Перайсці да зместу

Джон Рональд Руэл Толкін

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Толкін)
Джон Рональд Руэл Толкін
англ.: John Ronald Reuel Tolkien
Асабістыя звесткі
Імя пры нараджэнні Джон Рональд Руэл Толкін
Псеўданімы Oxymore[1]
Дата нараджэння 3 студзеня 1892(1892-01-03)[2][3][…]
Месца нараджэння
Дата смерці 2 верасня 1973(1973-09-02)[6][3][…] (81 год)
Месца смерці
Пахаванне
Грамадзянства Сцяг Вялікабрытаніі Вялікабрытанія
Бацька Артур Руэл Толкін[d][9]
Маці Мэйбл Сафілд[d]
Жонка Эдыт Толкін[d]
Дзеці Джон Фрэнсіс Руэл Толкін[d], Michael Tolkien[d], Крыстафер Толкін[d] і Priscilla Tolkien[d]
Альма-матар
Месца працы
Прафесійная дзейнасць
Род дзейнасці мовазнавец, паэт, выкладчык універсітэта, дзіцячы пісьменнік, перакладчык, літаратурны крытык, эсэіст, афіцэр, аўтар, пісьменнік, гісторык, ілюстратар, настаўнік, празаік, філолаг, раманіст
Гады творчасці 19371973[11]
Кірунак Фантастыка
Жанр Дзіцячая літаратура, фэнтэзі, пераклад, літаратуразнаўства
Мова твораў англійская
Дэбют «Хобіт»
Грамадская дзейнасць
Член у
Прэміі
Узнагароды
tolkienestate.com (англ.)
Лагатып Вікікрыніц Творы ў Вікікрыніцах
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы
Лагатып Вікіцытатніка Цытаты ў Вікіцытатніку

Джон Ро́нальд Ру́эл То́лкін (англ.: John Ronald Reuel Tolkien; 3 студзеня 1892, Блумфантэйн — 2 верасня 1973, Борнмут) — англійскі пісьменнік, паэт, перакладчык, лінгвіст, філолаг. Адзін з найбольш уплывовых пісьменнікаў XX стагоддзя, адзін са стваральнікаў жанру фэнтэзі. Найбольш вядомы як аўтар класічных твораў «высокага фэнтэзі»: «Хобіт, або Туды і назад», «Уладар Пярсцёнкаў» і «Сільмарыліян». Гэтыя кнігі спарадзілі сотні перакладаў, перайманняў, працягаў і адаптацый і сталі прыкметнай з’явай культуры XX стагоддзя.

Толкін займаў пасаду прафесара Кафедры англасаксонскай мовы імя Роўлінсана і Босварта[en] ў Пембрак-каледжы[en] Оксфардскага ўніверсітэта (1925—1945), затым быў прафесарам Кафедры англійскай мовы і літаратуры імя Мертана[en] ў Мертан-каледжы[en] Оксфардскага ўніверсітэта (1945—1959). Разам з блізкім сябрам К. С. Льюісам належаў да нефармальнага літаратурнага таварыства «Інклінгі». 28 сакавіка 1972 года каралева Лізавета II надала яму чын Камандора Ордэна Брытанскай імперыі.

Пасля смерці Толкіна яго сын Крыстафер[en] выпусціў некалькі твораў, заснаваных на шырокім корпусе нататак і нявыдадзеных рукапісаў бацькі, у тым ліку «Сільмарыліян». Гэтая кніга разам з «Хобітам» і «Уладаром Пярсцёнкаў» складае адзіны збор казак, вершаў, гісторый, штучных моў і літаратурных эсэ пра выдуманы свет пад назвай Арда і яго частку Міжзем’е. У 1951—1955 гадах для абазначэння большай часткі гэтага збору Толкін выкарыстоўваў слова «легендарыум» (англ.: Legendarium). Многія аўтары пісалі творы ў жанры фэнтэзі і да Толкіна, аднак з-за вялікай папулярнасці і моцнага ўплыву на жанр многія называюць Толкіна «бацькам» сучаснай фэнтэзі-літаратуры, маючы на ўвазе, галоўным чынам, «высокае фэнтэзі».

