Беларусы ў Нью-Ёрку
Беларусы ў Нью-Ёрку — суполка беларускай дыяспары ў ЗША.
Першыя беларусы
[правіць | правіць зыходнік]У 1659 годзе ў Нью-Ёрк (тады яшчэ Новы Амстэрдам) прыязджае доктар Аляксандр Куртыус (Курчэўскі), вучоны і настаўнік[1]. 1 жніўня 1887 года ў Нью-Ёрк прыехаў Мікалай Судзілоўскі, але хутка пераехаў у Сан-Францыска[2].
У 1872 годзе ў Нью-Ёрку было закладзенае Расейскае кола ўзаемнай дапамогі, да якога пераважна належалі беларусы[3]. У 1882 годзе беларускія габрэі ў Нью-Ёрку заснавалі Дабраахвотнае Таварыства Узаемнае Дапамогі «Ашмянскія браты», якое дапамагала і беларускім эмігрантам з Ашмянаў[3].
Другая палова XIX ст. — 1914 год
[правіць | правіць зыходнік]Як даводзіць даследчык Ганна Сурмач, руская эміграцыя ў Нью-Ёрку да 1914 года хоць і значылася рускай, але складалася пераважна з выхадцаў з Беларусі[4]. У канцы XIX стагоддзя ў Нью-Ёрку дзейнічала славянаруская сельскагаспадарчая калонія «Вільня»[4].
5 снежня 1908 года ў Манхэтэне з’явіўся Расейскі Імігранцкі Дом (347 East 14 Street), які дапамагаў уладкавацца эмігрантам з Расейскай імперыі[5]. Утрымліваўся ён расейскімі царкоўнымі ўладамі. Як сведчаць дакументы, збольшага гэтымі эмігрантамі былі выхадцы з беларускіх зямель, але іх рэгістравалі як расейцаў[5]. У пачатку XX стагоддзя імігранты часта сяліліся на Манхэтэне. Так, з 1910 года да 1920-х гадоў беларуская мова была мовай зносінаў «расейскіх» эмігрантаў на Манхэтэне ад 14 Street да Бетэры-парку (Battery Park)[6].
Паводле тагачаснай рускай газеты «Новый мир» за 30 жніўня 1912 года, у Нью-Ёрку тады былі рэстараны «Беларусь» і «Кобрын»[7].
Беларусы актыўна ўдзельнічалі ў прафесійных саюзах, а таксама самі арганізоўвалі прафсаюзы работнікаў дамоў, мясцовыя аддзелы прафсаюза швейнай прамысловасці ў Брукліне (раён Браўнсвіл-Brownsville). У 1913 годзе беларусы заснавалі Расейска-польскі 103 аддзел Аб’яднаных адзежных работнікаў Амерыкі ў Нью-Ёрку[8]. Былі актывісты-беларусы і ў Міжнародным саюзе вытворцаў жаночага адзення, у Саюзе вытворцаў ботаў і чаравікаў, у Саюзах аўтамабільнай індустрыі[9]. Вядомыя дзеячы-беларусы рабочага руху ў Нью-Ёрку: Уладзімір Татарчык з Капыля (быў забіты, пасля чаго прайшла маніфестацыя з 10 тысячаў чалавек), Давід Дубінскі з Берасця[10].
Старыя беларускія дамавіны можна пабачыць у Маспеце (Maspeth) у Куінсе[11].
Палітычна беларускія імігранты былі пераважна левымі. У 1907 годзе ў Нью-Ёрку быў заснаваны Саюз расейскіх сацыял-дэмакратычных арганізацыяў, сярод мясцовых структураў якога было Менскае, Пінскае, Барысаўскае, Дзвінскае сацыял-дэмакратычныя таварыствы[12].
1914—1939 гады
[правіць | правіць зыходнік]У 1915—1916 гадах суполка беларускіх імігрантаў у Брукліне заснавала Расейска-славянскае таварыства самадапамогі, якое складалася з менчукоў і гарадзенцаў. Галавой арганізацыі стаў Сцяпан Бубешка[13].
6 траўня 1921 года адбыўся першы масавы сход беларусаў Нью-Ёрка і ваколіцаў, на якім быў заснаваны Беларускі Нацыянальны Камітэт. Камітэт месціўся на Манхэтэне па адрасе 63 Park Row, New York. На тым жа адрасе знаходзілася Беларускае Прэсавае Бюро, якое выдавала белютэнь «Bulletin of the White Russian Press Bureau»[14].
