Перайсці да зместу

Касцёл Ісуса і Святога Казіміра і калегіум езуітаў (Брэст)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Брэсцкі кляштар езуітаў)
Славутасць
Касцёл Ісуса і Святога Казіміра і калегіум езуітаў
Касцёл Ісуса і Святога Казіміра і калегіум езуітаў
Касцёл Ісуса і Святога Казіміра і калегіум езуітаў
52°04′56″ пн. ш. 23°39′23″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Месцазнаходжанне
Ордэнская прыналежнасць езуіты
Архітэктар Адам Дэламарс[d]
Дата заснавання 1620
Будаўніцтва 16531659 гады
Стан Знішчаны
Map

Касцёл Ісуса і Святога Крыжа і калегіум езуітаў — культавы комплекс каталіцкага ордэна езуітаў, які дзейнічаў у Берасці з 1620-х гадоў да канца XVIII стагоддзя. Знаходзіўся ў цэнтры Старога горада, на рагу Рынка і вуліцы Кавальскай[заўв 1]. Помнік архітэктуры віленскага барока. Пры будаўніцтве Брэсцкай крэпасці будынак калегіума быў прыстасаваны пад канцылярыю каменданта і ваенную казарму; касцёл зруйнаваны ў 1840-я гг., захаваліся падмуркі[1].

Вялікае Княства Літоўскае

[правіць | правіць зыходнік]

Езуіты з’явіліся ў горадзе ў 1615 г. (па іншых звестках у 1609) па запрашэнні луцкага біскупа Паўла Валуцкага[1], у горадзе існавала іх місія[2]. Езуіты пачалі актыўную прапаганду ідэй каталіцтва на заходніх землях Беларусі, асабліва на Палессі[3]. У 1618 годзе пры падтрымцы Л. І. Сапегі, які выдзеліў на заснаванне калегіума маёнтак Дзераўная з вёскамі Мальткі і Менявеж (Берасцейскі павет), езуітаў паўторна запрасіў у Берасце біскуп Андрэй Ліпскі[2].

У 16191633 гадах існавала езуіцкая рэзідэнцыя[2]. Спачатку ў 1620 годзе заснавалі рэзідэнцыю ў падараваным берасцейскім ваяводам А. Валовічам фальварку Адамкава[1]. У 1623[1][4][2] ці 1629[1][4] годзе суперыёр А. Макоўскі пабудаваў для берасцейскай рэзідэнцыі будынак[2], таксама была пабудавана капліца[2]. Пры рэзідэнцыі існавала школа. Каля 1630 года працавала музычная бурса. У 1633 годзе рэзідэнцыя пераўтворана ў калегіум[2].

Выгляд цэнтра Берасця з бастыённымі ўмацаваннямі ў XVII ст. (фрагмент гравюры Э. Дальберга)
Умоўныя пазначэнні: A. CastellumЗамак; B. Templum Iesuilarum — Касцёл езуітаў; C. Templum ParochialeФарны касцёл; D. Templ. Graco-rumГрэка-каталіцкая царква; E. Templ. DominicanorumДамініканскі касцёл; F. Coenob. BernhardinorumКляштар бернардзінцаў; G. Synagogux IudcorumСінагога.


У фундацыі кляштара, надзяліўшы яго зямлёй, прымаў удзел віленскі ваявода Л. Сапега (1653[5])[1][6], які купіў для езуітаў фальварак і в. Паніквы (цяпер Камянецкі раён)[3].

Манументальны мураваны касцёл Ісуса і Св. Казіміра быў узведзены ў 16531659 гадах[2][заўв 2][заўв 3] па фундацыі К. Л. Сапегі, які ахвяраваў кляштару 30 тыс. злотых на будаўніцтва мураваных касцёла і калегіума. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—1667 гадоў у 1659 годзе касцёл спалены расійскімі войскамі[2].

Праект касцёла і калегіума, 1692 г.

