Краёўцы

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Краёвасць)

Краё́ўцы (польск.: Krajowcy, руск.: Краёвцы) — палітычная плынь першага дваццацігоддзя XX ст. у Беларусі і Літве, дзеячы якой (галоўным чынам, карэннае каталіцкае і польскамоўнае сярэднезаможнае і заможнае дваранства шасці губерняў Паўночна-Заходняга края Расійскай імперыі) сумяшчалі ў сваёй праграме аўтанамісцкія («краёвыя»), ліберальныя і інтэрнацыянальныя лозунгі[1]. Цэнтральнай ідэяй «краёўцаў» было ўвядзенне ў Расійскай імперыі адміністрацыйна-тэрытарыяльнай аўтаноміі кіравання сваім «Краем» (з мясцовым парламентам у Вільні)[2], што, на думку «краёўцаў», было патрэбна для лепшага развіцця «края», а пазней (у сувязі з ваенна-палітычным крызісам у Расійскай імперыі ў час Першай сусветнай вайны) трансфармавалася ў ідэю дзяржаўнай самастойнасці зямель былога Вялікага Княства Літоўскага[3]. Ідэалогія «краёўцаў» атрымала назву «краёвасць» (альбо «краёвая канцэпцыя», «краёвая ідэя») і грунтавалася на ідэі грамадзянскай нацыі, паводле якой усе карэнныя жыхары літоўска-беларускага краю (зямель былога Вялікага Княства Літоўскага), незалежна ад іх этнічна-культурнай прыналежнасці, з'яўляюцца «грамадзянамі краю» і павінны супольна працаваць на яго развіццё, росквіт і палітычную суб'ектнасць. Пашырэнню руху «краёўцаў» спрыяла далучэнне да яго — лідараў розных этнакультурных і этнапалітычных рухаў літоўска-беларускіх губерняў (як правіла — інтэлігенцыі), якія сфармавалі ліберальна-дэмакратычную плынь руху (побач з першапачатковай ліберальна-кансерватыўнай плынню, прадстаўленай сярэднезаможным і заможным дваранствам). Рух краёўцаў у міжваенны перыяд (1918—1939) трансфармаваўся і ў новым выглядзе меў сваіх пераемнікаў у Другой Рэчы Паспалітай (Польшчы).

Этымалогія тэрміна[правіць | правіць зыходнік]

На думку польскага гісторыка Зыгмунта Юндзіла і беларускага гісторыка Аляксандра Смалянчука этымалогія тэрміна «краёўцы» і «краёвасць» зыходзіць ад тэрміна «край», якім карэннае польскамоўнае і каталіцкае дваранства азначала землі былога Вялікага Княства Літоўскага (у межах па стану на 1771 г. — да першага падзелу Рэчы Паспалітай), якое сваімі знешнімі межамі амаль супадала са знешнімі межамі ўсіх шасці літоўска-беларускіх губерняў («Паўночна-Заходняга края») Расійскай імперыі[4]. На думку польскага гісторыка Юліюша Бардаха тэрмін «край» паходзіць ад тэрміна «Паўночна-Заходні край», які карэнным дваранствам менаваўся проста як «край» і поўнасцю асацыяваўся з землямі былога Вялікага Княства Літоўскага (ВКЛ)[5]. Аляксандр Смалянчук адзначае, што тэрмін «краёвец» у творах краёўцаў ужываецца як сінонім слова «аўтахтон», «мясцовы жыхар», што было характэрна і для мемуараў мясцовых дваран першай паловы XIX ст.[6]

Выспяванне і ўзнікненне[правіць | правіць зыходнік]

Шэсць губерняў Паўночна-Заходняга края Расійскай імперыі — карта, надрукаваная ў выдавецтве газеты «краёўцаў» «Kurjer Litewski» і названая «Карта шасці губерняў Літвы і Беларусі», паміж 1905—1910 гг.

Паводле польскага гісторыка Дарыуша Шпопера, крыніцы «краёвай канцэпцыі» на землях, якія ўваходзілі калісьці ў склад ВКЛ, знаходзяцца глыбей, чым пералом XIX—XX стст. Краёвасць выцякала з памяці карэнных дваран і інтэлігенцыі аб былым адзінстве гэтай тэрыторыі (шасці паўночна-заходніх губерняў) у часы ВКЛ і імкнення захаваць і ўмацаваць тое адзінства і далей[7]. З гэтым цалкам згодны беларускі гісторык Алесь Смалянчук, які ўказвае, што падмуркам «краёвай ідэалогіі» была гістарычная свядомасць каталіцкіх дваран літоўска-беларускіх губерняў Расійскай імперыі, якая трымалася не на культурнай і моўнай ідэнтыфікацыі, а на ўсведамленні свайго паходжання і сваёй сувязі з мінуўшчынай і сучаснасцю «гістарычнай Літвы» (г.зн. зямель былога ВКЛ)[8]. Алесь Смалянчук, услед за Юліюшам Бардахам, сцвярджае, што гістарычная памяць і звязаныя з ёй пэўныя псіхалагічныя ўстаноўкі былі часткай унікальнага феномену падвоенай свядомасці многіх літоўскіх і беларускіх дваран тыпу «літоўскага роду, польскай нацыі» ці «рускага роду, польскай нацыі» і прыводзілі да захавання пачуцця ўласнай адметнасці[9].

На думку беларускага гісторыка Сяргея Марозава, вытокі «краёвай ідэі» яе прыхільнікі выводзілі з часоў вялікага князя літоўскага Вітаўта, які стварыў паміж Кракавам і Масквой асобны дзяржаўны арганізм з Літвы і Беларусі (Вялікае Княства Літоўскае). Таму ідэю стварэння, абароны, а потым — і аднаўлення «самастойнай дзяржаўнасці пад знакам Пагоні» называюць «Вітаўтавай ідэяй», якая адрозніваецца ад «Ягелонскай ідэі» акцэнтам на суверэнітэт ВКЛ[10].

Беларускі гісторык Андрэй Раюк дапоўніў, што «дзейнасць і сетка кантактаў Урбана Крупскага сведчаць не проста аб “эстафетнай” пераемнасці, а непасрэдным уплыве многіх ідэй «гоманаўцаў» (у першую чаргу, аб асобнасці і самабытнасці беларускага народа, палітычнай суб’ектнасці Беларусі ў форме аўтаноміі ў складзе Расіі, абуджэнні беларускай самасвядомасці і прагрэсіўнага развіцця грамадства) на погляды ліберальна-кансерватыўнага каталіцкага маянтковага дваранства Беларусі (галоўным чынам, членаў Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі), якія распрацавалі кансерватыўны варыянт “краёвай канцэпцыі” ў пачатку ХХ ст. і не саромеліся адкрыта называць сябе беларусамі»[11]. У канцы XIX — пачатку XX ст. большая частка беларускіх каталіцкіх дваран-кансерватараў супрацьстаялі ператварэнню сваёй зямлі ў звычайную ўскраіну Польшчы ці Расіі і ўспрымалі Беларусь як паўнавартасны суб’ект, які павінен набыць як мага больш высокі фармальны статус і які часам выводзіўся імі на першы план у палітычных праектах, калі, напрыклад, 11 (24) студзеня 1906 г. у праекце стварэння «Краёвай партыі Беларусі і Літвы» лідары Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі паставілі «Беларусь» на першым месцы ў назве палітычнага праекта, а «Літву» — на другім[12][13]. На думку Андрэя Раюка, беларускі дваранскі кансерватызм у тыя часы існаваў у рамках руху «краёўцаў»-кансерватараў і дамінаваў у ім[14].

Аднак несумненна каталізатарам публічнага з'яўлення «краёвасці» сталі наспяванне і пачатак рэвалюцыі 1905—1907 гадоў, якая ўсталявала ў Расійскай імперыі дзяржаўным ладам канстытуцыйную манархію (шляхам стварэння заканадаўчай Дзяржаўнай Думы і змянення функцый Дзяржаўнага Савета), а ў прыватнасці такая падзея як выданне Маніфеста 17 кастрычніка 1905 года аб перабудове дзяржаўнага ладу Расійскай імперыі[7]. Менавіта Маніфест, які надаваў жыхарам імперыі шмат грамадзянскіх свабод (недатыкальнасць асобы, свабоду сумлення, слова, сходаў, стварэння арганізацый, права голасу і г.д.) і ўводзіў у імперыі новы дзяржаўны інстытут — парламент (Дзяржаўную Думу Расійскай імперыі), дазволіў самай палітычна актыўнай праслойцы мясцовага сярэднезаможнага і заможнага дваранства Паўночна-Заходняга края афіцыйна аформіць праз дыскусію ў друку сваю ідэалогію («краёвасць»), што дагэтуль выпрацоўвалася і прысутнічала толькі ў прыватнай палеміцы, і праз парламенцкія інстытуты дабівацца ўвядзення ў Расійскай імперыі аўтаноміі кіравання землямі былога Вялікага Княства Літоўскага[7]. «Краёвая канцэпцыя» вырасла з імкнення адміністрацыйна-тэрытарыяльнага аб'яднання ў рамках шасці літоўска-беларускіх губерняў (Паўночна-Заходняга краю) разнароднага этнічна і канфесійна, але ўзаемазвязанага тэрытарыяльна, культурна і гістарычна насельніцтва зямель былога Вялікага Княства Літоўскага (ВКЛ)[15].

Рэжым выключных законаў у Паўночна-Заходнім краі (галоўным чынам, абмежавальнага і дыскрымінацыйнага характару да «асоб польскага паходжання»), уведзены расійскай уладай, асабліва цяжкі пасля падаўлення паўстання 1863—1864 гадоў, стрымліваў эканамічнае развіццё літоўска-беларускіх зямель[16]. «Краёвая ідэя» была патрыятычным памкненнем значнай часткі мясцовых дваран і інтэлігенцыі супрацьстаяць ператварэнню сваёй зямлі ў звычайную акраіну Расіі ці Польшчы, стала спробай зламання правінцыялізацыі ў Расійскай імперыі літоўска-беларускіх губерняў (былых зямель ВКЛ) — спробай ператварэння іх у самастойны палітычны і культурны суб'ект, спробай супрацьстаяння русіфікацыі[7].

«Краёўцы» таксама падвяргалі пастаяннай крытыцы ідэі Польскай нацыянальна-дэмакратычнай партыі (г.зв. «эндэкаў», «эндэцыі»), бо бачылі ў нацыяналістычнай праграме і дзейнасці гэтай партыі ў літоўска-беларускіх губернях захады выключна ў інтарэсах «Кангрэсоўкі» (г.зн. польскіх губерняў Расійскай імперыі) і палякаў. «Эндэкі» прапагандавалі ідэі адмовы ад адраджэння шматэтнічнай Рэчы Паспалітай у межах да яе першага падзела (1772), а таксама ідэю адмовы шматвекавой уніі Польскага каралеўства і Вялікага Княства Літоўскага; выступалі за фармаванне гамагеннай па мове, рэлігіі і культуры польскай дзяржавы — выключна з этнічна польскіх зямель (з тых, дзе дамінавала польская мова сярод сельскага насельніцтва), і за ўтрыманне толькі тых невялікіх па абшару іншаэтнічных тэрыторый (частак Віленскай, Гродзенскай і Валынскай губерняў), насельніцтва якіх можна хутка апалячыць. «Эндэкі» не бачылі патрэбы шукання саюзнікаў сярод літоўцаў, беларусаў, украінцаў і яўрэяў; адхілялі маранні «краёўцаў» аб рэстытуцыі ВКЛ як супярэчных польскім інтарэсам, бо лічылі, што ў аўтаномнай «Літве» палякі застануцца нацыянальнай меншасцю і гэта пагоршыць іх статус; выступалі за асіміляцыю няпольскага насельніцтва і ўмацаванне польскай нацыянальнай свядомасці праз насаджэнне польскай мовы ў сферы адукацыі і культуры[17].

Раман Скірмунт (1868—1939)

Чэслаў Янкоўскі выказаў сваё меркаванне проста: «Даўняя краёвая ідэя была даўняй антытэзай усяпольскасці»[18]. Гэтым ён хацеў сказаць, што «краёвая ідэя» была ў многім і працягам т.зв. «літоўскага сепаратызма» у Рэчы Паспалітай, калі шляхта ВКЛ супраціўлялася ўсялякім захадам скасаваць унію ВКЛ і Польскага каралеўства і ператварыць Рэч Паспалітую з польска-літоўскай федэрацыі ва ўнітарную і польскую дзяржаву[19]. Адным з важных фактараў узнікнення руху «краёўцаў» была рэакцыя на «мураўёшчыну»[20] — палітыку расійскіх улад пасля паўстання 1863—1864 гадоў убіць клін паміж каталіцкімі дваранамі і праваслаўнымі сялянамі праз прапаганду таго, што ў «Паўночна-Заходнім краі» («Паўночна-Заходняй Расіі», «адвечна рускім краі») каталікі (галоўным чынам, мясцовыя дваране) з'яўляюцца «палякамі», а мясцовае праваслаўнае насельніцтва (галоўным чынам, сяляне) з'яўляюцца «беларусамі» і складовай часткай «адзінага рускага народа»[21]. Раман Скірмунт (1868—1939), адзін з лідараў «краёвасці», у сваёй кнізе «Голас мінуўшчыны і патрэба моманту. Становішча шляхты на Літве і Русі» (1905) адзначаў, у адказ на якія прапольскія заклікі і меркаванні, што пачалі распаўсюджвацца ў пачатку XX ст. сярод мясцовага дваранства, узнікла краёвая канцэпцыя, і асуджаў адмову ад працы на карысць «Літвы і Русі»: «Па выдуманай прычыне мы пачалі прамаўляць, што жывем у гэтым краі сярод чужых[22], што мы ёсць толькі пярэдняя варта, залога Кароны, <…> што матка наша там — над Віслай, адкуль кіруюць нашым палітычным жыццём, адкуль нам прысылаюць лозунгі на запатрабаванне і без запатрабавання; [што] замацаваліся на гэтых пляцоўках і павінны далей трываць на іх, працаваць на вялікую славу Кароны[23]»[24]. Раман Скірмунт жа быў прыхільнікам «ягелонскай ідэі» (г.зн. адраджэння шматэтнічнай федэрацыйнай Рэчы Паспалітай), а адносіны былога Вялікага Княства Літоўскага з Польшчай апісваў у сваёй кнізе так: «Калі стваралі разам з Каронай адну вялікую дзяржаву, тая любоў да больш вузкай айчыны[25] знешне выглядала, верагодна, як правінцыйны патрыятызм. Па сутнасці ж было гэта прывязаннем да сваёй айчыны прыроднай. Рэч Паспалітая — гэта айчына культурная і палітычная, трыадзіны саюз, які не гасіў індывідуальнасцей народаў»[26].

