Перайсці да зместу

Беларускае зямляцтва пралетарскага студэнцтва

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Беларускае зямляцтва пралетарскага студэнцтва
Краіна
Тып арганізацыі зямляцтва[d]
Заснаванне
Дата заснавання 16 снежня 1926

Беларускае зямляцтва пралетарскага студэнцтва ў Кіеве. Існавала з 16 снежня 1926 да 1930(?). Ініцыятыўная група створана ў лістападзе 1925. У кастрычніку 1926 утвораны арганізацыйны камітэт зямляцтва, які супрацоўнічаў з Цэнтральным бюро пралетарскага студэнцтва Беларусі (ЦБ пралетстуда), Наркаматам асветы БССР, ЦК КПБ. 16 снежня 1926 на ўстаноўчым сходзе зямляцтва абраны выканаўчы орган — праўленне, старшыня М. Аляшкевіч, сакратар П. Бруква, зацверджаны статут.

На пачатку 1927 аб'ядноўвала 173 чалавек. Складалася з аўтаномных аддзелаў, арганізаваных пры 12 ВНУ Кіева: пры сельскагаспадарчым, ветэрынарна-заатэхнічным, медыцынскім, політэхнічным інстытутах, народнай адукацыі, губернскай савецкай партшколе і інш. Існавалі культурніцкая і эканамічная секцыі, працавалі гурткі беларускай мовы і прыродазнаўства, беларуская бібліятэка. На базе Цэнтральнага клуба студэнцтва Кіева ўтвораны беларускі клуб. Праводзіліся беларускія студэнцкія вечарыны. Праўленне выпісвала для студэнтаў беларускамоўныя газеты і часопісы.

У 1927/28 навучальным годзе зямляцтва атрымала 1205 руб. грашовай датацыі ад ЦБ пралетстуда Беларусі і разавую грашовую дапамогу ад Наркамата асветы БССР. Праўленне зямляцтва супрацоўнічала з Кіеўскай акруговай радай пралетарскага студэнцтва Украіны, з беларускімі студэнцкімі зямляцтвамі Варонежа, Ленінграда, Масквы.

10 сакавіка 1929 па ініцыятыве зямляцтва ва Украінскай АН адбылася вечарына беларускай культуры з удзелам квартэта 1-га Беларускага драматычнага тэатра, украінскага паэта М. Драй-Хмары і музыказнаўцы-этнографа К. Квіткі, прысутнічала каля 500 чалавек. Актывісты зямляцтва: Багатка, М. К. Журык, К. А. Мядзведзеў, М. К. Рымша, Я. М. Чмыхаў, П. Я. Ясінскі.

Вывучэнне гісторыі, эканамічнай геаграфіі, прамысловасці, культуры і мастацтва Беларусі; матэрыяльная дапамога сябрам зямляцтва.