3 1676 года пачала фарміравацца бібліятэка, першыя кнігі падараваў В. Лахоўскі[2]. Прыблізна з таго ж года працавала аптэка[2]. У 16831692 гадах касцёл адбудаваны па фундацыі Б. Сапегі як 3-нефавая базіліка з трансептам і 2-вежавым галоўным фасадам, які быў насычаны архітэктурнай пластыкай і завяршаўся трохвугольным франтонам з валютамі, інтэр’ер размаляваны ў 16921702, меліся 13 алтароў, арган[2]. У 1669 годзе кароль Міхал Вішнявецкі[1][6] перадаў езуітам в. Плоска з землямі ў Прылуках[2]. Грунты вызваляліся ад усіх падаткаў за выключэннем агульных для Рэчы Паспалітай[9]. У распараджэнні езуітаў быў цагельны завод[9], заснаваны для ўзвядзення езуіцкіх пабудоў, які ў 1713 годзе ўжо заняпаў[8].

Каля 1727 года побач з касцёлам пабудавана вежа-званіца[2]. 3 пачатку 18 ст. да 1755 вялося будаўніцтва новага будынка для калегіума[2]. У 16961760-я гг. пры калегіуме дзейнічаў школьны тэатр, мелася вялікая бібліятэка[1], у 1731 годзе значны кнігазбор у 300 тамоў падараваў Ян Фрыдэрык Сапега[2]. У 17721773 навучальным годзе ў берасцейскім калегіуме было 28 выкладчыкаў. У XVIIXVIII стст. калегіуму належалі вёскі Ляскавічы, Машковічы, Паніквы, Слаўкі, Студзіловічы і інш[2]. Езуіты набывалі новыя землі з вескамі, аддаючы грошы пад залог маенткаў. Праз некаторы час яны ператварыліся ў буйнога ліхвяра і арганізатара па эксплуатацыі промыслаў[3].

Пасля скасавання ордэна езуітаў у 1773 годзе будынкі перададзены базыльянам[2]. Пасля 17731774 гг. касцёл быў адрэмантаваны зноў: зроблены новыя свінцовыя вітражы і дзевяць разных алтароў з пазалотай[9].

У калегіуме вучыліся вядомы беларускі мысліцель-атэіст Казімір Лышчынскі, знакаміты польскі пісьменнік і гісторык Юльян Урсын Нямцэвіч[1][2].

Пад уладай Расійскай імперыі

[правіць | правіць зыходнік]

Падчас знаходжання з палком у Брэсце ў 1813 г. кляштар наведаў рускі пісьменнік Аляксандр Грыбаедаў (граў на аргане)[1][10].

Пры будаўніцтве Брэсцкай крэпасці будынак калегіума быў прыстасаваны пад канцылярыю каменданта і ваенную казарму; касцёл зруйнаваны ў 1840-я гг., захаваліся падмуркі[1].

У 1920-я гады ўлады міжваеннай Польскай Рэспублікі рэканструявалі будынак калегіума. Будынкі комплексу езуітаў выкарыстоўваліся да 1939 г[9]. Пасля Другой сусветнай вайны ў 19451946 гадах разабраны для гаспадарчых патрэб ваеннага гарнізона. Падмуркі комплексу закансерваваны[9].

План і галоўны фасад касцёла і калегіума езуітаў у Брэсце. Абмерныя чарцяжы 1833 г. На гэты час было знішчана ўсходняе крыло калегіума, разбураны дах і скляпенні галоўнага нефа, завяршэнні вежаў і франтона[8].

Берасцейскі езуіцкі касцёл пабудаваны пазней за касцёлы ў Вільні (XV — першая палова XVI ст.) і Горадні (15951618), але ён яскрава адлюстроўвае тэндэнцыю да «кампраміснай архітэктуры». Тагачасныя пабудовы ў Вялікім Княстве Літоўскім, захоўваючы асноўныя традыцыйныя прыёмы каталіцкай архітэктуры, перанімалі традыцыйныя формы і пластыку уніяцкіх, каталіцкіх і праваслаўных сакральных забудоў. Берасцейскі ансамбль езуіцкага комплексу адлюстроўвае гэтую тэндэнцыю[9].