Служыць духоўнай апорай павіна было ўспамінанне прошлага зямель былога ВКЛ і патрэба пашукання там сваіх не толькі генеалагічных, але і культурных каранёў[15]. Краёвая ідэя таксама прадстаўляла ў пачатку XX ст. на літоўска-беларускіх землях своеасаблівы культурны феномен, сфармаваны на аснове сентымента да гістарычнай традыцыі ВКЛ. Самі ідэолагі краёвасці казалі, што духоўныя крыніцы іх ідэй трэба шукаць у супольным мінулым народаў шасці губерняў Паўночна-Заходняга края ў часы ВКЛ і Расійскай імперыі і ў творчасці літаратараў Адама Міцкевіча, Уладзіслава Сыракомлі і Элізы Ажэшкі[7].

Карэннае (галоўным чынам, польскамоўнае і каталіцкае) дваранства Паўночна-Заходняга лічыла сябе спадкаемцам гісторыі і традыцый ВКЛ; усведамляла, што яно з'яўляецца самай заможнай, культурнай і адукаванай часткай грамадства «края», і заяўляла, што менавіта яму належыць і надалей захоўваць сацыяльныя і палітычныя пазіцыі ў краі, клапоцячыся аб росквіце ўсіх іншых; шукала сабе новую ролю, жадаючы самастойна іграць на арэне тагачасных падзей[7].

Пачатку вялікай дыскусіі адносна праблем і супольнай будучыні паўночна-заходніх губерняў, а таксама ўзаемаадносін мясцовых народаў спрыяла фармаванне побач з ліберальна-кансерватыўным ліберальна-дэмакратычнага кірунку «краёвасці», што стала прычынай атрымання «краёвай канцэпцый» новых граняў і яе шырокага распаўсюджання ў грамадскай палеміцы Паўночна-Заходняга края[27].

Сутнасць ідэй[правіць | правіць зыходнік]

Краёвая канцэпцыя не мела адзінага канкрэтнага аўтара, а нарадзілася ў выніку дыскусіі самых актыўных прадстаўнікоў карэннага дваранства і інтэлігенцыі, хоць і не мела ў сабе нічога штучнага[28].

Цэнтральнай ідэяй «краёўцаў» было ўвядзенне ў Расійскай імперыі адміністрацыйна-тэрытарыяльнай аўтаноміі кіравання сваім «Краем» (з мясцовым парламентам у Вільні), што, на іх думку, было патрэбна для лепшага развіцця «края»[29]. Ва ўмовах абвастрэння ў шасці паўночна-заходніх губернях (асабліва ў Віленскай) канфліктаў на этнапалітычнай і моўнай глебе «краёўцы», жадаючы вырашыць праблему, аб'яўлялі талерантнасць і роўнасць усіх моў, культур і веравызнанняў края, заклікалі не звяртаць увагі на этнічныя адрозненні. Баляслаў Ялавецкі і Міхал Ромер сцвярджалі, што этнасы ў краі даўно перамяшаліся на працягу стагоддзяў і выпрацавалі «адзіныя звычаі і адзіную нацыянальную этыку», хоць іх тэзіс не атрымаў распаўсюджання[30].

Адсюль сутнасць ідэалогіі «краёвасці» заключалася ў тым, што ўсе, хто адчувае сябе «грамадзянамі Края», належаць да адзінай супольнасці незалежна ад этнічнага паходжання, канфесійнай прыналежнасці і ўжыванай мовы (польскай, літоўскай, беларускай, рускай ці ідыш). Патрыятызм і любоў да свайго края лічыліся ідэолагамі краёвасці (Баляславам Ялавецкім, Міхалам Ромерам, Марыянам Здзяхоўскім, Раманам Скірмунтам, Канстанцыяй Скірмунт, Чэславам Янкоўскім, Эдвардам Вайніловічам, Людвікам Абрамовічам і інш.) вызначальнымі рысамі прыналежнасці да адной «краёвай» супольнасці, усе «грамадзяне» якой павінны былі працаваць на карысць «Края»[31].

Невыпадкова, што ідэалогія «краёвасці» прапагандавалася прадстаўнікамі мясцовага каталіцкага дваранства, якое расійскія ўлады лічылі за «палякаў» і якое часцей за ўсё карысталася польскай мовай і не адмовілася яшчэ поўнасцю ад самавызначэння «літовец» (ці па-польску «літвін») і «Літва». Пад «краем» ідэолагі разумелі шэсць губерняў Паўночна-Заходняга края, знешнія межы якога амаль супадалі са знешнімі межамі ВКЛ да першага падзела Рэчы Паспалітай у 1772 г., а мясцовае (каталіцкае і польскамоўнае) дваранства было прамым пераемнікам шляхецкай эліты ВКЛ, якая адрознівала сябе ад палякаў («караняжаў») Польскага каралеўства. Падспудна «краёўцы» хацелі, каб іх «край» называўся «Літвой», а яго супольнасць «літоўцамі» (ці па-польску «літвінамі»), але не заўсёды аб'яўлялі гэта, бо слова «літовец» (ці па-польску «літвін») у навуковай літаратуры і прэсе ўсё болей адносілася да балтамоўнага насельніцтва Ковенскай губерні і часткі Віленскай[32]. Акрамя таго, ідэалогія «краёвасці» была адказам на праграму дзеячам літоўскага (балтамоўнага) руху з іх ідэяй увядзення ў Расійскай імперыі аўтаноміі зямель балтамоўнай Літвы «з прылеглымі тэрыторыямі», якая была зацверджана імі на Вялікім віленскім сойме ў 1905 г.[33]. Таму ідэолагі і выкарыстоўвалі эўфемізмы «край», «краёвасць» і «краёвы» альбо новаўтвораны тэрмін «літоўскія палякі»[34][35].

Жаданне аўтаноміі кіравання свайго «края» зыходзіла ад немажлівасці ў той час дабіцца карэннаму дваранству, якое праз усё XIX ст. перадавала ад пакалення да пакалення і пранесла ідэю адраджэння былой федэратыўнай польска-літоўскай Рэчы Паспалітай, большага — поўнай незалежнасці зямель былога ВКЛ ад расійскага панавання і уніі з Польшчай. Рэдка ў якіх публіцыстаў краёвасці назіралася жаданне не мець сувязі з Польшчай (Канстанцыя Скірмунт і інш.). Пасля задушэння паўстання 1863—1864 гадоў і ўвядзення абмежавальных законаў супраць «дваран польскага паходжання» у Паўночна-Заходнім краі ідэі адраджэння дзяржаўнасці пераходзілі ў катэгорыю мар. Нашчадкі разгромленых паўстанцаў 1863—1864 гг., калі ішла гаворка пра поўную дзяржаўную незалежнасць беларуска-літоўскага «Края» ад Расійскай Імперыі, разумелі, што ў пачатку ХХ ст. аўтаномія свайго «Края» ў складзе Расійскай імперыі — гэта максімум, чаго можна патрабаваць ад расійскага імператара[36]. З другога боку, патрабаванні аўтаноміі кіравання неслі за сабой разуменне, што ў гэтым выпадку ў адміністрацыі края будуць дамінаваць як раз уплывовыя асобы мясцовага паходжання — прадстаўнікі карэннага (каталіцкага і польскамоўнага) сярэднезаможнага і заможнага дваранства.

Прыкметна, што свая ідэалогія «краёвасці» у пачатку XX ст. не ўзнікла сярод палякаў, якія жылі ў трох украінскіх губернях Расійскай імперыі (Кіеўскай, Падольскай і ВалынскайПаўднёва-Заходнім краі), тэрыторыя якіх да 1772 г. уваходзіла ў склад Польскага каралеўства.

Плыні краёвасці[правіць | правіць зыходнік]

Сярод краёўцаў вылучылася два кірункі (ліберальна-кансерватыўны і ліберальна-дэмакратычны), але краёвая канцэпцыя была супольнай ідэяй як для кансерватыўнай, так і дэмакратычнай плыні краёўцаў. Розніца паміж кансерватыўным і дэмакратычным кірункамі была не ў канечнай мэце (росквіт свайго края, раўнапраўе народаў, грамадская талерантнасць і супрацоўніцтва), а ў мадэлі пераўтварэнняў на выклікі паўсталых для края праблем і ў метадах дасягнення гэтай мэты[37][38]. Наяўнасць дзвюх плынь тлумачылася тым, што карэнныя каталіцкія дваране літоўска-беларускіх губерняў у канцы XIX ст. падзяляліся на дзве асноўныя праслойкі — землеўласнікі і гарадская інтэлігенцыя (адвакаты, чыноўнікі, лекары, настаўнікі, навукоўцы, інжынеры, будаўнікі, камерсанты і г.д.). Рознасць у эканамічных інтарэсах перакрывалася тым, што мясцовыя землеўласнікі і інтэлігенцыя лічылі адзін аднаго за блізкіх: гарадская інтэлігенцыя альбо паходзіла са збяднелых дваран-землеўласнікаў, альбо была звязана сямейнымі і асабістымі (таварыскімі) адносінамі з землеўласнікамі[39]. Сярод землеўласнікаў пераважаў кансерватызм, а інтэлігенцыя трымалася прагрэсіўных (дэмакратычных) поглядаў.

Пераважалі прадстаўнікі кансерватыўнага кірунку (Эдвард Вайніловіч, граф Іпаліт Корвін-Мілеўскі, біскуп Эдвард Роп, Раман Скірмунт, Канстанцыя Скірмунт, Чэслаў Янкоўскі, Марыян Здзяхоўскі, Урбан Крупскі, Тадэвуш Дамбоўскі, Павел Коньча, Вітальд Жукоўскі, Уладзіслаў Жукоўскі і інш.). Краёўцы-кансерватары патрабавалі ў расійскай улады для свайго краю аўтаномнага палітычнага і юрыдычнага статусу на аснове лаялізму да расійскай манархіі і легальных сродкаў палітычнай барацьбы, адмаўляючы нават думку аб якім-небудзь узброеным супраціўленні і выхаду з-пад улады імперыі. Краёўцы-кансерватары лічылі, што «палякі» у краі прадстаўлены выключна мясцовымі аўтахтоннымі дваранамі-маянткоўцамі, моцна звязанымі з інтарэсамі края і сялянства, пад якім разумеліся «літоўцы» і «беларусы»[37]. Па сутнасці, тэрмін «палякі» быў для іх палітонімам (звязваўся з ідэяй адраджэння «Польшчы» — былой федэрацыйнай Рэчы Паспалітай), бо ўсе яны выступалі за адасобленасць свайго «края» («Літвы», г.зн. зямель былога Вялікага Княства Літоўскага) ад карэнных польскіх губерняў. Большасць прыхільнікаў гэтай плыні была прадстаўлена карэнным маёнткавым сярэднезаможным і заможным дваранствам края, якія былі згрупаваны ў губернскія аграрныя таварыствы (Мінскае таварыства сельскай гаспадаркі, Віленскае таварыства сельскай гаспадаркі, Ковенскае таварыства сельскай гаспадаркі, Віцебскае таварыства сельскай гаспадаркі, Магілёўскае таварыства сельскай гаспадаркі і Гродзенскае таварыства сельскай гаспадаркі). Самым актыўным у выпрацоўцы кансерватыўнага кірунку краёвасці было дваранства Мінскага таварыства, другім па актыўнасці — Віленскага[40][41]. Натуральна, што ў вырашэнні аграрнага пытання ў Паўночна-Заходнім краі і імперыі яны выступалі за захаванне за маянткоўцамі іх зямель і надзялення сялян зямлёй з дзяржаўнага фонду. З краёўцаў-кансерватараў складаліся аб'яднанні дэпутатаў ад Паўночна-Заходняга края ў I—IV Дзяржаўных Думах і ў Дзяржаўным Савеце Расійскай імперыі.

Краёўцы-дэмакраты (Міхал Ромер, браты Людвік Абрамовіч і Вітальд Абрамовіч, Баляслаў Ялавецкі, Тадэвуш Урублеўскі, Аляксандр Лядніцкі, Браніслаў Крыжаноўскі, Тадэвуш Дамбоўскі[42], Аляксандр Заштаўт, Ян Пілсудскі[43], Зыгмунт Нагродскі, Ян Клёт, Эдвард Сакалоўскі, Рагінскі і інш.) аб'яўлялі аб сваім глыбокім супраціўленні ўсялякім праявам згодніцтва і лаяльнасці да расійскіх улад па пытанні аўтаноміі края, выступалі за адчужэнне зямлі маянткоўцаў на карысць сялян. Менавіта частка краёўцаў-дэмакратаў (на чале з Людвікам Абрамовічам, Тадэвушам Дамбоўскім і інш.) адмаўляла дагмат аб тоеснасці «польскасці» у літоўска-беларускім краі з дваранамі-землеўласнікамі, сцвярджаючы пра наяўнасць тут этнічна польскай інтэлігенцыі і сялянства і пра неабходнасць годных умоў для яе культурнага і эканамічнага развіцця[44]. Першапачаткова прызналі ідэі «краёвасці» і далучыліся да краёўцаў-дэмакратаў дзеячы беларускага нацыянальна-дэмакратычнага руху (Іван Луцкевіч, Антон Луцкевіч, Вацлаў Іваноўскі і Аляксандр Уласаў), а толькі пасля — літоўскага (балтамоўнага) і яўрэйскага рухаў. Дзеячы беларускага ж нацыянальна-дэмакратычнага руху больш за іншых захоўвалі прыхільнасць да «краёвасці». «Краёвая» ідэя ў 19121915 гг. стала складовай часткай ідэалогіі беларускага нацыянальна-дэмакратычнага руху[45].