Брытанская газета «Таймс» адвяла яму 6-е месца ў спісе «50 найвялікшых брытанскіх пісьменнікаў з 1945 года»[12]. У 2009 г. амерыканскі часопіс «Форбс» назваў яго 5-м у ліку памерлых вядомых людзей з найвялікшым прыбыткам.

Сям’я Толкінаў, 15 лістапада 1892 г.

Джон Рональд Руэл Толкін нарадзіўся ў Блумфантэйне ў Аранжавай Свабоднай Дзяржаве ў сям’і банкаўскага служачага Артура Толкіна і Мэйбл Толкін (дзявочае прозвішча Сафілд). Артур Толкін паходзіў з саксонскіх немцаў, што пераехалі ў Англію ў 18 стагоддзі. У 1894 годзе нарадзіўся малодшы брат Толкіна, Хілары Артур Руэл. У хуткім часе Мэйбл разам з дзецьмі перабралася ў Англію — пагасціць у сваякоў. Бацька будучага пісьменніка — Артур Толкін, служачы Афрыканскага банка — збіраўся паехаць следам за імі крыху пазней, але нечакана памёр ад інсульту. Сям’і давялося застацца ў Англіі. У 1900 годзе Мэйбл прыняла каталіцтва, моцна сапсаваўшы гэтым адносіны са сваімі сваякамі-пратэстантамі. Жывучы ў беднасці, яна, тым не менш, імкнулася даць дзецям лепшую адукацыю. Менавіта яна спрыяла развіццю ў маленькага Джона Толкіна цікавасці да іншых моў. Мэйбл выхоўвала дзяцей у каталіцкай веры, і вернасць гэтай рэлігіі Толкін захаваў да канца дзён.

Сям’я жыве ў Сэйрхоле, каля Бірмінгема. Гэтая прыгожая сельская мясцовасць вельмі ўразіла маладога Толкіна, паўплывала на вобразы яго літаратурных твораў і на малюнкі. Толкіну палюбілася хараство дрэў, іх бясконцыя таямніцы. Малога Рональда таксама захапляюць казкі пра эльфаў і драконаў. Якраз гэтыя істоты зрабіліся персанажамі яго першай казкі, прыдуманай ім у 7 гадоў. Расце цікавасць Рональда да латыні і грэчаскай мовы, за яе «знадворную бліскучасць і асаблівае, непаўторнае, чароўнае гучанне»[13].

Пасля смерці маці ад дыябету ў 1904 годзе апякунства над дзецьмі ўзяў яе духоўнік, айцец Фрэнсіс Ксаўер Морган. Чалавек высокай маральнасці і разам з тым строгі, ён дапамог Джону Толкіну стаць оксфардскім стыпендыянтам. Пакуты і выпрабаванні дзяцінства, здавалася, мала паўплывалі на характар Толкіна — ён заставаўся чалавекам пазітыўным, прыемным і далікатным. Вакол яго часта фармаваліся колы аднадумцаў, аматараў літаратуры, старадаўніх моў, мастацтва і гісторыі. Толькі дзённікі і лісты, апублікаваныя пасмяротна, адкрылі чытачу «іншага» Толкіна — глыбока песімістычнага, схільнага да беспрычыннай дэпрэсіі[14].