План касцёла, каля 1788 г.

Касцёл з’яўляўся творам архітэктуры барока. Меў класічную для «езуіцкага» барока архітэктоніку[8] і быў вырашаны 3-нефавай 2-вежавай крыжова-купальнай базілікай з выразным трансептам і паўкруглай развітой апсідай[1], схаванай звонку дзвюма сіметрычнымі сакрысціямі[9]; над сяродкрыжжам узвышаўся купал. У «Інвентары люстрацыйным брэсцкай калегіі» за 17731774 гг. паведамляецца, што «касцёл мураваны, у даўжыню каля 70 крокаў у сабе мае, на філярах і аркадах, з дахам пад гонтай, патрабуе рэпарацыі… купал мае адзін дужы, драўляны на самай сярэдзіне касцёла з сігнатуркай, белай бляхай пакрыты»[8].

Насычанай архітэктурнай пластыкай вылучаўся галоўны фасад[1], аздоблены карынфскім ордарам[8] і завершаны высокім 2-ярусным шчытом з бакавымі валютамі[1][2], які быў упрыгожаны дэкаратыўнымі гірляндамі на фрызе[9]. Фасад уяўляў сабою аб’ёмную пласціну, шырыня (глыбіня) якой абумоўлівалася параметрамі чацверыковых вежаў з вітымі ўсходамі ўнутры, што часткова выступалі за межы базілікі. Увядзенне ў структуру фасада невялікіх чацверыковых вежаў (усяго адзін ярус над бакавымі нефамі) рабіла рытм вертыкальных і гарызантальных чляненняў больш энергічным, вытанчаным, надавала дадатковую экспрэсію валютам атыкавага франтона, вытрыманага ў стылістыцы ранняга барока з уплывам італьянскага. На адной з вежаў размяшчаўся гадзіннік, на другой — звон «сярэдні»[8].

Абмеры званіцы, 1838 г.

З паўднёва-заходняга боку касцёла і з усходняга боку гарадскога рынку пабудавана (16921750) вялікая вежа-званіца[2], якая надала яшчэ большую прасторавую разгорнутасць фасаду, верхні чацверык яе быў крыху большы за суседнюю фасадную вежу і змяшчаў звон «вялікі»[8]. Над званіцай была ўстаноўлена вялікая статуя Святога Юзафа[9]. Пластычная аздоба вежы-званіцы мела ідэнтычны характар з дэкорам уваходнага рызаліта двухпавярховага калегіума[8].

Інтэр’ер размаляваны ў 16921702 гадах[2] іспанскім архітэктарам Адамам Казімірам Дэламарсам-старым[9]. У афармленні касцёла ўдзельнічалі польскі дэкаратар І. Барч, які служыў пры калегіуме ў 17251728 гг., а потым афармляў Віленскі езуіцкі калегіум[1]. Над паўднёвай сакрысціяй размяшчаліся эмпоры («хорак з вокнамі»), з другога боку ад вімы прэзбітэрыя — «ізба з комінам і печам зялёным, а наверсе скарбец»[8].

Інтэр’ер меў алтарны ансамбль (13 алтароў[2]), амбон, арган, спавядальні высокамастацкага выканання; пад 6удынкам мелася крыпта з ганаровымі пахаваннямі[1]. Так берасцейская шляхцянка Марыяна Грушэўская-Яльцова, якая падарыла ў 1689 годзе езуіцкаму калегіуму вёску Машковічы, у сваім тастаменце дае запавет пахаваць яе каля свайго сына ў грабніцы езуіцкага касцёла. У самім касцёле былі сямейныя магільныя склепы — у 1767 г. у капліцы Св. Фларыяна быў пахаваны дзед Юліяна Нямцэвіча[9].

У 17731774 гг. былі зроблены новыя свінцовыя вітражы і дзевяць разных алтароў з пазалотай[9].

