Гродзенскі абласны драматычны тэатр
Гродзенскі абласны драматычны тэатр | |
---|---|
| |
Заснаваны | 20 кастрычніка 1947 |
Будынак тэатра | |
Краіна | |
Размяшчэнне | |
Будынак | Гродна, вул. Маставая, 35 |
Дырэктар | Ігар Гедзіч |
Галоўны рэжысёр | |
Сайт | drama-grodno.by/by |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Гродзенскі абласны драматычны тэатр — прафесійны тэатр горада Гродна.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Утвораны ў верасні 1947 г. на аснове трупы Бабруйскага абласнога драматычнага тэатра, які ў той час быў пераведзены ў Гродне. Галоўным рэжысёрам стаў М. Кавязін. Адкрыўся тэатр 20 кастрычніка 1947 года спектаклем А. М. Астроўскага «Праўда добра, а шчасце лепш». У 1950—1960 гг. ставіліся п’есы вядомых у той час драматургаў Б. Рамашова, К. Сіманава, В. Сабко. Найбольш значная праца таго часу — п’еса П. Паўленка «Шчасце».
У 1960—1970 гг. аснову рэпертуару складалі пастаноўкі гісторыка-рэвалюцыйных п’ес: «Дзеля сваіх блізкіх» У. Лаўрэнцьева, «Салдаты» В. Шаўрына, «Перад вячэрай» В. Розава, «Якарная плошча» І. Штока і інш. Найбольш значнай была пастаноўка п’есы «Порт-Артур» па рамане А. Сцяпанава. У 1971 годзе быў пастаўлены спектакль «Дні Турбіных» М. Булгакава.
Росту майстэрства садзейнічаў класічны рэпертуар. Былі пастаўлены п’есы «Абрыў» па І. Ганчарову, «На дне», «Васа Жалязнова», «Дачнікі» і «Варвары» М. Горкага, «Улада цемры» Л. Талстога, «Тры сястры» А. Чэхава. Сярод замежнай драматургіі вылучаліся «Слуга двух гаспадароў» К. Гальдоні, «Антоній і Клеапатра» У. Шэкспіра.
Тэатр звяртаецца да беларускай драматургіі: «Калі заквітаюць сады» У. Палескага (1950), «Спяваюць жаваранкі» К. Крапівы (1951), «Год здзяйсненняў» П. Васілеўскага (1957), «Трыбунал» і «Таблетка пад язык» А. Макаёнка (1973), «Апошні шанец» В. Быкава (1974) і інш.
Да несумнеўных поспехаў тэатра варта аднесці «Сабакі» Л. Палешчанкавай па аповесці К. Сергіенка «Да пабачэння, яр» (прэмія Рэспубліканскага фестывалю творчай моладзі «Надзея-2001» за лепшае афармленне і прэмія імя І. Ушакова ў 2002 г. за лепшую сцэнаграфію), «Афінскія вечары» П. Гладзіліна, «Самотны захад» М. Мак-Донага. Сярод пастановак сучаснай беларускай драматургіі цікавыя спектаклі «Навука кахання» С. Кавалёва і «П’емонцкі звер» А. Курэйчыка. На фестывалі нацыянальнай драматургіі ў Бабруйску (2001) ролю Уршулі Радзівіл ў выкананні А. Гайдуліс (спектакль «Навука кахання») адзначана як лепшая жаночая роля года ў Беларусі, а С. Кавалёў і А. Жугжда як лепшыя аўтар і рэжысёр.
У рэпертуар тэатр прыйшлі такія значныя працы, як «Выкруты кахання» Лопэ дэ Вега, «Палёт над гняздом зязюлі» Д. Васэрмана, «Тарас на Парнасе» С. Кавалёва, «Раскіданае гняздо» Я. Купалы.
У 2011 годзе тэатру прысвоена званне «Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь» — за дасягненні ў галіне тэатральнага мастацтва і значны ўклад у развіццё нацыянальнай культуры.
Тэатр часта гастралюе, паказваў спектаклі ў Балгарыі, Германіі, Расіі, Польшчы.
