазней апісаўшы гэта: «Я ведаў, што яна была дзяўчынай, з якой я збіраўся ажаніцца»[26]. Хэдлі мела рудыя валасы і была на восем гадоў старэйшая за яго[26]. Нягледзячы на гэта, Хэдлі, на якую паўплывала празмерная апека маці, здавалася менш сталай, чым маладыя жанчыны яе ўзросту[27]. Берніс Керт, аўтар кнігі «Жанчыны Хемінгуэя» (англ.: «The Hemingway Women»), сцвярджае, што на выбар пісьменніка аказалі ўплыў успаміны пра Агнес, але ў Хэдлі была дзяцінасць, якой бракавала Агнес. Пара перапісвалася некалькі месяцаў, а затым вырашыла ажаніцца і падарожнічаць па Еўропе[26]. Яны хацелі наведаць Рым, але Шэрвуд Андэрсан у сваім пісьме пераканаў маладую пару замест гэтага паехаць у Парыж[28]. Яны ажаніліся 3 верасня 1921 года. Праз два месяцы Хемінгуэй быў наняты ў якасці замежнага карэспандэнта «Таронта Стар», і пара з'ехала ў Парыж. Наконт шлюбу Хемінгуэя і Хэдлі Маерс сцвярджае: «З Хэдлі Хемінгуэй дасягнуў усяго, чаго ён чакаў ад сваіх адносін з Агнес: кахання прыгожай жанчыны, зручнага даходу і жыцця ў Еўропе»[29].

Парыж[правіць | правіць зыходнік]

Passport photograph
Пашпартнае фота Хемінгуэя 1923 года. У гэты час ён жыў у Парыжы з сваёй жонкай Хэдлі, і працаваў у якасці замежнага карэспандэнта ў газеце «Таронта Стар Уіклі».

Карлас Бейкер, першы біёграф Хемінгуэя, лічыць, што ў той час як Андэрсан прапанаваў Парыж, таму што грашовы курс зрабіў гэта месца недарагім для жыцця, галоўным для Хемінгуэя было тое, што Парыж быў месцам, дзе жылі «самыя цікавыя людзі ў свеце». У Парыжы ён сустрэў такіх пісьменнікаў, як Гертруда Стайн, Джэймс Джойс і Эзра Паўнд, якія «маглі дапамагчы маладому пісьменніку на прыступках кар'еры»[28]. У пачатку «парыжскіх гадоў» Эрнэст Хемінгуэй быў «высокім, прыгожым, мускулістам, плячыстым, румяным маладым чалавекам з карымі вачыма, квадратнай сківіцай і мяккім голасам»[30]. Яны з Хэдлі жылі на маленькай вулачцы ў Лацінскім квартале, а працаваў ён у арандаваным памяшканні ў суседнім будынку[28]. Стайн, якая была апорай мадэрнізму ў Парыжы[31], стала настаўнікам Хемінгуэя; яна пазнаёміла яго з мастакамі і пісьменнікамі з квартала Манпарнас, якіх яна называла «страчаным пакаленнем» — тэрмінам, які Хемінгуэй папулярызаваў у рамане «І ўзыходзіць сонца»[32]. Рэгулярна наведваючы салон Стайн, ён пазнаёміўся з такімі ўплывовымі мастакамі, як Пабла Пікаса, Жуан Міро і Хуан Грыс[33]. У рэшце рэшт ён адмовіўся ад уплыву Гертруды Стайн, і іх адносіны пагоршыліся і перацяклі ў літаратурныя сваркі, якія адбываліся на працягу дзесяцігоддзяў[34]. Амерыканскі паэт Эзра Паўнд выпадкова сустрэў Хемінгуэя ў кнігарні Сільвіі Біч «Шэкспір і Кампанія» ў 1922 годзе. Яны ўдваіх ездзілі ў Італію ў 1923 і жылі на адной вуліцы ў 1924[30]. У іх завязалася моцнае сяброўства, і Паўнд бачыў у Хемінгуэе таленаватага маладога пісьменніка[33]. Паўнд пазнаёміў яго з ірландскім пісьменнікам Джэймсам Джойсам, з якім Хемінгуэй часта ладзіў «алкагольныя гулянкі»[35].

Падчас першых 20 месяцаў у Парыжы Хемінгуэй адаслаў у газету «Таронта Стар» 88 апавяданняў[36]. Ён пісаў пра грэка-турэцкую вайну, дзе быў сведкам спальвання Смірны, а таксама такія вандроўнічыя апавяданні, як «Лоўля тунца ў Іспаніі» (англ.: «Tuna Fishing in Spain») і «Лоўля стронгі па ўсёй Еўропе: У Іспаніі лепш, чым у Германіі» (англ.: «Trout Fishing All Across Europe: Spain Has the Best, Then Germany»)[37]. Пісьменнік быў спустошаны, даведаўшыся, што Хэдлі згубіла чамадан з яго рукапісамі на вакзале Гар дэ Льён, адкуль яна ехала ў Жэневу, каб сустрэцца з ім у снежні 1922[38]. У наступным верасні пара вярнулася ў Таронта, дзе 10 кастрычніка 1923 года ў іх нарадзіўся сын — Джон Хэдлі Ніканор. Падчас іх адсутнасці ў Парыжы была апублікавана першая кніга Хемінгуэя — «Тры гісторыі і дзесяць паэмаў» (англ.: «Three Stories and Ten Poems»). Два апавядання з гэтага зборніка былі ўсім, што засталося пасля страты чамадана, а трэцяе было напісана мінулай вясной у Італіі. Праз некалькі месяцаў быў апублікаваны другі зборнік апавяданняў — «у наш час» (англ.: «in our time») (без загалоўных літар). Гэта невялікае выданне ўключала ў сябе шэсць віньетак і каля дзесяці апавяданняў, якія аўтар напісаў мінулым летам падчас свайго першага візіту ў Іспанію, дзе яму зрабіла моцнае ўражанне карыда. Пакінуўшы Парыж, ён сумаваў у Таронта і лічыў за лепшае вярнуцца да жыцця пісьменніка, чым быць журналістам[39].

