Ізяслаў Уладзіміравіч
Ізяслаў Уладзіміравіч | |||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|
Изѧславъ | |||||||
| |||||||
| |||||||
|
|||||||
Папярэднік | Рагвалод | ||||||
Пераемнік | Усяслаў Ізяславіч | ||||||
|
|||||||
Нараджэнне |
каля 980 |
||||||
Смерць |
1001 |
||||||
Род | Рурыкавічы | ||||||
Бацька | Уладзімір Святаславіч[1][2] | ||||||
Маці | Рагнеда Рагвалодаўна[1][2] | ||||||
Дзеці | Брачыслаў Ізяславіч[3] і Усяслаў Ізяславіч | ||||||
Веравызнанне | праваслаўе | ||||||
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Ізяслаў Уладзіміравіч, хроснае імя невядома (Изѧславъ; 978 — 1001, Полацк) — князь полацкі (каля 988—1001), продак роду полацкіх князёў Ізяславічаў.
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Старшынство і маленства
[правіць | правіць зыходнік]Сын кіеўскага князя Уладзіміра Святаславіча і полацкай князёўнай Рагнеды Рагвалодаўны. На думку даследчыкаў, Рагнеда была другой з шасці дахрысціянскіх жонак Уладзіміра.
Ізяслаў нарадзіўся да 980 года, быў маладзейшы за Вышаслава, а старшынство сярод астатніх сыноў Уладзіміра цяпер дыскусійнае. У кожным разе, Ізяслаў адзін са старэйшых, разам са Святаполкам і Яраславам, адны даследчыкі лічаць яго другім, іншыя — трэцім або чацвёртым, бо ў гэтым разыходзяцца самі раннія крыніцы. Таксама дыскусійная і колькасць дзяцей Рагнеды, пэўна не вядома ці былі ў Ізяслава адзінаўтробныя браты і сёстры, бо і ў гэтым крыніцы разыходзяцца.
Так, Аповесць мінулых часоў (АМЧ) ставіць Яраслава перад Святаполкам, такім чынам Ізяслава можна ўспрымаць нават як чацвёртага, але цяпер некаторыя даследчыкі лічаць старшынство Святаполка перад Яраславам даведзеным[4], а Наўгародскі першы летапіс проста называе Ізяслава другім. Паводле адных спісаў АМЧ, у Рагнеды было 4 сыны і 2 дачкі, Ізяслаў названы сярод іх першым, а Лаўрэнцеўскі летапіс спіс кажа пра Ізяслава як адзінае дзіцё Рагнеды. Пытанне старшынства сыноў Уладзіміра звязана з праблемамі храналогіі гісторыі Русі ў X ст., яна даецца крыніцамі вельмі ўмоўна.
Уладзімір называў дзяцей паводле пэўнай сістэмы, аснова -слаў іх імён мусіла падкрэсліць сувязь з дзедам — кіеўскім князем Святаславам Ігаравічам[5], у чым імі была такая самая аснова. Аснова ізя- ад изѧти — узяць, імаверна, імя Ізяслаў значыла «узяты/абраны славай». Імёны нададзеныя Уладзімірам сваім дзецям заклалі аснову родавага іменаслова яго нашчадкаў, пазней імя Ізяслаў ужывалася Рурыкавічамі агулам.
Рагнеда з Ізяславам жыла не ў Кіеве, а ў прыгарадным сяле на Лыбедзі, пазней вядомым як Прадславіна.
Каля 987 года Рагнеда няўдала замахнулася на Уладзіміра, прычыны і акалічнасці ўчынку цяпер дыскусійныя. Уладзімір думаў за гэта забіць яе, загадаў апрануць княжацкі ўбор і чакаць. Навучаны маці Ізяслаў з мячом у руках сімвалічна выступіў на яе абарону перад Уладзімірам[6]. Заступніцтва сына ўразіла Уладзіміра, ён звярнуўся па раду баяр.
