Авары (Міжзем’е)
Авары (англ.: Avari) — у легендарыуме Дж. Р. Р. Толкіна адзін з двух (разам з Эльдар) народаў эльфаў Міжзем'я. У адрознанні ад эльдар, якія адышлі з Оромэ ў Валінар ад берагоў возера Куівіэнен, авары нікуды не адыходзілі і засталіся жыць там. Яны адрынулі Кліч Валар і адмовіліся прыняць удзел у Вялікім Паходзе, таму ў перакладзе з квэнья іх назва азначае «адступнікі».
Аб авары (як і аб Усходзе Міжзем'я наогул) вядома няшмат. Існуе меркаванне, што народ кароля Трандуіла ў значнай сваёй частцы складаўся з авары. Таксама існуе меркаванне, што менавіта захопленыя ў палон авары паслужылі асновай для стварэння Мелькарам оркаў у Перадпачатковую Эпоху, задоўга да стварэння Сонца і Месяца.
У першай «Кнізе згубленых паданняў» (англ.: The Book of Lost Tales) расказвалася аб каралі авары па імені Ту (Tû), які вёў войны з Мелькарам і быў даволі магутным магам. Таксама расказвалася гісторыя аб тым, як адзін з эльфаў авары пранікнуў у нейкую даліну і знайшоў там дзяцей, якія спалі. Гэта былі людзі, якія яшчэ не абудзіліся і чакалі Сонца і Месяц. Ту забараніў эльфу будзіць гэтых дзяцей, асцерагаючыся гневу Ілуватара, але эльф не паслухаўся і ўсё ж абудзіў дваіх. Так першыя з людзей абудзіліся яшчэ да Сонца і Месяца.
Мова авары
Мова авары называлася аварын (англ.: Avarin), яна аказала вялікі ўплыў на фарміраванне ранняй мовы аданаў — таліска.
На самай справе адной агульнай мовы ў авары няма, таму тэрмін «аварын» вельмі ўмоўны. Вядома шэсць моў авары, на кожнай з якіх вядома па адным слове: kindi, cuind, hwenti, windan, kinn-lai, penni. Азначаюць усе гэтыя шэсць слоў «эльфы», «квэндзі».