Ernest Hadley and Bumby Hemingway.jpg
Эрнэст, Хэдлі і іх сын (Бамбі) Джэк Хемінгуэй у Штрунсе, Аўстрыя, 1926 год, за месяц да іх разводу.
HemingwayLoeb.jpg
Эрнэст Хемінгуэй з Лэдзі Даф Туіздэн, Хэдлі, і сябрамі падчас паездкі ў Іспанію ў ліпені 1925 года, якая натхніла яго на напісанне «І ўзыходзіць сонца».

Хемінгуэй, Хэдлі і іх сын (якога называлі Бамбі) вярнуліся ў Парыж у студзені 1924 года і пераехалі ў новую кватэру на вуліцы Нотр-Дам-дэ-Шан[39]. Пісьменнік дапамагаў Форду Мэдаксу Форду ў рэдакцыі часопіса «Трансэтлэнцік Рэўю» (англ.: «The Transatlantic Review»), які публікаваў творы Эзры Паўнда, Джона Доса Пасаса, баранэсы Эльзы фон Фрэйтаг-Ларынговен і Гертруды Стайн, а таксама некаторыя з уласных ранніх апавяданняў самога Хемінгуэя, такіх як «Індзейскі лагер» (англ.: «Indian Camp»)[40]. У 1925 годзе быў выдадзены зборнік «У наш час» (англ.: «In Our Time») (з загалоўнымі літарамі), на супервокладцы якога былі каментары Форда[41][42]. Значную пахвалу атрымала апавяданне «Індзейскі лагер»; Форд бачыў у ім важнае пачатковае апавяданне маладога пісьменніка[43], а крытыкі з Злучаных Штатаў ацанілі актывізацыю жанру апавядання з выразным стылем і выкарыстаннем апавядальных сказаў[44]. За шэчць месяцаў да гэтага Хемінгуэй пазнаёміўся з Фрэнсісам Скотам Фіцджэральдам, і ў іх сфармавалася сяброўства «з захапленнем і варожасцю»[45]. У тым жа годзе Фіцджэральд апублікаваў свой вядомы раман «Вялікі Гэтсбі» (англ.: «The Great Gatsby»). Хемінгуэю спадабалася гэта работа, і ён вырашыў, што яго наступным творам павінен быць раман[46].

У 1923 годзе Хемінгуэй разам з жонкай Хэдлі ўпершыню наведаў фестываль Сан-Фермін ў іспанскім горадзе Памплона, дзе быў зачараваны відовішчам карыды[47]. Хемінгуэі вярнуліся ў Памплону ў 1924 годзе і ў трэці раз у чэрвені 1925. У апошні раз яны прывезлі з сабой групу амерыканскіх і брытанскіх экспатрыянтаў: сябра дзяцінства Хемінгуэя Біла Сміта, Дональда Огдэна Сцюарта, Лэдзі Даф Туіздэн (нядаўна разведзеную), яе палюбоўніка Пэта Гатры і Гаральда Лоўба[48]. Праз некалькі дзён пасля таго, як фіеста скончылася, у дзень свайго нараджэння (21 ліпеня), пісьменнік пачаў працаваць над раманам «І ўзыходзіць сонца», скончыўшы яго напісанне праз восем тыдняў[49]. У снежні 1925 года Хемінгуэі вырашылі правесці зіму ў аўстрыйскім горадзе Штрунсе, дзе ён пачаў пераглядаць рукапісы твора. У студзені да іх далучылася Палін Пфайфер і, насуперак саветам Хэдлі, угаварыла Хемінгуэя падпісаць кантракт з выдавецтвам «Чарльз Скрыбнэрс Санс» (англ.: «Charles Scribner's Sons»). Ён пакінуў Аўстрыю для хуткай паездкі ў Нью-Ёрк, каб сустрэцца з выдаўцамі, а на зваротным шляху, падчас прыпнку ў Парыжы, у яго пачаўся раман з Палін, пасля чаго ён вярнуўся ў Штрунс і ў сакавіку скончыў працу над сваім творам[50]. У красавіку 1926 года рукапіс быў дастаўлены ў Нью-Ёрк, пасля чаго Хемінгуэй канчаткова адрэдагаваў раман у жніўні, а ў кастрычніку «Скрыбнэрс» апублікавала яго[49][51][52].

Эрнэст і Палін Хемінгуэі ў Парыжы, 1927

«І ўзыходзіць сонца», галоўнымі персанажамі якой сталі прадстаўнікі пакалення пасляваенных экспатрыянтаў[53], атрымаў добрыя водгукі крытыкаў і «прызнаны найвялікшым творам Хемінгуэя»[54]. Сам Хемінгуэй пазней пісаў рэдактару Максу Перкінсу, што галоўнай тэмай кнігі была не столькі страчанасць пакалення, колькі тое, што «зямля векавечна стаіць» (англ.: «the earth abideth forever»); ён меркаваў, што персанажы рамана, магчыма, былі патрапаныя, але не страчаныя[55].