2020
[правіць | правіць зыходнік]Пасля масавых фальсіфікацый на прэзідэнцкіх выбарах 2020 года, жорсткага разгону акцый пратэстаў, збіцця і катаванняў затрыманых пратэстоўцаў, сем дзясяткаў супрацоўнікаў тэатра, у тым ліку галоўны рэжысёр Генадзь Мушперт, падпісалі зварот да ўладаў, у якім заклікалі спыніць гвалт[1]. Раніцай 15 жніўня над будынкам тэатра быў спушчаны дзяржаўны чырвона-зялёны сцяг і ўзняты нацыянальны бела-чырвона-белы сцяг, які стаў галоўным сімвалам пратэстаў[2]. Па гэтым факце спачатку распачалі адміністрацыйную справу, якую перавялі ў крымінальную па артыкуле 370 КК РБ за здзек над дзяржаўнымі сімваламі. Акцёраў тэатра па аднаму выклікалі на допыты па справе ў Следчы камітэт[3].
20 верасня акцёры спынілі спектакль «Вельмі простую гісторыю» пасля першага акту, калі ў антракце даведаліся пра тое, што былі затрыманыя іх калегі заслужаны артыст Беларусі, рэжысёр-пастаноўшчык і акцёр Сяргей Курыленка і яго жонка Валянціна Харытонава. Пра гэта са сцэны гледачам заявіў акцёр Ігар Уланаў[3]. Дырэктар тэатра Ігар Гедзіч выклікаў да сябе акцёраў, задзейнічаных у спектаклі, прымусіўшы пісаць тлумачальную запіску, прыгразіўшы звольніць тых, хто адмовіцца. Артыстка Лізавета Мілінцэвіч адмовілася гэта зрабіць, пасля чаго была звольненая 22 верасня. Пасля з тэатра сышла мастачка-пастаноўшчыца Вольга Шчарбінская[4], звольнены акцёр Ігар Уланаў, а Васіль Мініч і Наталля Лявонава пазбаўлены прэмій і ўсіх даплат[5].
22 верасня быў адменены спектакль «Беларуская камедыя» ў сувязі з прыездам у тэатр новага старшыні Гродзенскага аблвыканкама Уладзіміра Караніка і начальніцы ўпраўлення культуры аблвыканкама Алены Клімовіч у суправаджэнні АМАПа[4]. Пасля стала вядома, што драматычны тэатр «праз эпідэмічную сітуацыю» перавялі ў рэжым рэпетыцый, адмяніўшы ўсе спектаклі[5].
27 кастрычніка па закліку Святланы Ціханоўскай да агульнанацыянальнай забастоўкі далучыліся галоўны рэжысёр тэатра Генадзь Мушперт і рэжысёр-пастаноўшчык Сяргей Курыленка. У адказ дырэктар драмтэатра Ігар Гедзіч прапанаваў ім звольніцца па ўласным жаданні, але, пасля таго як яны адмовіліся, звольніў іх па артыкуле за «невыкананне працоўных абавязкаў»[6].
28 кастрычніка 11 артыстаў тэатра ў знак салідарнасці са зволенымі рэжысёрамі запісалі відэазварот і далучыліся да бестэрміновай забастоўкі[7]. 29 кастрычніка стала вядома пра звальненне акцёраў Валянціны Харытонавай і Наталлі Лявонавай. 30 кастрычніка звольнілі яшчэ 6 акцёраў: Анастасію Мучко, Аляксандра Дзям’янава, Натэлу Бялугіну, Марыю Мялешка, Марыю Бутрымовіч і Васіля Мініча. Да страйку далучыліся акцёр Аляксей Станога і артыстка аркестра Паліна Левіна[8], якія праз некалькі дзён былі звольнены. Агульным чынам было звольнена 14 чалавек. Сцэна тэатра засталася пустой, з афішы зніклі ўласныя спектаклі дарослага рэпертуара[9].
Будынак тэатра
[правіць | правіць зыходнік]Спачатку спектаклі праходзілі ў будынку тэатра гродзенскага старасты А. Тызенгаўза, пабудаваным у 1780-я гг. У 1859 годзе ён быў павялічаны за кошт прыбудоў, у 1940 годзе надбудаваны 3-ці паверх, у 1975 годзе праведзена рэканструкцыя, павялічана сцэна.