Пачатак творчага самавызначэння

[правіць | правіць зыходнік]

У Школе Караля Эдуарда Толкін вывучаў класічную літаратуру, старажытнаанглійскую і сярэднеанглійскую мовы. У яго рана выявіўся лінгвістычны талент, пасля вывучэння старавалійскай і фінскай моў ён пачаў вынаходзіць свае штучныя мовы. Хутка ён пачынае самастойна вывучаць старажытнаірландскую мову, а затым чытае нямецкія кнігі па філалогіі. Жартам ён стварае ўласную мову «ньюбаш», што значыць «новая лухта», над якой працуе разам са сваёй стрыечнай сястрой Мэры. Наогул стварэнне гумарыстычных лімерыкаў робіцца для іх адпачынкам і адначасова знаёмствам з такімі першапраходцамі англійскага абсурдызму, як Эдвард Лі, Хілэр Бэлак і Гілберт Кійт Чэстэртан. Джон Рональд Толкін у вялікай колькасці паглынае чароўныя казкі і гераічныя легенды. «Толькі ў гэтым свеце іх было, на маю думку, надта мала, каб задаволіць голад»[13], — прызнаецца ён пазней.

У школьныя гады Толкін сустрэў Эдыт Брэт і закахаўся ў яе. Яны бавілі шмат часу разам, і айцец Морган, занепакоены, каб гэта не перашкодзіла паступленню хлопчыка ва ўніверсітэт, на доўгі час забараніў ім сустракацца. Толкін паступіў у Оксфардскі ўніверсітэт, выдатна здаўшы экзамены па англійскай мове і літаратуры, і сур’ёзна заняўся мовамі. За сваё жыццё Толкін вывучыў вялікую колькасць моў, у тым ліку валійскую, стараанглійскую, гоцкую. Адначасова ён праходзіць курсы радыстаў-сувязістаў.

Удзел у Першай сусветнай вайне

[правіць | правіць зыходнік]

Калі пачалася Першая сусветная вайна, Джон Толкін прайшоў ваенную падрыхтоўку ў Бетфардзе, атрымаў званне малодшага лейтэнанта і запісаўся ў полк Ланкашырскіх стралкоў. У сакавіку 1916 г. ён ажаніўся з Эдыт Бэт. Ужо 4 ліпеня 1916 г. бярэ ўдзел у Бітве пры Соме. Ён назаўсёды захаваў захапленне сваімі аднапалчанамі, простымі брытанцамі, упартымі, немнагаслоўнымі і насмешлівымі. «Магчыма, без салдат, побач з якімі я ваяваў, не стала б краіны Хабітаніі. А без Хабітаніі не было б Уладара Пярсцёнкаў»[13], — напісаў ён праз многія гады. Разам з тым ён да канца жыцця ўзненавідзеў вайну, роўна як і «натхняльнікаў жудасных пабоішч».

Толкін не быў нават паранены, але захварэў на акопную ліхаманку. Некалькі месяцаў ён змагаўся з хваробаю за сваё жыццё і моцна пакутаваў. Пазней ён са шпіталя ў Ле-Туке быў адпраўлены назад у Англію. А па прыедзе быў накіраваны цягніком у Бірмінгем.

У 1917 у Джона Толкіна і Эдыт нарадзіўся сын Джон, у 1920 — Майкл, у 1924 — Крыстафер, у 1929 — дачка Прысцыла. У 1918 г., пасля сканчэння Першай Сусветнай вайны, сям’я Толкіна перасяляецца жыць у Оксфард.

У 1920 годзе Толкін атрымаў месца выкладчыка ва ўніверсітэце Лідса, у 1925 годзе вярнуўся ў Оксфард у якасці прафесара старажытнаанглійскай мовы. З 1945 года да выхаду на пенсію ў 1959 годзе быў прафесарам англійскай мовы ды літаратуры ў Мертан-каледжы, Оксфард. Сярод ягоных студэнтаў быў Уістан Х’ю Одэн. Падчас выкладчыцкай працы Толкін уваходзіў у клуб Інклінгаў, пасябраваў з Клайвам Льюісам.