Адносіны Хемінгуэя і Хэдлі пагоршыліся, калі ён працаваў над раманам «І ўзыходзіць сонца»[52]. Увесну 1926 года Хэдлі стала вядома пра яго раман з Палін Пфайфер, якая паехала з імі ў Памплону ў ліпені[56][57]. Калі яны вярнуліся ў Парыж, Хемінгуэй і яго жонка разышліся па яе патрабаванню, а ў лістападзе Хэдлі афіцыйна запрасіла развод. Яны падзялілі маёмасць, а Хэдлі, апроч таго, прыняла прапанову Хемінгуэя ў дадатак атрымаць выручку ад «І ўзыходзіць сонца»[58]. У студзені 1927 года пара развялася, а ў маі Хемінгуэй ажаніўся з Палін Пфайфер[59].

Пфайфер, якая была родам з багатай арканзаскай каталіцкай сям'і, прыехала ў Парыж, каб працаваць для часопіса «Вог» (англ.: «Vogue»). Перад іх шлюбам Хемінгуэй прыняў каталіцкую веру[60]. Яны правялі мядовы месяц у Ле-Гро-дзю-Руа, дзе ён хварэў на сібірскую язву, пасля чаго пісьменнік пачаў планаваць свой наступны зборнік апавяданняў[61], «Мужчыны без жанчын» (англ.: «Men Without Women»), які быў выдадзены ў кастрычніку 1927 года[62]. У канцы года Палін, якая была цяжарная, захацела вярнуцца ў Злучаныя Штаты. Джон Дос Пасас парэкамендаваў востраў Кі-Уэст у Фларыдскім праліве, і ў сакавіку 1928 яны пакінулі Парыж. Той вясной Хемінгуэй атрымаў цяжкую траўму ў сваёй ваннай у Парыжы, моцна стукнуўшыся галавой, пасля чаго ў яго на ўсё астатняе жыццё застаўся выпуклы шрам на лбе. Калі Хемінгуэю задавалі пытанні пра гэты шрам, ён не хацеў гаварыць пра яго[63]. Пасля ад'езду з Парыжа Хемінгуэй больш ніколі не жыў у вялікіх гарадах[64].

Кі-Уэст і Карыбскае мора[правіць | правіць зыходнік]

photograph of a house
Дом Хемінгуэя на Кі-Уэсце (штат Фларыда), дзе ён пісаў раман «Мець і не мець»

У канцы вясны Хемінгуэй і Палін адправіліся ў Канзас Сіці, дзе 28 чэрвеня 1928 года нарадзіўся іх сын Патрык. У Палін былі цяжкія роды, якія аўтар перанёс у раман «Бывай, зброя!». Пасля нараджэння Патрыка Хемінгуэй з жонкай адправіліся ў Ваёмінг (штат Масачусетс) і Нью-Ёрк[65]. Зімой ён быў у Нью-Ёрку з Бамбі, збіраючыся сесці на цягнік да Фларыды, калі атрымаў тэлеграму, дзе прачытаў, што яго бацька скончыў жыццё самагубствам[заўв 3][66]. Хемінгуэй быў спустошаны гэтай навіной, раней пісаўшы бацьку, каб ён не хваляваўся пра фінансавыя цяжкасці; але ліст прыйшоў ужо пасля самагубства. Ён зразумеў, як Хэдлі адчувала сябе пасля самагубства яе ўласнага бацькі ў 1903 годзе, а таксама заўважаў: «Я, напэўна, пайду тым жа шляхам»[67].

У снежні Хемінгуэй вярнуўся на Кі-Уэст, дзе працаваў над наступным раманам «Бывай, зброя!», пасля чаго ў студзені адправіўся ў Францыю. Твор павінен быў пачаць выдавацца ў часопісе «Скрыбнэрс Мэгэзін» (англ.: Scribner's Magazine) у маі, але ў красавіку пісьменнік яшчэ працаваў над фіналам рамана, які ён перапісваў, па меншай меры, семнаццаць разоў, і скончыў напісанне толькі ў жніўні. Завершаны раман быў апублікаваны 27 верасня[68]. Біёграф Джэймс Мэлау лічыць, што «Бывай, зброя!» усталяваў аўтарытэт Хемінгуэя як асноўнага амерыканскага пісьменніка і ўключае ў сябе высокі ўзровень складанасці, якога не было ў «І ўзыходзіць сонца»[69]. Летам 1929 года ў Іспаніі аўтар рыхтаваўся да сваёй наступнай кнігі «Смерць пасля поўдня». Ён хацеў напісаць усеабдымны трактат пра карыду, цалкам растлумачыўшы яе сутнасць з гласарыямі і характар асоб, якія становяцца тарэра, бо лічыў карыду «вялікай і трагічнай цікавасцю, гранню паміж жыццём і смерцю»[70].

У пачатку 1930-х гадоў Хемінгуэй праводзіў зімы на Кі-Уэсце, а летам наведваў Ваёмінг, дзе ён знайшоў «найпрыгажэйшы край, які ён бачыў на захадзе Амерыкі» і дзе паляваў на аленяў, ласёў і мядзведзяў грызлі[71]. Туды да Хемінгуэя наведваўся і Дос Пасас, і ў лістападзе 1930 года, пасля таго, як Дос Пасас прыбыў на чыгуначны вакзал ў Білінгсе (штат Мантана), Хемінгуэй патрапіў у аўтамабільную аварыю і зламаў руку. У выніку пісьменнік быў шпіталізаваны на працягу сямі тыдняў, дзе за ім наглядала Палін, а нервы на яго пішучай руцэ зажывалі каля года, падчас якога ён пакутаваў ад моцнага болю[72].

photograph of a man, a woman, and three boys
Эрнэст, Палін, Бамбі, Патрык і Грэгары Хемінгуэі фатаграфуюцца з марлінамі пасля рыбалкі на Біміні ў 1935 годзе

