Жэўжык (персанаж)
Жэўжык[1] — адзін з персанажаў беларускай міфалогіі. Добры заступнік рэк і азёр або вадзяное боства.
Апісанне
[правіць | правіць зыходнік]Жэўжыка ўяўлялі як худога дзядка невялікага росту, з доўгай чырвонай барадой, доўгай шыяй, маленькай галавой, з доўгімі, але маленькімі рукамі, доўгімі пальцамі і тонкімі нагамі. Пры гэтым, Жэўжык неверагодна моцны і спрытны[2].
Лад жыцця
[правіць | правіць зыходнік]Жэўжык жыве на дне самага глыбокага возера. Днём ён плавае пад вадой, а ноччу няспешна аб’язджае свае ўладанні на лодцы, разганяючы пікай хвалі. Паводле падання беларускага фальклору, Жэўжык можа адной рукой выцягнуць лодку з вады і выратаваць людзей, якія апынуліся ў небяспецы на вадзе. Для людзей Жэўжык застаецца нябачным, бо плавае па роўнядзі рэк і азёр на нябачным чаўне.
Жэўжык можа не толькі выратаваць чалавека з вады, ён у сілах утаймаваць вецер і нават буру. Жэўжыку падпарадкоўваюцца ўсе вадзяныя духі, у тым ліку Вадавік і Лазавік.
У Беларусі ёсць вядомыя прымаўкі, звязаныя з вобразам Жэўжыка:
- «Які Жэўжык» — які спрытны!
- «Бы Жэўжык нырае» — нібы Жэўжык плавае;
- «Жэўжык — ты — Рудая Барада …» — ах, Жэўжык — рыжая барада…
- Жэўжык — часам значыць карлік ці нават проста — хлапчук.[3]
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Чароўны свет. З беларускіх міфаў, паданняў і казак. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2008.
- ↑ Древлянский П. «Белорусские народные предания» // Рукописи, которых не было. Подделки в области славянского фольклора. — М.: Ладомир, 2002
- ↑ Зямная дарога ў вырай: Беларускія народныя прыкметы і павер’і / Укладанне, прадмова, пераклад і паказальнік У.Васілевіча. — Мінск: Беларусь, 2010