Асноўныя публікацыі ідэолагаў «краёвасці»[правіць | правіць зыходнік]

  • Раман Скірмунт «Nowe hasła w sprawie odrodzenia narodowości litewskiej», Львоў, 1904 г. («Новыя лозунгі ў справе адраджэння літоўскага народа»)
  • Раман Скірмунт «Głos przeszłosci i potrzeba chwili. Stanowisko szlachty na Litwie i Rusi», Львоў, 1905 г. («Голас мінуўшчыны і патрэба моманту. Становішча шляхты на Літве і Русі»)
  • Баляслаў Ялавецкі «Litwa i jej potrzeby. Narodowy katechizm Litwy», Вільня, 1905 г. («Літва і яе патрэбы. Нацыянальны катэхізіс Літвы»)
  • Баляслаў Ялавецкі «Do zacnych współziemian moich z Litwy i Rusi», Вільня, 1906 г. («Да слаўных суайчыннікаў маіх з Літвы і Русі»)
  • Канстанцыя Скірмунт «O prawdę i zgodę z powodu Głosu litwinów do magnatów, obywateli i szlachty na Litwie i odpowiedzi młodego szlachcica litewskiego», Львоў, выд. 2-е, 1906 г. («Аб праўдзе і згодзе з поваду Голаса літоўцаў да магнатаў, землеўладальнікі і шляхта на Літве і адказы маладога літоўскага шляхціца»)
  • Канстанцыя Скірмунт «Nasza "tutejszość"» Архівавана 4 сакавіка 2016. // Kurier Litewski. №214, 1906 г. («Наша "тутэйшасць"»)
  • Канстанцыя Скірмунт «Spaczenie idei krajowej i pojęcia stronnictwa krajowego» // Kurier Litewski. №99, 1912 г. («Скажэнне краёвай ідэі і паняцця краёвай партыі»)
  • Эдвард Вайніловіч «Koło Polskie» // Kurjer Litewski. №80, 1906. («Польскае кола»)
  • Міхал Ромер «Stosunki etnograficzno-kulturalne na Litwie», Кракаў, 1906 г. («Стасункі этнаграфічна-культурныя ў Літве»)
  • Міхал Ромер «Litwa. Studium odrodzenia narodu litewskiego», Львоў, 1908 г. («Літва. Даследаванне адраджэння літоўскага народа»)
  • Міхал Ромер «Demokracja i rozwój narodowościowy» // Przegląd Wileński. №18, 1912 г. («Дэмакратыя і нацыянальнае развіццё»)
  • Міхал Ромер «Pozycja obywatela» // Kurier Krajowy. №72, 1913 г. («Пазіцыя грамадзяніна»)
  • Людвік Абрамовіч «Stanowisko krajowe i ideja narodowa» // Przegląd Wileński. №13-14, 1913 г. («Краёвая пазіцыя і нацыянальная ідэя»)
  • Іпаліт Корвін-Мілеўскі «Wiązanka odpowiedzi Szlachcica tudzież słowo o tem do czego ma dążyć Szlachta Litewska», Варшава, 1910 г. («Зборнік адказаў шляхціца, а таксама слова пра тое, да чаго павінна імкнуцца літоўская шляхта»)
  • Іпаліт Корвін-Мілеўскі «Uwagi o konflikcie językow polskiego i litewskiego w diecezji Wileńskiej», Вільня, 1913 г. («Заўвагі аб канфлікце польскай і літоўскай моў у Віленскай дыяцэзіі»)

Перыёдыка краёўцаў[правіць | правіць зыходнік]

Галоўнай газетай краёўцаў ліберальна-кансерватыўнага кірунку стаў «Kurier Litewski» (1905—1915), аднак з 1911 г. газета адмовілася ад прапаганды ідэі «краёвасці» і пачала аддаваць перавагу ідэям польскай «народнай дэмакратыі», г.зн. Польскай нацыянальна-дэмакратычнай партыі («эндэкаў», «эндэцыі»), што было вынікам збліжэння большай часткі краёўцаў-кансерватараў з «эндэкамі». Пэўны час выдавалася газета «Głos Polski» (1907—1908), якая стала галоўным выданнем кансерватыўнай Краёвай партыі Літвы і Беларусі (1907—1908).

Галоўнай газетай краёўцаў ліберальна-дэмакратычнага кірунку стала газета «Gazeta Wileńska» (28.02.1906—07.08.1906), фактычным рэдактарам якой стаў Міхал Ромер (1880—1945)[46]. Да ліберальна-дэмакратычнай плыні таксама адносіліся «Gazeta Krajowa» (1906, 1920—1922); заснаваная Міхалам Ромерам газета «Przegląd Wileński» (1911—1915, 1921—1938), рэдактарам якой быў Людвік Абрамовіч; газета «Nasz Kraj» (1913, 1919); газета «Kurier Krajowy» (1912—1914); газета «Вечерняя газета» (1912—1915).

Партыі краёўцаў[правіць | правіць зыходнік]

Для практычнай рэалізацыі сваіх ідэй праз парламенцкую дзейнасць «краёўцамі» было створана некалькі палітычных партый. Да ліберальна-кансерватыўнай плыні адносілася Краёвая партыя Літвы і Беларусі (1907—1908), а да ліберальна-дэмакратычнай плыні — Канстытуцыйна-каталіцкая партыя Літвы і Беларусі (1906—1907) і Польскі дэмакратычны саюз Беларусі (1907). Да дэмакратычнага кірунку краёвасці адносілася і грамадскае аб'яднанне Польскі саюз краёвай працы (1907—1908), пазней перайменаванае ў Польскі саюз сацыяльнай працы[47].

Дамінаванне кансерватыўнай плыні ў краёвасці (1905—1910)[правіць | правіць зыходнік]

Эдвард Вайніловіч (1847—1928)

Пасля выдання царскага маніфеста ад 6 жніўня 1905 г. аб увядзенні законадарадчай Дзяржаўнай Думы ў Расійскай імперыі, лідары Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі (Эдвард Вайніловіч, Аляксандр Скірмунт, граф Ежы Чапскі, князь Геранім Друцкі-Любецкі, Раман Скірмунт і інш.) вылучыліся на ролю лідара ў распрацоўцы і рэалізацыі ідэй краёвасці — у яе ліберальна-кансерватыўнай плыні. Яны першымі сярод іншых сельскагаспадарчых таварыстваў Заходняга краю сфармулявалі для выбараў палітычную праграму, апублікаваную 7(20) кастрычніка 1905 г. на старонках газеты «Kurier Litewski» (№31, 1905 г.), і выступілі з ініцыятывай стварэння ў будучай Думе асобнай фракцыі з дэпутатаў Заходняга краю («Літвы і Русі»). Іх праграма заклікала да кансалідацыі ўсіх палітычных сіл Заходняга края і пастулявала неабходнасць ліберальна-кансерватыўных рэформ і ўвядзення аўтаноміі Заходняга края ў Расійскай імперыі[48]. Краёўцы бачылі сваімі саюзнікамі перш дэпутатаў з польскіх губерняў (Варшаўскага генерал-губернатарства)[49].

Пасля выдання расійскім царом Мікалаем II маніфеста 17 (30) кастрычніка 1905 г., які надаваў аб'яўленай раней законадарадчай Дзяржаўнай Думе (у якую яшчэ не прайшлі выбары дэпутатаў) заканадаўчы характар, лідарамі МТСГ 17 (30) лістапада 1905 г. было прапанавана стварыць «Краёвую партыю Літвы і Русі» ліберальна-кансерватыўнага кірунку для стварэння ў будучай Думе дэпутацкай фракцыі «Краёвае кола Літвы і Русі»[50]. Паміж іншага, яны падтрымалі ідэю рускіх лібералаў ператварыць Расійскую імперыю ў канстытуцыйную манархію. Першапачаткова ў 1904—1906 гг. «краёвая ідэя» была ідэяй мясцовых сярэднезаможных і заможных дваран (галоўным чынам, з Мінскай губерні) аб'яднаць сілы прыхільнікаў развіцця і росквіту «Літвы і Русі» (усяго Заходняга края — Віленскай, Ковенскай, Гродзенскай, Мінскай, Віцебскай, Магілёўскай, Кіеўскай, Валынскай і Падольскай губерняў) як адзінага цэлага[51], бо краёўцы-кансерватары з'яўляліся і прыхільнікамі «ягелонскай ідэі» — адраджэння ў аддаленым будучым дзяржаўнага саюза былых зямель Польскага Каралеўства і Вялікага Княства Літоўскага як федэрацыі і канстытуцыйнай манархіі[52].

У той час «краёвая партыя», якая б кансалідавала палітычныя сілы ўсяго Заходняга края, не была створана, бо ідэі краёвасці не атрымалі зацікаўленасці і водгуку ў паўднёва-заходніх губернях (Кіеўскай, Валынскай і Падольскай). Аднак «краёвая ідэя» аказалася запатрабавальнай у літоўска-беларускіх губернях: у пачатку 1906 г. побач з ліберальна-кансерватыўным кірункам краёвасці пачаў фармавацца яшчэ адзін — ліберальна-дэмакратычны кірунак[53]. Так, у 1905 г. Баляслаў Ялавецкі апублікаваў сваю кнігу «Літва і яе патрэбы. Нацыянальны катэхізіс Літвы», а ўжо 15 (28) лютага 1906 г. у Вільні пачала выдавацца газета «Gazeta Wileńska» (1906), якая стала галоўным ідэйным цэнтрам краёўцаў-дэмакратаў на чале Міхалам Ромерам[54]. Менавіта яны прапагандавалі рэалізацыю ідэі краёвасці выключна ў межах літоўска-беларускіх губерняў, на што краёўцы-кансерватары згадзіліся толькі ў 1907—1908 гг.[55] Аднак у 1907—1908 гг. дзейнасць краёўцаў-дэмакратаў была непрыкметнай, чаму прычынай быў вымушаны ад'езд у канцы 1906 г. за межы Расійскай імперыі іх лідара (Міхала Ромера).

Улётка Беларускай сацыялістычнай грамады з патрабаваннем увядзення аўтаноміі беларуска-літоўскіх зямель са сваім парламентам (соймам) у Вільні, паміж 1905—1907 гг.

20 лютага (5 сакавіка) 1906 г. некалькімі нарматыўнымі актамі расійскі імператар Мікалай II увёў змены структуры і прынцыпаў функцыянавання Дзяржаўнага Савета Расійскай імперыі, які станавіўся верхняй палатай парламента, а Дзяржаўная Дума – ніжняй. Лідары краёўцаў-кансерватараў, на чале якіх стаў Эдвард Вайніловіч, вырашылі балаціравацца і ў верхнюю палату, запланаваўшы стварыць свае групы («колы») дэпутатаў-краёўцаў як у Дзяржаўнай Думе, так і Дзяржаўным Савеце, і згрупавацца з іншымі групамі дэпутатаў (у першую чаргу — з заходніх і ўласна польскіх губерняў) для стварэння супольнай кааліцыі[56]. Лідары краёўцаў-кансерватараў, якія, як правіла, былі лідарамі сельскагаспадарчых таварыстваў Заходняга края, вырашылі балаціравацца ў верхнюю палату парламента (Дзяржаўны Савет), якая была больш прэстыжнай палатай, а менш уплывовыя (і маладзейшыя) члены таварыстваў — у ніжнюю палату (Дзяржаўную Думу)[57].

На выбарах у 1906 г. у I Дзяржаўную Думу і Дзяржаўны Савет Расійскай імперыі краёўцаў-кансерватараў, якіх узначаліў Эдвард Вайніловіч, чакаў поспех, што было забяспечана іх актыўнасцю, інтэлектуальнымі і арганізацыйнымі здольнасцямі[58]. У 1906 г. у Дзяржаўным Савеце было створана групоўка дэпутатаў «Кола Літвы і Русі» (9 дэпутатаў ад усіх дзевяці заходніх губерняў — на чале з Эдвардам Вайніловічам), якая злучылася з групоўкай дэпутатаў «Кола Каралеўства Польскага» (7 дэпутатаў) і 2 іншымі дэпутатамі, стварыўшы вялікую кааліцыю пад назвай «Саюз Колаў Каралеўства Польскага і краёў Літвы і Русі» у Дзяржаўным Савеце, на чале якой стаў у 1906—1908 гг. Эдвард Вайніловіч, галоўны лідар краёўцаў-кансерватараў[59]. Сам жа «Саюз Колаў Каралеўства Польскага і краёў Літвы і Русі» ў Дзяржаўным Савеце ў 1906—1917 гг. заўсёды ўваходзіла ў склад дэпутацкай групоўкі т.зв. «Цэнтра». А ў I Дзяржаўнай Думе краёўцам-кансерватарам удалося стварыць дэпутацкую групоўку (каля 20 чалавек) пад назвай «Краёвае кола Літвы і Русі» (ці «Дэпутацкае кола Літвы і Русі»)[60], якая аб'ядналася ў ніжняй палаце з дэпутатамі ад польскіх губерняў (т.зв. «Польскім колам з Каралеўства Польскага») і склала ядро думскай дэпутацкай групы «Саюз аўтанамістаў», у якую яшчэ ўвайшлі ўсе нацыянальныя групы дэпутатаў (63 дэпутата — украінцы, татары, латышы, і інш.). Цалкам гэтая вялікая думская кааліцыя «Саюз аўтанамістаў» (1906 г.) налічвала ў I Дзяржаўнай Думе да 115—120 чалавек і была моцным аб'яднаннем сіл для дасягнення дэцэнтралізацыі кіравання нацыянальнымі рэгіёнамі Расійскай імперыі, у тым ліку — аўтаноміі Заходняга края ў Расійскай імперыі. «Саюз аўтанамістаў» узначаліў дэпутат Аляксандр Лядніцкі, які быў выбраны ад Мінскай губерні па пратэкцыі галоўнага лідара краёўцаў-кансерватараў Эдварда Вайніловіча і дзейнічаў у яго інтарэсах[61].

Дэпутаты «Саюза Колаў Каралеўства Польскага і краёў Літвы і Русі» ў Дзяржаўным Савеце Расійскай імперыі ў 1906—1909 гг. (Эдвард Вайніловіч сядзіць чацвёртым справа). Фота раней 1909 г.

Такім чынам, краёўцам-кансерватарам удалося арганізаваць значныя кааліцыі як у Савеце, так і Думе, з дапамогай якіх яны імкнуліся захаваць права прыватнай уласнасці на зямлю, правесці ліберальна-кансерватыўныя рэформы, дабіцца аўтаноміі Заходняга края са сваім парламентам у Вільні (напрыклад, на ўзор Вялікага Княства Фінляндскага) ці прынамсі роўнасці края ў правах з іншымі губернямі Расійскай імперыі — скасавання «выключных законаў» і прававых абмежаванняў адносна «асоб польскага паходжання»; увядзення земстваў у заходніх губернях  (руск.), чаго не было там па прычыне Студзеньскага паўстання 1863—1864 гг.[62]

Аднак I Дзяржаўная Дума праіснавала нядоўга і была распушчана, а лідару краёўцаў-кансерватараў Эдварду Вайніловічу ўдалося толькі наладзіць добрыя стасункі са Старшынёй Савета міністраў Расійскай імперыі (1906—1911) Пятром Сталыпіным, які паабяцаў спрыяць увядзенню земстваў у заходніх губернях і нават летам 1906 г. прапанаваў Вайніловічу пасаду намесніка міністра земляробства ў сваім урадзе, хоць Вайніловіч адмовіўся ад пасады[63].

Верагодна, кульмінацыйным момантам дамінавання кансерватыўнай плыні краёўцаў і краёўцаў увогуле, быў вусны зварот лідара краёўцаў-кансерватараў Эдварда Вайніловіча ў 1907 г. з прапановай увесці аўтаномію кіравання Заходнім краем, які быў агучаны Вайніловічам у ходзе аўдыенцыі расійскага імператара Мікалая II з групай асобных членаў Дзяржаўнага Савета, для чаго Вайніловіч адважна выйшаў за рамкі пратакола сустрэчы[64]. Прашэнне аб аўтаноміі не мела ніякай рэакцыі расійскага імператара, але расійская ўлада (у першую чаргу, Сталыпін) не пакінула па-за ўвагай пытанне аб ўвядзенні земстваў у заходніх губернях  (руск.).

Выбары ў 1907 г. у II Дзяржаўную Думу з-за актыўнага ўмяшальніцтва расійскага ўрада зменшылі колькасць дэпутатаў-краёўцаў з Заходняга края да 11 асоб, але і II Дзяржаўная Дума праіснавала нядоўга і неэфектыўна. Каб аднавіць свой уплыў у ніжняй палаце парламента, 17 чэрвеня 1907 г. краёўцы-кансерватары ў Вільні заснавалі Краёваю партыю Літвы і Беларусі, але толькі адзін яе член атрымаў дэпутацкі мандат у III Дзяржаўнай Думе, а партыя ў 1908 г. спыніла сваю дзейнасць.