Пліта на магіле Толкіна і яго жонкі

Жонка Толкіна памірае ў 1971 г., і пісьменнік вяртаецца ў Оксфард. З канца 1972 г. ён моцна хварэе на страўнік, і лекары забараняюць яму ўжываць алкаголь. 28 жніўня 1973 г. ён прысутнічаў на мерапрыемстве з нагоды дня нараджэння місіс Толхерст. Адчуваў сябе дрэнна, еў мала, выпіў трохі шампанскага. Ноччу яму стала яшчэ горш, і ён быў дастаўлены ў прыватную клініку, дзе знайшлі крывацёк язвы страўніка. Развіўся плеўрыт, і ноччу на нядзелю 2 верасня 1973 г. Дж. Р. Р. Толкін памёр ва ўзросце 81 года, у Бо́рнмуце. Пахаваны на могілках Оксфарда побач з жонкай. На надмагільнай пліце было напісана:

Эдыт Мэры Толкін
Лютыен
1889–1971
Джон Рональд
Руэл Толкін
Бэрэн
1892–1973

Толкін атаясамліваў сябе і сваю жонку з персанажамі свайго фантастычнага сусвету — магутным ваяром і прыгожай эльфійскай дзяўчынай.

Літаратурная творчасць

[правіць | правіць зыходнік]

Толкін-пісьменнік вядомы перш за ўсё як аўтар кнігаў пра Міжзем’е (Сярэдзінныя Землі) — агромністага фантастычнага сусвету, прыгожага, дэталёва распрацаванага і часам жахлівага. Складаць гэтыя разнастайныя па форме ды памеры творы ён пачаў у юнацтве ды займаўся гэтым усё жыццё, несупынна змяняючы і рэдагуючы зробленае раней. Першыя легенды, што складалі так званую «Кнігу страчаных паданняў», Толкін напісаў падчас Першай сусветнай вайны. Ідэя гэтага твору прыйшла да будучага пісьменніка тады, калі ён ляжаў у ваенным шпіталі. Але выдадзена кніга ў той час не была, і знаёмства чытачоў з Міжзем’ем пачалося нашмат пазней, у 1937 годзе, калі пабачыў свет іншы (і зусім непадобны) твор гэтага цыклу, казка «Хобіт». Казка адразу стала вельмі папулярнай, і выдавец звярнуўся да Толкіна з просьбаю напісаць працяг. Той пагадзіўся, але справа зацягнулася на доўгія гады. Вынікам стаў трохтомны «Уладар пярсцёнкаў», які быў напісаны ў 1949 г., а надрукаваны ў 19541955 гадах і прынёс аўтару сусветную славу.

Таксама, вартыя ўвагі і іншыя творы Толкіна, сярод іх казкі, вершы і паэмы. Значная частка твораў Толкіна выйшла ўжо пасля яго смерці пад рэдакцыяй яго сына Крыстафера. Акрамя таго Толкін займаўся жывапісам: рабіў замалёўкі краявідаў, ілюстрацыі да сваіх кніг.

На творчасць Толкіна моцна паўплывала яго прафесійнае захапленне сярэднявечнай еўрапейскай літаратурай, у прыватнасці стараанглійскай паэзіяй. Так, у «Хобіце» і «Уладары пярсцёнкаў» можна знайсці адсылкі да «Бэўвульфа», некаторыя сюжэты «Сільмарыліяна» натхнёныя «Калевалай», шматлікія паэтычныя творы Толкіна напісаныя стараанглійскім алітэраваным вершам. Пісьменніка хвалявала адсутнасць у англічан (англа-саксаў) свайго эпасу, тым часам як у фінаў была «Калевала», а ў кельтаў — цыкл пра караля Артура. Цыкл твораў пра Міжзем’е — спроба Толкіна стварыць англа-саксонскі эпас.

Як сказаў Хамфры Карпентэр, біёграф Толкіна, «Яго сапраўдная біяграфія — гэта „Хобіт“, „Уладар пярсцёнкаў“ і „Сільмарыліян“, бо шчырая праўда аб ім змяшчаецца ў гэтых кнігах»[13].

