Беларускае аб’яднанне ў Аўстраліі
Беларускае аб'яднанне ў Аўстраліі (БАА). Заснавана ў кастрычніку 1950 г., калі «надпалітычнае» Беларускае аб'яднанне ў Новым Паўднёвым Уэльсе змяніла назву на Беларускае аб'яднанне ў Аўстраліі. У 1951 г. з арганізацыі выйшлі Уладзімір Клуніцкі (асобна), а таксама прыхільнікі Рады БНР. Ад гэтага часу БАА засталося арганізацыяй прыхільнікаў БЦР.
БАА задумвалася як агульнааўстралійская арганізацыя (з сядзібай у Сіднеі) і спрабавала стварыць аддзелы ў Брысбене на чале з Анатолем Шкуткам, але звестка пра рэальную дзейнасць яго няма. Найбольш трывалым быў аддзел у Мельбурне (Беларускае аб’яднанне ў Вікторыі).
Сферамі дзейнасці арганізацыі былі навязванне сувязяў паміж беларусамі, сацыяльная дапамога, прадстаўніцтва Беларусі ў стасунках з іншымі арганізацыямі Аўстраліі, наладжванне нацыянальнага культурнага жыцця. Пры БАА быў заснаваны Асветна-культурны клуб на чале з Язэпам Шкодам, які існаваў да 1957 г. і займаўся культурнай дзейнасцю. У 1950 — 1960-я гады (але з перапынкамі) выдаваўся інфармацыйны бюлетэнь БАА «Новае Жыцьцё». Пры БАА дзейнічаў таксама мяшаны хор пад кіраўніцтвам С. Анічкава, драматычны гурток на чале з Міхасём Зуем.
Пасля стварэння Беларускага культурна-грамадскага клуба члены БАА ўвайшлі ў гэту арганізацыю, аднак само БАА не спыніла існавання.
БАА ад самага пачатку было ўдзельнікам Федэральнай рады беларускіх арганізацый у Аўстраліі.
Старшыні
[правіць | правіць зыходнік]- Уладзімір Клуніцкі (1950 — 1951)
- Міхась Зуй (1951 — 1995)
- Міхась Ціхан (з 1995)
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Антух М. Я ўмею за сябе пастаяць / Мікола Антух // Адзінец, А. Паваенная эміграцыя: скрыжаванньні лёсаў: зборнік успамінаў / Аляксандр Адзінец. — Мн.: Медисонт, 2007. — 704 с., [28] с. іл. — (Бібліятэка Бацькаўшчыны: Кніга 11). — С. 17 — 25.
- Гардзіенка Н. Беларусы ў Аўстраліі: да гісторыі дыяспары / Натальля Гардзіенка; Прадмова І.Сурвіллы. — Мн.: Беларускі кнігазбор, 2004. — 468 с., [4] арк. — (Бібліятэка Бацькаўшчыны, Кніга 3). — С. 444—445.
- Калодка А. Беларусы ў Аўстраліі / Аляксандар Калодка // Беларуская мэмуарыстыка на эміграцыі / Укл. Л.Юрэвіч. — Нью-Ёрк: БІНІМ, 1999. — 361 с. — С. 328—339.