Перайсці да зместу

Мёры

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Горад Мёры)
Горад
Мёры
Краіна
Вобласць
Раён
Каардынаты
Першая згадка
Горад з
Вышыня цэнтра
146 м[1]
Водныя аб’екты
Насельніцтва
  • 7 756 чал. (1 студзеня 2025)[2]
Часавы пояс
Тэлефонны код
+375 2152
Паштовыя індэксы
211930
Аўтамабільны код
2
СААТА
2233501000
Афіцыйны сайт
Мёры (Беларусь)
Мёры
Мёры
Мёры (Віцебская вобласць)
Мёры
Мёры

Мё́ры[3] (трансліт.: Miory; руск.: Миоры) — горад у Віцебскай вобласці Беларусі, адміністрацыйны цэнтр Мёрскага раёна, на беразе Мёрскага возера. За 190 км ад Віцебска. Чыгуначная станцыя на лініі Друя — Варапаева. Аўтадарогамі злучаныя з Дзісной, Верхнядзвінскам, Браславам, Шаркаўшчынай.

Назва Мёры ад назвы аднайменнага возера (Мёры або Мёрскае), з якога выцякае рэчка Мёрыца, а яе назва, паводле К. Бугі, ад балцкага Mera[4]. Паводле А. Ванагаса, гідронімы Mera, Mara ў Літве звязаныя з літоўскім mares, marios "затока, мора" (далей параўн. лац. mare, ст.-ірл. muir, гоц. marei, анг.-сакс. merisc «балота», ст.-верх.-ням. muor «балота», індаеўрапейскае *mor- "стаячая вада")[5].

На думку І. Капылова, не існуе адзінай версіі этымалогіі назвы Мёры: адны вучоныя звязваюць гэтую назву з фіна-ўгорскім гідранімічным фармантам jarvi, што азначае возера; другія мяркуюць, што назва горада паходзіць ад прозвішча Маер, Меер; трэція звязваюць тапонім з уладальнікамі паселішча князямі Мірскімі; чацвёртыя — са старажытным словам мір у значэнні абшчына. Таксама даследчыкі сыходзяцца на думцы, што паходжанне назвы звязана з племем мера[6].

На думку А. Рогалева, назва горада і возера Мёры ўтрымоўвае старажытны інтэрнацыянальны корань мер-, мёр-, мір-, мар-, мор- з абагульненым значэннем «водны аб'ект», «вада», які распаўсюджаны ў складзе геаграфічных назваў і тэрмінаў у самых розных мовах на еўразійскіх прасторах[7].

На думку А. Адамковіча, айконім Мёры мае гідранімічнае паходжанне і ўзнік ад назвы возера. Лімнонім складаецца з фінскіх асноў maij «бабёр» і jaura «возера» і тлумачыцца як «возера, у якім жывуць бабры»[8].

Перыяд Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай

[правіць | правіць зыходнік]

У пісьмовых крыніцах упамінаюцца пад 1514 годам як маёнтак Мярэя Браслаўскага павета Вялікага Княства Літоўскага. Як маёнтак Мёры называюцца ў попісе літоўскага войска 1567 года. У 1644 годзе тут стаяў праваслаўны манастыр, які ў 1690 годзе М. Мірскі падараваў уніятам. У 1691 годзе пабудаваны касцёл. У XVIII стагоддзі існавала 5 маёнткаў пад назвай Мёры. Гэтыя маёнткі належалі Мірскім, Перасвет-Солтанам, Беліковічам, Клотам, Зяновічам, Пуцятам.

У складзе Расійскай імперыі

[правіць | правіць зыходнік]

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай у 1793 годзе Мёры адышлі да Расійскай імперыі як мястэчка, цэнтр воласці Дзісенскага павета Мінскай, а з 1842 года Віленскай губерняў. У 1866 годзе тут адкрыта народная школа. У 1886 годзе насельніцтва мястэчка складала 110 жыхароў. Тут стаялі 3 карчмы, штогод праводзіліся 2 кірмашы. У канцы XIX стагоддзя дзейнічалі 2 школы. У 1903 годзе ў Мёрах 145 жыхароў, вучылішча, царкоўнапрыходская школа.

У 1918 годзе Мёры акупіравалі германскія войскі, у 1919—1920 гадах яны былі заняты польскімі войскамі.

У складзе Польскай Рэспублікі

[правіць | правіць зыходнік]

Паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921 года Мёры адышлі да Польскай Рэспублікі, дзе сталі цэнтрам гміны Дзісенскага павета Віленскага ваяводства. У 1927 годзе тут 422 жыхары. Стаялі крама, аптэка, працавалі 2 млыны, да 1931 года дзейнічала запалкавая фабрыка.