Навуковая дзейнасць

[правіць | правіць зыходнік]

Толкін удзельнічаў ва ўкладанні Оксфардскага слоўніка англійскай мовы і ў падрыхтоўцы выданняў шэрагу сярэднявечных паэмаў. Даследаваў стараанглійскую і сярэднеанглійскую літаратуру. Яго працы па паэме «Бэўвульф» — асабліва знакамітая лекцыя «Бэўвульф: пачвары і крытыкі» — шырока цытуюцца да цяперашняга часу.

Пішучы кнігі пра Міжзем’е, Толкін стварыў некалькі штучных моваў для прыдуманых ім народаў. Найбольш вядомыя і прапрацаваныя з гэтых моваў — квэнья і сіндарын. Стварэнню моваў як роду мастацкай творчасці прысвечанае ягонае эсэ «Тайная загана» (1930). Распрацоўцы эльфійскай мовы Толкін прысвяціў усё жыццё. Пасля смерці пісьменніка працу працягнуў яго сын Крыстафер. Развіццё мовы эльфаў здзяйсняецца па сённяшні дзень.

Літаратурныя творы выданыя пры жыцці

[правіць | правіць зыходнік]

Важныя акадэмічныя і тэарэтычныя прыжыццёвыя публікацыі

[правіць | правіць зыходнік]

Сярэднеанглійскія і стараанглійскія словы і выразы ў назвах артыкулаў пададзены без перакладу.

Пасмяротна выданыя творы

[правіць | правіць зыходнік]

Беларускія пераклады

[правіць | правіць зыходнік]

Таксама Антонам Ф. Брылем перакладзены асобныя лісты (№ 190 і № 217), якія датычацца перакладу на галандскую і польскую мовы.

Творы Толкіна вельмі значна ўплылі на сусветную культуру XX і нават XXI стагоддзя. Яны былі неаднаразова адаптаваныя для кіно, мультыплікацыі, аўдыёп’ес, тэатральнай сцэны, камп’ютарных гульняў. Па іх аснове створаны канцэптуальныя альбомы, ілюстрацыі, коміксы. У літаратуры была створана вялікая колькасць наследаванняў кнігам Толкіна, іх працягаў або антытэз.

Творы Толкіна былі неаднаразова экранізаваны. На мяжы 1970-ых і 1980-ых гадоў быў створаны шэраг мультыплікацыйных фільмаў: «Хобіт» (рэж. Артур Ранкін (малодшы), Джулз Бэс, 1977), «Уладар пярсцёнкаў» (рэж. Ральф Бакшы, 1978) і «Вяртанне караля» (рэж. Артур Рэнкін (малодшы) і Джулз Бэс, 1980). У 20012003 гадах Пітэр Джэксан зняў высокабюджэтную кінатрылогію «Уладар пярсцёнкаў», якая атрымала мноства прэмій, у тым ліку 17 прэмій «Оскар», і сабрала ў пракаце амаль 3 мільярды долараў ЗША[15]. У 20122014 гадах Пітэр Джэксан працягнуў працу па адаптацыі твораў Толкіна, зняўшы трылогію па кнізе «Хобіт»: «Хобіт: Нечаканае падарожжа» (англ.: The Hobbit: An Unexpected Journey, 2012), «Хобіт: Спусташэнне Смаўга» (англ.: The Hobbit: The Desolation of Smaug, 2013) і «Хобіт: Бітва пяці войскаў» (англ.: The Hobbit: The Battle of the Five Armies, 2014).

Па кнігах Толкіна і іх экранізацыях створаны цэлы шэраг камп’ютарных гульняў. Найбольш вядомымі сярод іх з’яўляюцца стратэгія The Lord of the Rings: The Battle for Middle-earth і MMORPG The Lord of the Rings Online. Музычныя гурты, такія як Blind Guardian, Battlelore, Summoning, а ў Расіі — «Hobbitshire» і «Эпидемия», склалі мноства песень пра персанажаў і падзеі з кніг Толкіна.