Вялікім дасягненнем дзейнасці краёўцаў-кансерватараў (у чым была ў першую чаргу персанальная заслуга іх лідара ў Дзяржаўным Савеце Расійскай імперыі — Эдварда Вайніловіча) было ўвядзенне расійскім урадам у 1911 г. земстваў у 6 з 9 заходніх губерняў  (руск.) (хоць і са значнымі абмежаваннямі) — у Мінскай, Магілёўскай, Віцебскай, Кіеўскай, Валынскай і Падольскай губернях, што паспрыяла эканамічнаму і культурнаму развіццю гэтых зямель. Гэтая рэформа была праведзена расійскім урадам, хоць нават у часы апагея свайго дамінавання краёўцы-кансерватары заўсёды былі ў колькаснай меншасці як у Дзяржаўнай Думе, так і Дзяржаўным Савеце.

Заняпад кансерватыўнай плыні ў краёвасці (1910—1911)[правіць | правіць зыходнік]

З 19101911 гг. назіраецца спад актыўнасці ліберальна-кансерватыўнай плыні краёвасці, што было выклікана звужэннем легальных метадаў палітычнай дзейнасці праз сваё прадстаўніцтва ў Дзяржаўнай Думе і Дзяржаўным Савеце, на якія краёўцы-кансерватары ў першую чаргу разлічвалі для вырашэння праблем аўтаноміі свайго края, статусу «палякаў» у заходніх губернях і ўмоў найлепшага развіцця шматэтнічнага насельніцтва края на аснове павагі права прыватнай уласнасці. Завяршэнне рэвалюцыі 1905—1907 гадоў у Расійскай імперыі прывяло да адкату многіх саступак царызма, звужэння некаторых ліберальных праў, прынятых у ходзе рэвалюцыі, і роста ў органах кіравання і прэсе рускага вялікадзяржаўнага шавінізму як рэакцыі на актывізацыю этнакультурных і этнапалітычных рухаў самых розных народаў, якія разглядаліся ўладамі як пагроза ўнітарнасці і тэрытарыяльнай цэласнасці Расійскай імперыі. Прычынай аслаблення краёўцаў-кансерватараў былі, у першую чаргу, новыя выбарчыя законы ў Дзяржаўную Думу і Дзяржаўны Савет[65].

Спачатку расійскі імператар Мікалай II сваім Маніфестам ад 3 чэрвеня 1907 г. аб'явіў аб роспуску II Дзяржаўнай Думы і прызначыў скліканне чарговай III Дзяржаўнай Думы на 1 лістапада 1907 г. У маніфесце таксама было аб'яўлена аб карэнных зменах у законе аб выбарах у ніжнюю палату расійскага парламента (Дзяржаўную Думу Расійскай імперыі): быў павялічаны выбарчы цэнз, скарачалася прадстаўніцтва сялян і нацыянальных меншасцяў (г.зв. «іншародцаў» — у тым ліку і палякаў), павялічвалася няроўнасць у прадстаўніцтве розных саслоўных катэгорый. Змены ў законе былі накіраваны на тое, каб у Думе пераважала катэгорыя заможных і лаяльных цару дваран-вялікарусаў, якія разглядаліся царом як свая галоўная сацыяльная база[66]. Маніфест ад 3 чэрвеня 1907 г. у прэамбуле прама аб'яўляў, што іншыя народы «не павінны і не будуць прадстаўляцца ў колькасці, даючай ім мажлівасць быць вяршыцелямі пытанняў уласна рускіх». Гэта значна звузіла прадстаўніцтва карэнных дваран і інтэлігентаў ад заходніх губерняў (г.зв. «палякаў») у Дзяржаўнай Думе і было галоўнай прычынай правалу на выбарах палітычных партый «краёўцаў», як і многіх іншых партый у імперыі. У III Дзяржаўную Думу дэпутатам быў абраны толькі адзін прадстаўнік ад «краёвых» партый — Станіслаў Ваньковіч (ад Краёвай партыі Літвы і Беларусі), а ўсяго ў III Дзяржаўнай Думе было толькі 7 дэпутатаў-«палякаў» ад Заходняга края (у параўнанні з 12 «палякамі» у II Дзяржаўнай Думе і 20 — у I Дзяржаўнай Думе). У IV Дзяржаўнай Думе (1913—1917) дэпутатаў-«палякаў» ад Заходняга края было яшчэ менш — 5 асоб[67].

З 1908 г. рэакцыйная палітыка расійскага ўрада пашырылася амаль ва ўсіх сферах жыцця дзяржавы. У 1909 г. быў выдадзены новы закон, які скарачаў былы трохгадовы тэрмін паўнамоцтваў для дэпутатаў ад «заходніх губерняў» да 1 году ў верхняй палаце расійскай парламента — Дзяржаўным Савеце Расійскай імперыі, хоць у 1910 г. трохгадовы тэрмін для дэпутатаў ад «заходніх губерняў» быў вернуты. Паводле закону ад 1911 г. выбар дэпутатаў у Дзяржаўны Савет ад шасці «заходніх губерняў» (Мінскай, Віцебскай, Магілёўскай, Кіеўскай, Валынскай і Падольскай), дзе былі ўведзены земствы з непрапарцыянальнай каталіцкай («польскай») і праваслаўнай («рускай») курыямі на выбарах, пачаў праводзіцца на губернскіх земскіх сходах, а не, як раней, на дваранскіх сходах. Віленская, Ковенская і Гродзенская губерні засталіся няземскімі[68]. Гэтая змена пазбаўляла ранейшага значнага ўплыву карэнных каталіцкіх дваран на выбар дэпутатаў, звужаючы і без таго малое іх прадстаўніцтва яшчэ і ў Дзяржаўным Савеце Расійскай імперыі: калі ў 1910 г. было абрана 8 «палякаў» ад Заходняга края, то на наступных выбарах у 1913 г. — толькі 3 дэпутаты (як раз ад няземскіх губерняў — Віленскай, Ковенскай і Гродзенскай)[69]. Пасля забойства прэм'ер-міністра Пятра Сталыпіна ў 1911 г. у Расійскай імперыі канчаткова наступіў канец рэформам і пачала дамінаваць палітыка рускага вялікадзяржаўнага шавінізму ў адносінах да нацыянальных меншасцяў («іншародцаў»), што ў Заходнім краі адлюстравалася ў далейшым узмацненні абмежаванняў у прыёме католікаў на дзяржаўную службу ў мясцовых губернях[70].

Артыкул «Земствы на Літве» пра мінскае, віцебскае і магілёўскае губернскія земствы ў варшаўскай газеце «Świat» (№11, 1912 г.) — з фатаграфіямі Эдварда Вайніловіча, Рамана Скірмунта, Юзафа Свянціцкага, Станіслава Хржанстоўскага, мінскага губернскага маршалка Аляксандра Далгаво-Сабурава і іншых членаў мінскага земства

Гэта ўсё стала прычынай таго, што ў 19101911 гг. адбылося размежаванне сярод ліберальна-кансерватыўнага лагеру «краёўцаў», што не ў малой ступені было выклікана неўвядзеннем земстваў у Ковенскай, Віленскай і Гродзенскай губернях і іх увядзеннем у 1911 г. у Мінскай, Віцебскай і Магілёўскай. Адна частка краёўцаў-кансерватараў, якая паходзіла з Гродзенскай, Ковенскай і Віленскай губерняў і якую ўзначалілі Іпаліт Корвін-Мілеўскі (з Віленскай губерні), Аляксандр Мяйштовіч (з Ковенскай губерні) і Канстанцін Скірмунт (з Гродзенскай губерні), прыйшла да пераканання, што з віленскімі «эндэкамі» (мясцовымі прыхільнікамі Польскай нацыянальна-дэмакрытычнай партыі) у іх больш супольнага, чым з рускім вялікадзяржаўным шавінізмам, літоўскім (балтамоўным) нацыяналізмам альбо яўрэйскім, польскім, рускім і беларускім сацыялізмам, а таксама пачала схіляцца да думкі аб неабходнасці далучэння Віленшчыны і Гродзеншчыны (а магчыма, і іншых губерняў) да Польшчы на ўнітарнай аснове як гарантыі захавання ўплыву мясцовых сярэдніх і буйных землеўласнікаў. Крокам збліжэння і аб'яднання з мясцовымі віленскімі «эндэкамі» гэтая частка краёўцаў-кансерватараў (па большай частцы — буйныя зямельныя ўласнікі) хацела хоць неяк узмацніць свае палітычныя пазіцыі сярод росту грамадскіх рухаў і партый сацыялістычнай накіраванасці ў краі[71]. Пачынаючы з 1911 г., галоўная газета краёўцаў-кансерватараў «Kurier Litewski» ад пазіцый «краёвасці» перайшла да прапаганды ідэй сваіх былых праціўнікаў — «эндэкаў», хоць апошнія мелі вельмі слабы ўплыў у літоўска-беларускіх губернях (акрамя Віленскай губерні). «Эндэкі», галоўнымі цэнтрамі якіх былі Познань і Львоў, ярасна змагаліся з сацыялізмам і лічылі, што класавыя канфлікты трэба гасіць, а не распальваць. Галоўнай сферай іх інтарэсаў былі нацыянальныя пытанні, эканамічнае развіццё і міжнародныя адносіны. У час рэвалюцыі 1905—1907 гадоў у Расіі «эндэкі» атрымалі прызнанне ў Польшчы, стаўшы альтэрнатывай польскаму сацыялістычнаму руху, цэнтрамі якога былі Варшава і Лодзь.

Так, на думскіх выбарах у 1912 г. у Віленскай губерні былыя краёўцы-кансерватары разам з «эндэкамі» упершыню выставілі адзінага кандыдата — ксяндза Станіслава Мацяевіча. Цікава, што яго галоўным сапернікам быў прадстаўнік краёўцаў-дэмакратаў адвакат Браніслаў Крыжаноўскі. Шляхі абодвух (кансерватыўнага і дэмакратычнага) кірункаў краёвасці ўсё больш разыходзіліся. Перамога ксяндза Мацяевіча засведчыла адсутнасць ужо масавай сацыяльнай базы краёвасці кансерватыўнага кірунку ў Віленскай губерні[72]. У IV Дзяржаўнай Думе дзейнічаў толькі адзін краёвец-кансерватар — дэпутат Генрых Свянціцкі — і ўваходзіў у групоўку дэпутатаў «Беларуска-літоўска-польская група» («Беларуска-літоўска-польскае кола»)[73].

Іншая частка краёўцаў-кансерватараў (Эдвард Вайніловіч, Раман Скірмунт, князь Геранім Друцкі-Любецкі, Міхал Ястржэмбскі, граф Леў Лубенскі і інш.), якая паходзіла з Мінскай губерні, адуснутая ад актыўнай палітыкі ў Санкт-Пецярбургу, сканцэнтравалася на дзейнасці ў земствах Мінскай, Віцебскай і Магілёўскай губерняў, а таксама ў губернскіх грамадскіх арганізацыях і Мінскім таварыстве сельскай гаспадаркі, шукаючы кампрамісы з губернскай адміністрацыяй і рускімі землеўласнікамі ў губернях. Менавіта гэтая частка краёўцаў-кансерватараў, якая яшчэ ў 1908 г. звярнула ўвагу на беларускамоўную інтэлігенцыю і сялянства пры рэфармаванні Краёвай партыі Літвы і Беларусі, пачала шукаць паразуменне ў земскіх і грамадскіх арганізацыях Мінскай губерні з прадстаўнікамі кансерватыўнай часткі беларускага нацыянальна-дэмакратычнага руху як саюзніку супраць вялікадзяржаўніцкай палітыкі расійскіх улад[74]. А ў 1917 г. менавіта гэтая частка краёўцаў-кансерватараў стане выказваць і рэалізоўваць ідэю палітычнай суб'ектнасці Беларусі (аж да стварэння самастойнай беларускай дзяржаўнасці).

Дамінаванне дэмакратычнай плыні ў краёвасці (1910—1916)[правіць | правіць зыходнік]

Міхал Ромер (1880—1945)

Разам са спадам актыўнасці ліберальна-кансерватыўнай плыні, з 1909—1910 гг. назіраецца рост уплыву ліберальна-дэмакратычнага кірунку краёвасці ў грамадскай дыскусіі наконт вырашэння праблем міжэтнічных і міжсаслоўных узаемаадносін у паўночна-заходніх губернях, эканамічнага развіцця і палітычнага статуса края ўвогуле[75]. Актывізацыя ў многім была звязана з вяртаннем з Кракава ў Вільню аднаго з таленавітых і ўплывовых ідэолагаў ліберальна-дэмакратычнай плыні краёвасці Міхала Ромера (1880—1945), які ў 1906—1909 гг. адсутнічаў у краі з-за судовага пераследу ў Расійскай імперыі адносна газетнага артыкула свайго журналіста Барліцкага[76].

Пашырэнне ўплыву было дасягнута тым, што з 1910 па 1916 г. дзейнасць краёўцаў-дэмакратаў па выпрацоўцы кампрамісаў на этнічнай, палітычнай, культурнай, моўнай і канфесійнай глебе паміж лідарамі этнапалітычных і этнакультурных рухаў (у першую чаргу — у Віленскай губерні і Вільні) праходзіла ў рамках неафіцыйных палітычных арганізацый — мясцовых масонскіх лож, якія ў тыя часы выконвалі функцыі закрытых палітычных клубаў і ў вялікай ступені замянілі для краёўцаў-дэмакратаў палітычную партыю, якую яны ў той час так і не здолелі стварыць[77]. Такая скрытнасць была выклікана звужэннем легальных форм палітычнай дзейнасці, што наступіла з пачаткам урадавай рэакцыі і пашырэннем рускага вялікадзяржаўнага шавінізму пасля завяршэння рэвалюцыі 1905—1907 гг. і забойства ў 1911 г. старшыні Савета міністраў Расійскай імперыі Пятра Сталыпіна. Віленскія масонскія ложы з характэрнымі назвамі «Еднасць» (1910), «Літва» (1911), «Беларусь» (1914) і «Вялікі ўсход Літвы» (1915) сталі цэнтрамі прапаганды «краёвай ідэалогіі» у яе ліберальна-дэмакратычным варыянце і ў вялікай ступені паспрыялі яе пашырэнню сярод дзеячоў польскіх, беларускіх, літоўскіх, рускіх і яўрэйскіх нацыянальна-дэмакратычных партый, таварыстваў і арганізацый, якія былі членамі гэтых лож[78]. Міхал Ромер лічыў (адзначыўшы гэта ў сваім дзённіку), што існаванне Расійскай імперыі ставіць перашкоду ў рэалізацыі канечнай мэты «краёвай ідэі» — стварэння самастойнай дзяржавы (з літоўска-беларускіх зямель) на дэмакратычных прынцыпах[79].