-
Замах Рагнеды на Уладзіміра, злева Ізяслаў (мініяцюра Радзівілаўскага летапісу, XV ст.).
-
Ізяслаў (злева) абараняе Рагнеду ад Уладзіміра (мініяцюра Радзівілаўскага летапісу, XV ст.).
-
Аркуш Радзівілаўскага летапісу з мініяцюрамі выступлення Ізяслава на абарону Рагнеды і рады баяр Уладзіміра.
Атрыманне ўдзела
[правіць | правіць зыходнік]Паводле Лаўрэнцеўскага спісу АМЧ, баяры параілі не забіваць Рагнеду, а аднавіць яе отчыну і даць ёй з сынам (Оуже не оубии ея дѣтяти дѣля сего, но въздвигни отчину ея, и даи еи с сыном своимъ)[6]. Так Уладзімір і зрабіў. Таксама Уладзімір заснаваў новы «горад» і назваў яго ў імя сына Ізяслаўлем (цяпер Заслаўе), мэты гэтага ўчынку цяпер дыскусійныя, бо паводле АМЧ Ізяслаў адразу атрымаў Полацк[6]. Паводле пазнейшых паданняў, Рагнеда з сынам пэўны час жыла ў Ізяслаўлі, але верагоднасць гэтых звестак на ўзроўні гарадскіх легенд.
Адбылося гэта, напярэдадні хрышчэння Русі, калі Уладзімір мусіў скасаваць ранейшыя паганскія шлюбы дзеля хрысціянскага шлюбу з парфірароднай Ганнай. Думаюць, што тым самым часам Уладзімір даў удзелы ў землях Русі і іншым сваім старэйшым сынам, бо гэта датавана летапісам 988 годам, але сярод адзначаных пад гэтым годам надзяленняў ёсць і відавочна пазнейшыя, малодшым сынам.
Па мячы Ізяслаў быў нашчадкам Рурыка, дарэвалюцыйныя расійскія генеолагі ўключалі яго ў 5-е пакаленне Рурыкавічаў, а па кудзелі — нашчадкам Рагвалода[7]. Атрыманне Полацкае княства як отчыны маці, а не бацькі, у пэўным сэнсе аднаўляў яго самастойнасць, а таксама ўзнаўляла родавую лінію полацкіх князёў ад Рагвалода[8] — нашчадкаў Ізяслава сучаснікі часам разглядалі як «Рагваложых унукаў».
Княжанне
[правіць | правіць зыходнік]Пра княжанне Ізяслава нічога пэўнага не вядома. Аднак, у яго час, каля 991—992 гадоў, было створана Полацкае епіскапства, адно з першых у Кіеўскай дзяржаве, распаўсюджвалася хрысціянства, што спрыяла пашырэнню пісьменства.
Памёр Ізяслаў пры жыцці бацькі ў 1001 годзе, Рагнеда памерла годам раней. Пакінуў з невядомай імем жонкай сыноў Усяслава і Брачыслава. Полацкі сталец перайшоў у спадчыну сынам Ізяслава[6], напэўна, гэта пацвярджае гіпотэзу, што вярнуўшы Рагнедзе отчыну Уладзімір вылучыў гэтыя ўладанні з агульнага спадкавання сваіх нашчадкаў — «лесвічнага права», калі ўладанні пераходзілі малодшым братам, а потым старэйшым пляменнікам памерлага, а не сынам, у асобнае ўладанне Ізяслава і яго нашчадкаў.
Паводле позняга Ніканаўскага летапіс, Ізяслаў быў «ціхі і лагодны, і памяркоўны, і міласцівы, і любіў вельмі і ўшаноўваў святарскі чын манаскі, і рупліва перачытваў боскія пісанні, і пазбягаў нікчэмнай мітусні, і слёзны быў, і спагадны, і доўгацярплівы…»[9] (Бысть жа сий князь тих и кроток, и смирен, и милостив, и любя зело и почитая священнический чин иноческий, и прилежаще прочитанию божественных писаний, и отвращаяся от суетных глумлений, и слезен, и умилен, и долготерпелив…). Некаторыя даследчыкі звяртаюць увагу, што Ізяслаў першым з князёў Рурыкавічаў названы «кніжнікам», але верагоднасць Ніканаўскага летапісу датычна гэтых характарыстык нізкая.