Многія вядомыя пісьменнікі фэнтэзі прызнаюцца, што звярнуліся да гэтага жанру пад уражаннем ад эпапеі Толкіна, напрыклад Роберт Джордан[16], Нік Пярумаў[17], Тэры Брукс[18], Роберт Сальваторэ[19]. Сучасніца прафесара Урсула Ле Гуін адзначае паэтычнасць і рытмічнасць зместу «Уладара пярсцёнкаў»[20].

Аднак многія вядомыя аўтары крытыкуюць Толкіна. Так, у прыватнасці, Чайна М'евіль, прызнаючы, што «„Уладар пярсцёнкаў“, бясспрэчна, аказаў вялікі ўплыў на жанр фэнтэзі», называе яго «вясковым, кансерватыўным, анты-мадэрнісцкім, да жаху хрысціянскім і анты-інтэлектуальным». Чайна крытыкуе ідэі «суцяшэння» і «уцёкаў», якія, на думку Толкіна, павінна даваць фэнтэзі, крытыкуе яго прыхільнасць да нечаканага выратавання герояў і хэпі-эндаў[21]. Філіп Пулман назваў «Уладара пярсцёнкаў» «банальным», і дадаў: «У сваіх кнігах я спрачаюся з „Нарніяй“ Льюіса — Толкін не варты таго, каб з ім спрачацца»[22].

  1. Doughan D. J.R.R. Tolkien: A Biographical SketchThe Tolkien Society.
  2. Tolkiens Reise nach Mittelerde: Ein neuer Blick in die Welten J.R.R. Tolkiens — 1 — Kow: Heel Verlag, 2013. — S. 2. — 338 с. — ISBN 978-3-86852-826-8
  3. а б J.R.R. Tolkien
  4. http://www.britannica.com/EBchecked/topic/598643/JRR-Tolkien
  5. http://news.bbc.co.uk/cbbcnews/hi/find_out/guides/uk/jrr_tolkien/newsid_2388000/2388813.stm
  6. Tolkiens Reise nach Mittelerde: Ein neuer Blick in die Welten J.R.R. Tolkiens — 1 — Kow: Heel Verlag, 2013. — S. 33. — 338 с. — ISBN 978-3-86852-826-8
  7. http://www.history.com/this-day-in-history/third-and-final-lord-of-the-rings-movie-opens
  8. http://amsaw.org/amsaw-ithappenedinhistory-010305-tolkien.html
  9. Lundy D. R. The Peerage
  10. (unspecified title) — С. 7. — ISBN 0-345-21550-8
  11. RKDartists Праверана 5 верасня 2022.
  12. «The 50 greatest British writers since 1945»(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 25 красавіка 2011. Праверана 17 сакавіка 2014.
  13. а б в г Архіўная копія(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 5 сакавіка 2016. Праверана 17 сакавіка 2014.
  14. [1]
  15. All-Time Box Office: World-wide
  16. Barnesandnoble.com interview with Robert Jordan: In the first hundred pages of THE EYE OF THE WORLD I did try to invoke a Tolkienesque feel. But after that… I deliberately took off in a very different direction from Tolkien.
  17. Перумов.ком Архівавана 20 студзеня 2010.: В начале восьмидесятых Николай, как и многие физики-лирики того времени, «жил Толкиеном». Через знакомых товароведов и работников издательств Ник доставал книги Толкиена на английском языке и самостоятельно их переводил.
  18. Terry Brooks bio Архівавана 2 верасня 2000.
  19. R.A. Salvatore’s interview: …getting The Lord of the Rings trilogy as a Christmas present… was a turning point for me. Tolkien, more than anything else, turned me on to reading, and tuned me back into an imagination that had been lost early on in my educational experience.
  20. Ритмический узор в романе «Властелин Колец»
  21. Fantasy and revolution: an interview with China Miéville Архівавана 25 мая 2010.
  22. AN INTERVIEW WITH PHILIP PULLMAN Архівавана 5 сакавіка 2008.