Менавіта Міхал Ромер да мая 1915 г. стаў галоўным ініцыятарам наладжвання кантактаў паміж лідарамі розных нацыянальна-дэмакратычных рухаў у краі (галоўным чынам, у Віленскай губерні) — польскага (Аляксандр Заштаўт, Браніслаў Крыжаноўскі, Вітальд Абрамовіч, Ян Пілсудскі, Уладзіслаў Асмалоўскі, Юліуш Сумарок, Казімір Астахевіч, Эдвард Сакалоўскі, Зыгмунт Нагродскі і інш.), беларускага (Антон Луцкевіч, Іван Луцкевіч, Аляксандр Уласаў, Вацлаў Ластоўскі, Янка Купала і інш.), літоўскага (Ёнас Вілейшыс, Міколас Шляжавічус, Вацловас Біржышка, Міколас Біржышка, Сцяпонас Кайрыс, Юргіс Шайліс, Вацловас Бельскіс, Андрус Булёта, Данатас Маліноўскас, Феліцыя Барткевічэне-Павіцкайтэ і інш.), рускага (Іван Прозараў) і яўрэйскага (Маісей Брамсон, браты Ежы Ром і Эліяш Ром, інш.). Формай супрацоўніцтва паміж імі (абмена думак і выпрацоўкі ініцыятыў) сталі ў 1910—1916 гг. неафіцыйныя сустрэчы ў Вільні на прыватных кватэрах (Міхала Ромера, Аляксандра Заштаўта, Ёнаса Вілейшыса і інш.) і сходы ў рамках масонскіх лож[80]. У 1912 г. масонскія ложы краёўцаў-дэмакратаў «Еднасць» (1910) і «Літва» (1911) увайшлі ў склад парамасонскай арганізацыі «Вялікі ўсход народаў Расіі» (звыш 40 лож Расійскай імперыі), за якой стаялі расійскія канстытуцыйныя дэмакраты (кадэты), абяцаўшыя народам Расійскай імперыі ператварэнне імперыі ў федэрацыю[81].

Поспехам краёўцаў-дэмакратаў стала выданне з пачатку лістапада 1911 г. штотыднёвіка «Przegląd Wileński» (1911—1915), які абараняў пазіцыі «краёвага грамадзянства», лічыў літоўска-беларускія землі асобным «Краем» з адметнымі інтарэсамі, звязваў яго будучыню з тэрытарыяльнай цэласнасцю і правам усіх карэнных народаў самастойна вырашаць свой лёс і развіваць культуру на роднай мове, выступаў супраць усіх праяў шавінізму і неталерантнасці[82]. Прынцыпы «краёвай ідэалогіі» ў яе ліберальна-дэмакратычным варыянце пачалі адлюстроўвацца і ў артыкулах газет мясцовых дэмакратычных рухаў — «Наша ніва», «Kurier Krajowy» (1912—1914), «Вечерняя газета» (1912—1915), «Lietuvos ūkininkas», «Lietuvos žinios» і інш.[83] Нягледзячы на каардынацыю і супрацоўніцтва, паміж лідарамі нацыянальна-дэмакратычных рухаў пастаянна ўзнікалі дробныя непаразуменні і мікраканфлікты.

Спроба Ромера ў 1912 г. наладзіць кантакт з лідарамі Віленскага таварыства сельскай гаспадаркі не ўдалася, бо яны ўжо канчаткова адмежаваліся ад «краёвай ідэі»[84]. Аднак маюцца звесткі пра пэўныя кантакты ў 1911—1915 гг. віленскіх масонскіх лож краёўцаў-дэмакратаў з такімі мінскімі масонамі як Эдмунд Івашкевіч, Ігнат Віткевіч, Канстанцін Дзямідэцкі-Дзямідовіч, Ежы Асмалоўскі і інш., якія былі важнымі членамі Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі і Магілёўскага таварыства сельскай гаспадаркі[85]. Менавіта ў гэты час лідары Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі Эдвард Вайніловіч і Раман Скірмунт, а таксама Магдалена РадзівілМінскай губерні) і Тэрэза ГардзялкоўскаяМагілёўскай губерні) працягвалі ці пачыналі аказваць пэўную фінансавую падтрымку беларускамоўным выданням, у тым ліку газеце «Наша ніва»[84].

Краёўцы-дэмакраты арганізоўвалі ў Вільні і краі інфармацыйную падтрымку (праз каардынацыю ў сваіх масонскіх ложах і праз прэсу сваіх скансалідаваных нацыянальна-дэмакратычных рухаў) сваім кандыдатам на выбарах у Дзяржаўную Думу і мясцовае гарадское самакіраванне, але заўсёды іх кандыдаты не атрымлівалі большасці, саступаючы прыхільнікам польскіх эндэкаў ці прадстаўнікам «рускай курыі»[86]. Міхал Ромер таксама імкнуўся забяспечыць падтрымку «краёвай ідэі» сярод розных арганізацый польскамоўнай моладзі Віленшчыны, але гэта не ўдалося — і новае пакаленне польскамоўнага насельніцтва Віленшчыны пачало актыўна падтрымліваць ідэі польскіх эндэкаў, ідэі незалежнасці Польшчы і пазней звяртаць увагу на польскія легіёны Юзафа Пілсудскага[87].

У той жа час у 1913 г. сярод лідараў краёўцаў-дэмакратаў адбылося размежаванне. Групоўка на чале з Міхалам Ромерам прытрымлівалася надэтнічнага разумення «краёвасці», а групоўка на чале з Людвікам Абрамовічам пачала разглядаць «краёвую ідэю» як сродак забеспячэння і абароны інтарэсаў польскамоўнага каталіцкага насельніцтва літоўска-беларускіх зямель, якое гэтай групоўкай пачало разглядацца як частка польскага этнаса (палякаў), што павінна знаходзіцца ў добрасуседскім і ўзаемакарысным супольным жыцці з іншымі народамі края[88]. Гэтае размежаванне было выклікана ростам міжэтнічных супярэчнасцей на Віленшчыне, галоўным чынам, паміж літоўскамоўным і польскамоўным насельніцтвам[89]. Групоўка Абрамовіча (Крыжаноўскі, Нагродскі, Пілсудскі і Будны) у 1913 г. нават вылучылася ў асобную новаствораную масонскую ложу «Верны літовец» («Wierny litwin»), бо адмовілася ад канцэпцыі аўтаноміі літоўска-беларускага края ў Расійскай імперыі і стала прыхільніцай яго незалежнасці, якая лічылася мажлівай толькі ў саюзе з незалежнай Польшчай[90].

У 1913—1914 гг. краёўцы-дэмакраты (лідары польскага, беларускага, літоўскага, рускага і яўрэйскага нацыянальна-дэмакратычнага рухаў) падтрымалі ідэю расійскіх канстытуцыйных дэмакратаў адрадзіць Саюз аўтанамістаў, але ўжо не як парламенцкай фракцыі, а як агульнарасійскай арганізацыі Саюз аўтанамістаў-федэралістаў. Лідары нацыянальна-дэмакратычных рухаў края стварылі ў лютым 1914 г. супольны, без падзелу на этнічныя групоўкі Віленскі аддзел Саюза. Адным з галоўных актывістаў стварэння Саюза аўтанамістаў-федэралістаў быў Аляксандр Лядніцкі, лідар былога Саюза аўтанамістаў, які дзейнічаў у I Дзяржаўнай думе[91].

Дрэнны для Расійскай імперыі пачатак Першай сусветнай вайны (1914—1918) скарэктаваў многія планы палітычных груповак. У снежні 1915 г., з прыходам у Вільню нямецкіх войск і заняццем немцамі акраінных зямель Расійскай імперыі, ідэя «краёўцаў» аб непадзельнасці і цэласнасці літоўска-беларускіх губерняў (Паўночна-Заходняга краю — былых зямель Вялікага Княства Літоўскага) увасобілася ў стварэнні Рады Канфедэрацыі Вялікага Княства Літоўскага — блоку лідараў мясцовых беларускіх, літоўскіх, яўрэйскіх і польскіх этнапалітычных і этнакультурных рухаў, якія адносіліся да ліберальна-дэмакратычнай плыні краёвасці. Ініцыятыва яе стварэння належала беларускім краёўцам-дэмакратам (на чале з Антонам Луцкевічам)[92].

Германскія ўлады не праявілі зацікаўленасці ў адраджэнні Вялікага Княства Літоўскага, а наадварот — імкнуліся пасварыць народы ў краі, сутыкнуць іх ілбамі, каб лепей кантраляваць захопленыя землі[93]. Праявілася і катэгарычная нязгода дзеячоў літоўскага (балтамоўнага) руху, якія ў 1905—1920 гг., нягледзячы на крокі да супрацоўніцтва з іншымі рухамі, усё ж мелі ўласную думку пра аўтаномію (ці самастойнасць) «Літвы» са сталіцай у Вільні і з «прылеглымі тэрыторыямі», пра што яны вырашылі яшчэ ў 1905 г. на сваім Вялікім віленскім сойме[94]. Ужо з пачатку 1916 г. ад ідэі адраджэння Вялікага Княства Літоўскага сталі аддаляцца прадстаўнікі мясцовых яўрэяў, якіх не вабіла перспектыва выхаду Беларусі і Літвы са складу Расійскай імперыі. Абвастрэнне міжэтнічных і міжкультурных адносін (асабліва паміж польскамоўным і літоўскамоўным насельніцтвам у Віленскай губерні), да чаго прычынілася і германская ваенная адміністрацыя на занятых літоўска-беларускіх тэрыторыях, зруйнавала гэты праект. Стварэнне марыянетачнага Польскага Каралеўства (1916—1918) пад кантролем Германіі выклікала надзеі ў палякаў і многіх прыхільнікаў польскай культуры ў літоўска-беларускім краі на адраджэнне самастойнай Польшчы ў выніку краху Расійскай імперыі[95].

Заняпад дэмакратычнай плыні ў краёвасці (1916—1918) і падзел «краю»[правіць | правіць зыходнік]

Няўдача рэалізацыі ідэй «краёвасці», у канечным выніку, была звязна з геапалітычнымі пераменамі (распадам Расійскай імперыі ў ходзе Першай сусветнай вайны і Лютаўскай рэвалюцыі), жаданнем этнасаў палітычна размежавацца (у першую чаргу — літоўцаў), розніцай у гістарычных і псеўдагістарычных уяўленнях, арганізацыйнымі пралікамі лідараў «краёўцаў», падзеленасцю тэрыторыі Беларусі лініяй фронту. Дзеячы літоўскага (балтамоўнага) руху адмовіліся ад ідэі аднаўлення Вялікага Княства Літоўскага, у канечным выніку катэгарычна выступілі за самастойнасць «Літвы ў этнаграфічных межах» і ўключэнне ў яе склад Ковенскай і Віленскай губерняў, а таксама каталіцкіх зямель Гродзенскай і Мінскай губерняў[96].

Нават у гэтых абставінах Антон Луцкевіч увесну 1916 г. вылучыў ідэю стварэння шырэйшага, чым тэрыторыя Паўночна-Заходняга края, саюза ўсходнееўрапейскіх народаў у форме Чарнаморска-Балтыйскай канфедэрацыі, у якой адзінае саюзнае дзяржаўнае ўтварэнне павінны былі скласці Беларусь, Літва, Латвія, Украіна і Польшча. У тагачасных міжнародных адносінах будучая дзяржава разглядалася ў якасці звяна праектаванай уплывовымі нямецкімі палітыкамі сістэмы так званай Сярэдняй Еўропы (Mitteleuropa) на чале з Германіяй[97]. Аднак у беларускім нацыянальна-дэмакратычным руху, які і так быў малалікім і малаўплывовым, адбылося размежаванне на некалькі груп.

У маі 1916 г. беларуская дэлегацыя (В. Ластоўскі і Я Салавей) на канферэнцыі народаў Расіі ў Стакгольме падпісала разам з іншымі (прадстаўнікамі фінаў, палякаў, літоўцаў, украінцаў, грузін інш.) зварот да прэзідэнта ЗША Вудра Вільсана з просьбай аб дапамозе і абароне ад асіміляцыі (русіфікацыі), імкнучыся выклікаць зацікаўленасць праблемамі нярускіх народаў Расіі[97]. А ў чэрвені 1916 г. у Лазане (Швейцарыя) на трэцім з'ездзе народаў Расіі, дзе ўдзельнічалі 400 дэлегатаў з 23 краін, беларускія прадстаўнікі (Іван Луцкевіч і Вацлаў Ластоўскі) занялі актыўную пазіцыю, дапаўняючы праект аднаўлення ВКЛ ідэяй утварэння цеснага саюза новых дзяржаў ад Балтыкі да Чорнага мора — Балта-Чарнаморскага саюза[98]. У 1916 г. у Петраградзе (былым Санкт-Пецярбургу) была створана і беларуская леварадыкальная (рэвалюцыйна-дэмакратычная) арганізацыя на чале са Зміцерам Жылуновічам і Алесем Бурбісам, якая пачала друкаваць сваю газету «Дзянніца» і выказваць ідэі паражэння Расійскай імперыі ў вайне, ліквідацыю манархіі, нацыянальна-тэрытарыяльнай аўтаноміі Беларусі ў складзе будучай «Расійскай дэмакратычнай рэспублікі».

Тэрытарыяльны распад Расійскай імперыі ў 19171918 гг. пасля Лютаўскай рэвалюцыі і нямецкая акупацыя літоўска-беларускіх губерняў адкрывалі магчымасці думаць не пра аўтаномію ў рамках Расіі, а пра стварэнне ўласнай дзяржаўнасці лідарамі тых этнапалітычных рухаў, якія гэтага хацелі, — у першую чаргу літоўскага (балтамоўнага) руха, які 16 лютага 1918 г. аб'явіў аб стварэнні самастойнай літоўскай дзяржавы.

Пасля звяржэння расійскага самаўладдзя ў ходзе Лютаўскай рэвалюцыі (1917) і ўстанаўлення Часовага ўрада Расіі ў Петраградзе, лідары Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі (МТСГ) на чале з Эдвардам Вайніловічам, што былі раней галоўнымі лідарамі краёўцаў-кансерватараў, узялі кірунак на рэалізацыю палітычнай суб'ектнасці Беларусі, хоць лідары МТСГ не пастулявалі выразна акрэсленую форму палітычнай суб'ектнасці Беларусі — гэта залежала ад зменлівых знешніх абставін[99]. Праз віцэ-старшыню МТСГ Рамана Скірмунта, які быў найбліжэйшым сябрам і «правай рукой» Эдварда Вайніловіча, мінскія дваране-кансерватары хацелі паўплываць на сацыялістычныя партыі ў Мінскай губерні і замацаваць памяркоўную праграму аграрных рэформ у Беларусі, не дапускаючы скасавання права прыватнай уласнасці на зямлю і нацыяналізацыі ўсёй зямлі без выкупу, а таксама імкнуліся ў сярэдзіне красавіка 1917 г. дабіцца (ад імя Рамана Скірмунта і Беларускага нацыянальнага камітэта) у Часовага ўрада Расіі — аўтаноміі Беларусі ў складзе Расіі, увядзення ў школах беларускай мовы і гісторыі Беларусі, правядзення дэмакратычных выбараў у мясцовыя органы ўлады, кампенсацыю насельніцтву страт, прычыненых вайной, і інш.[100] Пасля Кастрычніцкага перавароту ў Расіі ў 1917 г. і ўсталявання ў Петраградзе ўлады бальшавікоў, лідары МТСГ вырашылі арыентавацца на Германію і адправілі ў пачатку лютага 1918 г. дэлегацыю сваіх прадстаўнікоў да нямецкага ваеннага камандавання і наладжвання палітычнага кантакта з паўнезалежнай пранямецкай польскай Рэгенцкай Радай Каралеўства Польскага (1916—1918) у Варшаве — з жаданнем выхаду Беларусі з-пад уплываў бальшавіцкай Расіі, але «без намеру непасрэднага ўключэння Беларусі ў склад Польшчы»[101]. Летам 1917 г. Вацлаў Ластоўскі стварыў арганізацыю «Сувязь незалежнасці і непадзельнасці Беларусі» і выступіў супраць усіх спроб стварыць агульную літоўска-беларускую дзяржаву ў саюзе з Польшчай. Ластоўскі першым сярод дзеячоў беларускага руху высунуў ідэю стварэння незалежнай беларускай дзяржавы, якая б ахоплівала ўсю этнічную (галоўным чынам, паводле моўнага крытэрыя) тэрыторыю беларусаў. Гэта хутка было падтрымана ўсімі беларускімі палітычнымі групоўкамі на акупіраванай нямецкімі войскамі тэрыторыі літоўска-беларускіх зямель[102].