2-павярховы корпус калегіума паўтараў лінію вуліцы Кавальскай[2] і быў далучаны на паўночнага фасада касцёла, ствараючы з ім адзіны мастацкі ансамбль[8]. Першы паверх калегіума меў уваход з Кавальскай вуліцы, праз яго можна было трапіць у аптэку. Школьныя памяшканні мелі асобны ўваход, аздоблены рызалітам, дэкарыраваным у стылі позняга барока[9]. У корпусе знаходзіліся аптэка, трапезная, студэнцкі парлаторыум[2], 6 вучэбных класаў плошчай прыблізна 24—25 кв. метраў, пакоі рэктара і прарэктара (рэктар калегіума ў гэты час Марцін Ракоўскі), бібліятэка (чытальная зала, сховішча і працоўны пакой), пакоі прафесараў[9]. Супрацьлеглы ад касцёла бок калегіума завяршаўся перпендыкулярным крылом тэатра[1]. Планіровачнае рашэнне калегіума не было кампазіцыйна закрытым. Прадугледжвалася магчымае пазнейшае далучэнне набытых пабудоў і тэрыторый[9].

Планіроўка зямельнага ўчастка езуіцкага калегіума мела функцыянальнае заніраванне і была падпарадкавана існуючай гарадской забудове[9]. Тэрыторыя калегіума была абнесена сцяной і падзелена на гаспадарчы двор (уключаў кухню, свірны, бровар, стайню і інш.), невялікі аптэчны агарод для забеспячэння фармакалагічных патрэб аптэкі і 2 сады[2]. Езуіцкі сад меў рэгулярную планіроўку з традыцыйнымі для 17—18 ст. алеямі, фантанам і альтанкамі. Кветкавую кампазіцыю саду забяспечваў спецыяльны кветкавы сад, размешчаны за апсідальнай часткай касцёла.

  1. Цяпер пляцоўка галоўнага мемарыяла крэпасці
  2. Паводле А. Квітніцкай у 1656—1713 гг.[7]
  3. Паводле Т. Габрусь гэта малаверагодна з прычыны самага разгару казацкіх войнаў, ад якіх найбольш цярпелі езуіты, яна датуе ўзвядзенне храма паміж 1665 (дата выдзялення езуітам пляца, на якім размешчана найбольш старая частка калегіума) і 1692 гадамі, калі пачалося ўзвядзенне званіцы, што далучалася да галоўнага фасада касцёла з боку рынкавай плошчы[8]
  1. а б в г д е ё ж з і к л м н о п р Каталіцкія храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін; фатограф А. Л. Дыбоўскі. — 2-е выд. — Мн.: БелЭн, 2008. — С. Касцёл Ісуса і Святога Крыжа і калегіум езуітаў. — 488 с. — ISBN 978-985-11-0395-5.
  2. а б в г д е ё ж з і к л м н о п р с т у ф х ц ч ш э ЭнцВКЛ 2005.
  3. а б в Брэсцкі езуіцкі калегіум // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 2: Беліцк — Гімн / Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1994. — 537 с. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-142-0.
  4. а б Марат Я. Н. Ватикан и католическая церковь в Белоруссии (1569—1795). Мн., 1971. С. 103.
  5. або 1650. Брэсцкі езуіцкі калегіум // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 2: Беліцк — Гімн / Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1994. — 537 с. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-142-0.
  6. а б Грыцкевіч А. Казімір Леў Сапега // Славутыя імёны Бацькаўшчыны. Мн., 2000. С. 145.
  7. Квитницкая Е. Д. Белорусские коллегиумы XVIII в. // Архитектурное наследство. 1972. № 19. С. 16.|name=tfes
  8. а б в г д е ё ж з і к Тамара Габрусь. НАША «ЕЗУІЦКАЕ» БАРОКА
  9. а б в г д е ё ж з і к л м н о п І. Б. Лаўроўская. Памяць. Брэст. т. І. Мінск. Белта. 1998
  10. Букчин С. …Народ, издревле нам родной: Рус. писатели и Белоруссия. Очерки. Мн., 1984. С. 49.