Агульнабеларускі Саюз Вайскоўцаў

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Агульнабеларускі Саюз Вайскоўцаў (АБСВ) — ветэранская арганізацыя беларускіх вайскоўцаў у другой палове 1940-х у Заходняй Германіі. Арганізаваны ў 1948(?), праўдападобна, як супрацьвага прабэнээраўскаму Аб'яднанню Беларускіх Ветэранаў генерала Ф. Кушаля. Меў прабэцээраўскую арыентацыю.

Вядомы праект статуту АБСВ. У ім абвяшчаліся наступныя заданні арганізацыі:

  • Аб'яднаць усіх былых вайскоўцаў беларускіх армій і былых вайскоўцаў-беларусаў з іншых армій, якія стаяць на грунце незалежнасці Беларусі;
  • Развіваць у сяброў Саюзу пачуцці рыцарскай чэснасці, духу дружнай грамадскай працы, салідарнасці і ўзаемадапамогі;
  • Падрыхтоўваць сяброў Саюзу да актыўнай грамадскай працы на карысць свайго народу, Краю і інш.

Найвышэйшым кіруючым органам АБСВ быў Агульны Сход. Існавала і «Часовае Кіраўніцтва АБСВ», аднак яго склад невядомы. Праект статуту дапускаў уваходжанне ў склад АБСВ ужо існых арганізацый беларускіх вайскоўцаў на аўтаномных правах. Невядома, ці АБСВ арганізацыйна аформіўся, або спыніў сваё існаванне яшчэ на самым пачатку. Цалкам магчыма, што сябры арганізацыі на пачатку 1950-х уліліся ў склад Беларускага Вызвольнага Руху, як больш перспектыўнай і актыўнай вайсковай арганізацыі.