Сям’я
[правіць | правіць зыходнік]Пра жонку Ізяслава Уладзіміравіча няма пэўных звестак. Даследчыкамі выказваліся здагадкі, што яна магла паходзіць з мясцовай арыстакратыі, што спрыяла трываласці спадкавання полацкага стальца сынамі і ўнукамі Ізяслава.
Старшынство паміж сынамі Ізяслава дыскусійнае, ёсць аргументы на карысць старшынства Усяслава Ізяславіча (990-я — 1003), які памёр малалетнім, і Брачыслаў Ізяславіч (990-я — 1044) мог яму спадкаваць.
Праблемныя пытанні
[правіць | правіць зыходнік]Пячатка і княжацкі знак
[правіць | правіць зыходнік]Працяглы час асабістым знакам князя называлі трызуб з крыжападобнай вяршыняй сярэдняга зуба, які быў выяўлены на пячатцы, знойдзенай у Ноўгарадзе падчас раскопак Валянцінам Яніным і атрыбутаваны полацкаму князю Ізяславу Уладзіміравічу. З такой прычыны, напрыклад, гэты знак выяўлены на гербе Заслаўя, пачатак чыёй гісторыі звязваюць з Ізяславам Уладзіміравічам. Аднак ад пачатку не было навуковага кансэнсусу пра выгляд і атрыбуцыю знака, пазней з’явілася іншае прачытанне надпісу на пячатцы, што ўзмацніла няпэўнасць у гэтым пытанні. Імаверна нашчадкі Ізяслава ў XII ст. карысталіся рознымі варыянтамі трызуба[10], але для атаяснення кожнага знака з пэўным князем бракуе звестак.
Шлем
[правіць | правіць зыходнік]У красавіку 2019 года ў Бабруйску, пры паглыбленні рэчышча Бярэзіны, рабочыя выпадкова выявілі шлем. Унікальны артэфакт добра захаваўся, бо ўвесь час знаходзіўся ў вадзе. Перыяд бытавання падобных шлемаў — X—XI стст. Вонкавы выгляд шлема сведчыць, што ён зроблены на заказ, у адным асобніку, магчыма, скандынаўскім збройнікам. Беларускі гісторык Ігар Марзалюк, выказаў меркаванне, што шлем, хутчэй за ўсё, належаў полацкаму князю Ізяславу[11][12].
Паводле ўкраінскага гісторыка Арцёма Папакіна, немагчыма дакладна вызначыць належнасць артэфакта. Большасць з такіх шаломаў маглі трапіць на тэрыторыю Цэнтральнай і Усходняй Еўропы пасля разгрому Хазарскага каганата, і магчыма, належалі ўдзельнікам тых падзей, якія маглі вывезці іх як трафеі. Таму і на тэрыторыі Беларусі такі шалом мог з’явіцца з ваяром, удзельнікам паходу 960-х гадоў. Шалом мог належаць заможнаму, вядомаму ваяру, бо большасць шаломаў гэтага тыпу былі пазалочаныя, даволі складаныя ў вырабе. Але ідэнтыфікаваць знаходку з пэўнай гістарычнай асобай немагчыма[13].
Памяць
[правіць | правіць зыходнік]- Помнік Рагнедзе і Ізяславу ў Заслаўі каля Дома культуры «Свiтанак» (1993, скульптар А. Арцімовіч, архітэктар І. Марозаў; Дзяржаўная прэмія Рэспублікі Беларусь, 1998).
- Помнік Ізяславу ў Заслаўі на Цэнтральнай плошчы (2014, скульптар А. Прохараў).