12 лістапада 1931 года ў Канзас Сіці ў пісьменніка нарадзіўся трэці сын — Грэгары Хэнкок Хемінгуэй[73][заўв 4]. Дзядзька Палін падараваў ім дом на Кі-Уэсце з гаражом і другім паверхам, які быў ператвораны на пісьмовую студыю Хемінгуэя[74]. З-за таго, што новы дом знаходзіўся побач з маяком, Хемінгуэю было лёгка знайсці яго пасля доўгіх начэй ужывання алкаголя. У той час Хемінгуэй часта наведваў мясцовы бар «Слопі Джос» (англ.: Sloppy Joe's)[75]. Ён запрашаў сваіх сяброў, уключаючы Уолду Пірса, Доса Пасаса і Макса Перкінса[76], на рыбалку і на выключна мужчынскія экспедыцыі на астравы Драй-Тартугас. Між тым, ён працягваў падарожнічаць у Еўропу і на Кубу, і, хоць у 1933 годзе ён пісаў пра Кі-Уэст «У нас тут выдатны дом, дзеці, і ўсё добра», Мэлау лічыць, што Хемінгуэй «быў відавочна неспакойны»[77].

У 1933 Хемінгуэй і Палін адправіліся на сафары ва Усходнюю Афрыку. Гэта 10-тыдневая паездка забяспечыла пісьменніку матэрыял для твора «Зялёныя пагоркі Афрыкі» (англ.: «Green Hills of Africa»), а таксама апавяданняў «Снягі Кіліманджара» (англ.: «The Snows of Kilimanjaro») і «Кароткае шчаслівае жыццё Фрэнсіса Макомбера» (англ.: «The Short Happy Life of Francis Macomber»)[78]. Пара пабывала ў кенійскіх гарадах Мамбасе, Найробі і Мачакасе, пасля чаго адправілася на Танганьіку, дзе яны палявалі ў Серэнгеці, каля возера Маньяра, а таксама на захадзе і на паўднёвым усходзе сучаснага нацыянальнага парку Тарангірэ. Іх гідам стаў вядомы па мянушцы «Белы паляўнічы» Філіп Хоўп Пэрсіваль, які ў 1909 годзе быў гідам Тэадора Рузвельта. Падчас сафары Хемінгуэй падхапіў амёбную дызентэрыю і быў эвакуіраваны на самалёце ў Найробі. Гэта падзея была адлюстрвана ў апавяданні «Снягі Кіліманджара». Па вяртанні на Кі-Уэст у пачатку 1934 пісьменнік пачаў працу над дакументальнай работай «Зялёныя пагоркі Афрыкі», якая была апублікавана ў 1935 годзе і атрымала змешаныя водгукі крытыкаў[79].

У 1934 годзе Хемінгуэй купіў лодку, назваўшы яе «Пілар» (англ.: «Pilar»), і пачаў плаванне па Карыбскім моры[80]. У 1935 упершыню пабываў у Біміні на Багамскіх астравах, дзе правёў шмат часу[78]. У гэты перыяд ён таксама працаваў над раманам «Мець і не мець» (англ.: «To Have and Have Not»), які быў апублікаваны ў 1937 годзе, калі Хемінгуэй быў у Іспаніі, стаўшы адзіным раманам аўтара, напісаным у 1930-х гадах[81].

Грамадзянская вайна ў Іспаніі[правіць | правіць зыходнік]

photograph of three men
Хемінгуэй (у цэнтры) з галандскім рэжысёрам Іорысам Івенсам і нямецкім пісьменнікам Людвігам Рэнам, які быў афіцэрам Інтэрнацыянальных брыгад, у Іспаніі падчас грамадзянскай вайны, 1937 год.

У 1937 годзе Хемінгуэй пагадзіўся асвятляць іспанскую грамадзянскую вайну для Паўночнаамерыканскага газетнага альянсу (англ.: North American Newspaper Alliance (NANA))[82], прыбыўшы ў Іспанію ў сакавіку разам з галадскім рэжысёрам Іорысам Івенсам[83]. Івенс, які здымаў фільм «Іспанская зямля» (англ.: «The Spanish Earth»), хацеў, каб Хемінгуэй замяніў Джона Доса Пасаса ў якасці сцэнарыста, пасля таго, як Дос Пасас пакінуў праект, калі яго блізкі сябар Хасэ Раблес быў арыштаваны і расстраляны[84]. Гэты інцыдэнт змяніў меркаванне Доса Пасаса наконт левых рэспубліканцаў, з-за чаго стварыўся разрыў паміж ім і Хемінгуэем, які пазней распаўсюдзіў чуткі, нібыта Дос Сантас пакінуў Іспанію з баязлівасці[85].

Журналістка і пісьменніца Марта Гэлхарн, з якой Хемінгуэй пазнаёміўся на папярэднія Каляды (1936) на Кі-Уэсце, далучылася да яго ў Іспаніі. Марта нарадзілася ў Сэнт-Луісе, як і Хэдлі, і працавала ў часопісе «Вог» у Парыжы, як Палін. Керт сцвярджае, што Марта «ніколі не дагаджала яму ўсім, як гэта рабілі іншыя жанчыны»[86]. У канцы 1937 года, калі Хемінгуэй быў у Мадрыдзе з Мартай, ён напісаў сваю адзіную п'есу, «Пятая калона» (англ.: «The Fifth Column»), у той час, калі горад знаходзіўся пад абстрэлам[87]. Ён на некалькі месяцаў паехаў на Кі-Уэст, пасля чаго двойчы вяртаўся ў Іспанію ў 1938 годзе, дзе прысутнічаў пры бітве на Эбры, якая была апошняй спробай наступу рэспубліканцаў, і быў сярод амерыканскіх і брытанскіх журналістаў, якія апошнімі пакідалі бітву[88][89].