Асобная беларуская арганізацыя ўзнікла таксама ў бруклінскім раёне Браўнсвіл (Brownsville), дзякуючы актыўнай дзейнасці Міхася Зварыкі і Сцяпана Бубешкі[15]. Сцяпан Бубешка таксама стаў першым беларускім аўтарам, які апублікаваў нарыс пра беларускую іміграцыю пад назваю «Жыцьцё беларусаў у Амэрыцы». Нарыс быў надрукаваны ў 1921 годзе ў Вільні ў кніжцы «Родны край: Трэцяя і чацьвёртая пасьля лемантара кніжка для чытаньня», выдадзенай Леанілай Гарэцкай[16]. У нарысе аўтар таксама зазначае, што беларусаў у Нью-Ёрку больш за 15 тысяч[16]. Гэтаксама Бубешка меў свой рэстаран «Свабода» ў Брукліне.
Беларусы Нью-Ёрку ў гэты час адкрылі беларускую музычную краму на Манхэтэне (134 East 7 Street)[16]. Беларус Хведар Зварыка меў уласнае адзежнае прадпрыемства ў Браўнсвіле (Brownsville), Бруклін[17].
Большасць арганізацыяў гэтага перыяду праіснавала толькі да канца 1920-х гадоў, з прычыны нястачы лідараў і нацыянальна-свядомых сяброў. На гэта таксама паўплываў ад’езд Сцяпана Бубешкі. Але гэтыя арганізацыі сталі прыкладам для іншых у ЗША[17]. З ягоным вяртаннем сітуацыя не палепшылася, бо ён хутка памёр (23 студзеня 1928)[18].
У гэты перыяд беларусы Нью-Ёрка ўпершыню змаглі выявіць беларускую нацыянальную адметнасць і здольнасць самаарганізавацца[19].
Зноскі
- ↑ Ганна Сурмач. Беларускі Нью-Ёрк (бел. (тар.)). — New York, 2017. — С. 13.
- ↑ Ганна Сурмач. Беларускі Нью-Ёрк (бел. (тар.)). — New York, 2017. — С. 25.
- ↑ а б Ганна Сурмач. Беларускі Нью-Ёрк (бел. (тар.)). — New York, 2017. — С. 26.
- ↑ а б Ганна Сурмач. Беларускі Нью-Ёрк (бел. (тар.)). — New York, 2017. — С. 29.
- ↑ а б Ганна Сурмач. Беларускі Нью-Ёрк (бел. (тар.)). — New York, 2017. — С. 31.
- ↑ Ганна Сурмач. Беларускі Нью-Ёрк (бел. (тар.)). — New York, 2017. — С. 31-32.
- ↑ Ганна Сурмач. Беларускі Нью-Ёрк (бел. (тар.)). — New York, 2017. — С. 32-33.
- ↑ Ганна Сурмач. Беларускі Нью-Ёрк (бел. (тар.)). — New York, 2017. — С. 33.
- ↑ Ганна Сурмач. Беларускі Нью-Ёрк (бел. (тар.)). — New York, 2017. — С. 33-34.
- ↑ Ганна Сурмач. Беларускі Нью-Ёрк (бел. (тар.)). — New York, 2017. — С. 35.
- ↑ Ганна Сурмач. Беларускі Нью-Ёрк (бел. (тар.)). — New York, 2017. — С. 36.
- ↑ Ганна Сурмач. Беларускі Нью-Ёрк (бел. (тар.)). — New York, 2017. — С. 37.
- ↑ Ганна Сурмач. Беларускі Нью-Ёрк (бел. (тар.)). — New York, 2017. — С. 40-41.
- ↑ Ганна Сурмач. Беларускі Нью-Ёрк (бел. (тар.)). — New York, 2017. — С. 42.
- ↑ Ганна Сурмач. Беларускі Нью-Ёрк (бел. (тар.)). — New York, 2017. — С. 42-43.
- ↑ а б в Ганна Сурмач. Беларускі Нью-Ёрк (бел. (тар.)). — New York, 2017. — С. 43.
- ↑ а б Ганна Сурмач. Беларускі Нью-Ёрк (бел. (тар.)). — New York, 2017. — С. 44.
- ↑ Ганна Сурмач. Беларускі Нью-Ёрк (бел. (тар.)). — New York, 2017. — С. 45.
- ↑ Ганна Сурмач. Беларускі Нью-Ёрк (бел. (тар.)). — New York, 2017. — С. 46.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Ганна Сурмач. Беларускі Нью-Ёрк (бел. (тар.)). — New York, 2017.