Асобныя лідары беларускага нацыянальна-дэмакратычнага руху да пачатку 1918 г. захоўвалі надзею на рэалізацыю «краёвай канцэпцыі» і стварэння дзяржавы ў рамках літоўска-беларускіх губерняў (землях былога ВКЛ), аднак 25 сакавіка 1918 г. у Мінску і яны Трэцяй устаўной граматай аб'явілі аб незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР), якая пачала стварацца як сацыялістычная дзяржава: яшчэ Другой устаўной граматай БНР ад 9 сакавіка 1918 г. скасоўвалася прыватная ўласнасць на зямлю — зямля перадавалася без выкупа тым, хто сам на ёй працаваў. Умацаваць дзяржаўнасць БНР ва ўмовах нямецкай акупацыі, росту ўплыву і прэтэнзій на літоўска-беларускія землі бальшавікоў, адсутнасці ўласнай моцнай арміі, паліцыі і фінансаў, супрацьдзеяння мясцовых маянткоўцаў-кансерватараў (на чале з Эдвардам Вайніловічам) не ўдалося.

Пасля таго, як у пачатку лістапада 1918 г. нямецкія войскі пакідалі тэрыторыю Магілёўскай губерні паводле рашэнняў Брэсцкага міра, лідары карэннага дваранства Мінскай губерні (галоўным чынам, члены Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі — прыхільнікі кансерватыўнага кірунку «краёвасці») выказаліся супраць падзелу Беларусі на часткі, выступілі з ініцыятывай стварэння пад нямецкім куратарствам Вялікага Княства Літоўска-Беларускагапаўночна-заходніх губерняў) і папрасілі нямецкага генерала Эрыха фон Фалькенгайна (1861—1922), камандзіра 10-й нямецкай арміі ў Беларусі, паведаміць аб гэтым імкненні германскаму імператару Вільгельму II. Гэта была апошняя спроба краёўцаў-кансерватараў да адміністрацыйна-тэрытарыяльнага яднання літоўска-беларускіх зямель, прычым не ў якасці аўтаноміі ў рамках Расіі ці Польшчы, а як самастойнай дзяржавы, але спроба скончылася безвынікова[103].

Са снежня 1918 г. былыя краёўцы-кансерватары (маянткоўцы з ліку Мінскай, Віцебскай і Магілёўскай губерняў) далучыліся да Камітэта абароны Крэсаў, які імкнуўся арганізаваць самаабарону маянткоўцаў літоўска-беларускіх зямель ад бальшавікоў, і падтрымалі ідэю ўваходжання літоўска-беларускіх зямель у склад аднаўляемай Юзафам Пілсудскім шматнацыянальнай федэратыўнай Рэчы Паспалітай, дзе б Беларусь мела статус суб'екта федэрацыі. Пасля заняцця сваімі войскамі Вільні, 22 красавіка 1919 г. Юзаф Пілсудскі выдаў адозву «Да жыхароў былога Вялікага Княства Літоўскага», дэкларуючы права на самавызначэнне ўсіх народаў былой Рэчы Паспалітай.

Прызнанне Германіяй незалежнасці «этнаграфічнай» Літвы са сталіцай у Вільні і адкрыццё мажлівасці пад канец Першай сусветнай вайны стварыць супольную польска-літоўска-беларускую дзяржаву на федэралісцкіх падмурках (пасля перамогі федэралісцкіх ідэй Юзафа Пілсудскага над унітарысцкімі ідэямі Рамана Дмоўскага ў працэсе стварэння Другой Рэчы Паспалітай), пагроза з боку вайсковай сілы бальшавікоў, рост сацыялістычных настрояў сярод незаможных праслоек насельніцтва перацягнулі на бок Пілсудскага патэнцыйных прыхільнікаў «краёвасці» з ліку маладога пакалення карэнных (галоўным чынам, польскамоўных і каталіцкіх) дваран былых літоўска-беларускіх губерняў. У снежні 1919 г. адбыўся раскол і ў Радзе БНР, частка якога (37 чалавек) стварыла Найвышэйшую раду БНР і выбрала свой урад на чале з Антонам Луцкевічам, які меў надзеі (у адзрозненне ад антыпольскай часткі былой Рады БНР на чале з Пятром Крачэўскім) стварыць супольную канфедэрацыю Польшчы і Беларусі.

Ваенна-палітычныя падзеі 19181922 гг., якія прывялі пасля заканчэння Першай сусветнай вайны да падзелу тэрыторыі паўночна-заходніх губерняў (зямель былога Вялікага Княства Літоўскага) паміж некалькімі дзяржавамі (Другая Рэч Паспалітая (Польшча), Літва і савецкая Беларусь у складзе СССР), рашуча пахіснулі кола прыхільнікаў «краёвай ідэі», але не змаглі сцерці яго цалкам. Ідэалогія краёвасці, якая ўзнікла ў літоўска-беларускіх губернях у пачатку XX ст. і займела апагей сваёй папулярнасці ў апошняе дзесяцігоддзе існавання Расійскай імперыі, трансфармавалася ў міжваенны перыяд і ў новым выглядзе мела сваіх пераемнікаў у Другой Рэчы Паспалітай (Польшчы).

Пераемнікі краёўцаў[правіць | правіць зыходнік]

Віленскія кансерватары (1918—1939)[правіць | правіць зыходнік]

Артыкул Станіслава Мацкевіча «Вялікае Княства Літоўскае» ў газеце «Słowo» (№228, 1928 г.)

«Віленскія кансерватары» («зубры», «віленскія зубры», «крэсавыя зубры») у міжваеннай Польшчы (1918—1939) у пэўнай ступені сталі пераемнікамі ліберальна-кансерватыўнай плыні краёўцаў і былі палітычнай групоўкай канстытуцыйна-манархічнага і кансерватыўнага характару, прадстаўленай, галоўным чынам, карэнным каталіцкім і польскамоўным сярэднезаможным і заможным дваранствам Заходняй Беларусі і звязанай з ім інтэлігенцыяй[104] (князь Яўстах Сапега, князь Януш Радзівіл, князь Альбрэхт Радзівіл, граф Ян Тышкевіч і інш.). Заснавалі сваю газету «Słowo» (1922—1939), галоўным рэдактарам якой стаў Станіслаў Мацкевіч (1896—1966)[105][106].

Віленскія кансерватары лічылі сябе нашчадкамі гісторыі і традыцый Вялікага Княства Літоўскага, выказваліся за аднаўленне манархічнай і федэрацыйнай Рэчы Паспалітай у межах 1772 года, за далучэнне да Польшчы тэрыторый былых Мінскай, Віцебскай і Магілёўскай губерняў і стварэння пасля таго польска-беларускай федэрацыі. Яны выступалі праціўнікамі польскіх сацыялістаў і «эндэкаў»; патрабавалі павагі права прыватнай уласнасці, каталіцызма і іншых веравызнанняў; выказваліся за дэцэнтралізацыю і развіццё мясцовага самакіравання; за стымуляванне эканамічнага развіцця Заходняй Беларусі і доступ беларусам на дзяржаўныя пасады, за падтрымку праваслаўнай царквы і ўвядзенне беларускай мовы ў праваслаўнае набажэнства; прыхільна-нейтральна ставіліся да фармавання беларускай нацыянальнай свядомасці ў беларускамоўных сялян Польшчы, аднак самі канчаткова паланізаваліся і ўключаліся ў склад польскага этнасу[107][108].

Падтрымалі майскі пераварот (1926), мелі пэўны час двух міністраў ва ўрадзе, а таксама былі прадстаўлены ў сейме і сенаце Польшчы, дзе ўваходзілі ў склад Беспартыйнага блока супрацоўнiцтва з урадам (BBWR), які падтрымліваў Юзафа Пілсудскага. У 1935 г. з-за слабеючых палітычных пазіцый былі вымушаны пайсці на саюз з польскімі «эндэкамі». З пачаткам Другой сусветнай вайны ў 1939 г. перасталі існаваць як палітычная групоўка[109][110].

Краёўцы-дэмакраты ў міжваенны перыяд (1918—1939)[правіць | правіць зыходнік]

Ліберальна-дэмакратычная плынь краёўцаў у Другой Рэчы Паспалітай (Польшчы) часткова ацалела, але была нешматлікай па колькасці прыхільнікаў, мела слабыя ўплывы і рэалізоўвалася толькі у публіцыстычнай актыўнасці. Многія былыя лідары краёцаў-дэмакратаў з 19171918 гг. канчаткова далучыліся да розных этнапалітычных і этнакультурных рухаў. Так, Міхал Ромер, які прызнаваўся раней, што лічыць сябе адначасова і «палякам», і «літоўцам» («літвінам»), адназначна вырашыў, што ён больш «litwin», — таму і далучыўся да літоўскага (балтамоўнага) руху. Ромер пераехаў у Коўна (Каўнас), дзе пачаў актыўна дзейнічаць ва ўмацаванні літоўскай дзяржаўнасці і ўрэгуляванні адносін паміж новастворанымі дзяржавамі — Другой Рэччу Паспалітай (Польшчай) і Літвой, хоць да канца свайго жыцця ўсё роўна не прыняў літоўскай (балцкай) ідэнтычнасці і лічыў сябе «літоўскім палякам»[111]. Антон Луцкевіч застаўся актыўным дзеячом беларускамоўнай культуры і лідарам беларускага этнапалітычнага руху на Віленшчыне[112].

Толькі Людвік Абрамовіч (1879—1939) заставаўся верным «краёвай ідэі» і ўзначаліў яе ліберальна-дэмакратычную плынь у міжваенны перыяд. Ён друкаваў свае артыкулы ў адноўленых на некаторы час у Вільні газетах «Nasz Kraj» (1913, 1919) і «Gazeta Krajowa» (1906, 1920—1922). А з 1 лістапада 1921 г., калі Вільня была сталіцай «Сярэдняй Літвы», Абрамовіч аднавіў выданне польскамоўнай газеты «Przegląd Wileński» (1911—1915, 1921—1938), стаў яе рэдактарам і стала працягваў даваенныя традыцыі краёўцаў-дэмакратаў, не зважаючы ўвагу на дамінаванне на Віленшчыне этнічных нацыяналізмаў у культурных і палітычных працэсах. Ён збіраўся яднаць вакол рэдакцыі людзей, якія ставілі агульныя інтарэсы «краю» вышэй за нацыянальны эгаізм[112]. Нявырашанасць лёсу Віленшчыны дазваляла спадзявацца на аднаўленне ідэй «краёўцаў» аб талерантнасці і роўнасці, у чым Людвік Абрамовіч ускладаў надзеі на Юзафа Пілсудскага, які напачатку аб'яўляў прынцыпы федэралізму пры ўладкаванні Польшчы (Другой Рэчы Паспалітай). Менавіта словы Юзафа Пілсудскага «Вольныя з вольнымі, роўныя з роўнымі», прагучалыя ў вызваленым ад бальшавікоў Гродне, сталі своеасаблівым дэвізам газеты «Przegląd Wileński»[113]. На старонках газеты Людвік Абрамовіч канстатаваў, што на змену рускаму вялікадзяржаўнаму шавінізму, які панаваў у часы Расійскай імперыі, прыйшоў польскі нацыяналізм («рэлігійна-нацыянальны фанатызм»), а сітуацыю ў «Сярэдняй Літве», дзе быў моцным уплыў польскіх «эндэкаў», ахарактарызаваў як здзек над ідэаламі свабоды, роўнасці і братэрства[113].

Пасля прызнання Лігай Нацый усходніх меж Польшчы (сакавік 1923 г.) сэнсам існавання газеты «Przegląd Wileński» стала аб'ектыўнае і крытычнае асвятленне жыцця шматэтнічных паўночна-усходніх ваяводстваў дзяржавы, а таксама супрацьстаянне польскай нацыяналістычнай прэсе, якую выдавалі лідары Польскай нацыянальна-дэмакратычнай партыі («эндэкі»), — у першую чаргу, віленскай газеце «Dziennik Wileński», якая найбольш поўна адлюстроўвала погляды тых палітычных груповак, што імкнуліся да асіміляцыі няпольскага насельніцтва і ператварэння Польшчы ў монаэтнічную дзяржаву. У лістападзе 1923 г. Людвік Абрамовіч канстатаваў, што асноўнай задачай яго газеты стала «барацьба супраць нацыяналізму, які ператварае наш Край у пляцоўку для цэнтралістычна-ўніфікацыйных эксперыментаў». Рэдакцыя эндэцкай газеты «Dziennik Wileński» лічыла краёвасць выклікам польскасці і здрадай нацыянальных інтарэсаў і пастаянна абвінавачвала Людвіка Абрамовіча і яго газету ў «антыпольскасці»[114].

Невялікага фармату двухтыднёвік «Przegląd Wileński» у паўночна-усходніх ваяводствах (г.зв. «крэсах») стаў выключнай з'явай у гісторыі друку Польшчы — сапраўднай трыбунай асуджэння дзяржаўнай палітыкі нацыянальнага ціску і прыгнёту[113]. На старонках газеты рэгулярна выступалі прадстаўнікі няпольскіх этнічных груп і мелі ўнікальную мажлівасць праз польскамоўнае перыядычнае выданне знаёміць грамадскасць з праблемамі міжэтнічных і міжкультурных адносін у паўночна-усходніх ваяводствах дзяржавы не ў пераказе варшаўскіх выданняў, а праз паведамленні і публіцыстыку дзеячоў мясцовых этнапалітычных і этнакультурных рухаў (польскага, беларускага, літоўскага і яўрэйскага). Закраналіся вострыя праблемы беларуска- і літоўскамоўнай школы; крытыкавалася палітыка каталіцкага празелітызму і пашырэнне ўжывання польскай мовы ў касцёле ў беларускамоўных мясцовасцях; асуджаліся праявы антысемітызму ў грамадскім і палітычным жыцці; выказваўся пратэст супраць беспадстаўных абвінавачванняў беларускіх дабрачынных, культурніцкіх і нават рэлігійных арганізацый у вядзенні прасавецкай прапаганды; асуджаўся эканамічны ціск мясцовых улад супраць беларускіх і літоўскіх гаспадарчых арганізацый; і г.д.[115]

Менавіта беларуская праблематыка дамінавала на старонках газеты, а дзеячы беларускага руху (за выключэннем камуністаў і пракамуністычных груп) актыўна супрацоўнічалі з газетай. У міжваенны перыяд (1918—1939) «краёвая ідэя» (пастулаты яе ліберальна-дэмакратычнай плыні) пастаянна прысутнічала ў беларускім руху Віленшчыны як альтэрнатыва дамінуючым нацыянальным канцэпцыям. Нават прыхільнікі беларускай незалежнай дзяржавы мелі пэўную прывязанасць да ідэі суверэнітэту «былога Вялікага Княства Літоўскага».