Gellhorn Hemingway 1941.jpg
Хемінгуэй з сваёй трэцяй жонкай Мартай Гэлхарн фатаграфуецца з генералам Юнем Ханьмоу ў Чунькіне, Кітай, 1941
Ernest Hemingway with sons Patrick and Gregory with kittens in Finca Vigia, Cuba.jpg
Хемінгуэй з сынамі Патрыкам (злева) і Грэгары, з трыма коткамі на ўчастку Фінка Віхія, сяр. 1942

Куба[правіць | правіць зыходнік]

Увесну 1939 года Хемінгуэй прыплыў на сваёй лодцы на Кубу і пасяліўся ў Гаване ў гатэлі «Амбас Мундас» (англ.: Ambos Mundos). Гэта было часткай яго павольнага і цяжкага разрыву з Палін, які пачаўся, калі Хемінгуэй сустрэў Марту[90]. Неўзабаве Марта прыехала да яго на Кубу, і яны амаль адразу знялі 15-акравы (61,000 м²) участак «Фінка Віхія» (ісп.: «Finca Vigia») у 24 кіламетрах ад Гаваны. Тым летам Палін з дзецьмі пакінула Хемінгуэя, пасля таго, як яны разам наведалі Ваёмінг. Калі працэс разводу Хемінгуэя і Палін быў канчаткова завершаны, ён ажаніўся з Мартай 20 лістапада 1940 года ў горадзе Шаен (штат Ваёмінг)[91]. З'ехаўшы з Кі-Уэста, Хемінгуэй праводзіў лета ў Кетчуме (штат Айдаха) у непасрэднай блізасці ад нядаўна пабудаванага курорта Сан-Вэлі, а зімы — на Кубе[92]. Пісьменнік, якому было брыдка, калі яго парыжскі сябар дазваляў коткам есці са стала, вельмі палюбіў гэтых жывёл на Кубе, дзе на яго ўчастку жылі дзясяткі катоў[93].

Гэлхарн натхніла Хемінгуэя на напісанне самага вядомага рамана «Па кім звоніць звон», які ён пачаў пісаць у сакавіку 1939 года і скончыў у ліпені 1940, апублікаваўшы яго ў кастрычніку[94]. У адпаведнасці з сваёй звычкай пераязджаць на розныя месцы на працягу года падчас працы над рукапісам, ён пісаў раман на Кубе, у Ваёмінгу і ў Сан-Вэлі (штат Айдаха)[90]. «Па кім звоніць звон» быў абраны клубам «Кніга месяца» (англ.: Book of the Month Club), атрымаў намінацыю на Пулітцэраўскую прэмію і, як заўважыў Маерс, «трыумфальна аднавіў літаратурную рэпутацыю Хемінгуэя». За першы месяц было прададзена паўмільёна асобнікаў кнігі[95].

У жніўні 1939 года Хемінгуэй стаў адным з 400 амерыканскіх інтэлектуалаў, якія падпісалі ліст «Усім актыўным прыхільнікам дэмакратыі і міра», які сцвярджаў, што «рэакцыянеры распрастраняюць фантастычную хлусню пра тое, што СССР падобна на таталітарныя дзяржавы» і што СССР «паказвае стабільнае пашырэнне дэмакратыі ў кожнай сферы»[96].

У студзені 1941 года Марта была адпраўлена ў Кітай па заданні часопіса «Кольерс» (англ.: «Collier's»)[97]. Хемінгуэй адправіўся з ёй і слаў адтуль артыкулы ў газету «Пі-Эм» (англ.: «PM»), але ў Кітаі яму не спадабалася[97]. У 2009 з'явілася меркаванне, што ў гэты перыяд ён быў наняты для працы на выведнікаў СССР пад кодавым імем «Агент Арго» (англ.: «Agent Argo»)[98]. Пасля іх вяртання на Кубу, Злучаныя Штаты прынялі дэкларацыю аб вайне ў снежні, а пісьменнік пераканаў урад Кубы дапамагчы яму абсталяваць «Пілар», якую ён збіраўся выкарыстоўваць для засады на нямецкія падводныя лодкі каля берагоў Кубы[18].

Другая сусветная вайна[правіць | правіць зыходнік]

З мая 1944 года па сакавік 1945 Хемінгуэй быў у Лондане і Еўропе. Калі ён упершыню прыбыў у Лондан, ён сустрэў там Мэры Уэлш, якая працавала карэспандэнтам часопіса «Тайм» (англ.: Time), і захапіўся ёй. Марта, якая была вымушана перасекчы Атлантычны акіян на караблі, запоўненым выбухоўкай, таму што Хемінгуэй адмовіўся дапамагчы ёй з атрыманнем прэс-пропуска на самалёт, прыбыла ў Лондан і знайшла яго шпіталізаваным з страсеннем мозгу пасля аўтамабільнай аварыі. Не звярнуўшы ўвагі на яго становішча, Гэлхарн заявіла, што ён падлец і што «паміж імі ўсё скончана». У апошні раз ён бачыў Марту ў сакавіку 1945, калі рыхтаваўся да вяртання на Кубу. Між тым, усяго на трэцім спатканні ён папрасіў Мэры Уэлш выйсці за яго замуж.

У 1944—45 пісьменнік знаходзіцца ў Еўропе, адкуль дасылае франтавыя рэпартажы, удзельнічае ў высадцы саюзнікаў у Нармандыі, вызваленні Парыжа і іншых баявых дзеяннях.

Куба і Нобелеўская прэмія[правіць | правіць зыходнік]

Пасля вайны Хемінгуэй вяртаецца на Кубу, адкуль здзяйсняе падарожжы ў Італію, Іспанію, Францыю, афрыканскія краіны.