Перыяд Беларускай ССР

[правіць | правіць зыходнік]

Увосень 1939 года Мёры далучаны да БССР. 3 15 студзеня 1940 года яны цэнтр Мёрскага раёна Вілейскай вобласці.

Другая сусветная вайна

[правіць | правіць зыходнік]

У Вялікую Айчынную вайну 3 ліпеня 1941 года Мёры акупіравалі нацысцкія захопнікі. За перыяд акупацыі гітлераўцы загубілі ў Мёрах 662 чалавек. 2 чэрвеня 1942 года было ліквідавана 779 чалавек яўрэйскай нацыянальнасці з гета. Прыкладна 70—80 чалавек атрымалася збегчы[9]. 4 ліпеня 1944 года войскі 1-га Прыбалтыйскага фронту і партызаны вызвалілі Мёры ад захопнікаў.

Пасляваенны перыяд

[правіць | правіць зыходнік]

У 1944 годзе Мёры ўключаны ў Полацкую, а ў 1954 годзе — у Маладзечанскую вобласці. 3 1960 года ў складзе Віцебскай вобласці. 7 жніўня 1957 года Мёрам нададзены статус гарадскога пасёлка[10].

Забудаваны Мёры пераважна 1-павярховымі дамамі, будуюцца і 2—5-павярховыя. Першы генеральны план гарадскога пасёлка складзены ў 1971 годзе. 7 студзеня 1972 года Мёрам нададзены статус горада[11]. У 1980 годзе распрацаваны наступны генеральны план забудовы горада. У горадзе ўтворана набярэжная. Прамысловая зона размешчана ў паўночна-заходняй і ўсходняй частках.

  • XX стагоддзе: 1903 год — 145 чал.; 1927 год — 422 чал.; 1959 год — 1,9 тыс. чал.; 1970 год — 5,7 тыс. чал.[12]; 1995 год — 9,5 тыс. чал.[12]
  • XXI стагоддзе: 2006 год — 8,9 тыс. чал.; 2009 год — 8,7 тыс. чал.; 2016 год — 8 052 чал.[13]; 2017 год — 8 001 чал.[14]; 2025 год — 7 756 чал.

Прадпрыемствы харчовай, камбікормавай, першаснай апрацоўкі льна прамысловасці. Гасцініца.

Адукацыя і культура

[правіць | правіць зыходнік]

2 сярэднія, 1 базавая, дзіцяча-юнацкая спартыўная школы, школа мастацтваў, Дом дзіцячай творчасці, Дом культуры, 2 бібліятэкі, Мёрскі гісторыка-этнаграфічны музей.

Дзейнічае фізкультурна-аздараўленчы комплекс «Мёры», Мёрская ДЮСШ, ФК Мёры.

Касцёл Узнясення Найсвяцейшай Дзевы Марыі

Памятныя мясціны

[правіць | правіць зыходнік]

Вядомыя асобы

[правіць | правіць зыходнік]
  1. GeoNames — 2005. Праверана 9 ліпеня 2017.
  2. Численность населения на 1 января 2025 г. и среднегодовая численность населения за 2024 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов, поселков городского типаБелстат, 2025.
  3. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Віцебская вобласць: нарматыўны даведнік / У. М. Генкін, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2009. — 668 с. ISBN 978-985-458-192-7 (DJVU).. Сустракаецца таксама варыянт Міёры.
  4. K. Būga. Rinktiniai raštai. — Vilnius, 1961. — Т. III. — С. 531-532.
  5. A. Vanagas. Lietuvių hidronimų etimologinis žodynas. — Vilnius, 1981. — С. 204.
  6. І. Л. Капылоў. Мёры ці Міёры? // Звязда. 28 чэрвеня 2012 г. № 27238.
  7. А. Ф. Рогалев. Географические названия в калейдоскопе времен. Гомель, 2011. С. 140-141.
  8. А. Адамковіч. Аб паходжанні айконімаў Мёры, Паставы, Шаркаўшчына // Kalba ir kontekstai. VI. Vilnius, 2015. С. 12, 15.
  9. Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь. — Ф. 1с/р-370. — Воп. 1. — Спр. 483. — Л. 15.
  10. Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР ад 7 жніўня 1957 г. // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1957, № 8.
  11. Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР Аб пераўтварэнні гарадскога пасёлка Міёры Міёрскага раёна Віцебскай вобласці ў горад раённага падпарадкавання ад 7 студзеня 1972 г. // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1972, № 2 (1340).
  12. а б Беларусь 1995.
  13. Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2016 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2015 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу (руск.). Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (30 сакавіка 2016). Праверана 3 красавіка 2017.
  14. Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2017 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2016 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу (руск.). Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (29 сакавіка 2017). Праверана 3 красавіка 2017.
  • Міёры // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 479. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.
  • Ліст карты N-35-20. выданне 1984 года. Стан мясцовасці на 1982 год. (руск.)