Беларускае культурна-асветнае таварыства (Коўна)

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search

Белару́скае культу́рна-асве́тнае тавары́ства ў Коўне — грамадская арганізацыя ў Літве. Існавала з лютага 1932 да 1935 года (?). Асноўная мэта дзейнасці — пашырэнне беларускай асветы і культуры на роднай мове, адкрыццё беларускіх кнігарняў і бібліятэк, правядзенне лекцый і чытанняў, драматычная і канцэртна-музычная дзейнасць. Мела штандар з дэвізам: «Жыве мова — жыве народ!». Веданне беларускай мовы і гісторыі было неабходнай умовай сяброўства ў таварыства.

У 1933 годзе налічвала больш за 1000 чалавек. У прэзідыум таварыства ўваходзілі М. Матач, К. Плескачэўская, С. Якавюк і іншыя. Мела Алаіцкае, Бразельскае, Вількамірскае, Гялвойскае, Мярэцкае аддзяленні; прадстаўніцтвы ў Тракаі і Зарасаі; жаночы аддзел у Коўне[1]. Дзейнасць таварыства ў Коўне канцэнтравалася ў «Беларускай хатцы» (вул. Крашэўскага, 34, загадчыца Матач). Пры таварыстве працаваў перасоўны Беларускі народны ўніверсітэт, дзе выкладаліся гісторыя і геаграфія Беларусі, беларуская культура, мова і літаратура. Са згоды міністэрства асветы Літвы лектары Беларускага народнага ўніверсітэта наведвалі мясцовасці, дзе жыло беларускае насельніцтва.

У чэрвені 1932 года пры таварыстве заснаваны Беларускі народны тэатр у Коўне са сталай тэатральнай студыяй (кіраўнікі — Плескачэўская, А. Матачова). У 1932—1933 гадах адбылося каля 30 пастановак у Коўне і 10 у правінцыі. У Коўне і пры Бразельскім аддзяленні існавалі хары. 25 сакавіка 1933 года на 15-я ўгодкі БНР адбылося выступленне ковенскага хору таварыства па гарадскім радыё. З лютага 1933 года працавалі дзіцячы садок і бібліятэка-чытальня. У ліпені 1933 года Беларускае культурна-асветнае таварыства ўвайшло ў ініцыятыўны камітэт Міжнароднай асацыяцыі беларускіх арганізацый (Коўна). Прапагандавала ідэю стварэння незалежнай беларускай дзяржавы, удзельнічала ў палітычных акцыях беларускай эміграцыі. Супрацоўнічала з Аб’яднаннем студэнтаў-беларусаў Літоўскага ўніверсітэта імя Вітаўта Вялікага ў Коўне.

Зноскі

  1. Ю. Р. Васілеўскі. Беларускае культурна-асветнае таварыства ў Коўне // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 1996. — Т. 2: Аршыца — Беларусцы. — С. 396.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]