У планах — новыя кнігі, аднак здароўе хутка пагаршаецца, усё часцей даюць аб сабе знаць наступствы раненняў, перанесеных асабістых драм, дэпрэсій, аўтааварый і авіякатастроф, пасля якіх Хемінгуэй цудам заставаўся жывым (газеты свету неаднойчы распаўсюджвалі чуткі пра яго смерць). 2 ліпеня 1961 года Эрнэст Хемінгуэй заўчасна пайшоў з жыцця.

Творчасць[правіць | правіць зыходнік]

Свае сілы ў літаратуры Э. Хемінгуэй спрабаваў яшчэ вучнем, літаратурную дзейнасць пачаў як журналіст (1917). Сапраўдны ж яго дэбют як пісьменніка адбыўся ў 1923, калі ў Парыжы выйшла яго першая кніга «Тры апавяданні і дзесяць вершаў». Там жа ў 1924 пабачыў свет зборнік апавяданняў «У наш час». 3 1926 Э. Хемінгуэй друкуецца на радзіме: у Нью-Ёрку выходзяць яго раманы «Веснавыя воды» (1926), «I ўзыходзіць сонца (Фіеста)» (1926), «Бывай, зброя!» (1929), кніга апавяданняў «Мужчыны без жанчын» (1927; у т.л. «Няскораны», 1926).

Раннія творы Э. Хемінгуэя ў большасці сваёй належаць да літаратуры так званага страчанага пакалення. Гэтае найменне атрымалі маладыя ўдзельнікі Першай сусветнай вайны; жорстка падманутыя фалынывымі лозунгамі пра «доблесць», «барацьбу ў імя вялікай нацыі», яны, калі апынуліся пад гарматным агнём, хутка пачыналі цверазець, адчуваць сябе ахвярамі жудаснай гульні моцных гэтага свету. Траўміраваная свядомасць, скептыцызм, адзінота, паглыбленасць ва ўласны фізічны і душэўны боль не дазвалялі ім прыстасавацца да мірных абставін, забыць пра смерць таварышаў і свае ўласныя пакуты. У рамане «I ўзыходзіць сонца (Фіеста)» Хемінгуэй і паказвае бязрадаснае існаванне тых, па чыім лёсе бязлітасна прайшлася вайна і для каго яна па сутнасці так ніколі і не закончыцца. Якраз Хемінгуэй увёў паняцце «страчанае пакаленне» ў сусветны літаратурны ўжытак, выкарыстаўшы словы «Усе вы — страчанае пакаленне» ў якасці аднаго з двух эпіграфаў да гэтага рамана (па першапачатковай задуме, ён павінен быў называцца «Страчанае пакаленне»). Гісторыю ж самога паняцця пісьменнік распавёў пазней, у пасмяротна выдадзенай кнізе ўспамінаў «Свята, якое заўсёды з табой» (1964). Да тэмы «страчанага дакалення» Хемінгуэй звернецца і ў рамане «Бывай, зброя!», прычым тут у полі яго зроку будзе менавіта чалавек на вайне.

У лірычных адступленнях кніг нарысаў «Смерць пасля поўдня» (1932) і «Зялёныя пагоркі Афрыкі» (1935) аўтар выказаў свае этычныя, эстэтычныя і грамадскія погляды. Першая кніга прысвечана бою быкоў у Іспаніі, а другая апавядае пра паляванне на буйных жывёл, аднак каштоўнасць іх не толькі ў майстэрскіх апісаннях карыды ці паляўнічых прыгод аўтара ў джунглях Афрыкі. У іх Э. Хемінгуэй падсумоўвае перажытае і фармулюе даволі стройную сістэму маральна-этычных поглядаў, якія затым будуць развіты ў яго далейшых творах.

Паступова ўласцівыя хемінгуэеўскім героям настроі «страчанасці», адзіноты пачынаюць змяняцца больш актыўнай жыццёвай пазіцыяй. Ужо цэнтральны персанаж рамана «Мець і не мець» (1937) прамаўляе перад смерцю наступныя словы: «Чалавек адзін не можа. Нельга цяпер, каб чалавек адзін». Гэтая думка знойдзе развіццё ў «іспанскіх» творах Э. Хемінгуэя: у п'есе «Пятая калона» і кінасцэнарыі «Іспанская зямля» (абодва 1938), рамане «Па кім звоніць звон» (1940), эліграфам да якога пісьменнік узяў словы англійскага паэта XVII ст. Джона Дона: «Няма чалавека, які быў бы, як востраў, сам па сабе: кожны чалавек ёсць частка Мацерыка, частка Сушы, і калі Хваляй знясе ў мора Берагавы Уцёс, меншай стане Еўропа, і тое ж будзе, калі змые край Мыса або разбурыць Замак твой ці Сябра твайго; смерць кожнага Чалавека прымяншае і мяне, бо я адзіны з усім Чалавецтвам, а таму не пытайся ніколі, па кім звоніць Звон: ён звоніць па Табе». Галоўны герой рамана, амерыканец Роберт Джордан, са зброяй у руках абараняе іспанскую рэспубліку і гіне, перакананы: «Свет — добрае месца, і за яго варта змагацца...».

3 напісанага Э. Хемінгуэем пасля Другой сусветнай вайны вылучаюцца раманы «За ракой у ценю дрэў» (1950), «Астравы ў акіяне» (незавершаны, апубл. 1970). Мужнасць і непахіснасць простага чалавека ў змаганні з прыродай у аповесці-прытчы «Стары і мора» (1952).