У 1927 г. газета «Przegląd Wileński» стала ўласнасцю суполкі акцыянераў, у выдавецкі камітэт увайшлі Ян Крыўка, доктар Вітальд Лягейка, доктар Вітальд Славінскі, Яўсебій Лапацінскі (1882—1961)[116], Канстанцыя Скірмунт і Віктар Талочка, але рэдактарам застаўся Людвік Абрамовіч. Рэдакцыйны каментарый асвятляў гэта як «крок да стварэння лагеру шчырых краёўцаў, якія здольныя спалучаць прыхільнасць да гістарычных традыцый ВКЛ з тэндэнцыямі развіцця асобных нацый і сацыяльных груп і рэальнымі палітычнымі ўмовамі. Гэты лагер павінен аб'яднаць усіх тых, хто любіць нашу літоўска-беларускую зямлю, для каго дабро нашага Края не з'яўляецца пустым гукам, хто верыць у яго светлую будучыню на падмурку згоднага сужыцця нацыянальнасцяў, адным словам, усіх, каму дарагі спрадвечны сцяг "Пагоні"»[117]. У лістападзе 1927 г. у сваім лісце да Людвіка Абрамовіча Канстанцыя Скірмунт выказала ідэю стварэння ў Заходняй Беларусі (для супольнай дзейнасці ў польскім парламенце палякаў, літоўцаў, беларусаў і яўрэяў) новай «краёвай партыі»: «саюза — найвышэйшага, дасканалага, ахопліваючага ўсе праслойкі ў іх культурным росквіце і павернутага выключна да патрэб нашага краю»[118]. Выразнікам поглядаў партыі прапаноўвала зрабіць газету «Przegląd Wileński», аднак ідэя засталася без ніякага практычнага працягу[118].

Дыскусія адносна «краёвай ідэі» у 1920—1930-ыя гг. працягвалася. У разуменні Людвіка Абрамовіча «краёвасць не звязаная з нацыянальнасцю. Краёўцам можа быць як тутэйшы паляк, так і літовец, беларус, нават яўрэй, калі разумее і адчувае дзяржаўнасць традыцый ВКЛ. І наадварот. Ніхто не будзе краёўцам, калі інтарэс сваёй нацыі будзе ставіць вышэй за агульны краёвы інтарэс. <…> Краёвая канцэпцыя — гэта канцэпцыя тэрытарыяльная, а не нацыянальная»[119]. На яго думку, асаблівае значэнне для фармавання краёвай канцэпцыі мела гісторыя Вялікага Княства Літоўскага, у якім «пачуццё дзяржаўнай еднасці заўсёды перамагала цэнтрабежныя тэндэнцыі і ўнутраныя антаганізмы». З нагоды 30-годдзя публічнага з’яўлення краёвай ідэі Абрамовіч надрукаваў у сакавіку 1936 г. у газеце «Przegląd Wileński» артыкул, дзе ўказаў, што асноўныя прынцыпы краёвасці (адметнасць і самастойнасць літоўска-беларускага края і роўнасць усіх яго народаў) былі сфармуляваны яшчэ на старонках газеты «Gazeta Wileńska» у 1906 г., у чым была высокая заслуга і Міхала Ромера. У актуальны момант для Людвіка Абрамовіча канчатковай мэтай дзейнасці было дасягненне палітычнай самастойнасці «края» у той або іншай форме і вызначэнне яго лёсу прадстаўнікамі ўсіх карэнных народаў[120].

У 1920—1930-я гг. галоўнымі апанентамі адносна поглядаў на канцэпцыю «краёвасці», якія прапагандавала кола журналістаў і аўтараў газеты «Przegląd Wileński», сталі публіцысты віленскіх газет «Słowo» (1922—1939) і «Kurier Wileński» (1923—1940). Рэдактар газеты віленскіх кансерватараў «Słowo» Станіслаў Мацкевіч (1896—1966) вылучыў асноўныя, на яго думку, ідэі «краёвай канцэпцыі»: «польскі шляхецкі», або «гістарычна-сентыментальны» (імкненне захаваць адзінства земляў былых ВКЛ і Рэчы Паспалітай); «масонскі» (непрыняцце нацыяналізму); і «дэмакратычны» (сімпатыя да літоўскага і беларускага рухаў). Ён сцвярджаў, што рух «краёцаў» так і не здолеў злучыць у адно людзей вакол гэтых (часам супярэчных адзін аднаму) інтарэсаў: «Самымі моцнымі яго ворагамі былі якраз літоўцы і беларусы. Яўрэі трымаліся збоку. <…> Нарэшце, унутраная польская палітыка перакрэсліла ўсе магчымасці ажыццяўлення хоць нечага падобнага на гэтую праграму»[120]. Стварыць супольнага «лагеру краёўцаў», як марыў Людвік Абрамовіч, не ўдалося[121].

Тым не менш, у лістападзе 1929 г. у Вільні адбылося святкаванне 25-годдзя публіцыстычнай дзейнасці Людвіка Абрамовіча, што засведчыла аб тым высокім аўтарытэце, які меў журналіст сярод эліты віленскіх палітычных інтэлектуалаў[122].

У кастрычніку 1938 г. друк газеты «Przegląd Wileński» (1911—1915, 1921—1938) быў спынены з-за хваробы рэдактара Людвіка Абрамовіча, што выклікала ў Вільні моцны розгалас і шкадаванні нават з боку апанентаў краёўцам-дэмакратам. У сакавіку 1939 г. Людвік Абрамовіч памёр і найбольш значныя віленскія газеты надрукавалі пра яго некралогі[123].

Да краёвай ідэі пачала звяртацца ўжо «Gazeta Codzienna», якая выдавалася з лістапада 1939 г. да чэрвеня 1940 г. у Вільні — горадзе, ужо ўключаным (разам з Віленшчынай) у склад Літвы. Рэдактарам выдання быў пісьменнік Юзаф Мацкевіч. 10 сакавіка 1940 г. у Вільні ў публічнай біліятэцы адбылася ўрачыстая сустрэча («акадэмія») з нагоды першых угодкаў смерці аднаго з галоўных ідэолагаў краёвай ідэі — Людвіка Абрамовіча. На ёй прысутнічалі віцэ-прэм'ер літоўскага ўраду Бізаўскас і прадстаўнікі амаль усіх народаў Віленшчыны[124]. У той жа дзень «Gazeta Codzienna» апублікавала меркаванні вядомых публіцыстаў (краёўцаў і іх апанентаў), каб успомніць Людвіка Абрамовіча і выказацца адносна яго ідэйнай спадчыны, — Міхала Ромера, Вацлава Гізберт-Студніцкага, Юзафа Мацкевіча, Зыгмунта Юндзіла і дачкі Людвіка Абрамовіча Сафіі Абрамовіч, доктара філалогіі ўніверсітэта Стэфана Баторыя ў Вільні[125].

Абмеркаванне феномена краёвасці вясной 1940 г. было выклікана як данінай памяці Людвіку Абрамовічу, так і новымі ўмовамі. Перадача лідарам СССР Іосіфам Сталіным Віленскага края і Вільні Літоўскай Рэспубліцы, якая зрабіла Вільню (Вільнюс) сваёй сталіцай, на пэўны час актуалізавала «краёвую ідэю» для мясцовых грамадскіх дзеячоў самых розных этнічных груп.

Ацэнкі ў гістарыяграфіі[правіць | правіць зыходнік]

Сярод гісторыкаў няма адназначнай ацэнкі руху краёўцаў[126][127][128][129].

