Саюз беларуска-амерыканскай моладзі

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search

Саюз беларуска-амерыканскай моладзі — грамадская арганізацыя беларускай моладзі ў эміграцыі. Заснавана 24 верасня 1950[1] (паводле іншых вестак — 9 ліпеня 1950[2]) як Аб'яднанне беларускай моладзі ў Амерыцы (АБМА). Старшынёй быў абраны Міхась Сенька, заступнікам старшыні — Кастусь Вайцяхоўскі, сакратаром — Лявон Шурак[3].

Большасць членаў Саюзу былі сябрамі або функцыянерамі Саюзу беларускай моладзі, а пасля вайны ў лагерах DP бралі актыўны ўдзел у скаўтынгу, навучаліся ў беларускіх школах і гімназіях.

30 мая 1953 у Саўт-Рыверы прайшоў II з'езд Саюзу, у якім узялі ўдзел 70 дэлегатаў. Старшынёй пераабралі М. Сеньку, першым заступнікам — К. Вайцяхоўскага, другім заступнікам стала Валя Дульская. У склад управы ўвайшлі: Уладзімір Пеляса, А. Шурак, Валянціна Вайцяхоўская, Мікалай Ігнатовіч, Віталь Цярпіцкі. Рэвізійную камісію склалі Уладзімір Траскевіч, Вольга Лапека, Хведар Беразоўскі[4].

Члены арганізацыі актыўна займаліся грамадска-палітычнай дзейнасцю, праводзілі моладзевыя вечарыны, у складзе спатыўнага клуба «Нёман» бралі ўдзел у розных спартыўных мерапрыемствах, бралі ўдзел у розных імпрэзах і акцыях, у т.л. у Парадах лаяльнасці ці антыкамуністычных акцыях. Фактычна, Саюз быў моладзевым крылом Злучанага беларуска-амерыканскага дапамаговага камітэта і Беларускага цэнтральнага прадстаўніцтва ў Амерыцы, а ад 1951 і Беларускага кангрэсавага камітэта Амерыкі.

У сядзіне 1950-х гадоў Саюз на фоне крокаў у збліжэнні розных грамадска-палітычных суполак Амерыкі навязаў лучнасць са Згуртаваннем беларуска-амерыканскай моладзі. У 1959 была наладжана супольная спартыўная сустрэча, а ў 1962 абедзве арганізацыі сумесна пачалі выдаваць часопіс «Беларуская моладзь». У 1960—1970-я ладзіліся «Алімпіяды на Бэлер-Менск».

Зноскі

  1. Гардзіенка, А. Беларускі кангрэсавы камітэт Амэрыкі (БККА) / Алег Гардзіенка. — Смаленск: [Б. в.], 2009. — 428 с., [12] с. іл. — С. 69. — (БІНІМ; Бібліятэка Бацькаўшчыны; Кн. 16). Са спасылкай на:Беларуская трыбуна
  2. Кіпель, В. Беларусы ў ЗША / Беларускі інстытут навукі й мастацтва (Нью-Ёрк), Нацыянальны навукова-асветны цэнтар ім. Ф. Скарыны (Менск). — Мн.: Беларусь, 1993. — 350 с., 16 л. iл. — С. 181.
  3. Гардзіенка, А. Беларускі кангрэсавы камітэт Амэрыкі (БККА)... Са спасылкай на: Беларуская трыбуна. — 1950. — № 2. — 5 лістапада. — С.
  4. Гардзіенка, А. Беларускі кангрэсавы камітэт Амэрыкі (БККА)...— С. 69—70. Са спасылкай на: Беларуская трыбуна. — 1953. — № 1—2 (15—16). — С.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Гардзіенка, А. Беларускі кангрэсавы камітэт Амэрыкі (БККА) / Алег Гардзіенка. — Смаленск: [Б. в.], 2009. — 428 с., [12] с. іл. — С. 69—70.