Мастацкая палітра празаіка надзвычай разнастайная і багатая. Бясспрэчны рэаліст, ён часам выкарыстоўвае і элементы рамантычнай эстэтыкі. Чалавек «татальнага дзеяння», Э. Хемінгуэй любіў людзей рамантычнага складу; па сутнасці, рамантыкамі з'яўляюцца і многія яго героі, якія прытрымліваюцца раз і назаўсёды абранага для сябе маральнага «кодэкса», паводле якога чалавек мусіць перамагаць уласную слабасць, вышэй за ўсё ставіць гонар і годнасць, быць высакародным і справядлівым нават у адносінах да ворага.

Пісьменнік з павагай ставіўся да замежнай і амерыканскай літаратурнай традыцыі. У той жа час, імкнучыся да стварэння «простай, сумленнай прозы пра чалавека», ён лічыў, што для сапраўднага мастака «кожная кніга павінна быць пачаткам, новай спробай дасягнуць недасягальнага, яшчэ не здзейсненага іншымі». Менавіта проза бачылася яму «самым цяжкім пісьменніцкім хлебам», бо празаік заўсёды стаіць перад «неабходнасцю зрабіць вымысел больш праўдзівым за рэальнае жыццё». Стрыманая, «спартанская» манера пісьма Хемінгуэя прымушае чытача дадумваць, чытаць «паміж радкамі», суадносіць тэкст з падтэкстам. Славуты ж хемінгуэеўскі падтэкст, што паўстае з асобных, знешне нязначных, але заўсёды вельмі выразных і дакладных дэталяў, з кароткіх «сечаных» фраз, літаратуразнаўцы вызначаюць як «прынцып айсберга» і ў гэтай сувязі цытуюць вядомыя словы самога аўтара:

"

Калі пісьменнік добра ведае тое, пра што піша, ён можа пакінуць па-за тэкстам шмат з таго, што ведае, і калі ён піша праўдзіва, чытач адчуе ўсё пакінутае па-за тэкстам гэтаксама моцна, як калі б пісьменнік пра гэта распавёў. Велічнасць руху айсберга ў тым, што ён толькі на адну восьмую частку ўзвышаецца над паверхняю вады.

"

Э. Хемінгуэй — мастак-псіхолаг, майстар пабудовы дыялогу і маналога, стварэння адпаведнай атмасферы, настрою, пейзажу. Аддаючы перавагу факту, ён пазбягаў знарочыстых эфектаў і пафаснасці. Пры гэтым яго творы адметныя глыбокім лірызмам і драматычнасцю, насычаны сімволікай, характары герояў пераканаўчыя, а партрэты запамінальныя і непаўторныя.

Беларскі літаратуразнаўца Іван Саверчанка пісаў:

"

Яркім мастацкім словам і выверанай думкай Эрнэст Хемінгуэй імкнуўся выканаць высакародную і гуманную місію — удасканаліць свет і грамадства, зменшыць колькасць зла на зямлі, абараніць канкрэтнага чалавека і яго законнае права на годнае жыццё, дапамагчы нацыям у змаганні за гістарычную перспектыву.

"

Аўтар шматлікіх апавяданняў, рэпартажаў, кінасцэнарыяў і інш. Майстар дыялога і ўнутранага маналога. Яго творы адметныя драматызмам, экспрэсіўнасцю, сугестыўнасцю аповеду з глыбокім падтэкстам, насычаны біблейскімі матывамі і вобразамі-сімваламі. Надзвычай патрабавальны да сябе, Э. Хемінгуэй перапісваў многія старонкі сваіх кніг па некалькі дзесяткаў разоў, у выніку чаго давёў распрацаваны ім самабытны стыль да дасканаласці. Уклад празаіка ў абнаўленне і ўзбагачэнне літаратуры вельмі істотны, нездарма яго эстэтычныя адкрыцці параўноўваюць з адкрыццямі А. Эйнштэйна.

Бібліяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Творы, выдадзеныя пасля 1961 года, былі апублікаваны пасмяротна[99][100].

Раманы[правіць | правіць зыходнік]

Дакуметальная літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Лісты[правіць | правіць зыходнік]

Анталогіі[правіць | правіць зыходнік]

Зборнікі[правіць | правіць зыходнік]

Беларускія пераклады[правіць | правіць зыходнік]

На беларускую мову творы Xемінгуэя пераклалі Алесь Асташонак, Анатоль Бутэвіч (Максім Валошка), Віталь Воранаў, Віктар Гардзей, Юрка Гаўрук, Павел Марціновіч, Яўген Міклашэўскі і Вадзім Небышынец.

  • Бывай, зброя / Пер. з англ. А. Бутэвіча. — Мн., 1996;
  • Вельмі кароткае апавяданне / Пер. з англ. В. Воранава // «Далягляды», 3 мая 2010;
  • Забойцы: Апавяданне / Пер. з англ. А. Асташонка // Крыніца № 11-12, 1992. — С. 46-49;
  • Індзейскі пасёлак: Апавяданне / Пер. з англ. А. Асташонка // Крыніца № 9 (3), 1994. — С. 97-98;
  • І ўзыходзіць сонца (Фэст): Раман / Пер. з англ. Ю. Гаўрука. — Мн.: Маст. літ., 1976;
  • Па кім звоніць звон: Раман / Пер. з англ. В. Небышынца. — Мн.: Маст. літ., 1991;
  • Стары і мора / Пер. з англ. В. Небышынца;
  • Стары чалавек і мора / Пер. з англ. П. Марціновіча.

