Полацак (цэнтр)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

«Полацак» — беларуска-амерыканскі культурна-асветны цэнтр у ЗША. Размешчаны ў ваколіцы Стронгсвіл каля г. Кліўленд (штат Агая). Заснаваны ў 1968 г. па ініцыятыве і пры падтрымцы беларускіх грамадскіх дзеячаў у эміграцыі С. Карніловіча і К. Калошы. З'яўляецца месцам сходаў і вечарын грамадскасці, сустрэч беларусаў Паўночнай Амерыкі, сямейных святкаванняў, мастацкіх выставак, спартыўных спаборніцтваў. Збірае і адпраўляе ў Беларусь гуманітарную дапамогу (у т.л. лекі) пацярпелым ад аварыі Чарнобыльскай АЭС (1986), прымае на лячэнне і аздараўленне беларускіх дзяцей з забруджанай зоны. На тэрыторыі цэнтра дзейнічае праваслаўная царква Жыровіцкай Божай Маці, будуецца новая царква. На ахвяраваныя цэнтрам сродкі набыта выдавецкае абсталяванне і ў 1991 — 1997 гг. выдаваўся часопіс «Полацак». Кіруючы орган — управа.