- Скульптура ў Заслаўі на Вялікай вуліцы (2017).
-
Помнік 1000-годдзю хрысціянства ў Беларусі на гарадзішчы Замэчак — старажытным Ізяслаўлі, дзе паводле пазнейшых паданняў пэўны час жылі Рагнеда і Ізяслаў.
-
Скульптура ў Заслаўі на Вялікай вуліцы.
Зноскі
- ↑ а б Изяслав Владимирович // Энциклопедический словарь — СПб.: Брокгауз — Ефрон, 1894. — Т. XIIа. — С. 894–895.
- ↑ а б Изяслав Владимирович // Русский биографический словарь / пад рэд. A. Polovtsov — СПб.: 1905. — Т. 14. — С. 404–405.
- ↑ В. Р. Брячислав // Энциклопедический словарь / под ред. И. Е. Андреевский — СПб.: Брокгауз — Ефрон, 1891. — Т. IVа. — С. 820.
- ↑ Карпов 2001.
- ↑ Литвина, Успенский 2006.
- ↑ а б в г Котляр 2014, с. 324.
- ↑ Вяроўкін-Шэлюта 2001, с. 134.
- ↑ Насевіч, Іоў 1996, с. 476-477.
- ↑ Цвірка 2006, с. 36.
- ↑ Белецкий 2012.
- ↑ belta.by
- ↑ history.nashaniva.by
- ↑ svaboda.org
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Алексеев, Л. В. Полоцкая земля. — Москва, 1975.
- Белецкий, С. В. Древнейшая геральдика Руси // «Повесть временных лет». — СПб.: Вита Нова, 2012.
- Варонін В. А. Беларускія землі і Чэхія ў X—XII стст. // Studia Historica Europae Orientalis = Исследования по истории Восточной Европы: науч. сб. Вып. 12 / редкол.: А. В. Мартынюк (глав. ред.), Г. Я. Голенченко [и др.]. — Минск: РИВШ, 2019. — 232 с. — C. 20-30.
- Вяроўкін-Шэлюта, У. Рурыкавічы // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 2001. — С. 134. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0214-8.
- Загарульскі, Э. М. Заходняя Русь: ІХ — ХІІІ ст.: Вучэб. дапам. — Мн.: Універсітэцкае, 1998. — 260 с.
- Заяц, Ю. А. Заславль в эпоху феодализма. — Мн.: Навука і тэхніка, 1995. — 207 с.: іл. — ISBN 5-343-01350-3.
- Карпов, А. Ю. Ярослав Мудрый. — Москва, 2001.
- Котляр Н. Ф. Изяслав Владимирович // Древняя Русь в средневековом мире: энциклопедия / Институт всеобщей истории РАН; Под общей ред. Е. А. Мельниковой, В. Я. Петрухина.. — М.: Ладомир, 2014. — 991 с. — ISBN 9785862185140. — С. 324.
- Литвина А. Ф., Успенский Ф. Б. Выбор имени у русских князей в X—XVI вв.: Династическая история сквозь призму антропонимики. — М.: Индрик, 2006. — 904 с. — 1000 экз. — ISBN 5-85759-339-5.
- Насевіч, В., Іоў А. Ізяславічы // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1996. — С. 476—477. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0041-2.
- ПСРЛ: I, 34, 52, 55, 131; II, 250, 259, 261, V, 2, 112, 124; VII, 28, 231, 294, 313, 317; IX, 57, 68, 155—156.
- Рапов О. Княжеские владения на Руси в X — первой половине XIII в.. — Москва: Изд-во МГУ, 1977. — 268 с.
- Семянчук, Г. Ізяслаў Уладзіміравіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1996. — С. 477. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0041-2.
- Цвірка, К. Гісторыя Беларусі паводле паданняў і легендаў — Мінск: «Соврем. слово», 2006. — 400 с. — С. 36. — ISBN 985-443-570-9