Заўвагі[правіць | правіць зыходнік]

  1. Хемінгуэй меў пяць братоў і сясцёр: Марселіна (1898); Урсула (1902); Мадлен (1904); Кэрал (1911); і Лестэр (1915).
  2. На ўзнагароджанні медалём італьянцы так апісвалі ўчынак Хемінгуэя: «Цяжка паранены шматлікімі кавалкамі асколкаў варожага снарада, з выдатным духам братэрства, перш чым клапаціцца пра сябе, ён аказаў шчодрую дапамогу больш сур'ёзна параненым тым жа выбухам італьянскім салдатам і не дазволіў сабе быць у іншым месцы, пакуль яны не былі эвакуіраваны.»
  3. Clarence Hemingway used his father's Civil War pistol to shoot himself. See Meyers (1985), 2
  4. Gregory Hemingway underwent sex reassignment surgery in the mid-1990s and thereafter was known as Gloria Hemingway. See "Hemingway legacy feud 'resolved'". BBC News. October 3, 2003. Accessed April 26, 2011.

Зноскі[правіць | правіць зыходнік]

  1. Oliver (1999), 140
  2. 2,0 2,1 Reynolds (2000), 17–18
  3. Meyers (1985), 4
  4. Oliver (1999), 134
  5. Meyers (1985), 8
  6. 6,0 6,1 Reynolds (2000), 19
  7. Meyers (1985), 3
  8. Beegel (2000), 63–71
  9. Mellow (1992), 21
  10. Griffin (1985), 25
  11. Meyers (1985), 19–23
  12. "Star style and rules for writing". The Kansas City Star. KansasCity.com. Retrieved 30 November 2011.
  13. Mellow (1992), 48–49
  14. Meyers (1985), 27–31
  15. Pizer (1986)
  16. 16,0 16,1 Mellow (1992), 57–60
  17. Mellow (1992), 61
  18. 18,0 18,1 18,2 Putnam, Thomas. "Hemingway on War and Its Aftermath". The National Archives.
  19. Desnoyers, 3
  20. Meyers (1985), 37–42, 34
  21. Meyers (1985), 37–42
  22. 22,0 22,1 Meyers (1985), 45–53
  23. Reynolds (1998), 21
  24. Mellow (1992), 101
  25. 25,0 25,1 Meyers (1985), 56–58
  26. 26,0 26,1 26,2 Kert (1983), 83–90
  27. Oliver (1999), 139
  28. 28,0 28,1 28,2 Baker (1972), 7
  29. Meyers (1985), 60–62
  30. 30,0 30,1 Meyers (1985), 70–74
  31. Mellow (1991), 8
  32. Mellow (1992), 308
  33. 33,0 33,1 Reynolds (2000), 28
  34. Meyers (1985), 77–81
  35. Meyers (1985), 82
  36. Reynolds (2000), 24
  37. Desnoyers, 5
  38. Meyers (1985), 69–70
  39. 39,0 39,1 Baker (1972), 15–18
  40. Meyers (1985), 126
  41. Baker (1972), 34
  42. Meyers (1985), 127
  43. Mellow (1992), 236
  44. Mellow (1992), 314
  45. Meyers (1985), 159–160
  46. Baker (1972), 30–34
  47. Meyers (1985), 117–119
  48. Nagel (1996), 89
  49. 49,0 49,1 Meyers (1985), 189
  50. Reynolds (1989), vi–vii
  51. Mellow (1992), 328
  52. 52,0 52,1 Baker (1972), 44
  53. Mellow (1992), 302
  54. Meyers (1985), 192
  55. Baker (1972), 82
  56. Baker (1972), 43
  57. Mellow (1992), 333
  58. Mellow (1992), 338–340
  59. Meyers (1985), 172
  60. Meyers (1985), 173, 184
  61. Mellow (1992), 348–353
  62. Meyers (1985), 195
  63. Robinson (2005)
  64. Meyers (1985), 204
  65. Meyers (1985), 208
  66. Mellow (1992), 367
  67. qtd. in Meyers (1985), 210
  68. Meyers (1985), 215
  69. Mellow (1992), 378
  70. Baker (1972), 144–145
  71. Meyers (1985), 222
  72. Reynolds (2000), 31
  73. Oliver (1999), 144
  74. Meyers (1985), 222–227
  75. Mellow (1992), 402
  76. Mellow (1992), 376–377
  77. Mellow (1992), 424
  78. 78,0 78,1 Desnoyers, 9
  79. Mellow (1992), 337–340
  80. Meyers (1985), 280
  81. Meyers (1985), 292
  82. Mellow (1992), 488
  83. Koch (2005), 87
  84. Meyers (1985), 311
  85. Koch (2005), 164
  86. Kert (1983), 287–295
  87. Koch (2005), 134
  88. Meyers (1985), 321
  89. Thomas (2001), 833
  90. 90,0 90,1 Meyers (1985), 326
  91. Lynn (1987), 479
  92. Meyers (1985), 342
  93. Meyers (1985), 353
  94. Meyers (1985), 334
  95. Meyers (1985), 334–338
  96. To All Active Supporters of Democracy and Peace
  97. 97,0 97,1 Meyers (1985), 356–361
  98. Dugdale, John. (July 9, 2009). "Hemingway revealed as failed KGB spy". The Guardian. Retrieved June 18, 2013.
  99. Hemingway, Ernest; A. E. Hotchner (2005). Dear Papa, Dear Hotch: The Correspondence of Ernest Hemingway And A. E. Hotchner. Columbia, Missouri: University of Missouri Press. ISBN 0-8262-1605-6. 
  100. Burwell, Rose Marie. Hemingway: The Postwar Years and the Posthumous Novels. New York: Cambridge University Press. ISBN 0-521-48199-6. http://books.google.com/books?hl=en&lr=&id=wa5yC5CMCGYC&oi=fnd&pg=PR9&dq=haemochromatosis+hemingway+beegel&ots=jX89PwOREi&sig=_L8fB5n1J4UH0pR-PL-t4-03lFo#v=onepage&q=&f=false. Retrieved on 2009-12-11.