У 1984 гозе для тэатра пабудаваны новы будынак (арх. Г. Мачульскі) з цэглы і зборнага жалезабетону: глядзельная зала з амфітэатрам і балконам на 700 месцаў, вестыбюлем і фае і адміністрацыйны корпус з малой глядзельнай залай на 216 месцаў на першым паверсе. У цокальным паверсе рэпетыцыйная зала, акцёрскія пакоі, апаратная, склад дэкарацый. Ля ўваходу ў тэатр — трохфігурная скульптурная кампазіцыя скульптара Л. Зільбера.
Кіраўніцтва
[правіць | правіць зыходнік]Мастацкія кіраўнікі і галоўныя рэжысёры
[правіць | правіць зыходнік]- Мікалай Кавязін (1947—1950),
- Юрый Юроўскі (1950),
- Сяргей Рахманаў (1950—1951),
- І. Парамонаў (1951—1952),
- Ігар Папоў (1952—1953)
- Аляксандр Міронскі (1953—1955),
- Ігар Папоў (1955—1963),
- Аляксандр Струнін (1963—1975),
- Уладзімір Аляксандравіч Караткевіч (1975—1981),
- Аляксандр Шалыгін (1982—1984),
- Ігар Пятроўскі (1985—1990),
- Міхаіл Разцоў (1991—1994),
- Генадзь Мушперт (1994—1998),
- Сяргей Палешчанкоў (2000 па 2001).
- Алег Жугжда (2001—2003),
- Валянцін Мацулевіч (2008—2009),
- Генадзь Мушперт (2009—2011)
- Андрэй Гузій (2012—2013)
- Генадзь Мушперт (2013—2020).
Галоўныя мастакі
[правіць | правіць зыходнік]- Аскар Марыкс (1953),
- Барыс Малкін (1955—1956),
- Аскар Марыкс (1957),
- Міхаіл Гафт (1959—1965),
- Мікалай Якунін (1966—1984),
- Кірыл Чамякоў (1985—1988),
- Фелікс Розаў (1991—2000),
- Таццяна Сакалоўская (2000—2011),
- Аляксандр Суроў (з 2011)
- Таццяна Сакалоўская
Акцёры
[правіць | правіць зыходнік]- Віктар Андрэевіч Смачнеў — акцёр тэатра ў 1967—1996 гадах.
- Тамара Шашкіна — актрыса тэатра ў 1959—1964 гадах.
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ «Ваяваць з уласным народам — шлях у нікуды». Горадзенскі драмтэатар выступіў з адкрытым зваротам да ўладаў. 13 жнівень 2020
- ↑ Бел-чырвона-белы сцяг з’явіўся над будынкам драмтэатра ў Гродне ФОТА. 15.08.2020
- ↑ а б «Сустракалі нас як герояў — плакалі ўсе». У Гродне акцёры тэатра спынілі спектакль, калі даведаліся, што іх калег затрымаў АМАП. 21.09.2020
- ↑ а б У гродзенскім драмтэатры пасля звальнення актрысы адмянілі спектакль. Да тэатру прыехаў Каранік і АМАП. 22.09.2020
- ↑ а б У драмтэатры ў Гродне адмянілі ўсе спектаклі. 25.09.2020
- ↑ Двух рэжысёраў гродзенскага драмтэатра звольнілі па артыкуле. Раней яны абвясцілі страйк // nashaniva.by 27 кастрычніка 2020
- ↑ Артисты драмтеатра записали видеообращение и присоединились к забастовке
- ↑ З Гродзенскага драмтэатра звольнілі яшчэ шэсць акцёраў. Два супрацоўнікі далучыліся да страйку // nashaniva.by 30кастрычніка 2020
- ↑ У Гродзенскім драмтэатры звольнілі яшчэ двух супрацоўнікаў пасля далучэння да страйку // nashaniva.by 4 лістапада 2020
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Няфед У. І. Гісторыя беларускага тэатра. ― Мн., 1982;
- Чарнатоў В. М. Архітэктура тэатраў // Помнкі гісторыі і культуры Беларусі, 1973, № 1.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Гродзенскі абласны драматычны тэатр Архівавана 25 жніўня 2011.
- Тэатр — гэта свята душы
- Славутасці Гродна: Гродзенскі тэатр
- Гродзенскі тэатр Архівавана 4 лістапада 2018.