Зноскі

  1. Раюк, А.Р. Эвалюцыя прасторавых меж «Края» у палітычных праграмах краёўцаў-кансерватараў Беларусі і Літвы ў 1905—1908 гг. — Минск, 2022. — С. 148.
  2. Раюк, А.Р. Узнікненне і заняпад Краёвай партыі Літвы і Беларусі (1907–1908)... С. 202.
  3. Гамулка, К. Паміж Польшчай і Расіяй. Беларусь у канцэпцыях польскіх палітычных фарміраванняў (1918—1922)... С. 28, 30, 35—36, 42, 43, 44—45; Szpoper, D. Sukcesorzy... С. 220—221.
  4. Szpoper, D. Sukcesorzy... С. 51—52; Szpoper, D. Gente Lithuana... С. 235—236; Смалянчук, А.Ф. Паміж краёвасцю... С. 125.
  5. Szpoper, D. Sukcesorzy... С. 51—52; Szpoper, D. Gente Lithuana... С. 235—236.
  6. Смалянчук, А.Ф. Паміж краёвасцю... С. 134—135.
  7. а б в г д е Szpoper, D. Sukcesorzy... С. 49—61; Szpoper, D. Gente Lithuana... С. 229—240.
  8. Смалянчук, А. Ф. Паміж краёвасцю і нацыянальнай ідэяй… С. 126.
  9. Смалянчук, А. Ф. Паміж краёвасцю і нацыянальнай ідэяй… С. 127.
  10. Марозаў. С.П. Ідэя адраджэння Вялікага Княства Літоўскага ў грамадска-палітычным жыцці Беларусі (1795–1939 гг.) : манаграфія / С. П. Марозаў; пад навук. рэд. М. П. Касцюка. – Гродна : ТАА “ЮрСаПрынт”, 2019. – 446 c. — С. 198.
  11. Раюк, А.Р. Урбан Крупскі (1863—1915): ад беларускага народніка да краёўца-кансерватара. — Минск, 2023. — С. 345.
  12. Раюк, А. Р. Статус Беларусі ў свядомасці мясцовых каталіцкіх дваран-кансерватараў канца XIX — пачатку XX ст... С. 339.
  13. Раюк, А.Р. Узнікненне і заняпад Краёвай партыі Літвы і Беларусі (1907–1908)... С. 203.
  14. Раюк, А.Р. Беларускі палітычны кансерватызм канца XIX – пачатку XX ст... С. 181.
  15. а б Szpoper, D. Sukcesorzy... С. 52.
  16. Яскрава паказальным было тое, што ў першым дзесяцігоддзі XIX ст. Вільня была трэцім (65 тыс. у 1812 г.) па колькасці жыхароў горадам у Расійскай імперыі пасля Санкт-Пецярбурга (300 тыс.) і Масквы (250 тыс.), а ў 1900 г. Вільня з 154 тыс. жыхароў ужо ўваходзіла толькі ў другі дзясятак найбуйнешых гарадоў імперыі — пасля Санкт-Пецярбурга (1 млн. 440 тыс.), Масквы (1 млн. 175 тыс.), Варшавы (712 тыс.), Адэсы (404 тыс.), Кіева (333 тыс.), Лодзі (314 тыс.), Рыгі (282 тыс.), Баку (202 тыс.), Харкава (174 тыс.), Тыфліса (160 тыс.) і Ташкента (157 тыс.). Мінск, які знаходзіўся на скрыжаванні важных транспартных патокаў (ад балтыйскага порта Лібава да чарнаморскага порта Адэса, ад Масквы да Варшавы), у 1900 г. налічваў каля 90 тыс. жыхароў.
  17. Смалянчук, А.Ф. Паміж краёвасцю... С. 180—186.
  18. Jankowski, Cz. W ciągu dwóch lat...(недаступная спасылка) С. 150.
  19. Szpoper, D. Sukcesorzy... С. 49.
  20. Пад тэрмінам «мураўёшчына» разумеецца рэпрэсіўная палітыка супраць карэнных каталіцкіх дваран, распачатая пасля падаўлення паўстання 1863—1864 гадоў, і прапаганда тэорыі «заходнерусізму», што пачалі актыўна праводзіцца ў літоўска-беларускіх губернях пасля прызначэння на пасаду віленскага генерал-губернатара Міхаіла Мураўёва.
  21. Szpoper, D. Sukcesorzy... С. 49—50; Szpoper, D. Gente Lithuana... С. 232—233.
  22. Маецца на ўвазе, у першую чаргу, мясцовае сялянства.
  23. У часы Рэчы Паспалітай Каронай коратка называлі Польскае каралеўства.
  24. Цытуецца паводле: Szpoper, D. Sukcesorzy... С. 53—54.
  25. Маецца на ўвазе Вялікае Княства Літоўскае.
  26. Цытуецца паводле: Szpoper, D. Sukcesorzy... С. 54—55.
  27. Раюк, А.Р. Эвалюцыя прасторавых меж «Края» у палітычных праграмах краёўцаў-кансерватараў Беларусі і Літвы ў 1905—1908 гг. — Минск, 2022. — С. 151.
  28. Szpoper, D. Sukcesorzy... С. 51.
  29. Раюк, А.Р. Узнікненне і заняпад Краёвай партыі Літвы і Беларусі (1907–1908)... С. 202.
  30. Смалянчук, А.Ф. Паміж краёвасцю... С. 20, 32, 133.
  31. Польскае слова «kraj» можа перакладацца на беларускую мову і як «край», і як «краіна».
  32. Смалянчук, А.Ф. Паміж краёвасцю... С. 20—21, 23—24.
  33. Смалянчук, А.Ф. Паміж краёвасцю... С. 130.
  34. У канцы XIX — пачатку XX ст. у агульнаграмадскай публіцыстыцы небалтамоўнага дваранства паўночна-заходніх губерняў, не толькі ў рамках «краёвай» дыскусіі, каб адасобіць сябе ад балтамоўных «літоўцаў» і іх народных традыцый і культуры, нават пачалі выкарыстоўвацца тэрміны «старалітоўцы» (starolitwini), «гістарычныя літоўцы» (litwini historyczni), «міцкевічоўцы» (у знак салідарнасці з тым значэннем «літоўцаў» (litwini), які выкарыстоўваў Адам Міцкевіч у сваім творы «Пан Тадэвуш»). Гл.: Buchowski, K. Litwomani... С. 26.
  35. Szpoper, D. Sukcesorzy... С. 49—50; Смалянчук, А.Ф. Паміж краёвасцю... С. 20.
  36. Раюк, А.Р. Урбан Крупскі (1863—1915): ад беларускага народніка да краёўца-кансерватара. — Минск, 2023. — С. 344—345.
  37. а б Szpoper, D. Sukcesorzy... С. 50.
  38. Раюк, А.Р. Эвалюцыя прасторавых меж «Края» у палітычных праграмах краёўцаў-кансерватараў Беларусі і Літвы ў 1905—1908 гг. — Минск, 2022. — С. 146.
  39. Jankowski, Cz. W ciągu dwóch lat... С. 161.
  40. 'Szpoper, D. Gente Lithuana... С. 240.
  41. Szpoper, D. Sukcesorzy... С. 60—61.
  42. Тадэвуш Дэмбоўскі часта змяняў свае палітычныя погляды, пераходзіў ад краёўцаў-кансерватараў да краёўцаў-дэмакратаў, а пасля да віленскіх «эндэкаў».
  43. Родны брат Юзафа Пілсудскага.
  44. Szpoper, D. Sukcesorzy... С. 50; Kurier Litewski. — 1907. — №144. — S. 2.
  45. Смалянчук, А.Ф. Паміж краёвасцю... С. 363—364.
  46. Смалянчук, А.Ф. Паміж краёвасцю... С. 139, 142.
  47. Смалянчук, А.Ф. Паміж краёвасцю... С. 143—150, 235—238, 240.
  48. Szpoper, D. Sukcesorzy Wielkiego Księstwa... С. 26—31; Szpoper, D. Gente Lithuana... С. 240—241.
  49. Раюк, А.Р. Эвалюцыя прасторавых меж «Края» у палітычных праграмах краёўцаў-кансерватараў Беларусі і Літвы ў 1905—1908 гг. — Минск, 2022. — С. 149.
  50. Szpoper, D. Sukcesorzy Wielkiego Księstwa... С. 62—63; Szpoper, D. Gente Lithuana... С. 242.
  51. Раюк, А.Р. Эвалюцыя прасторавых меж «Края» у палітычных праграмах краёўцаў-кансерватараў Беларусі і Літвы ў 1905—1908 гг. — Минск, 2022. — С. 151.
  52. Караль Незабытоўскі (1865—1952), адзін з лідараў Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі, афарыстычна заявіў аднойчы на закрытым сходзе Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі ў час дыскусіі адносна перавагі манархічнага ладу будучай дзяржавы, што «рэспубліка» прывядзе да «рэж публіку». Гл.: Szpoper, D. Sukcesorzy... С. 141.
  53. Раюк, А.Р. Эвалюцыя прасторавых меж «Края» у палітычных праграмах краёўцаў-кансерватараў Беларусі і Літвы ў 1905—1908 гг. — Минск, 2022. — С. 151.
  54. Смалянчук, А.Ф. Паміж краёвасцю... С. 133, 139.
  55. Раюк, А.Р. Эвалюцыя прасторавых меж «Края» у палітычных праграмах краёўцаў-кансерватараў Беларусі і Літвы ў 1905—1908 гг. — Минск, 2022. — С. 152.
  56. Szpoper, D. Sukcesorzy Wielkiego Księstwa... С. 62—76; Szpoper, D. Gente Lithuana... С. 242.
  57. Раюк, А.Р. Эвалюцыя прасторавых меж «Края» у палітычных праграмах краёўцаў-кансерватараў Беларусі і Літвы ў 1905—1908 гг. — Минск, 2022. — С. 149.
  58. Смалянчук, А.Ф. Паміж краёвасцю... С. 156—157; Jurkowski, R. Sukcesy i porażki... С. 547—548.
  59. Woyniłłowicz, E. Wspomnienia… С. 121—122.
  60. Jurkowski, R. Sukcesy i porażki... С. 466.
  61. Смалянчук, А.Ф. Паміж краёвасцю... С. 141, 154, 157—161.
  62. Смалянчук, А.Ф. Паміж краёвасцю... С. 161; Szpoper, D. Sukcesorzy Wielkiego Księstwa... С. 62—76; Szpoper, D. Gente Lithuana... С. 248—249.
  63. Woyniłłowicz, E. Wspomnienia… С. 131—132.
  64. Woyniłłowicz, E. Wspomnienia… С. 162
  65. Смалянчук, А.Ф. Паміж краёвасцю... С. 214—215.
  66. Паводле новага закона голас аднага маянткоўца стаў роўны 7 галасам гараджан, 30 сялян і 60 рабочых і значна было скарочана прадстаўніцтва ад нацыянальных акраін Расійскай імперыі.
  67. Jurkowski, R. Sukcesy i porażki… С. 547.
  68. Г.зн., што ў гэтых губернях не мелася земстваў
  69. Смалянчук, А.Ф. Паміж краёвасцю... С. 276.
  70. Киселев, А.А. Конфессиональные аспекты кадровой политики российских властей в полицейских учреждениях МВД белорусских губерний во второй половине XIX — начале XX вв.
  71. Szpoper, D. Sukcesorzy... С. 23—25.
  72. Смалянчук, А.Ф. Паміж краёвасцю... С. 326—327.
  73. Смалянчук, А.Ф. Паміж краёвасцю... С. 271, 272.
  74. Woyniłłowicz, E. Wspomnienia … С. xv, 87—89, 176; Смалянчук, А.Ф. Паміж краёвасцю... С. 241, 243, 287.
  75. Смалянчук, А.Ф. Паміж краёвасцю... С. 245, 267.
  76. Смалянчук, А.Ф. Паміж краёвасцю... С. 244.
  77. Смалянчук, А.Ф. Паміж краёвасцю... С. 245, 325.
  78. Смалянчук, А.Ф. Паміж краёвасцю... С. 248, 251, 304, 314, 315, 325.
  79. Смалянчук, А.Ф. Паміж краёвасцю... С. 247.
  80. Смалянчук, А.Ф. Паміж краёвасцю... С. 249, 283, 286, 287, 303.
  81. Смалянчук, А.Ф. Паміж краёвасцю... С. 248, 253.
  82. Смалянчук, А.Ф. Паміж краёвасцю... С. 250—252.
  83. Смалянчук, А.Ф. Паміж краёвасцю... С. 247, 248, 267, 279, 283.
  84. а б Смалянчук, А.Ф. Паміж краёвасцю... С. 287.
  85. Смалянчук, А.Ф. Паміж краёвасцю... С. 246.
  86. Смалянчук, А.Ф. Паміж краёвасцю... С. 253, 266—270, 277.
  87. Смалянчук, А.Ф. Паміж краёвасцю... С. 255, 327.
  88. Смалянчук, А.Ф. Паміж краёвасцю... С. 277, 359.
  89. Адной з галоўных супярэчнасцей была мова набажэнстваў у каталіцкіх касцёлах Віленскай губерні: нешматлікае літоўскамоўнае каталіцкае святарства актыўна імкнулася ўвесці літоўскую мову замест традыцыйнай польскай у каталіцкім касцёле, а большая частка каталіцкага насельніцтва Віленскай губерні і Вільні адхіляла падобную літуанізацыю (балтызацыю) духоўнага і культурнага жыцця.
  90. Смалянчук, А.Ф. Паміж краёвасцю... С. 277, 278.
  91. Смалянчук, А.Ф. Паміж краёвасцю... С. 286—287.
  92. Смалянчук, А.Ф. Паміж краёвасцю... С. 312—314.
  93. Смалянчук, А.Ф. Паміж краёвасцю... С. 317.
  94. Смалянчук, А.Ф. Паміж краёвасцю... С. 304, 307.
  95. Смалянчук, А.Ф. Паміж краёвасцю... С. 293, 294.
  96. Смалянчук, А.Ф. Паміж краёвасцю... С. 336.
  97. а б Гісторыя Беларусі : у 6 т. — Т. 4. — С. 453.
  98. Гісторыя Беларусі : у 6 т. — Т. 4. — С. 453—454.
  99. Jurkowski, R. Rada Polska … С. 72.
  100. Ладысеў, У.Ф. На пераломе эпох... С. 7—8, 10—12; Brzoza, Cz. Skirmunt Roman... С. 185.
  101. Jurkowski, R. Rada Polska … С. 76, 78—79.
  102. Міхалюк, Д. Беларуская Народная Рэспубліка ў 1918—1920 гг. Ля вытокаў беларускай дзяржаўнасці... С. 123; Гісторыя Беларусі : у 6 т. / рэдкал.: М. Касцюк (гал. рэд.) [і інш.]. — Мінск : Экаперспектыва, 2000—2012. — Т. 4 : Беларусь у складзе Расійскай імперыі (канец XVIII — пачатак XX ст.). — 2005. — С. 455.
  103. Woyniłłowicz, E. Wspomnienia … С. 208—209; Szpoper, D. Sukcesorzy... С. 141; Smaliańczuk, A. Białorusini w gronie krajowców.
  104. Раюк, А.Р. Этнакультурныя працэсы і палітыка ў Заходняй Беларусі ў 1921—1939 гг. у праграмах і рэаліях «віленскіх кансерватаў» // Пытанні мастацтвазнаўства, этналогіі і фалькларыстыкі. — Мінск, 2023. — С. 296.
  105. Szpoper, D. Sukcesorzy... С. 152—154, 170—172.
  106. Раюк, А.Р. Этнакультурныя працэсы і палітыка ў Заходняй Беларусі ў 1921—1939 гг. у праграмах і рэаліях «віленскіх кансерватаў» // Пытанні мастацтвазнаўства, этналогіі і фалькларыстыкі. — Мінск, 2023. — С. 296.
  107. Szpoper, D. Sukcesorzy... С. 171—172, 232—234, 237; Смалянчук, А.Ф. Паміж краёвасцю... С. 115—124, 360, 361—366.
  108. Раюк, А.Р. Этнакультурныя працэсы і палітыка ў Заходняй Беларусі ў 1921—1939 гг. у праграмах і рэаліях «віленскіх кансерватаў» // Пытанні мастацтвазнаўства, этналогіі і фалькларыстыкі. — Мінск, 2023. — С. 304.
  109. Szpoper, D. Sukcesorzy... С. 176—177, 238, 250, 308—309, 320.
  110. Раюк, А.Р. Этнакультурныя працэсы і палітыка ў Заходняй Беларусі ў 1921—1939 гг. у праграмах і рэаліях «віленскіх кансерватаў» // Пытанні мастацтвазнаўства, этналогіі і фалькларыстыкі. — Мінск, 2023. — С. 304.
  111. Miknys, R. Wilno i Wileńszczyna w koncepcjach Michała Römera i krajowców... С. 56.
  112. а б Смалянчук, А.Ф. Краёвая ідэя... С. 385.
  113. а б в Смалянчук, А.Ф. Краёвая ідэя... С. 386.
  114. Смалянчук, А.Ф. Краёвая ідэя... С. 386—387.
  115. Смалянчук, А.Ф. Краёвая ідэя... С. 387.
  116. Яўсебій-Марыян-Ян-Станіслаў Станіслававіч Лапацінскі (1882—1961) быў сынам Станіслава Ігнатавіча Лапацінскага (1851—пасля 1930) і графіні Тэклі Міхалаўны Борх; адносіўся да арыстакратаў і буйных землеўласнікаў Віленскага ваяводства міжваеннай Польшчы; ажаніўся ў 1905 г. з Ядвігай Патвароўскай. Каталіцкі шляхецкі род Лапацінскіх адносіўся да карэнных у Вялікім Княстве Літоўскім і паўночна-заходніх губернях Расійскай імперыі. Бацька Станіслаў Ігнатавіч Лапацінскі быў значным землеўладальнікам (маёнткі Сар'я і Лявонпаль агульна налічвалі звыш 10 000 дзесяцін зямлі), старшынёй (з 1901) Віцебскага таварыства сельскай гаспадаркі, дэпутатам (1906—1910) ад Віцебскай губерні ў Дзяржаўны Савет Расійскай імперыі і дэпутатам (1913—1916) ад Віленскай губерні ў Дзяржаўны Савет Расійскай імперыі.
  117. Смалянчук, А.Ф. Краёвая ідэя... С. 392.
  118. а б Szpoper, D. Gente Lithuana, Natione Lithuana... С. 334.
  119. Смалянчук, А.Ф. Краёвая ідэя... С. 393.
  120. а б Смалянчук, А.Ф. Краёвая ідэя... С. 394.
  121. Смалянчук, А.Ф. Краёвая ідэя... С. 391—392.
  122. Смалянчук, А.Ф. Краёвая ідэя... С. 389.
  123. Смалянчук, А.Ф. Краёвая ідэя... С. 384.
  124. Ксёндз Адам Станкевіч, адзін з аўтарытэтаў беларускага руху за стварэнне незалежнай дзяржавы, тады прамовіў: «Калі працэс нацыянальнага жыцця, які сёння на землях Літвы і Беларусі адбываецца, дойдзе да свайго канчальнага пункту, калі наступе ў народаў гістарычнай Літвы і Беларусі аканчальная нацыянальная дыферэнцыяцыя, прынцыпам, парадкоўваючым сужыццё народаў, прынцыпам, гарантуючым развіццё ўсіх праў гэтых народаў і іх паўнату, можа аказацца краёвасць. Прынцып нацыянальны — пераходны, непастаянны і плыўкі. Прынцып краёвы, наадварот, заўсёдны, сталы, непахісны. Адгарадзіўшыся нацыянальнымі эгаізмамі, народы нашы некалі заслужаць да сужыцця бліжэйшага, да бліжэйшых узаемаадносін».
  125. Сафія Абрамовіч дала такое сваё разважанне на старонках газеты «Gazeta Codzienna» (№56, 1940 г.): «Ніводны нацыяналіст <…> не можа пагадзіцца з краёвасцю, бо яна патрабуе, каб нацыянальныя ідэі, якія па сваёй прыродзе зыходзяць з выключнасці, падпарадкоўваліся краёвай ідэі, якая супярэчыць выключнасці і з’яўляецца ўвасабленнем супольнасці. Адпаведна яна непатрэбная ў нацыянальна аднароднай дзяржаве і неабходная ў дзяржаве шматнацыянальнай, якой у будучыні і павінна стаць былое Вялікае Княства Літоўскае, дзе ўсе тры нацыі будуць адчуваць сябе як у родным доме і карыстацца з поўнай роўнасці правоў на ўзор Бельгіі або Швейцарыі. Сталіцай такой дзяржавы павінна стаць Вільня, якая нарэшце адмовіцца ад ролі пешкі, лёс якой вырашае нехта чужы адпаведна сваім нацыяналістычным пастулатам. Усе бескампрамісныя памкненні да палітычнай і культурнай гегемоніі, ці то палякаў, ці то літоўцаў, ці то беларусаў, непазбежна разбіваюць гэтае адзінства, бо ў выніку імкнуцца спіхнуць іншыя нацыі да ролі "меншасці", якой будуць <…> дазваляць тое або іншае. Прычым прынцыпова неістотна больш ці менш ліберальным будзе панаванне большасці, бо цалкам зруйнуецца ўнікальны характар гэтай дзяржаўнасці, якога патрабуюць нашыя землі па прычыне этнічнай і культурнай разнастайнасці». Гл.: Смалянчук, А.Ф. Краёвая ідэя... С. 395—396.
  126. Смалянчук, А. Краёвасць стасоўна беларускага і літоўскага нацыянальных рухаў на пачатку ХХ ст.
  127. Мельнікаў, І. Анатомія «краёвасці» Архівавана 30 студзеня 2015. // istpravda.ru
  128. Литовское посольство на два дня стало «краевым» Архівавана 30 студзеня 2015. // tut.by
  129. Унучак, А.У. «Заходнерусізм» і «краёвасць»: гістарыяграфія пытання Архівавана 30 студзеня 2015.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]